Настасся Доль
- 07.11.2019
- 7364
Пагутарылі з Настассяй Доль, каб разгледзець шляхі, якімі трапляюць у актывізм, параўнаць актывізм з актывізмам у часе і атрымаць нейкі план «бэ» на той выпадак, калі ўсё ідзе зусім не так. Тызер на 2020 год: магчыма, у Менску адбудзецца прайд!
Гераіня: Настасся Доль, 29 гадоў, з адукацыі – юрыстка; ладзіць пляцоўкі сацыяльных актыўнасцяў, паўмарафоны лекцый і іншыя карысныя івэнты.
Сайт Асамблеі НДА Facebook Twitter
Калі хочацца чагосьці большага
– У гэты перыяд у Асамблеі НДА івэнты амаль кожныя выходныя. І менавіта цяпер мне цяжкавата ладзіць нейкі варушняк па-за ёй. Але імпэт рабіць нешта яшчэ застаецца! Я хачу арганізаваць «Менск Прайд Уік 2020», каб зрабіць Мінск больш бяспечным і камфортным для ЛГБТ+, а таксама дваровы фэст, каб пазнаёміцца з людзьмі, якія кожны дзень знаходзяцца побач.
Мэта дваровага фестывалю – зрабіць так, мы ведалі, што Юрыч з трэцяга паверха можа табе пазычыць цвікі і малаток, а Галюнчык з першага – крутая экспертка па кветках, іх у яе да халеры і яна можа табе падсунуць чаго прыгожага.
Цяпер я рыхтуюся да гэтага фестывалю, пачынаю камунікаваць і разумею, што вакол мяне жыве проста кіпа цудоўных людзей. Хочацца выходзіць улетку на прабежку па сваім парку – і казаць кожнаму «прывет». Разумець, што мы знаёмыя і адно аднаго бачыць радыя, – сфарміраваць культуру суседства.
«Калі я прыйшла ў актывізм, то было жорсткае падзяленне: ёсць дзяржава, з якой мы не камунікуем, а ёсць мы, якія працуем толькі са сваёй мэтавай групай»
І ёсць жаданне правесці прайд у Беларусі разам з іншымі актывістамі і актывісткамі. Прайд – гэта тыдзень адукацыйных і асветніцкіх мерапрыемстваў: лекцый, сустрэч, вечарын, канцэртаў на тэмы, якія звязаныя з ЛГБТ+. Усё сканчаецца маршам ці іншым масавым мерапрыемствам. Я таксама частка ЛГБТ, і прайд – магчымасць адчуваць сябе ў горадзе больш камфортна.
Так, цяпер ёсць шмат івэнтаў карысных для супольнасці, але калі не будзе публічных івэнтаў, то і грамадства ніколі да іх не падрыхтуецца. Мы хочам публічных абмеркаванняў і мерапрыемстваў з масавай аўдыторыя, каб паказаць, што ёсць розныя людзі і быць адрозным – нармальна.
«Актывісты ЗБС сапраўды спрабавалі актывізаваць студэнцтва, распавядалі пра Балонскі працэс, пра які ў ВНУ яшчэ не гутарылі, вырашалі праблемы студсамакіравання»
Калі ўсё ідзе добра
– Усё пачыналася з трэцяга курса юрфака. У нас была грамадская прыёмная, дзе мы дапамагалі па розных юрыдычных пытаннях, і праект «Живое право». Я разумела, што ёсць людзі, якія не могуць зараз дазволіць сабе атрымаць юрыдычныя кансультацыі, таму што гэта дорага, і мне шчыра хацелася ім дапамагаць. Я свята верыла, што гэта будзе карысным мне ў маёй будучай прафесіі. Але яно паўплывала інакш: самыя актыўныя людзі, якія ўдзельнічалі ў гэтым праекце, маглі зганяць на «Школу па правах чалавека ў Вільні», і менавіта гэта стала штуршком да майго далейшага актывізму.
Наступным пунктам маёй актыўнасці было Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў. Я прыйшла ў ЗБС праз вуліцу: у парку Янкі Купалы людзі гулялі ў фрысбі, і хлопчык нешта крычаў сваім сябрам па-беларуску. Пачула, падышла і запыталася наконт мовы. Ён аказаўся актывістам ЗБСу, заўважыў, што ў мяне ёсць цікаўнасць да беларускай мовы, і паклікаў да іх: «Слухай, мы гуляем у фрысбі, мо хочаш з намі?»
Мяне зачапіла, што людзі займаліся там пытаннямі, якія не агалошваліся ва ўніверы на той час. Яны сапраўды спрабавалі актывізаваць студэнцтва, распавядалі пра Балонскі працэс, пра які ў ВНУ яшчэ не гутарылі, вырашалі праблемы студсамакіравання. Да таго ж ва ўніверы была манаполія БРСМ, а ЗБС стала альтэрнатывай.
Пасля сканчэння ўнівера я пайшла працаваць у Беларускі Хельсінкскі Камітэт – працавала ў грамадскай прыёмнай і адказвала на звароты грамадзян. Але БХК з’яўляецца экспертнай арганізацыяй, а мне хацелася нейкага варушняку.
З такім запытам я прыйшла ў Асамблею НДА, дзе мы сталі арганізоўваць розныя івэнты для грамадскай супольнасці. Праца «ў полі» – гэта камунікацыя з людзьмі, выхад на новыя мэтавыя групы, магчымасць пабачыць, што знаходзіцца звонку за трэцім сектарам, хто на твае івэнты прыходзіць, якія ёсць частыя патрэбы ў НДА. Гэта жывы працэс, які адбываецца цяпер.
Доўгі час было цяжка працаваць, таму што не было бачна вынікаў сваёй дзейнасці. Адчуванне: якога хера ты тут, бо яно не змяняецца, застаецца так, як было. Але калі мая дзейнасць перайшла ў івэнтавы фармат, то вынікі сталі бачнымі. Людзям цікавыя гэтыя івэнты – яны на іх прыходзяць; НДА цікавыя гэтыя івэнты – яны прэзентуюцца, удзельнічаюць у дыскусіях, праводзяць лекцыі, майстар- класы. І крытэр эфектыўнасці – «мы знайшлі новых валанцёраў і цяпер працуем з тым чалавекам, якога знайшлі праз івэнт». Я, канешне, стамляюся, але потым увечары такая смачная задаволенасць ад таго, што ўсё атрымалася.
Калі ўсё не ідзе
– Цяпер я каардыную некалькі праектаў у Асамблеі НДА. Мая дзейнасць у сектары скіраваная на прасоўванне і прэзентацыю НДА. За дзень да івэнта звычайна з’яўляюцца думкі «навошта мне ўсё гэта трэба?». Таму што гэта кіпа нерваў, трывожнасцяў, хваляванняў за тое, што нешта адбудзецца не так. І гэта такая падвойная адказнасць: з аднаго боку перад НДА, якія прэзентуюцца ў нас, з другога боку, перад людзьмі, якія прыходзяць на івэнты.
Напрыклад, першага чэрвеня, калі мы ладзілі «Кіламетр грамадскай актыўнасці», мы прыходзім у прастору, дзе ўсё павінна адбывацца, і разумеем, што ўчора там быў канцэрт. Вельмі алкагольны канцэрт. Уся прастора ў смецці – і няма чалавека, які гэта прыбярэ. А ў нас праз дзве гадзіны івэнт. І з аднаго боку, няма часу займацца зборам смецця, а з іншага – я разумею, што да нас прыходзяць «людзі прылічныя».
Тады мозг пачынае працаваць інакш і шукаць розныя варыянты таго, як трэба ў гэтую хвіліну вырашыць нейкае тэхнічнае пытанне. І ты тэлефануеш валанцёрам, сябрам: «Маша, 7 утра, суббота, я понимаю, что ты спишь, но ты мне тут очень нужна, приезжай, пожалуйста, потому что без тебя – всё, никак».
«За дзень да івэнта звычайна з’яўляюцца думкі “навошта мне ўсё гэта трэба?”. Таму што гэта кіпа нерваў, трывожнасцяў, хваляванняў за тое, што нешта адбудзецца не так»
Ці калісьці была сітуацыя: для арганізацыі івэнта мне тэрмінова трэба было набыць кветкі, а грошай у мяне не было. У краме я пхала прадавачцы свае ключы ад хаты са словамі: «Я вам потым усё вярну, толькі дайце мне гэтыя кветкі».
Апошняя цяжкасць, якую мне прынесла арганізацыя, – гэта пляцоўкі НДА на Viva Braslav. Фэст заблочыў нам дзейнасць трох арганізацый: ЗБС, Human Constanta і АБФ. У апошні момант нам кажуць «нельга» і не агучваюць прычыну. Мы спрабавалі выйсці на мясцовую адміністрацыю, даведацца прычыну праблем. З боку адміністрацыі быў поўны ігнор: яна сказалі, што пытанне вырашанае і «калі вы хочаце, каб вашая пляцоўка ўдзельнічала, вы павінны выдаліць са спісу гэтыя арганізацыі».
З нашага боку застаецца маральнае пытанне: альбо мы пагаджаемся на іх умовы – гэтых арганізацый не будзе ў нашым спісе і мы даем магчымасць іншым паказаць сябе і прэзентавацца хоць каму, – альбо праяўляем салідарнасць у дачыненні да гэтых арганізацый. З НДА, якіх не дапусцілі да пляцовак, мы камунікуем, размаўляем, знаходзім варыянты, як іх прэзентаваць і паказаць, спрабуем дамовіцца.
«Цяпер у людзей ёсць разуменне, што ёсць палітычны актывіст, а ёсць грамадскі, сацыяльны»
Калі ўсё атрымліваецца ў рэгіёнах
– У Асамблеі НДА ёсць візіты па абласцях: мы ганяем па розных маленькіх гарадах, знаёмімся з людзьмі, якія робяць нешта на месцах. Мы – сродак перадачы інфармацыі пра нейкія прыклады, фарматы дзейнасці, формы выхаду на мэтавую аўдыторыю. Нашы апошнія івэнты для рэгіянальных ініцыятыў – «Як шукаць грошы ў Беларусі для сваіх сацыяльных ідэй?»: пра краўдфандынгавыя пляцоўкі, пра мясцовы сацыяльны бізнэс, пра пазітыўныя прыклады ў НДА. Да маленькіх гарадоў часам не даходзіць нават інфармацыя пра «Вулей», нягледзячы на тое, што яна, здаецца, знаходзіцца ў адкрытым доступе – бяры не хачу.
Мы запрашаем на нашы пляцоўкі арганізацыі з рэгіёнаў, каб яны не толькі прэзентавалі сваю дзейнасць, але і паглядзелі, як працуюць менскія арганізацыі. Бо ў рэгіёнах нават па-іншаму выбудоўваецца спосаб камунікацыі: па-іншаму развіваюцца сацыяльныя сеткі, арганізацыі па-рознаму надзяляюць ім увагу.
Ва ўсіх гарадах ёсць такое: ты распавядаеш, распавядаеш і – «ой, знаете, тут нужно учитывать региональный контекст». Такое адчуванне, што існаванне рэгіянальнага кантэксту з’яўляецца туманам для нейкай дзейнасці: так, мэры адрозніваюцца, адміністрацыя ставіцца лаяльней ці не. Але для арганізацыі сваёй краўдфандынгавай кампаніі на новую набярэжную альбо збору подпісаў рэгіянальнага кантэксту няма. У рэгіёнах людзі часам не вераць у свае сілы, але пазітыўнымі прыкладамі можна паказаць: «Рабяты, у суседнім горадзе, вёсцы ўсё атрымалася, давайце разам – а мы дапаможам, чым можам».
Калі актывізм змяняецца
– Калі я толькі прыйшла, грамадскі сектар быў палітызаваны. Шмат якіх грамадскіх актывістаў успрымалі як палітычных. Цяпер у людзей ёсць разуменне, што ёсць палітычны актывіст, а ёсць грамадскі, сацыяльны.
Змяняюцца тэмы, на якія цяпер мы размаўляем. Мы атрымліваем запыт на прафеміністычныя і экалагічныя тэмы. Я заўважыла гэта падчас івэнта Idea Generation Camp, які мы ладзілі з Арт-сядзібай і іншымі НДА: розныя ініцыятывы падавалі свае заяўкі на ўдзел і маглі атрымаць рэсурсы на арганізацыю сваёй ідэі – і вялікі адсотак праектаў быў менавіта экалагічных.
Змяніўся сектар праблем, якія вырашаюцца. Раней шмат праблем было ў галіне свабоды слова: шмат штрафаў, пасадак. Гэта так і засталося, але значна меней, чым было раней. У мяне быў праект «Кіно ў пераходзе» ў 2014 годзе. Тады на шостым-сёмым кінапаказе нас затрымалі і арганізатараў пасадзілі на 5-6 сутак. Цяпер, я ўпэўненая, у нас бы ўсё прайшло без затрыманняў.
«Viva Braslav заблочыў нам дзейнасць трох арганізацый: ЗБС, Human Constanta і АБФ. У апошні момант нам кажуць “нельга” і не агучваюць прычыну»
Змяняюцца спосабы працы. «ВКонтакте» з’явіўся ў 2008-м, а мы пачыналі займацца актывісцкім варушняком у 2010 годзе. Інтэрнэт тады быў нават не ва ўсіх! І мы рэальна раздавалі ўлёткі – адзін з самых папулярных спосабаў кантакту з аўдыторыяй тады. Цяпер вялікую ролю займаюць сацыяльныя сеткі – змяніўся спосаб распаўсюду інфармацыі і камунікацыі з аўдыторыяй. Да таго ж цяпер усе івэнты становіцца больш адаптаванымі для моладзі, актывізм і НДА размаўляюць з людзьмі на зразумелай мове.
Калі раней нават не было мовы пра камунікацыю з дзяржавай або пра магчымасць запартнёрыцца з імі, то цяпер гэта рэальна. Калі я прыйшла ў актывізм, было жорсткае падзяленне: ёсць дзяржава, з якой мы не камунікуем, а ёсць мы, якія працуем толькі са сваёй мэтавай групай. Цяпер дзяржава цалкам можа з’яўляецца партнёрам нейкіх івэнтаў – асабліва ў рэгіёнах.
З гэтым жа звязана і тое, што раней актывізм быў амаль партызанскім, а цяпер ён больш акрыты, публічны. Я ўзгадваю, з чаго ўсё пачалося для мяне, – гэта была маленькая лакальная выставачка, з якой мы прыязджалі ў Магілёў. Цяпер гэта была б крутая ахраненная выстава ў вельмі крутым месцы, і я ўпэўненая, што нам бы далі дазвол і пляцоўку, каб яе правесці. І цяпер я б сказала сабе з гэтай маленькай выставачкай: не вынаходзь новы ровар, а паглядзі, як гэта робяць іншыя, каб не рабіць тых самых памылак, якія можна не рабіць.
Фота: Віялета Саўчыц