Вольга Аполька
- 13.05.2015
- 5319
Як выхоўвае актыўных грамадзян і грамадзянак недзяржаўны адукацыйны цэнтр, што паспяхова існуе ў Беларусі больш за 23 гады?
Факты: Некамерцыйная недзяржаўная арганізацыя «Фіяльта» была заснавана 17 лютага 1995 года. Сфера яе дзейнасці – навучальныя праграмы і мерапрыемствы, якія развіваюць кампетэнцыі і гнуткае крытычнае мысленне, пашыраюць кругагляд маладых людзей. За час свайго існавання «Фіяльта» правяла больш за 2000 мерапрыемстваў, якія наведалі больш за 20 тысяч чалавек, прыняла па EVS (Еўрапейская валанцёрская служба) каля 50 валанцёраў з розных краін і адправіла каля 40. Таксама арганізацыя з’яўляецца партнёрам у міжнародных трэнінгах і абменах, за апошнія 5 гадоў яна адправіла больш за 100 удзельнікаў.
Гераіня: Вольга Аполька, 29 гадоў. Скончыла БДМУ. Актывістка маладзёжнага сектара ўжо 8 гадоў. Генеральная сакратарка беларускага моладзевага нацыянальнага савета «РАДА», стратэгічная дырэктарка галерэі «Ў». У 2015 годзе, калі мы запісвалі гэту размову з Вольгай, яна займала пасаду выканаўчай дырэктаркі моладзевага адукацыйнага цэнтра «Фіяльта».
Чым займаюцца ў «Фіяльце»?
– Спачатку я проста прыходзіла ў «Фіяльту» на Movie Night. Потым пачала актыўна ўключацца ў жыццё арганізацыі, была валанцёркай, а з часам стала прымаць самастойныя рашэнні па арганізацыі розных мерапрыемстваў. У рэшце рэшт папярэднія кіраўнікі перадалі «стырно ўлады» нам, маладняку, так я і стала выканаўчай дырэктаркай.
«Фіяльта» – адна з першых незалежных моладзевых арганізацый у Беларусі, якая займаецца нефармальнай адукацыяй. Мы дапамагаем рэалізоўваць розныя ініцыятывы. Гэта працуе так: да нас звяртаецца хто-небудзь са сваёй ідэяй, мы аказваем экспертную падтрымку і прадастаўляем месца для правядзення івэнтаў. На нашым сайце маецца ўкладка «Прапанаваць ідэю», дзе можна запоўніць анкету і прапанаваць нешта свае. Напрыклад, так з’явілася адно з нашых самых папулярных мерапрыемстваў – Movie Night. Рабяты прапанавалі паказваць кіно ў «Фіяльце» і ладзіць абмеркаванне пасля прагляду. Звычайна мы паказваем фільмы на сацыяльныя тэмы.
Адзін з нашых папулярных праектаў – «Навука па-за сабой», ініцыятыва па папулярызацыі навукі. Мы запрашаем лектараў, звычайна прафесараў, якія простай мовай тлумачаць асновы навукі і адказваюць на ўсе пытанні. На гэтых мерапрыемствах у нас заўсёды аншлаг. Напрыклад, адзін прафесар з БДУ распавядаў пра адронны калайдар, а іншы з БДУІР – пра штучны інтэлект. Аднойчы быў святар з Менскага Свята-Духава кафедральнага сабора, які чытаў лекцыю пра рэлігію. Тэма складаная – ёсць шмат спрэчных пытанняў і нюансаў, і ўсе хацелі падлавіць лектара на якой-небудзь супярэчнасці. Але не атрымалася: святар быў вельмі эрудыяваны і валодаў сучасным падыходам да тэмы, ён ніколі не казаў «У Бібліі напісана так – і на гэтым кропка». Цікава, да таго ж ён выкладае астраномію ў БДПУ.
Яшчэ ў нас праходзіць некалькі моўных курсаў, напрыклад, English Club – наша даўняя ініцыятыва, якая дае магчымасць папрактыкавацца ў англійскай. Таксама мы прымаем валанцёраў па праграме Еўрапейскай Валанцёрскай Службы (EVS), таму нашы іншаземныя госці навучаюць «фіяльтаўцаў» і ўсіх ахвотных сваім мовам.
Дзяржава, замежжа, рэгіёны
– Мы пастаянна супрацоўнічаем з дзяржструктурамі, іх падтрымка патрабуецца ў розных пытаннях: ад рэгістрацыі замежных валанцёраў да афармлення нашых праектаў.
Але часам і дзяржструктурам патрэбная наша дапамога. Напрыклад, аднойчы нам прапанавалі зрабіць сумесны праект на тэму ВІЧ. Першага снежня, у Дзень барацьбы са СНІДам, мы арганізавалі ў гандлёвым цэнтры «Сталіца» акцыю: падыходзілі да маладых людзей, ціснулі ім рукі і, не спыняючы поціску, пыталіся: «А ты б паціснуў мне руку, калі б я сказаў, што я ВІЧ-пазітыўны?» Некаторыя адразу вырываліся, а хтосьці казаў: «Вядома». Было вельмі цікава назіраць за рэакцыяй людзей. Зразумела, потым мы распавядалі ім пра нашу акцыю і выдавалі ўлёткі, у якіх было напісана пра шляхі перадачы інфекцыі.
Што тычыцца нашай міжнароднай дзейнасці, то мы пастаянна ўдзельнічаем у праграме Erasmus+, якая раней называлася Youth In Action http://youth-in-action.ru/. У нас ёсць партнёры практычна ва ўсіх краінах Еўропы. Мы супрацоўнічаем на розных узроўнях: на трэнінгах, абменах, партнёрскіх візітах, калі прадстаўнікі моладзевых арганізацый з розных краін прыдумляюць новыя праекты.
Так у нас з’явілася «зорная гісторыя» Наталлі Куніцкай. Яна паехала па моладзевым абмене ў Швецыю. Група ўдзельнікаў складалася з музыкаў: трубачоў, клавішнікаў, бубначоў. Яны ўсе былі з розных краін і разам прыдумлялі песні і кліпы на розныя сацыяльныя тэмы. На той час Наташа працавала ў банку, а музыка была для яе толькі хобі. Гэтая праграма перамяніла Наташына жыццё, па вяртанні яна кінула працу ў банку і пачала пісаць музыку. Мы вельмі ёй ганарымся.
Таксама мы стараемся працаваць з рэгіёнамі. Напрыклад, нашы «фіяльтаўцы», якія праводзілі Movie Night, ездзілі па абласцях і дзяліліся вопытам арганізацыі такіх мерапрыемстваў. Таксама ў нас ёсць праграма Youth On. Мы паспрабавалі аб’яднаць арганізацыі трэцяга сектара па ўсёй Беларусі: у нас былі прадстаўнікі з Віцебску, Берасця, Смалявічаў, Жодзіна. Мы дапамагалі ім пашырыць свае веды па арганізацыі розных мерапрыемстваў: як вызначаць сваю мэтавую аўдыторыю, як працаваць з ёй, як прыцягваць і ўтрымліваць валанцёраў. З першых вынікаў: адна ўдзельніца гэтага праекта зрабіла антыкафэ ў Смалявічах.
Актуальныя праекты «Фіяльты»:
«Навука па-за сабой» – навукова-папулярныя лекцыі і варкшопы зразумелай мовай.
Fialta English Club – нефармальныя сустрэчы для зносін на англійскай мове.
Мувінайты – кінапаказы сацыяльна значных фільмаў з іх наступным абмеркаваннем.
Пул моладзевай работы – адукацыйная праграма па правядзенні трэнінгаў, варкшопаў, міжнародных абменаў і коўчынга моладзевых ініцыятыў.
Komnata 3/0/2 – пляцоўка для сацыяльных мерапрыемстваў і ініцыятыў.
«Картон» – адукацыйныя мерапрыемствы на тэму мастацтва: майстар-класы, курсы, заняткі, дыскусіі, творчыя імпрэзы.
Art in Heart – моладзевая ініцыятыва, мэта якой – аб'яднаць крэатыўную, таленавітую моладзь незалежна ад расы, гендару, мовы ці рэлігіі.