«Чай со Льдом»: новы фармат вечарынак-паказаў у Менску
- 15.02.2018
- 7700
Тры месяцы таму калектыў «ЛЁД» запусціў серыю вечарынак — паказаў прац мастакоў з Беларусі і не толькі. У нефармальнай атмасферы менскіх бараў рабяты абмяркоўваюць сучаснае мастацтва і разважаюць пра яго будучыню. Уваход для ўсіх вольны, адзіная ўмова — не разносіць працы ўшчэнт. Каб хапануць сучарту, мы завіталі на чацвёрты «Чай со Льдом» і распыталі, хто ўсе гэтыя людзі, чаму выбралі менавіта такі фармат і навошта гэта патрэбна беларускім мастакам.
Што такое LĒD?
Гэта калектыў, які складаецца з беларускіх мастакоў і мастачак. Яны працуюць з дакументальнай і арт-фатаграфіяй, фотажурналістыкай, тэкстам, відэа і інсталяцыяй. Калектыў заснаваны ў 2015 годзе.
Што такое «Чай со Льдом»?
Гэта серыя вечарынак – паказаў фатаграфіі і сумежных з ёй абласцей сучаснага мастацтва. Вядомыя і пакуль што не вельмі вядомыя мастакі і фатографы паказваюць свае працы і распавядаюць пра іх.
Ідэя ў тым, каб выйсці з белых сцен галерэй і правесці час у добрай кампаніі старых і новых сяброў, а таксама ў бяспечнай і нефармальнай атмасферы абмеркаваць будучыню беларускага і не толькі беларускага мастацтва. Арганізоўваюць «Чай со Льдом» Аляксандр Міхалковіч, Аляксей Навумчык, Аляксандра Салдатава і Максім Сарычаў.
З чаго ўсё пачалося?
Два гады таму Лёша Навумчык зганяў у Сербію і трапіў на івэнт Periskop, дзе ў фармаце вечарынкі паказвалі фатаграфіі. Гэтае мерапрыемства арганізоўваў фатограф з Лондана, які асеў у Сербіі. Калектыву «ЛЁД» тады яшчэ не было, і думак пра тое, каб рабіць нешта падобнае, таксама не было.
«Ты прыязджаеш на пяць дзён у Бялград – месца, дзе, здавалася б, нічога не адбываецца. І ты адразу трапляеш на партфоліа-рэв’ю да Дональда Вэбэра. На трэці дзень ты ўжо бярэш удзел у 25-м Periskop», – узгадвае Лёша.
Праз некаторы час пасля аповедаў Лёшы ў Бялград паехаў Максім Сарычаў. Праўда, на паказы Periskop ён не патрапіў: да таго часу яны ўжо заглухлі.
«У Бялградзе адчуваеш усплёск энергіі. З-за змены кантэксту захацелася дзвіжу, і мы з калектывам вырашылі арганізоўваць такія вечарынкі», – дзеліцца Максім.
«Кожная сустрэча – як адкрыццё выставы, толькі без бясплатнага алкаголю»
Пра фармат
Мы не хацелі афіцыйнага фармату, дзе ўсе сядзяць на крэселках і слухаюць выступоўцаў. Хочацца камунікацыі і радасці, таму мы выбралі фармат вечарынкі. Кожная сустрэча – як адкрыццё выставы, толькі без бясплатнага алкаголю: мастакі распавядаюць пра свае працы і практычна не атрымліваюць крытычных заўваг.
Па колькасці людзей, якія да нас прыходзяць і зацікаўленыя слухаць, высветлілася, што ў Беларусі дэфіцыт культурнай і міжкультурнай камунікацыі. Таму вырашылі рабіць вечарынкі не толькі пра фатаграфію. Хацелася запрашаць больш людзей з розных відаў мастацтва: кіно, выяўленчага мастацтва, фатаграфіі. Тады пачынаецца камунікацыя, прыходзіць натхненне, і паўмёртвая культура ажывае.
У Менску наўрад ці ёсць фармат сустрэчы з мастакамі, дзе мастак не напружваецца. Гэта альбо адкрыццё выставы, якой папярэднічае сур'ёзны стрэс, альбо фармат круглага стала, дзе гучаць відавочныя рэчы. Важна было стварыць асяроддзе па дэфолце бяспечных зносінаў. Нам не хацелася, каб людзі абараняліся і атакавалі адзін аднаго з незразумелымі мэтамі. Фармат падбіраўся такім чынам, каб гэтага не магло адбыцца.
«“ЛЁД” – гэта даволі рухомая структура, як лёд зімой»
Пра праблемы культурнай супольнасці
Парадокс беларускай культурнай супольнасці ў тым, што мастакі практычна не знаёмыя адно з адным. Мы за інтэграцыю.
У сітуацыі, калі зрабіць выставу – дорага, а інстытуцый мала, нашы сустрэчы – гэта добрае рашэнне. Тут з мінімальнымі выдаткамі можна ўбачыць работы іншых. Мы падзяляем абавязкі і арганізацыйныя моманты паміж сабой, таму ўсё адбываецца безбалюча.
Праблема ў тым, што ў Беларусі адбываецца не так шмат выстаў. З поля зроку часта выпадаюць мастакі, якія ездзяць на рэзідэнцыі. Іх працы дзесьці асядаюць і не трапляюць у публічную прастору. Гэта значыць, што паглядзець на іх працы, акрамя як у такім фармаце, няма ніякай магчымасці.
Нашы сустрэчы – гэта магчымасць не толькі паказаць гатовы праект, але і атрымаць фідбэк аб праекце ў разраджаным асяроддзі. Калі аўтар не працуе гадоў дзесяць з буйнымі музеямі і сур'ёзнымі куратарамі, але ўсё-ткі хоча разумець, куды трэба рухацца, то яму тут будуць рады, ён пачуе словы падтрымкі. Банальнае «мне спадабалася» матывуе чалавека дзейнічаць.
Пра камунікацыю з дзяржавай
Паўплываць на культурную палітыку Беларусі з дапамогай падобных калектыўных практык, на наш погляд, нерэальна. Разрозненыя арт-групы не ўзаемадзейнічаюць з дзяржавай і дзяржаўнымі інстытуцыямі. Дзяржава – гэта іншая планета, якая праводзіць свае конкурсы і выставы. У дзяржавы жорсткія рамкі. Мы гаворым на розных мовах.
Пра «Набыты рэфлекс»
У нас быў вопыт калектыўнай працы. Мы завяршылі праект «Набыты рэфлекс», і яго лагічным фіналам была прэзентацыя ў межах Месяца фатаграфіі ў Менску у 2016 годзе. Напэўна, гэта было самае правільнае месца ў Беларусі, дзе праект мог з'явіцца. Рабілі праект наступным складам: Максім Дасько, Ганна Леванкова, Аляксей Навумчык, Максім Сарычаў, Аляксандра Салдатава, Аляксандр Міхалковіч. Каардынатарка: Вольга Бычкова.
Апісанне праекта: Наша дзяцінства прайшло ў краіне, якой больш не існуе, як не існуе яе каштоўнасцяў. Мы выраслі дзесьці на стыку эпох і цяпер трапілі ў свет электронных імпульсаў і капіталізму. Што з нашай агульнай гісторыі, мінулай і сапраўднай, вызначае персанальныя каштоўнасці? У гэтым праекце мы падглядаем самі за сабой, за паводзінамі ў сітуацыях, калі дакладна немагчыма вызначыць, хто / што выбірае стратэгію нашых дзеянняў: мы самі або стэрэатып, звычка, набыты намі раней рэфлекс.
Такія шаблоны паводзінаў – адзін са спосабаў рэагаваць на свет. Кожны быў ў сітуацыі, калі здзейсненае дзеянне выглядае нібы чужым, дзіўным, нелагічным ў сістэме сённяшніх індывідуальных каштоўнасцяў. Як мы прымаем рашэнні і ці можам цалкам кантраляваць іх, змяняючы закладзены ў нас паводніцкі код? Мы канструюем «нармальныя» бытавыя гісторыі і пражываем іх нанова. Гэта стварае наш агульны фіктыўны ўспамін. Выява –дакумент гэтага ўспаміну – магчымасць распазнаць наш уласны шаблон, месца, дзе глядач становіцца саўдзельнікам нашага дзеяння.
«У дзяржавы жорсткія рамкі. Мы гаворым на розных мовах»
Пра ўзаемадзеянне
Пасля перажывання гэтага вопыту кожны(-ая) з нас паглыбіўся(-лася) у свой праект. Мы вырашылі зрабіць перапынак. Такая неабходнасць наспела, таму што вялікі праект адабраў шмат часу. Калектыўнае ўзаемадзеянне зрушылася ў іншую плоскасць. У выніку мы маем магчымасць дапамагаць адно аднаму з асабістымі праектамі, можам іх абмяркоўваць. Важна, што мы можам сказаць адно аднаму: «Няма чаго чакаць, рукі ў ногі – і зрабілі!» Часам патрэбная і маральная падтрымка.
«ЛЁД» – гэта даволі рухомая структура, як лёд зімой. Калектыў дапамагае. Хтосьці задае важнае для мастака пытанне: «Калі ты будзеш гэта рабіць?» Можна паўгода рэфлексаваць пра свае ідэі, але нічога пры гэтым не рабіць. Калі ты дамаўляешся канкрэтна, справа пачынае варушыцца. Здаецца, мы даўно адно аднаму не давалі штурхалёў.
Пра будучыню
У нас ёсць крытычная маса асабістых праектаў, якія мы хочам завяршыць. Каб з імі разабрацца, трэба мець сілы. Таму пакуль будзем рабіць «Чай со Льдом». Нам усім падабаецца.
На загалоўнай фота (злева направа): Аляксей Навумчык, Максім Сарычаў, Аляксандр Міхалковіч, Аляксандра Салдатава, Вольга Бычкова, Максім Дасько, Ганна Леванкова
Фота з архіву калектыву «ЛЁД»
КАМЕНТАРЫ (1)
Очень круто, ребята. Вдохновляете....