Эміль Зянько: «Задавальненне – даведацца, што чалавек у цябе купіў пласцінку, не маючы прайгравальніка»
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 07.05.2024
- 2142
Эміль Зянько – мультыдысцыплінарны артыст з сотнямі тысяч праслухоўванняў на Spotify і 10К+ фаловераў у інсце. Мы сустрэліся з Эмілем, каб абмеркаваць яго апошні альбом «VHS», праект «Greenhouse», які «пераехаў» са шкляной цяпліцы на беларускім хутары ў галерэю Беластока, і кнігу пра кухню арт-праектаў. Заадно даведаліся, як штатыў з кардону і Парыж за акном дапамагаюць (ці не?) накраўдфандзіць на вініл і якія сэнсы хаваюцца ў жывапісных Эмілевых авечках.
Інтра
– Чатыры гады таму мы рабілі інтэрв’ю з прадакашанам Kinoproby, дзе ты крыху распавядаў пра сябе. Нагадаем чытачам і чытачкам, што ты мастак і музыка з Горадні, перабраўся ў Парыж, а потым наездамі жыў то ў Беларусі, то ў Францыі. Распавядзі пра свае перасоўванні апошніх гадоў.
– На эмігранцкім стылі я жыву даволі даўно. Такімі наездамі – дакладна з 2012 года. За плячыма назапасілася шмат краін, я зрабіў нармалёвы еўратур: 2018 год я правёў з «Кінапробамі» ў Парыжы. Потым у Берліне год пражыў. Паміж Берлінам і Парыжам жыў у Стакгольме, пры гэтым часта ездзіў у Польшчу. Ковід перакавідаваў у Беларусі – на хутарку пад Гародняй, дзе можна было схавацца і спакойна займацца творчасцю. Пасля – зноў еўратур. Апошні год я жыву ў Парыжы, і хоць я ўвесь час у раз'ездах, Парыж канчаткова стаў базай. Пакуль адчуваю, што мой дом тут.
Што здараецца ў беларускай цяпліцы
– Як ты пачаў рабіць фармат кароткіх відэа?
– Калі я жыў у Берліне ў 2019-м, пачаў здымаць басейн. Ролікі вельмі добра заляцелі, і я зразумеў, што фармат кароткіх відэа працуе нашмат лепш, чым паўнавартасныя кліпы. У мяне і не было магчымасці здымаць вялікія штукі, я ўсё рабіў самастойна і без выдаткаў.
У цяпліцы як аб'екта цікавы лёс. Раней ёй валодала маміна сяброўка, якая эмігравала ў ЗША. Цяпліца ўжо перажыла некалькі пераездаў, апошні адбыўся ў 2016 годзе, калі мы з бацькам і дзядзькам перавезлі яе з суседняй вёскі на свой двор. Пасля Берліна, летам 2019-га, я прыехаў у Беларусь на хутарочак. Заходжу ў цяпліцу – а яна закінутая, пустазелле расце, сапраўдныя зараснікі. Такі сюр.
І неяк супала, настрой быў нешта з гэтым зрабіць. Летнім вечарочкам мы прыехалі ўтрох з сябрамі, паставілі камеру і пачалі запісваць. На адным з ролікаў я сам сябе пагаліў, на іншым праспяваў кавер на «Mr. Sandman», а на трэцім адсек сабе галаву. Дарэчы, пры запісе апошняга роліка сябры не ведалі, што эпізод будзе выглядаць менавіта так. Цікава было назіраць за іх рэакцыяй потым.
З гэтага ўсё і пачалося. Не было кантэнт-плана, календара. У нейкі момант праект разросся, але ніхто не разумеў, дзе знаходзіцца greenhouse і дзе знаходжуся я. Шмат сяброў і знаёмых былі ўпэўненыя, што відэа з цяпліцай я працягваю рабіць у Германіі. Пісалі мадэлі і акцёры, якія хацелі паўдзельнічаць у праекце. Я запрашаў усіх, хто маглі прыехаць у Беларусь. У нейкі момант вясковы дом ператварыўся ў паўсквот. І арт-рэзідэнцыя, і рэтрыт, і прытулак, і тусоўкі там праходзілі. Мяне гэтыя атмасфера і свабода разганялі, я ўвесь час нешта здымаў, пісаў музыку, працаваў дыстанцыйна і шмат чаго рабіў фізічна па гаспадарцы – быў ідэальны баланс і шмат энергіі.
Глядзі, ёсць відэа ў акварыуме. У тую зіму ў Беларусі было туга са снегам. І як толькі ён выпаў, я адразу ж узяў пусты акварыум, паклікаў сяброўку дапамагчы са здымкай, мы загрузіліся ў машыну і паехалі на хутарочак. У акварыуме вада з калодзежа, ледзяная, я нагрэў два-тры рондалі, каб крыху цяплей было. У выніку я застудзіў сухажылле, потым цэлы тыдзень мяне калолі прыколамі. Бачыш, на відэа рука тырчыць з вады. Дык вось, яна ў гэты момант замярзае ўшчэнт. Добра, што я ўсё здымаю хутка. Для мяне важна не марнаваць шмат часу на здымку. Я першапачаткова шмат усяго прадумваю тэхнічна: як бачу кампазіцыю, ідэю, што буду рабіць потым па графіку. Усё нашу з сабой у галаве, тады і здымкі доўжацца пяць хвілін. Яшчэ мне важна рабіць мантаж роліка не больш чым суткі, каб графіка і ўсе гісторыі з мантажом і сюррэалізмам не займалі шмат часу. Таму што, калі захапляешся працэсам, потым хер скончыш.
«У нейкі момант вясковы дом ператварыўся ў паўсквот. І арт-рэзідэнцыя, і рэтрыт, і прытулак, і тусоўкі там праходзілі»
У нейкі момант стала складаней працаваць з абнажонкай у інсце, і з'явілася ідэя зрабіць ролік на гэтую тэму. Самае пацешнае, што відэа аб цэнзуры трапіла пад цэнзуру: яго адразу ж выдалілі, хоць усе яго адразу расшэрылі. Я некалькі разоў на працягу дня перазаліваў яго, дадаючы блюр і пікселі на грудзі. У выніку, з чацвёртага-пятага разу Instagram быў задаволены колькасцю пікселяў на міліметры смочак.
«Самае пацешнае, што відэа аб цэнзуры трапіла пад цэнзуру: яго адразу ж выдалілі»
– У Беластоку для выставы пабудавалі поўнапамерную цяпліцу. Распавядзі, чаму ты абраў менавіта Галерэю імя Сляндзінскіх.
– Мы з куратаркай Воляй Анісько пачалі пошукі галерэі два гады таму. У першую чаргу звярталіся ў галерэі, якія цікавілі нас па візуальных параметрах, па памерах, па тым, як яны выглядаюць, з кім працуюць. Потым мы сутыкнуліся з рэальнасцю, і частка галерэй адпала з розных прычын, шмат дзе не прайшлі конкурс мы. А ў гэтай галерэі я выстаўляўся шэсць гадоў таму з іншым праектам, сумесна з мастаком-графікам з Гародні Іванам Русачкам. Калі ёсць зацікаўленыя бакі, усё вырашаецца вельмі хутка. Дзякуй Давіду, кіраўніку, які дапамог і шэсць гадоў таму, і цяпер.
– Можна сказаць, у колькі абышоўся праект?
– Дакладны адказ ведае толькі бухгалтэрыя галерэі. Але ў галерэі выдатная каманда, якая вельмі шустра збірала ўсё, што нам прыходзіла ў галаву і было апісана ў канцэпце. Яны нават палохалі нас сваёй хуткасцю і асабліва – хуткасцю, з якой выдаткоўваліся сродкі. Прыкладна на трэці дзень з дзевяці, адведзеных на збор цяпліцы, мы з куратаркай трохі загналіся, прыкінуўшы, што бюджэт ужо вычарпаўся. Але ў выніку ўсё склалася, і экспазіцыя атрымалася нават лепш, чым мы чакалі.
Выстава працягнецца да 19 траўня, а 18-га – Ноч музеяў. Мы рыхтуем перформанс музычны. Я прылячу з Парыжа, запрашам. Выстава «GREENHOUSE» будзе паказана ў чэрвені таксама ў Парыжы, але ўжо ў іншым выглядзе і з іншай куратаркай. А яшчэ мы рыхтуем кнігу.
– Пра бэкстэйдж?
– Так, гэта ідэя маёй парыжскай куратаркі і агенткі Эліны Паляковай. Кніга – патрэбная рэч для сучаснага мастака. Як правіла, гэта альбомы, прэзентацыя фатаграфій, жывапісу, але я не хацеў, каб кніга была ў такім зразумелым фармаце каталога. У мяне часта запытваліся, што адбываецца за кадрам, як усё робіцца тэхнічна, як наладжаны працэс відэа. Так нарадзілася ідэя зрабіць не банальны альбом, а «Бэкстэйдж». Трохі паказаць, што за шырмай знаходзіцца. Яно вельмі часта нават цікавейшае за вынік.
Кніга друкуецца і выпускаецца па прынцыпе краўдфандынгу. Яна не танная па ўсходнееўрапейскіх мерках, але ў яе цалкам прымальны кошт па мерках заходнееўрапейскіх і амерыканскіх. Па аб’ёме, падаецца, 150–200 старонак, даволі важкая гісторыя. Карацей, альбомны агляд за апошнія дзесяць гадоў. Калі я корпаўся ў архівах, выявіў многае, чым хацелася падзяліцца: праекты, звязаныя з музыкай і відэа, жывапіс і выставы, якія засталіся незаўважанымі. Гэта важны этап маёй творчасці, які прывёў мяне да фармату відэа і наступных работ.
– Ты там, напэўна, перыядычна з валасамі і без валасоў.
– Туды-сюды кожныя тры гады прыкладна, як газон каля выканкама. Хаця ж газон каля выканкама заўсёды акуратна падстрыжаны. Не, дрэннае параўнанне.
Як (не) назбіраць грошай на выпуск вінілу
– Як з альбомчыка «VHS» паўстаў вініл?
– Я пісаў «VHS» першапачаткова з разуменнем, што ён выйдзе на вініле. Я разглядаў два варыянты новага вінілу: сабраць матэрыял з існуючых папулярных трэкаў або напісаць новы альбом. Выбраў другі варыянт, бо ў мяне ўжо былі накіды новага матэрыялу.
Альбом я пастараўся зрабіць больш меладычным. Кожны трэк мае сваю гісторыю. Дзесьці я пісаў пра каханне і павінен быў гучаць голас, але голас знік разам з тым каханнем. Дзесьці я чытаю пасланне, прысвечанае BFRND, з якім мы не скончылі трэк. Дзесьці ўсё склалася як трэба. Ніхто з тых, хто бралі ўдзел у стварэнні альбома, – гэта Sasha MK, Jazzmine Berger і Lera Miller, – не з'яўляецца прафесійнымі вакалісткамі.
«Дзесьці я пісаў пра каханне і павінен быў гучаць голас, але голас знік разам з тым каханнем»
– Раскажы, як збіраў грошы на альбом.
– Гэта быў мой першы досвед краўдфандынгу. Каб падтрымаць збор сродкаў, я пачаў серыю кароткіх ролікаў у Парыжы. Здымаць ролікі на ажыўленым скрыжаванні – той яшчэ квэст. У мяне быў самаробны кардонны штатыў. Ніводны са звычайных я не змог удала замацаваць, таму прыйшлося збіраць гэты «арт-аб'ект» з кардону, знойдзенага, дарэчы, на тым жа скрыжаванні.
Кожны ролік вёў да збору сродкаў на вініл. Простыя, кароткія, вясёлыя ролікі. Ужо потым я разабраўся, што ёсць некаторыя правілы пры зборы сродкаў, я іх не ведаў і таму не выконваў. Да таго ж я не надта агрэсіўны ў сацсетках, а пры зборах усё павінна працаваць трохі агрэсіўней. Лепш займацца прыцягненнем грошай разам са спецыялістамі. Варта прызнаць, што я сабраў не ўсю суму, якая была патрэбная на вытворчасць, але сабраў дастаткова, каб закрыць нястачу самастойна і акупіць выпуск кружэлак. Іх і зараз можна купіць у мяне на выступах ці асабіста.
На кружэлку сабраць даволі складана, бо не ва ўсіх ёсць прайгравальнікі, у кагосьці яны засталіся дома, многія часта пераязджаюць і не імкнуцца абзаводзіцца рэчамі, здымаюць кватэры. Дарэчы, асобнае задавальненне – даведвацца, што чалавек купіў у цябе кружэлку, не маючы прайгравальніка. Так сталася, што для многіх мая кружэлка першая. Вельмі часта гэта беларусы і беларускі ды ўкраінцы і ўкраінкі, якія пераехалі ў Еўропу ці Штаты. Людзі жывуць на валізах, шмат у каго нявызначанасць у жыцці, але вось кружэлачку яны набылі.
Навошта жывапісаць авечак
– Ты пры ўсім пры гэтым яшчэ і даволі класічны жывапіс валіш.
– Калі мы вернемся да мінулай размовы, то там было пытанне, як я пачаў займацца музыкай. І я адказваў, што мой бацька-музыка адпраўляў мяне вучыцца на каго заўгодна, толькі не на музыку, і я пайшоў вучыцца ў «кулёк» у Горадні.
Там мастакі вучаць падлеткаў акадэм-базе. Праз гады я разумею, што вучаць вельмі нядрэнна: на тле іншых месцаў і ўстаноў яны давалі асновы, з якімі было лягчэй ісці далей. Але я дагэтуль не разумею, чаму гэта ў дыпломе называецца дызайнам. Бацька мой таксама, чакаючы выпуску спецыяліста ў сферы дызайну, атрымаў ад мяне партрэты пажылых натуршчыкаў, стос малюнкаў і трохі пластыкавых макетаў. Пахла там не дызайнам, а алеем з растваральнікам і старэчым пердзяжом.
Ну і ўсё, адтуль і жывапіс. У мяне адукацыя класічная, постсавецкая. Складана гэтую адукацыю ацаніць і ахарактарызаваць, што яна з сябе ўяўляе, але праз гады я дакладна ведаю, што вопыт карысны, дакладна на мяне паўплываў у лепшы бок.
«Пахла там не дызайнам, а алеем з растваральнікам і старэчым пердзяжом»
Пасля я вырашыў паступаць у Германію, абраў Kunstakademie Düsseldorf, дзеля гэтага я нават вывучыў нямецкую. У мяне стрыечная сястра жыве ў Боне, яна вельмі паўплывала ў тыя гады на маё жыццё, на светапогляд. Яна мне купляла за свае грошы паездкі па Еўропе, і я ездзіў у Парыж, у Амстэрдам, па поўдні Германіі. Мазгі мне тады гадоў у 17 управіла вельмі жорстка і правільна, за што ёй удзячны.
У Kunstakademie я не паступіў. Мову вывучыў, усё здаў, але экзамены не прайшоў. Паступаў яшчэ некалькі разоў – і зноў не праходзіў. Не разумеў, што сістэма паступлення адрозніваецца ад той, што ў нас. Не ведаў, што конкурс на месца там больш за 700 чалавек. Так бы хадзіў на ўсе дні адчыненых дзвярэй, паводзіў бы сябе агрэсіўней, а не ціха адносіў дакументы ды звальваў. У любым выпадку я рады, што спрабаваў. Працэс даследавання, вывучэння гісторыі ўстановы, мастакоў, груп, напрамкаў вельмі паўплываў на мяне. Гэтага дастаткова, каб пачаць шукаць нешта іншае і цікавае ў сабе.
– Распавядзі, што хацеў сказаць серыяй з авечкамі.
– Да гэтага ў асноўным я займаўся сацыяльнай анімалістыкай. Ты малюеш жывёлаў, а маеш на ўвазе цалкам канкрэтных людзей і вобразы, іх сацыяльны партрэт і мадэлі паводзін. У мяне не толькі авечкі, былі і зубры, і куры, і пінгвіны.
«Structure» 2014 года – адна з першых прац, якую я мог бы падпісаць і сказаць, што яна сур'ёзная. Мяне ўразіў статак авечак, якіх некаторы час разводзіў мой дзядзька. Яны зачароўваюць сваімі адначасова прыгажосцю і наіўнасцю, статкавасцю і палахлівасцю. Ты разумееш, што такім статкам лёгка можа маніпуляваць пастух з верным сабакам. Усё як у людзей.
«Ты малюеш жывёлаў, а маеш на ўвазе цалкам канкрэтных людзей»
Я выставіў тых авечак у Беларусі і адначасова выставіў на продаж на нейкім нямецкім сайце. Пакуль яны выстаўляліся, іх купілі і яны адразу з'ехалі ў Германію, куды пазней у тыя ж рукі сышла яшчэ пара карцін, таксама з сацыялкай на тле. Нейкі час я жыў за кошт продажу жывапісу, але выдаваць пастаянна і пры гэтым не выгараць – складана. Я пераключыўся на іншыя справы, жывапісам займаўся радзей і радзей.
Год таму я зноў зрабіў серыю жывапісных работ, але выключна з авечак. З разуменнем, што часы сталі яшчэ больш цікавымі, а тэма авечак і пастухоў – яшчэ больш адчувальнай.