«Бязмежнікі»: амаль дэтэктыўная гісторыя «іншай» выставы
- Рубрыка: ВІЗУАЛ
- 14.06.2019
- 7908
Да 3 ліпеня абавязкова зазірні ў галерэю сучаснага мастацтва «Ў» на выставу «Бязмежнікі. Іншыя гісторыі беларускага мастацтва», каб убачыць працы пацыентаў «Навінак» і беларускіх дамоў-інтэрнатаў, а таксама арт прызнаных мастакоў. Каманда 34mag зазірнула, уразілася – і ўсур’ёз задумалася, ці правамерна называць некаторае мастацтва «дэвіянтным».
Год таму куратаркі Сафія Садоўская і Ганна Карпенка вырашылі даследаваць тое, што цяпер часцей за ўсё называюць «дэвіянтнымі мастацтвам» або «ар-брут»: гэта такое мастацтва, якое ствараюць людзі з псіхічнымі захворваннямі або ментальнымі асаблівасцямі. Даследаванне перакінулася амаль дэтэктыўнай гісторыяй, у якой многае вырашыў выпадак, а ў выніку ўвянчалася выставай «Бязмежнікі» ў «Ў».
Адкуль узяліся працы для «Бязмежнікаў»?
Сафія Садоўская і Ганна Карпенка пачалі сваё даследаванне Open Art у 2018 годзе. Яны зрабілі call для мастакоў з інваліднасцю, каб пазнаёміцца з імі і зрабіць выставу іх работ. Ступіўшы на вузкую тэрыторыю паміж псіхіятрычным дыскурсам і сучасным мастацтвам, куратаркі разумелі, што будзе няпроста.
І сапраўды, працы, якія яны пачалі атрымліваць, зусім не падыходзілі для галерэі сучаснага мастацтва: гэта былі, хутчэй, вырабы, у якіх змешваліся паняцці творчасці і мастацтва, мастацтва і арт-тэрапіі.
На шчасце, неўзабаве ў гісторыі з'явілася важнае імя: Віктар Круглянскі. Будучы лекарам-псіхіятрам у РНПЦ псіхічнага здароўя ў Навінках яшчэ пры Саветах, Віктар Круглянскі збіраў калекцыю работ пацыентаў. І нават рабіў выставы ў аддзяленні. Пра гэтага цікавага лекара-«куратара» даследчыцам распавёў псіхіятр Алег Айзберг. На жаль, ні ён, ні хтось іншы не ведалі, што здарылася з калекцыяй Круглянскага, таму што калекцянер памёр, а сувязі з нашчадкамі не захавалася.
Сафія: «Ніякай іншай інфармацыі, акрамя яго імя, у нас не было. Мы вырашылі раскапаць гэтую гісторыю. Бо ў нас ёсць афіцыйная гісторыя мастацтва, напісаная з пункту гледжання ўмоўнай Акадэміі мастацтваў, ёсць гісторыя "ZBORа", расказаная з пункту гледжання прафесійнага поля, а тут аказалася, што ёсць яшчэ адна гісторыя, пакуль не вядомая».
Ганна: «Далей адбываецца містычная сітуацыя: я прыязджаю да мамы, яна пытаецца, чым я займаюся. Адказваю, што вось мы з Соняй рыхтуем такую вось выставу, і тут мама кажа: "Ой, Віця Круглянскі табе б так дапамог з гэтай тэмай!" Высвятляецца, што гэта быў наш далёкі сваяк і мая мама яго добра ведала».
Мама Ганны знайшла тэлефон Круглянскага-сына, і той перадаў куратаркам калекцыю. Аказалася, што яна доўга захоўвалася ў склепе, была затопленая, пачала гніць і броснець. У такім выглядзе яе нельга было ні выстаўляць, ні нават браць у працу.
Ганна: «Мы шукалі рэстаўратараў, якія маглі б дапамагчы ліквідаваць гэтую цвіль, грыбок. І вось Сафія як музейны работнік (сярод якіх былых не бывае) прапануе пайсці ў Нацыянальны мастацкі музей у аддзел рэстаўрацыі. Што мы і робім. Мы прыходзім, і рэстаўратар вельмі прыгожа, павольна, амаль тэатральна праглядае гэтыя працы і каментуе: “Дзяўчынкі, такія прыгожыя, маладыя... І памруць ад эмфіземы лёгкіх". Мы, вядома, моцна спалохаліся. Нам сказалі, што мы ненармальныя, таму што гэта цвіль, якой 20 гадоў, і чапаць рукамі яе нельга».
У стан, у якім малюнкі можна выстаўляць, іх прывялі ў Дзяржаўным архіве Менскай вобласці. Прычым зрабілі гэта бясплатна: з чыстага жадання дапамагчы праекту.
Сафія: «Гэта яшчэ не рэстаўрацыя, а толькі прывядзенне работ у стан, калі яны далей не руйнуюцца. Для нас было важна паказаць іх менавіта ў такім выглядзе. Гэты паўразбураны стан – добрая метафара таго, што адбываецца з нашай памяццю і гісторыяй, якой мы не надаем увагі. У нас няма цэнтра сучаснага мастацтва, куды можна было б перадаць гэтую калекцыю. Што будзе з ёй далей – пытанне адкрытае».
Калекцыя Віктара Круглянскага – першая калекцыя, сабраная лекарам-псіхіятрам у Беларусі. Аналагічныя былі ў Германіі – напрыклад, калекцыя малюнкаў пацыентаў Ханса Прынцхорна, якую ён сабраў у пачатку XX стагоддзя. Калекцыю беларускага лекара склалі малюнкі пацыентаў і прафесійных мастакоў, з якімі ён сустракаўся ў «Навінках», дзе прапрацаваў усё жыццё. Збор выстаўляўся ў Менску ў 1991 годзе, некалькі разоў дэманстраваўся на Беларускім тэлебачанні, а сам урач на яго аснове падрыхтаваў макет альбома «Геніяльнасць або вар'яцтва?».
Люблю маляваць жывёл, птушак. Мне цікава, як жывуць іншыя істоты акрамя людзей.
Вікторыя Ільяшэвіч
У маёй аўтабіяграфіі ёсць палосы: паласа чорная, белая паласа. Паласа белая – гэта радасць творчасці, паласа чорная – гэта няўдачы ў жыцці.
Юрый Сяўрук
Мая жыццё поўнае дабра, спрыяльных эмоцый, свежых пошукаў, шчасця, дабрыні, прыстойнасці. Творчасць для мяне – гэта кісларод і шчасце.
Наталля Літвінава
Што ты ўбачыш на выставе?
На выставе «Бязмежнікі» прадстаўлены ананімныя работы пацыентаў Круглянскага, а таксама работы трох мастакоў, важных для беларускай культурнай прасторы: Вадзіма Кошкіна, Генадзя Хацкевіча, Аляксея Жданава.
Вадзім Кошкін быў перакладчыкам і сябрам Круглянскага, пры жыцці не выстаўляўся і сам сябе мастаком не лічыў. Тым не менш малюнкі тушшу былі яго штодзённай практыкай, на кожным з іх ёсць яго аўтапартрэт – alter ego.
Генадзь Хацкевіч – мастак, якога з Круглянскім, хутчэй за ўсё, звяла авантурная гісторыя: у 1987 годзе з дапамогай двух кавалкаў мыла і вяроўкі творца паспрабаваў скрасці самалёт, што накіроўваўся з Менска ў Растоў-на-Доне. Ён збіраўся паляцець у Парыж. Нічога, вядома, не выйшла, самалёт, як і планавалася, прызямліўся ў Растове. Самому мастаку пагражала вышэйшая мера пакарання. На шчасце, яго ўдалося перавесці ў Менск на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне. Цікава, што талент Хацкевіча так уразіў супрацоўнікаў бальніцы, што ў 1988 годзе ён атрымаў афіцыйны заказ на афармленне пераходу паміж карпусамі клінікі і стварыў 80 унікальных вітражоў. Каб убачыць іх цяпер, трэба апынуцца ў бальніцы ў якасці ўрача, наведвальніка або пацыента. Але ёсць і менш экстрэмальны спосаб: на выставе транслюецца відэапраца Сяргея Гудзіліна, якая тэлепартуе цябе ў сюррэалістычны свет вітражоў Хацкевіча.
Трэцяя фігура – Аляксей Жданаў – паэт, пісьменнік і мастак. На «Бязмежніках» прадстаўлены яго працы невялікага фармату па тэме марсіянскіх лістоў. Звярні ўвагу на афармленне: маленькія работы Жданава стаяць асобна ад класічных рам з завітушкамі. Гэта метафара таго, як падобныя працы не прымаюцца афіцыйным мастацтвам.
Сафія: «Мы не хочам вылучаць у асобную тэму і выкарыстоўваць такія вызначэнні, як "дэвіянтнае мастацтва", "ар-брут", "аўтсайдар-арт". Гэта не жанр і кірунак у мастацтве. Мы ж не вылучаем у асобную групу мастакоў, у якіх, напрыклад, праблемы стрававання. Гэта не тое, што робіць мастакоў значнымі. Так, гэта частка іх біяграфіі і гэта павінна прамаўляцца ўслых, але біяграфія не павінна замяшчаць мастацтва».
Яшчэ адна незвычайная кропка – пустая сцяна, дзе ёсць толькі лямпы для карцін і іх подпісы, але няма саміх работ. Тут павінны былі быць карціны мастакоў 4-га менскага дома-інтэрната, але за некалькі дзён да выставы дырэктарка ў выкарыстанні работ адмовіла. А паколькі дырэктар дома-інтэрната з'яўляецца ў Беларусі афіцыйным апекуном усіх пацыентаў, гэтае рашэнне стала канчатковым.
Калісьці я не заўважала часу, а цяпер я яго адчуваю. Ён цячэ то хутка, то павольна.
Святлана Слізская
Мае карціны – гэта мае дзеці.
Аляксей Ляпін
Маё жыццё – гульня ў шахматы.
Аляксандр Шапавалаў
Увогуле няпроста таксама і знайсці мастакоў у студыях пры дамах-інтэрнатах. Самі студыі часта больш падобныя да мастацкіх гурткоў, і тады іх праца – гэта хутчэй арт-тэрапія і працатэрапія. Тут цябе папросяць стварыць «прыгожую», «недэпрэсіўную» карцінку, а не сапраўднае мастацтва. Тут у таленавітых пацыентаў не заўсёды ёсць доступ да матэрыялаў. Тут працы мастакоў увогуле могуць не лічацца каштоўнасцю. Нават калі яны выстаўляюцца, то гэта будзе агульная выстава студыі дзесьці ў самім інтэрнаце або бібліятэцы, а не індывідуальная выстава ў прафесійнай прасторы арт-галерэі.
Агульныя выставы робяць, напрыклад, у 2-м доме-інтэрнаце, дзе ў майстэрні ўжо каля дваццаці гадоў працуе Таццяна Біруля. Яна вельмі ўважлівая да мастакоў і падключае ўсіх, каму ў прынцыпе цікава маляваць.
Іншы падыход рэалізуюць стваральніцы праекта «Беларускі збор дэвіянтнага мастацтва» Дар'я Яскевіч і Кацярына Савіцкая. Гэта яны ладзілі, напрыклад, персанальную выставу Міхаіла Буліча ў Менску. На «Бязмежніках» ты пабачыш яго апошнюю працу.
Нарэшце, у канцы (або ў пачатку, залежыць ад таго, у які бок ты будзеш рухацца па выставе) размешчаная велізарная аб'ёмная праца вядомага стрыт-артара Bazinato. Гісторыя тут такая: Базыль пасябраваў з мастачкай Наталляй Ажырэвіч з Пухавіцкага дома-інтэрнату. У Наталлі ДЦП, і максімальны памер аркуша, на якім яна можа працаваць, – гэта А3. Bazinato адсканаваў яе працу, павялічыў і зрабіў велізарную аб'ёмную мадэль. Мастачка не магла выйсці за межы аркуша, за межы сваёй хваробы – і вось такім чынам гэта атрымалася.
Якія івэнты будуць на выставе?
14 чэрвеня – лекцыя псіхіятра Алега Айзберга «Творчасць і псіхіка» – пра сувязь псіхічных станаў чалавека і мастацтва.
18 чэрвеня – экскурсія па выставе ад куратарак Ганны Карпенка і Сафіі Садоўскай.
24 чэрвеня – сустрэча з куратарам Аляксандрам Івановым (фонд «Перспектывы», Санкт-Пецярбург).
27 чэрвеня – лекцыя-дыскусія «Як гаварыць пра мастацтва без межаў?» (Ганна Карпенка, Сафія Садоўская).
1 ліпеня – адкрытая экскурсія па выставе ад Кірыла Барысава.
Выстава «Бязмежнікі. Іншыя гісторыі беларускага мастацтва» будзе працаваць да 3 ліпеня ў галерэі «Ў». Час працы 12:00–20:00, білет каштуе 5 BYN. Івэнты пачынаюцца ў 18:30, уваход па квітках на выставу.
Фота: Яўген Атцецкі, Таня Капiтонава