У аўторак у галерэі «Ў» адкрылася выстава нідэрландскага дуэта Topp & Dubio «0, 00». Аляксей Талстоў пагутарыў з мастакамі пра тое, як не хаваючы твару сустракаць творчую крызу і як з гэтага нават зрабіць выставу.
Як вы ўвогуле трапілі ў гэтую крызу? Чаму менавіта цяпер, пасля 20-ці год сумеснай працы?
Topp & Dubio: Добрае пытанне. Мы насамрэч не хацелі, так здарылася. У нас шмат работы звычайна, але тут раптам выключылася святло – і мы задумаліся пра тое, што мы робім, наколькі гэта ўсё важна, карысна. Тут не толькі мастацкая крыза, але й асабістая.
Topp & Dubio: Мы – дуэт, таму адна персанальная крыза ў нас уплывае на іншую, такая ланцуговая рэакцыя. Не атрымліваецца захоўваць дыстанцыю.
Topp & Dubio: Мы прызвычаіліся рабіць праекты, у якіх падладжваліся пад сітуацыю. Часта пачыналі з незразумелымі імкненнямі і жаданнямі, а пасля рабілі з гэтага праект. Спачатку думалі: «Ок, што б ні здарылася, мы заўжды нешта прыдумаем». А тут апынулася, што энергіі папросту няма, мы насамрэч не ведаем, што рабіць, таму тры тыдні таму напісалі галерэі, маўляў, такая справа, мы не прыедзем, у нас няма што паказаць. Але яны адказалі, што мы мусім прыехаць і разруліць сваю крызу тут.
Topp & Dubio: Варта сказаць, што крыза здарылася не таму, што мы не ведалі, што рабіць у Менску: у нас не было ідэй увогуле. З іншымі праектамі тое ж самае. Мы вернемся ў Нідэрланды праз пару дзён, і на наступным тыдні ў нас перформанс у Ратэрдаме, для якога таксама ніякіх ідэй няма. Гэта мусіць быць у аграмадным шопінг-моле, і нам трэба прыдумаць, што рабіць там цягам гадзіны.
Калі ты абвяшчаеш, што ў цябе нічога няма, то гэта ўжо штосьці
Topp & Dubio: Карацей, у выніку мы прынялі прапанову галерэі «Ў», але папярэдзілі, што нічога не гарантуем наконт практыкі і задавальнення жаданняў тых людзей, якія ладзяць выставу.
Topp & Dubio: Нам паабяцалі ўсялякія вечаровыя забаўляльныя штукі, каб неяк натхніць нас, каб мы не надта заганяліся. І адразу ж, у першы ж вечар, усё пайшло не так: мы спазніліся ў тэатр, мы спазніліся на вечарынку, спазніліся на афтэрпаці ў галерэі. Скончылася ўсё на тэрасе нейкага снэк-бара з гучнай музыкай.
Topp & Dubio: Мы хадзілі па зусім ненатхняльных месцах, бачылі некалькі музеяў, гатэляў, школ, вакзал бачылі. Горад цікавы, але ўсё атрымлівалася неяк няправільна.
Topp & Dubio: Звычайна мы ўключаем горад у нашую працу. Тут гэта было цяжка, бо мы сканцэнтраваліся перадусім на саміх сабе. Потым, канечне, горад паступова ўсё ж пачаў працаваць, і гэта можна пабачыць на выставе.
Topp & Dubio: Адзінае, да чаго мы прыйшлі дакладна, што выстава будзе называцца «0, 00». Мы працавалі з нулём раней, але ў іншым кантэксце. Нуль гаворыць нешта пра роўнасць, але таксама адсылае да гістарычнай выставы «0, 10» 1915 года, у якой удзельнічаў Малевіч з таварышамі. Таму мы падумалі, калі тая выстава была сапраўды значнай, то гэтая будзе цалкам нязначнай. І паколькі мы мелі гэтыя нулі, таму і назіралі за Менскам з нулявымі амбіцыямі і памкненнямі.
Пасля вашага запісу пра тое, што вы едзеце ў Беларусь ні з чым і не ведаеце, што рабіць далей, у галерэю патэлефанаваў журналіст з Нідэрландаў і пацікавіўся, ці насамрэч гэта так. Вы ўвогуле часта разыгрываеце журналістаў?
Topp & Dubio: Мы падумалі, што добра быць шчырымі. Адныя былі перакананыя, што гэта жарт, іншыя казалі, што гэта канцэпт і ў нас дакладна ёсць нейкі план.
Topp & Dubio: Калі ты абвяшчаеш, што ў цябе нічога няма, то гэта ўжо штосьці.
Topp & Dubio: Нехта не паверыў, пачаў падазраваць. Гэта нармальна. Канечне, у гэтай сітуацыі ёсць пэўная іронія. Для нас усё відавочна, а людзі могуць думаць як хочуць. У мастацтве ўсе чакаюць, што мастак увесь час на піку сваёй энергіі, сваёй творчай актыўнасці, што ён заўжды будзе прэзентаваць сваю творчасць найлепшым чынам. Калі ты мастак, ты не можаш сказаць: «У мяне кепская выстава ідзе, кепскі праект, не глядзіце яго». Адкрыта такое дакладна ніхто не кажа, а вось мы вырашылі і адразу зразумелі, што ў мастацтве такое не канае. Людзі ўспрымаюць гэта як частку мастацкага выказвання.
Topp & Dubio: І ў выніку мы зразумелі, што калі пайшла такая рэакцыя, то нам трэба працаваць непасрэдна з ёй.
Што можна пабачыць на менскай выставе?
Topp & Dubio: Тыя рэчы, якія мы прыдумалі цягам апошніх пяці дзён, рэчы, якія бачылі, якія падбіралі. Мы знайшлі шмат нулёў і ў нашых галовах, і ў горадзе. Пасля мы пачнем абмеркаванне. Ці яно пачнецца само сабой.
Topp & Dubio: Але тут ёсць спецыфічны момант. Мы ніколі не гаворым пра наш стан, толькі пра нашыя праекты. Праекты заўжды ідуць асобна ад нашага персанальнага, а тут яны ўпершыню побач. І тое, што мы паказваем, – гэта маленькія рэчы, якія здарыліся падчас прагляду тэлевізіі, падчас прагулкі. Звычайна мы такое адштурхоўваем ад сябе, таму, магчыма, гэтая выстава – найбольш шчырае з таго, што мы рабілі.
Мы знайшлі шмат нулёў і ў нашых галовах, і ў горадзе
Што цікавага вы бачылі ў Менску ў гэтыя дні?
Topp & Dubio: Мы проста хадзілі і збіралі тое, што пасуе да нашага праекту, да нашай сітуацыі. Мы не шукалі нейкіх сур'ёзных тэмаў, але спрабавалі заставацца адкрытымі.
Topp & Dubio: У мінулую пятніцу мы запампавалі карту Менска. І там некаторыя месцы былі абведзеныя коламі. І мы зацікавіліся, што гэта за месцы. І гэта апынуліся зусім нецікавыя месцы: гатэлі, кангрэс-хол, вакзал.
Topp & Dubio: Нехта папросту абвёў гэтыя месцы, і мы падумалі: «Ок, нехта, відаць, наўмысна пазначыў іх, таму можна папросту скарыстацца гэтай мапай і не думаць, куды нам ісці». Мы не ведалі, што гэта за месцы. Вырашылі пахадзіць па іх, недзе не змаглі патрапіць усярэдзіну, часам знаходзілі нулі, пустэчу, бралі яе з сабой. Адно месца апынулася школай. Там вісела абвестка на сцяне, і там таксама быў нуль. Мы разгаварыліся з нейкімі школьнікамі, яны рэпетавалі вальс для балю, танчылі па коле. Ну і, карацей, тое, што ў нас у галаве, мы бачылі паўсюль. Мы думалі пра пустэчу, пра сімвал «0». Ці мае ён увогуле нейкае значэнне, ці гэта папросту кола з дзіркай? Таму, відаць, і на выставе шмат колаў з дзіркамі.
Якія ў вас планы на будучыню? Як вы ўвогуле будзеце працаваць, знаходзячыся ў крызе?
Topp & Dubio: Нам трэба скончыць кнігу (Workstation Kaliningrad – даследаванне творчасці мастака Юрыя Луначарскага – 34mag) – вынік праекту, над якім мы працавалі апошнія два гады. У нас не шмат планаў – шмат няскончанай працы.
Topp & Dubio: Вось сёння гэтая крыза неяк спрацавала, а заўтра ўсе скажуць: «Што гэта? Мастацтва? Не, правал, адназначны правал». І нам больш ніколі не дадуць візы.
Topp & Dubio: Але мы прымем гэта, галерэі давядзецца з тым змірыцца, і аўдыторыі таксама. Праўда, многія кажуць нам, што ніякай праблемы няма, маўляў, у Беларусі заўжды крыза. Гэта нармальная сітуацыя. Таму, можа, мы зробімся беларусамі, падамо на грамадзянства.
Topp & Dubio: Можа, гэта мусіць быць нашым наступным крокам? Сапраўды, зробімся беларускімі мастакамі.
Сапраўды, зробімся беларускімі мастакамі
Самыя галоўныя тэзісы з канферэнцыі Create IT і глічнуты на ўсю галаву візуальны рэпорт адтуль.
Вялікі фотарэпорт з другога фестывалю Sprava ад Тані Капітонавай.
Візуальная справаздача з суботняга Дня музычнай крамы, які мы адсвяткавалі разам з табой.
12 пытанняў.
Дыскусіі, прэзентацыі, інтэрактыў.