RADA Awards 2019: хто пераможцы?
- Рубрыка: РЭПОРТЫ
- 23.12.2019
- 7109
Прэмія RADA Awards ладзіцца чацвёрты год запар. Яе сутнасць – сабраць разам актывістаў і актывістак і ўзнагародзіць самых энергічных. Ды і проста зладзіць прыгожую цырымонію, на якую ўсе прыйдуць прыбранымі і хоць бы на адзін вечар забудуць пра выгаранне.
Другі раз цырымонія ўзнагароджання праходзіла ў «Корпусе» – і тут ужо стала цеснавата для такой колькасці гасцей. Вядучыя – генеральная сакратарка RADA Аня Дапшэвічутэ і яе папярэдніца Воля Аполька – пажартавалі, што наступным разам трэба будзе арандаваць пляцоўку пабольш і паклікаць Ціму Беларускіх – раптам на гэтую прэмію ён усё ж такі прыйдзе.
RADA Awards – заўсёды ўрачыстае мерапрыемства. Гэтым разам яго адкрываў баяніст Ягор Забелаў, які літаральна спыняе дыханне слухачоў на кожным сваім выступе. На такім эмацыйным піку і пачалося ўручэнне прэмій.
І вось хто перамог/перамагла.
Намінацыя:
«Адукацыйная моладзевая ініцыятыва/праект»
Фэст «Кілямэтар грамадзскай актыўнасьці»
Лета 2019-га пачалося з гэтага вялізнага фэсту ад Асамблеі НДА. Там было больш за 30 варыянтаў актыўнасцей: лекцыі, фрымаркет, Жывая Бібліятэка, майстар-класы, дыскусіі, экскурсіі і шмат чаго іншага. А на салодкае – канцэрт Akute.
Намінацыя:
«Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы мастацтва»
Выстава «Бязмежнікі»
Што такое дэвіянтнае мастацтва? Куратаркі Соня Садоўская і Аня Карпенка прысвяцілі цэлы год даследаванню гэтага пытання. Працэс выявіўся даволі містычным, а ў выніку атрымалася немагчымае: на выставе «Бязмежнікі» былі паказаныя працы з калекцыі псіхіятра Віктара Круглянскага, які працаваў у РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках, а таксама творы мастакоў з дамоў-інтэрнатаў. Да праекта далучыліся сучасныя беларускія артысты, якія таксама акунуліся ў гэтую тэму.
Намінацыя:
«Экалагічная моладзевая ініцыятыва/праект»
Zero Waste Market
Актывісткі Ксюша Малюкова і Карына Маліноўская арганізавалі першы ў Беларусі маркет па прынцыпе «Нуль адкідаў». Там можна было даведацца больш пра рух zero waste, набыць адпаведныя прадукты, паесці веганскую ежу са сваёй талеркі, выпіць ліманаду без трубачкі – і не нашкодзіць планеце гэтай тусоўкай.
Намінацыя:
«Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы правоў чалавека»
#учёбаважнее
Гэтая група з'явілася, каб дамагчыся адмены або змены закона «Аб адтэрміноўках». Ці, калі казаць афіцыйна, закона «Аб змене законаў па пытаннях эфектыўнага функцыянавання ваеннай арганізацыі дзяржавы». Місія пратэсту заключаецца ў тым, каб ва ўсіх была магчымасць бесперапыннай адукацыі, бо гэта прапісана ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Намінацыя:
«Гендарная моладзевая арганізацыя/ініцыятыва»
Ініцыятыва «Больш цела»
«Больш цела» – гэта маладая жаночая ініцыятыва, якая прасоўвае ідэі бодзіпазітыву і займаецца асветай праблем разладаў харчовых паводзінаў і сацыяльных праблем, звязаных з адчуваннем свайго цела. Таксама дзяўчаты рабілі летнік, на якім некалькі дзён ладзілі лекцыі ды інтэрактывы, прысвечаныя цялеснасці.
Намінацыя:
«Моладзевая ініцыятыва/праект па развіцці мясцовай супольнасці»
Ініцыятыва «Новыя рэгіёны»
Ініцыятыва «Новыя рэгіёны» родам з Магілёва. Мясцовыя актывісты і актывісткі вырашылі, што жыхарам абласных гарадоў Беларусі трэба больш інфармацыі пра ўразлівыя групы – у прыватнасці, ЛГБТ+ людзей. Вырашылі – і зрабілі. Цяпер у Магілёве ёсць мерапрыемствы, звязаныя з гендарнай ідэнтычнасцю і сэксуальнасцю, інклюзіўнасцю, фемінізмам, а таксама псіхатэрапіяй, правамі чалавека, экалогіяй і іншымі важнымі паняццямі.
Намінацыя:
«Самы нашумелы моладзевы медыйны праект»
Тэлеграм-канал «Отчислено»
Аўтары апісваюць свой праект так: «Канал для тых, каму свеціць папіццот і светлая будучыня ў IT-краіне. Як выжыць і не спіцца, а таксама галоўныя навіны студэнцтва». На жаль, на ўручэнне прэміі намінанты не прыйшлі. Будзем спадзявацца, што іх не адлічылі.
Намінацыя:
«Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы захавання культурнай спадчыны»
Ініцыятыўная група па ўвекавечанні памяці Алеся Адамовіча
Алесь Адамовіч – беларускі пісьменнік, якога Святлана Алексіевіч лічыць сваім настаўнікам. Нядаўна актывісты вырашылі заняцца ўшанаваннем яго памяці: спачатку стварылі арт-аб'ект на ўездзе ў пасёлак Глуша, дзе нарадзіўся Алесь. Назвалі яго «Прыпынак Адамовіча». Затым арганізавалі збор сродкаў на ўсталяванне помніка – і 9 лістапада ў пісьменніка з'явіўся першы бюст.
Намінацыя:
«Вечны рухавік» у моладзевым сектары
Марыя Значонак
Маша – дырэктарка культурнага цэнтра «Корпус». За тры гады гэтая прастора магутна змяніла культурнае, адукацыйнае і забаўляльнае жыццё Менска – шмат у чым дзякуючы несуцішнай энергіі Марыі. Адзін з яе важных сёлетніх праектаў – валанцёрская школа «Делай – будет!».
Намінацыя:
«Прыз глядацкіх сімпатый»
«Наш двор у Маладзечне»
Гэтая ініцыятыва развівае добрасуседства: тут ладзяць суботнікі, фестывалі, разам гатуюць пірагі і робяць пірацкія вечарынкі.
Намінацыя:
«Факап года»
#онотогонестоит
Студэнты БДУ запусцілі гэтую кампанію, каб выказаць свой пратэст супраць павышэння кошту навучання, пераздач і адпрацоўкі. Вось толькі іх актыўнасць не ўвянчалася поспехам. Затое арганізатары прэміі зрабілі ім класны падарунак – сертыфікат на праектны менеджмент.
Фота – Таня Капітонава