Усходняя постпраўда: інтэрв'ю з Патрыкам Дулі
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 14.08.2018
- 11082
Патрык Дулі (Patrick Dooley) – рэдактар часопіса Post Pravda Magazine, які цікавіцца краінамі «Новага Усходу» і піша пра іх з альтэрнатыўнага пункту гледжання. Мы злавілі Патрыка падчас яго візіту ў Беларусь і распыталі пра тое, як наладжана праца яго медыя, ці сапраўды Minsk Not Dead і што ён думае пра «апошнюю дыктатуру».
Кантэкст постпраўды
– Post Pravda – твой асноўны праект і «праца на поўную занятасць»?
– Не, не зусім так. Калі я атрымаў першую магістарскую ступень у Канадзе, то мне трэба было пагасіць крэдыт на аплату вучобы. Для гэтага я паехаў у Саудаўскую Аравію, каб адпрацаваць там «размеркаванне» ў сферы кансультавання. Пасля гэтага вярнуўся да выкладання. Калі ў Postpravda не будзе грашовых паступленняў, то ў найбліжэйшым верасні я пачну навучаць кітайскіх студэнтаў, якія рыхтуюцца да паступлення ў паўночнаамерыканскія ўніверсітэты.
У Post Pravda ёсць яшчэ два сузаснавальнікі. Майкл Фэхэй працуе ў Дубліне ў сферы IT, а Айрыс Моленар – выдавец у Берліне. Не ўпэўнены, што мне б хацелася займацца выключна часопісам. Але думаю, што такая крэатыўная аддушына дастаўляе пэўнае задавальненне ўсёй нашай камандзе.
«Post Pravda сапраўды імкнецца быць прагрэсіўным медыя і прасоўваць артыстаў і мысляроў, якія існуюць на маргінальных пазіцыях»
– Колькі чалавек працуе ў Post Pravda? Як выглядае штодзённы працоўны працэс?
– Асноўнае ядро – гэта Айрыс, Майкл і я. Яшчэ ёсць каля шасці чалавек, якія супрацоўнічаюць з намі настолькі рэгулярна, наколькі дазваляюць іх абставіны. Таксама нас падтрымліваюць розныя перакладчыкі і сябры, якія пастаянна прапануюць нам свае тэмы.
Звычайна па раніцах мы перапісваемся з Майклам і Айрыс, абмяркоўваем планы на дзень. Вечар нядзелі – гэта заўсёды дзікая мітусня, калі мае калегі штосьці рэдагуюць, а я тармашу фатографаў, каб яны даслалі нам свае працы для матэрыялаў.
З верасня па травень мы выпускаем артыкулы тройчы на тыдзень. Часцяком гэта даволі хаатычны працэс, і кожны раз я прыемна здзіўляюся, калі нам удаецца справіцца з тэкстамі своечасова. Мы сапраўды шмат працуем, але робім гэта з любоўю. Мы лічым, што так можам стварыць перамены, у якія самі верым.
– Чаму нам трэба чытаць Post Pravda, а не The Calvert Journal?
– Не думаю, што гэта пытанне ўзаемазаменнасці. Не магу адмаўляць, што The Calvert Journal паспяхова прыцягвае ўвагу да артыстаў і мысляроў у постсацыялістычным свеце. Таксама я лічу, што Анастасію Фёдараву заўсёды цікава чытаць.
Але адсылкі гэтага выдання на Банка ВТБ робяць крывадушнымі многія з іх прагрэсіўных рыторык. The Calvert Journal існуе як намінальная апазіцыя гвалту з боку расійскай дзяржавы, хоць атрымлівае прыбытак з гэтай жа сістэмы. Як можна пісаць пра правы ЛГБТК+, калі вы жывяце за кошт таго самага рэжыму? Можна сказаць, што гэтым The Calvert Journal кампраметуе сябе. Але я б назваў гэта саўдзелам. Таксама The Calvert Journal выкарыстоўвае тэрмін «Новы Усход», які ўжо парадкам састарэў. Рэкамендую пачытаць крытычныя эсэ Інгі Ліндарэнка і Вольгі Сасноўскай, каб зразумець, наколькі гэта вакантная канцэпцыя.
«Мы не лічым, што з-за грошай можам ставіць пад пагрозу нашыя каштоўнасці»
Post Pravda сапраўды імкнецца быць прагрэсіўным медыя і прасоўваць артыстаў і мысляроў, якія існуюць на маргінальных пазіцыях. Яны артыкулююць ідэю таго, што ўладзе трэба супраціўляцца, а трансфармацыі заўсёды магчымыя. Усе заснавальнікі нашага часопіса – выхадцы з працоўнага класа. І таму мы падтрымліваем асоб з падобным бэкграўндам. У свеце ёсць досыць медыя для прадстаўнікоў вышэйшага класа, сярод якіх шмат чытачоў тыпу champagne socialists (людзі, якія называюць сябе «левымі», але пры гэтым даволі-такі памяшаныя на матэрыяльных дабротах. – 34mag). Мы не лічым, што з-за грошай можам ставіць пад пагрозу нашы каштоўнасці.
Апошняя дыктатура – гэта ўжо сумна
– Ці была нейкая рэакцыя на твой крытычны артыкул пра заходнія медыя, якія выкарыстоўваюць тэрмін «апошняя дыктатура»?
– Спачатку павінен адзначыць, што я цалкам скраў ідэю гэтага артыкула ў 34mag. У прапагандзе гэтай канцэпцыі Post Pravda вінаваты не менш за іншыя часопісы. Аднак я думаю, што мы дастаткова прапампаваліся дзякуючы чытанню 34 і размовам з вамі. Гэта дапамагло нам зразумець, што ідэя «апошняй дыктатуры» сумная і невыгодная.
Праўда ў тым, журналісты пішуць пра Беларусь так, каб не выклікаць шуму. Але ёсць выключэнні накшталт храновых матэрыялаў – як той, што зрабіў Vice. Такім чынам, я атрымаў даволі добрыя водгукі на свой артыкул. Думаю, людзі выказвалі павагу за тое, што я, будучы чужынцам, выслухаў іх ідэі.
«Праўда ў тым, журналісты пішуць пра Беларусь так, каб не выклікаць шуму. Але ёсць выключэнні накшталт храновых матэрыялаў – як той, што зрабіў Vice»
– Ці ёсць яшчэ нейкія стэрэатыпы, якія ты чуў пра Беларусь, акрамя «апошняй дыктатуры»?
– Калі я хачу даведацца аб новых стэрэатыпах пра Беларусь, я проста гляджу на тое, што робіць Andrew Miksys! Гэты чалавек бязлітасны ў адлюстраванні нацыянальных стэрэатыпаў. Акрамя гэтага, магу згадаць чыстыя вуліцы і дранікі.
– Ты быў у Беларусі двойчы. Падзяліся думкамі, як ты бачыш тое, што адбываецца тут.
– Большую частку жыцця я глядзеў лайновыя дакументалкі ад BBC, а тут убачыў зусім супрацьлеглае ім. Я сустрэў тут неверагодна добразычлівых людзей, якія былі паблажлівыя да маіх дурных пытанняў і далі мне больш глыбокае разуменне краіны. Я заўсёды захапляюся асобамі, якія выкарыстоўваюць сваю свабоду па максімуме.
Музычная сцэна тут надзвычайная, бары дзівосныя, а атрыманне візы цяпер сапраўды элементарнае. І хай гэта прагучыць як падлізванне, але я вялікі фанат 34mag і ўсёй працы, якую вы робіце.
Minsk Not Dead
– Менск адстае ад Тбілісі і Кіева як новы турыстычны напрамак? Ці ён усё яшчэ не даследаваны?
– Наўрад ці мае візіты ў Менск робяць яго «даследаваным». Я веру ў тое, што чым больш людзей будзе прыязджаць у Беларусь, тым больш яны будуць разумець, наколькі гэта асаблівае месца. У Менска ёсць моцная дынаміка і бясстрашная моладзевая культура. Няма прычын думаць, што гэты горад не зможа развіцца ў нешта накшталт Кіева або Тбілісі, бо ён ужо з'яўляецца асаблівым. Але давайце не будзем гуляць у параўнанні гарадоў – замест гэтага лепш праслаўляць тое, які ўнікальны ўклад робіць кожны горад.
Я думаю, у Менска ёсць пэўная рэпутацыя не з-за таго, што тут адбываецца, а з-за лянівых заходніх журналістаў і іх ідыёцкіх рэпартажаў. Калі вы прыязджаеце сюды, каб пацвердзіць свае прадузятасці, у вас усё атрымаецца. Але чым больш вы будзеце слухаць менчукоў, тым больш вам спадабаецца гэты горад.
«У беларусаў ёсць бясконцая вынаходлівасць, якая дапамагае ім змагацца з эканомікай, ізаляцыяй ды іншымі цяжкасцямі»
– Што ты думаеш пра маладых беларусаў? Можаш сказаць і ў цэлым, і расказаць пра любімых мастакоў і музыкаў.
– У гэтым горадзе ёсць надзвычайны дух дзякуючы людзям, якія тут жывуць. У беларусаў ёсць бясконцая вынаходлівасць, якая дапамагае ім змагацца з эканомікай, ізаляцыяй ды іншымі цяжкасцямі. Людзі сапраўды любяць сваю краіну, прычым у найменш рэакцыйным выглядзе.
Я вельмі злуюся з-за таго, што мне не ўдалося купіць футболку з надпісам Minsk Not Dead, пакуль я быў у Менску. Нават калі ўсе дабрадушныя і разумныя людзі не змогуць угаварыць мяне вярнуцца, я ўсё роўна прыеду, каб займець гэтую майку!
Што тычыцца музыкі, я магу толькі назваць сваю сяброўку Mustelide, якая стварае найбольш цікавую музыку на тэрыторыі постсавецкай прасторы. Таксама я наткнуўся на новага фатографа, з-за якога цяпер думаю пра Менск кожны тыдзень. Я шчасліўчык, таму што мне ўдалося пазнаёміцца з гэтым Лёшам Навумчыкам на адной з вечарынак, і мы вельмі крута пагаварылі. На жаль, мы не сустрэліся з квір-актывістам Андрэем Завалеем, але пасля прачытання аднаго артыкула я сапраўды зацікавіўся ім.
Фота – Таня Капітонава