Абвешчаны набор у валанцёрскую школу пры «Корпусе»
- Рубрыка: УЛОЎ
- 15.04.2019
- 7657
Культ. цэнтр «Корпус» прапануе табе стаць «спецыялістам шырокага профілю, які сапраўды неабходны ў культурным і грамадскім асяроддзі твайго горада». Да 20 красавіка тут прымаюць заяўкі на ўдзел у валанцёрскай школе «Рабі – будзе!».
Школа «Рабі – будзе!» уяўляе сабой набор агульных курсаў, на якіх навучаць распазнаваць свае моцныя бакі, эфектна падаваць ідэю і гэтак далей, а таксама курсаў індывідуальных – па канкрэтных напрамках: дызайн, PR, SMM. Выкладчыкаў абяцаюць выключна спецыялістаў у сваіх галінах, ніякіх табе гуру-ноўнэймаў.
Удзел у валанцёрскай школе бясплатны, а самы яе цымес у тым, што па выніках цябе чакае экспрэс-стажыроўка, у межах якой ты далучышся да аднаго з мацнейшых праектаў:
правядзеш буйное мерапрыемства на пляцоўцы «Корпуса»;
прымерыш ролю арганізатара на фестывалі стрыт-арту Vulica Brasil;
уліешся ў каманду фестывалю месца Sprava.
Вынікі адбору абвесцяць пасля 25 красавіка. Школа стартуе 11 траўня. Заняткі будуць праходзіць на тэрыторыі Хімеры – у сэнсе, у культ. цэнтры «Корпус».