20029 0

Кароткая гісторыя панку на берагах Нёмана

Пасля нашага марш-кідка ў музычныя сутарэнні сучаснай Горадні мы вырашылі паглыбіцца ў гісторыю і даведацца, ці існаваў свой Гедымін у мясцовым панк-року? Ці лунаў чорны сцяг над «замкам Альшанскім»? І як здабывалася гарадзенская Троя? Дадаткам да гэтага гістарычнага экскурсу слухай наш суб’ектыўны best of the best легендарнай сцэны і рабі сваю справу. Галоўная падзяка за звесткі VK-пабліку Grodno Music і яго стваральніку – ганароваму гарадзенцу Л.

 

Л. – музыкант, гукарэжысёр, музычны калекцыянер. У 2012 годзе стварыў паблік Grodno Music, дзе выкладае сучасныя і рарытэтныя запісы гарадзенскіх музыкаў, часам алічбаваныя з касет, існаваўшых у адзіным экзэмпляры. Грае ў дыска-трэш-панк гурце Ultra Pultra і гарадзенска-берасцейскай камандзе Huščar, а таксама трымае студыю гуказапісу Ultra Pultra Records, дзе запісвае добрую частку гарадзенскай сцэны. Мы прагутарылі з ім усю ноч, але, па словах Л., ён паспеў паведаміць нам толькі 5-6 % неабходнай для раскрыцця тэмы інфы. Чытай наш кароткі нарыс гісторыі гарадзенскага панк-року.

 

 

Вытокі

Гісторыя пачынаецца ў далёкім 1971 годзе, калі група мясцовых хіпі зладзіла акцыю непадпарадкавання гарадскім уладам. Гарадзенскіх нефармалаў задзяўбло, што іх увесь час лавілі, абразалі валасы, ірвалі клёшы і рабілі іншыя зневажальныя рэчы. Якраз тады пад Горадню з’ехаліся нефармалы з Таліна, Вільні, Піцера і Мастоў, якія разам з месцічамі прайшліся калонай да Савецкай плошчы з плакатамі «Рукі прэч ад доўгіх валасоў», «Спыніце тэрор», «Свабоду рок-н-ролу» і «All you need is Love». У «галаве» шэсця талінскі хіпар Віру вёў сапраўднага баявога пеўня, прывезенага яму бацькам-мараком з плавання. Пратэст скончыўся нічым: усіх параспіхвалі па аўтазаках, кагосьці выключылі з інстытута, у газетах напісалі пра адмарозкаў – карацей, вядомая гісторыя.

У часы перабудовы ў Горадні, як і ў іншых беларускіх гарадах, фармуецца альтэрнатыўны музычны асяродак: ледзь не ў кожным двары з’яўляюцца рок-калектывы, а ў 1987 годзе праходзіць першы рок-фестываль на турбазе «Хімік». Гран-пры ў ім бярэ гурт «Тэатр» – маладыя музыкі працавалі ў Драматычным тэатры, дзе стваралі арт-рокавыя аранжыроўкі для спектакляў, а паралельна ладзілі свае канцэрты. У той жа час грыміць хэві-металам група «Вектар». Стваральнік гурта Грыгер трымаў і трымае дагэтуль музычную краму «Шоутайм» на вуліцы Горкага. «Мы хадзілі туды разам з Ромам з Monday Suicide, бралі касеты і казалі: “Перапішыце нам Led Zeppelin”, – успамінае Л. – А ён толькі за грошы гэта рабіў, у краме была такая функцыя. Нам жа ён запісваў бясплатна, таму што сам быў фанатам Led Zeppelin».

«У “галаве” шэсця талінскі хіпар Віру вёў сапраўднага баявога пеўня»

У тэатры лялек на пачатку 90-х выступалі металёвыя і постпанкаўскія гурты Wake Up, Green Dance, The Post і іншыя. Тады на канцэртах яшчэ ўсе сядзелі ў актавай залі, але паціху пачыналі матляць галавой і слэміцца. Была таксама група «Зубр», нешта кшталту «Песняроў» з арт-рокам, – гралі яны па кабаках, але зараз не знойдзеш ні запісаў, ні яе ўдзельнікаў.

«Ужо тады існавала шмат гуртоў, тыя ж 4Dramers 4Dramers, Decapitator, Bestial Inc, але многія не запісаліся. У Горадні ў той час было тры гукачы – Сяргей Фінскі і браты Халодныя. Запісвалі добра, бо самі гралі ў групах (адзін з братоў Халодных быў бубначом, Фінскі – удзельнік гурта B.E.S.T.). Яны запісвалі The Post, Deviation», – распавядае Л.

 

 

 

Першая хваля

З Deviation пачынаецца класічная гісторыя гарадзенскага панк-року. Гурт стварылі два браты Стас і Андрэй Пачобуты ў 1993 годзе ў Вялікай Бераставіцы, дзе восенню адыгралі свой першы канцэрт, за які атрымалі 10 і 15 сутак арышту адпаведна. У 1996-м яны выпусцілі дэбютны альбом «Lukaschenko uber alles» з вострай крытыкай прэзідэнта, паліцэйскага самавольства і іранічнымі тэкстамі пра лесбі-каханне і ролевыя гульні. «Ён, канешне, жудасна запісаны, але там ёсць густ, там ёсць саўнд», – каментуе альбом Л.

У наступным годзе Deviation запісалі альбом «Х** вам, або Таталітарызм не пройдзе!», пасля чаго хлопцы выступілі на «Басовішчы-1998», зладзілі сумесны з N.R.M. канцэрт, у 1999-м перамаглі на «Басовішчы», а таксама атрымалі званне «Найлепшага беларускага рок-гурта года» па версіі «Музычнай газеты». Пасля група выдала яшчэ два альбомы «Guerrilla Urbana» (2001) і «Чарговы дзень пад акупацыяй» (2009) і сышла ў творчы адпачынак. Зараз Стас выпускае сольныя акустычныя альбомы – «Акустыка» (2011) і «ТуняяДЗец» (2015), а Андрэй яшчэ раней заняўся праваабарончай і журналісцкай дзейнасцю.

«Мехельсон проста карміў людзей музыкай»

Больш меладычную плынь гарадзенскага панка чуваць у творах гурта «Кальян». Класічныя гітарныя рыфы каларытна і ў нейкім сэнсе аўтэнтычна аздабляюць пералівы акардэона і заліхвацкія пасажы скрыпкі, а крыху дрыготкі голас Аляксандра Дзянісава, лідара праекта, дае адчуць, наколькі блізкія яму тэмы, пра якія ён спявае. Гурт перажыў доўгую, пятнаццацігадовую гісторыю: запісаў першы альбом «У краіне цудаў» у 1997-м, стаў пераможцам «Басовішча» ў 1998-м, запісаў яшчэ шэсць альбомаў (апошні з іх – «Антыпазітыў» – у 2011 годзе). Пасля Дзянісаў заняўся акустычным фолк-праектам «Людзі на балоце», які пранізліва распавядае пра шматлікія аспекты антыбальшавіцкіх паўстанняў. А таксама разам з Пашам Трубліным і Дзянісам Жыгаўцом стварыў беларускамоўны гурт Dzieciuki, гэткі пралетарскі панк для хлопцаў у талстоўках LSTR.

«У канцы 90-х на вуліцы Карла Маркса, недалёка ад Савецкай, віселі два сцягі: чырвоны “серп і молат” і літаральна ў некалькіх метрах – бел-чырвона-белы, – распавядае Л. – Ты падымаўся на другі паверх: справа – камуністычная партыя, злева – БНФ. Чаму панкі хадзілі ў БНФ? Не таму, што яны хацелі быць БНФаўцамі. Там было дыстро. Ёсць такі чувак Мехельсон. Калі б не ён, мала б чаго людзі паслухалі. Заходзіш у БНФ, а там у прылазніку вялікі стол, а на ім ляжаць нашыўкі, касеты, часопісы. Los Fastidios, нашыўка Deviation, Contra La Contra. Мехельсон проста карміў людзей музыкай. Панкі туды прыходзілі і проста тусаваліся на паверсе. Слухалі музыку, разглядалі нашыўкі, куплялі. Часопісы былі па пяць старонак, дзе ты мог пачытаць не пра анархію, капіталізм і камунізм, а пра новы альбом Rancid ці NoFX».

 

 

 

Другая хваля

У 1998 годзе выходзіць альбом гурта The Lastы Kusto «Гомеопатия и здоровье» (1998), а следам – «Бабы Семачки Гармошка» (1999). Тут ужо зусім няма адраджэнскай заўзятасці, затое ёсць жорсткая, але добрая сатыра на рэчаіснасць, кпіны з сябе – усё гэта нібы вяртае панку першаснасць і сітуатыўнасць: «Туса рэальна была ах*енная. Пад першай школай, якая каля касцёла, віселі тады на ланцугах лаўкі. Гэта быў 2000-2001 год. Туды прыходзіла па пяцьдзясят чалавек, сядзелі і размаўлялі. Адзін кажа: “Я лічу, што так”. Другі кажа: “А я лічу, што так”. А трэці: “Хлопцы, дык вы лічыце аднолькава”. Ты кажаш: “Я паслухаў такую групу”. А Масаль кажа: “Дык гэта ж нацысцкая група”. Я такі: “Мне падабаецца, як яны граюць”. Ён: “Калі ласка, ты можаш слухаць яе, але ты май на ўвазе, што яны нацысты”. Я такі: “Б*я, адкуль я мог ведаць”. А ён: “Вядома, адкуль ты мог ведаць”».

У 2001 годзе гурт Contra La Contra выпускае дэма «Выйди на улицу», а ў 2002-м – альбом «Ни слова о политике». На басе і гітары граюць браты Масалі, якія ўдзельнічалі ў The Lastы Kusto. Па гучанні гэта ўжо агрэсіўны анарха-краст з энергічнымі выкрыкамі на тыя ж тэмы палітыкі, паліцэйскага тэрору і сацыяльнай бязвольнасці, але ў больш просталінейнай форме. Гурт хутка робіцца папулярным: увесну 2002 года дае 35 канцэртаў за 38 дзён у Літве, Польшчы, Аўстрыі, Германіі, Даніі і Швецыі, выдае LP з паўпразрыстага малінавага вінілу на нямецкім лэйбле Alerta Antifascista – і распушчаецца ў Леце. Усе ўдзельнікі, акрамя вакалісткі Сашы, ствараюць гурт Bagna, які працягвае тэму анархічнага панку і дагэтуль.

«Кінатэатр знеслі дзеля таго, каб там паставіць лавачкі»

Хваля анархізму, антыфашызму і хардкору была і застаецца вельмі моцнай у Горадні. У той час гралі гурты Antiglobalizator, Basta! Basta!, «Бес паники», «Собаки Павлова». Таксама вядомай не толькі ў Горадні, але і ў Беларусі і за яе межамі стала група V3Anus. Дыхтоўная гітара, бас, на вакале – харызматычны герой-франтмэн Шуста валіць абсурдна-фрыкавыя тэмы з удаласцю і адначасова вобразнай дасканаласцю. У 2000-м выйшла Demo, пасля хлопцы запісалі яшчэ два альбомы – «Испытания говна из ж*пы» (2003) і «Последний выдох господина ПЖ» (2006). Зараз гурт не існуе.

Яшчэ адныя фрыкі гарадзенскай сцэны – праект Ultra Pultra. Пачынаў яго яшчэ ў 8 класе Л. пад назвай Terror Out of Law, потым далучыўся Рома Гнілы – вырашылі лабаць грайндкор: «У 2002 годзе запісалі альбом “From Куратнік”. Праз два гады паслухалі: “Ой, лажа нейкая. Давай запішам яшчэ адзін альбом”. Пасля падумалі, што нешта не тое, запісалі трэці, чацвёрты, інструментальныя. Потым у папсу сышлі, але грайндкор не забылі. А потым Рома сказаў: “Ай, усё, я гэтым займацца не буду”. Я кажу: “Ну і х*й з табой”. Я адзін стаў займацца гэтым. Такая гісторыя ў Ultra Pultra. Хутка новы альбом. Час ужо надышоў».

Культавым месцам, куды ўсе хадзілі на канцэрты і дзе вырасла цэлае пакаленне альтэрнатыўнай моладзі, была «Клетка». Раней гэта быў клуб, які зачынілі і перанеслі ў савецкі летні кінатэатр у парку Жылібера. «Клеткай» займаліся браты Халодныя і Фінскі. «Гэта быў велізарны будынак, які збоку выглядаў як вялікі драўляны хлеў, – успамінае Л. – Ты заходзіш, а там ахоўнік на ўваходзе: “Заходзь, заходзь, а ты хто такі?” Не абшуквалі. Калі ты падобны да гаўнара або панка, калі ты валасаты, ты праходзіш. А калі ты быдла або занадта добра выглядаеш, то не. Заходзіш туды і ўсё – ты вольны. Ты можаш паліць там, пайсці ў сарцір жэрці віно, якое ты з сабой прынёс. Там быў гіпер-панк-рок, гіпер-энергія. Там выступалі сусветныя банды, я лічу, Trompka Pompka, Maskotki, Contra La Contra. Тады я думаў, што так усё і павінна быць, але гэта ўсё скончылася. Кінатэатр знеслі дзеля таго, каб там паставіць лавачкі. Мы нават петыцыю збіралі, каб яго не зносілі як гістарычны помнік. Хацелі яго нават выкупіць, але зямля, на якой ён стаіць, належыць дзяржаве…»

Яшчэ адным месцам сілы гарадзенскага андэграўнду быў Shit Sound Shock Club: «У Дузера, басіста Antiglobalizator'а, быў гараж. Яшчэ да таго, як зачынілася “Клетка”, яны там рэпетавалі. Пасля закрыцця “Клеткі” яны пачалі рабіць канцэрты там. Звычайны гараж, стаяць перакладзіны, быццам рэйкі, на столі, а ў самым канцы напісана Shit Sound Shock Club. Туды прыходзіла па 70-80 чалавек. Гэта адбывалася на працягу гадоў шасці. Сцяна гуку, мала месца. Прыязджалі туды іспанцы, італьянцы, немцы, палякі, бразільцы».

 

 

Трэцяя хваля

Трэцяй хваляй, умоўна, можна назваць той перыяд, калі панк стаў транслявацца праз медыя як мода. Гэта час, калі Green Day, Blink 182, Sum 41 паланілі сэрцы юнакоў у канверсах, калі сэйшны ладзіліся на пляцоўках ля ўнівераў і калі з’явіліся эма.

У Горадні ў той час запісваліся гурты ND Panda, Komposta 323, S’n’D, «Твой город», «Малыш & КарлсБерг» і інш. Канцэрты праходзілі ў клубе Flint, потым з’явілася яшчэ адно культавае месца – ДК імя Грэка – былы склад недалёка ад цэнтра. «Быў стайл панк-року іншай дзвіжухі, дзе была весялосць, даўбая*ізм. Туды красцеры не хадзілі, гаварылі: “Мы туды не пойдзем, гэта гаўнарская дзвіжуха”. Там тусаваўся “Кальян”, яны бліжэй да БНФу, бліжэй да Беларусі і вышыванак. Там усе былі такія добрыя, што аж агідна рабілася. Ім было занадта весела. Быццам хіпаны ў панк-рок прыйшлі», – успамінае Л.

«У яго дах з'ехаў так, што вярнуўся назад»

Назва «ДК імя Грэка» звязана з чуваком, які зняў памяшканне і сказаў: «Давайце тут рэпаць, запісваць альбомы, бухаць, тусавацца і рабіць канцэрты». У яго была мянушка Грэк. Але, як і папярэднія кропкі, гэтая таксама хутка спыніла сваё існаванне. Дом знеслі, бо будавалі аўтамабільную развязку.

Акрамя салодкай хвалі, існаваць працягваў і хардкор. У 2012 годзе выходзіць зладжаны, як яйцы працоўных падчас стачкі, спліт Despierta з берасцейцамі Fuori Strada. У жанры melodic hardcore выпускае рэлізы I Hope You Die, анарха-красцерскую традыцыю працягвае Monday Suicide, гранжовую лінію ўвасабляе Pet Nihil, а Tłusta Łusta стракочуць у розных кірунках.

Асобны феномен гарадзенскай альтэрнатыўнай музыкі – гэта творчасць Жэні Пагоста. Яго музыка ідзе скрозь стылістычныя парэнчы і стаіць проста побач з усёй музычнай кругаверцю: «Чалавек запісаў 128 альбомаў з 1994 года, не трапіў у Кнігу рэкордаў Гінэса толькі таму, што нейкі джазмэн запісаў 220 альбомаў з 1928 года. Ён па восем альбомаў на год выпускае. Я ў яго пытаюся: “А ты сам свае альбомы слухаў?” – “Слухаў, адзін раз”». У 1999 годзе група The Pogost распалася, і Жэня пачаў граць адзін. «У яго дах з'ехаў так, што вярнуўся назад», – рэзюмуе Л.

На дэсерт мы падрыхтавалі падборку трэкаў гарадзенскага панку, якія нам асабліва закацілі.

 

Фота by Grodno Music


ВЫШЭЙ
ЗГАРНУЦЬ КАМЕНТАРЫ

Пакуль няма ніводнага каментара

Напісаць каментар

альбо аўтарызацыя
Неадэкватныя па меркаванні рэдакцыі каментары могуць быць выдаленыя.