Якія праекты і людзі перамаглі на RADA Awards 2018?
- Рубрыка: РЭПОРТЫ
- 24.12.2018
- 8197
У мінулую пятніцу ў галерэі «Ў» раздавалі статуэткі RADA Awards 2018. Ужо трэці год эндэашны «Оскар» адзначае самыя варушняковыя моладзевыя ініцыятывы, і, трэба сказаць, у большасці намінацый інтрыга захоўваецца да апошняга. Расказваем, хто быў лепшым у 2018-м.
На нашай памяці ў галерэі «Ў» яшчэ ніколі не было так цёпла – у літаральным сэнсе слова: радыятары прыпякалі з бязмежнай шчодрасцю, каб увесь цвет грамадскага сектара, які часцей назіраеш у кедах ды худзі, змог камфортна выгуляць вячэрнія ўборы з бліскучымі аксэсуарамі. Паўтары гадзіны на смол-токі, фуршэт, фатаграфіі пад ёлкай з аленямі – і, нарэшце, «сардэчна запрашаем» на чырвоную дарожку.
Сёлетнюю цырымонію RADA Awards адкрылі выкананнем арыі «Lascia ch'io pianga», якая трывала асацыюецца з трыераўскім «Антыхрыстам», але на самой справе гэта трэк пра сумны лёс добрай хрысціянскай дзяўчыны і пра яе несуцішную прагу свабоды (сінк эбаўт іт).
У святле сафітаў героі прэміі глядзеліся сапраўднымі выратавальнікамі сусвету. Урачыстая музыка і віно (і радыятары) падагравалі гэтае ўражанне. Усмешкі азаралі твары, бліскучыя сэлфі напаўнялі Instagram – і, здаецца, хай на кароткі час, але ўсім удалося забыцца на папулярны фільтр пад назвай «выгаранне»…
А пераможцы хто?
Намінацыя:
«Экалагічная моладзевая ініцыятыва/праект»
Zero waste карта – карысная штука для тых, хто імкнецца да безадкіднага ладу жыцця. Яна падкажа, дзе ў горадзе набыць ежу на вагу, мыйныя сродкі на разліў, бэвэшнае адзенне, торбы-шоперы ды іншыя альтэрнатыўныя аднаразовым рэчы. Дадавай свае экалагічна адказныя кропкі на адзіную карту.
Намінацыя:
«Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы сацыяльнага прадпрымальніцтва»
UNI – гэта такі сабе беларускі «айсік»: студэнты – ўладальнікі карткі могуць карыстацца зніжкамі ў розных установах і крамах, якія выступаюць партнёрамі праекта, а грошы з продажу картак ідуць на фінансаванне незалежных студэнцкіх арганізацый. У ідэале UNI нарэшце злучыцца са студэнцкім білетам – і надыдзе ўсеагульная любата.
Намінацыя:
«Рэгіянальная моладзевая ініцыятыва/праект»
Віцебская Kartonka – летні фестываль з адукацыйнымі і мастацкімі спотамі, маркетам, кіно, фуд-кортам і майстар-класамі. Валанцёры зладзілі яго на дзейнай карданажнай фабрыцы, звярнуўшыся да яе дырэктара прыблізна так: «Ці не жадаеце тут што-небудзь пафарбаваць? У вас тут усё такое шэрае. Людзі кажуць, што тут хочацца памерці». Цвікамі праграмы Kartonka выступілі Nizkiz, «Нагуаль», Bez.Not, Risky Guys і Максім Жбанкоў.
Намінацыя:
«Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы мастацтва»
«18 / практики подчинения» Сяргея Шабохіна
Выстава Сяргея Шабохіна «18 / практики подчинения» павінна была адкрыцца 18 красавіка ў прасторы «Сталоўка XYZ», але напярэдадні квір-фэсту DOTYK пляцоўку апячаталі «пажарнікі» ды эпідэміёлагі. Іронія ў тым, што выстава Шабохіна – гэта запрашэнне ў падарожжа па персанальных бар’ерах гледача, а таксама механізмах улады, а розныя часткі архіва завуцца, напрыклад, «Скразняк прапаганды», «Калоны ўлады» і «Зоны выцяснення». Зараз ты можаш азнаёміцца з арт-праектам у анлайне.
Намінацыя:
«Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы захавання культуры»
«Беларускамоўныя» – гэта штотыднёвыя сустрэчы ў «Арт Сядзібе» з носьбітамі беларускай мовы. Свае гісторыі распавядаюць усе: артысты, музыкі, паэты, сантэхнікі, юрысты, прадавачкі і хто толькі не. Сярод апошніх спікераў – музыка Сяргей Башлыкевіч, тэлезорка Юрый Жыгімонт, актор Раман Падаляка, мастак Алесь Пушкін.
Намінацыя:
«Адукацыйная моладзевая ініцыятыва/праект»
Zmena – гэта бясплатныя ўрокі, блог і медыятэка для ўрбаністаў-пачаткоўцаў. Калі марыш зрабіць свой горад лепшым, хутчэй праходзь па спасылцы – і будзе табе шчасцейка. Зразумееш, за што найперш хапацца; як давесці чыноўнікам, што ты не гарадскі вар’ят, а вельмі карысны чэл; дзе шукаць аднадумцаў ды грошы і куды шчаміцца, каб пра твой праект ведалі нават мышы з-пад веніка.
Намінацыя:
«Моладзевы медыйны праект»
Стваральніцы праекта «інтэрв’ююць» жанчын, якія даўно пайшлі з гэтага свету, але паспелі пакінуць выбітны след: тут і рэвалюцыянерка Эмілія Плятэр, і полацкая княжна Рагнеда, і топавая трэвел-блогерка Рэчы Паспалітай Саламея Русецкая... Фікшн-інтэрв’ю ад Girls Power By – гэта займальныя гісторыі сілы ад дзяўчынак, пра дзяўчынак і для дзяўчынак. Іх нам вельмі не хапала.
Намінацыя:
«Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы гендара»
Ініцыятыўную групу «дзетак» госці цырымоніі выкупалі ў воплесках і ўхвальных воклічах. І заслужана! Таму што менавіта гэты варушняк – яскравы прыклад таго, як неабыякавыя людзі могуць яднацца ў адказ на выклікі дня. Варта было ўладам загарнуць закон пра супрацьдзеянне хатняму гвалту – як у Facebook за двое сутак сабралася закрытая група на 2000 (!) раззлаваных грамадзян(-ак).
Калі ты нейкім дзівам яшчэ не падпісаў(-ла) петыцыю ад «Маршируй, детка!», зрабі тое зараз. Беларусі патрэбны эфектыўны і ўніверсальны закон супраць гвалту.
Намінацыя:
«Моладзевая ініцыятыва/праект у сферы правоў чалавека»
Каманда YLR займаецца юрыдычнай часткай вельмі балючай моладзевай тэмы – працаўладкавання. Прынамсі, гэтыя рабяты кансультуюць студэнтаў па пытаннях размеркавання, і калі ты не вельмі гарыш жаданнем працаваць абы-дзе за ежу і стаж, YLR, магчыма, уратуе ад сумнага лёсу і цябе.
Намінацыя:
«Прыз глядацкіх сімпатый»
Вуліца стрыт-фуда (Маладзечна)
Гораду, у які некаторыя беларусы паломнічаюць спецыяльна па знакаміты лацінаамерыканскі бургер, сам бог загадаў муціць фэст з ежай і музыкай. На прэзентацыі «Вуліцы стрыт-фуда» 29 верасня маладзечанцы спявалі, танчылі, інстаграмілі і ўсведамлялі, як нясумна бывае ў родным горадзе, а ў снежні арганізатарам прыляцела «радаўская» статуэтка ў самай душэўнай намінацыі. Праўда, яны па яе не даехалі.
Намінацыя:
«Вечны рухавік у моладзевым сектары»
Наста Лойка
Праваабаронцы не так часта становяцца зоркамі, як музыкі ці палітычныя актывісты, але здараецца і такое. Насту Лойку ў грамадскім сектары Беларусі ведае кожны. Найперш па васьмі гадах працы ў праваабарончым цэнтры «Вясна», па экспертных каментарах да матэрыялаў аб затрыманнях апазіцыянераў ды па фотках каля аўтазакаў (ці непасрэдна ўнутры іх).
З гэтага года імя Насты больш асацыюецца, канешне, з арганізацыяй Human Constanta, якая займаецца правамі замежнікаў і раскруціла складаны «чачэнскі кейс» на беларуска-польскай мяжы.
Падаецца, што гэты прыз Rada – што той «Оскар» для Дзі Капрыа: даўно пара!
Нагадваем, што сёлета 34mag перазапусціў раздзел «Актывісты», і зараз ты можаш сачыць за дзейнасцю самых цікавых рабят краіны на адмысловай старонцы. Мы будзем толькі рады, калі ў наступным годзе там з’явіцца і твой партрэт.
Фота: Таня Капітонава