Песенька Speto

Vulica Brasil у самым разгары: сцены менскіх будынкаў імкліва змяняюць сваё аблічча, вуліца Кастрычніцкая пульсуе, як сэрца бурундука. 34mag распытаў бразільскага мастака Speto, які стаяў ля вытокаў бразільскага графіці, пра ягоныя ўражанні ад побыту ў Беларусі, асабісты шлях у мастацтве і родны Сан-Паўлу.

 

 

 

Speto. 45 год.

Адзін з піянераў графіці ў Бразіліі, займаецца вулічным мастацтвам больш за тры дзесяцігоддзі. Належыць да першага пакалення графіці-мастакоў у Бразіліі разам з OSGEMEOS. Цягам 1990-х ён дапамагаў ствараць візуальныя вобразы бразільскім музычным гуртам The Raimundos, Planet Hemp і O Rappa. Браў удзел у шэрагу выстаў па ўсім свеце: Art Ba ў Буэнас-Айрэсе, Art Basel у Маямі, Palais de Tokyo ў Парыжы і The Wynwood Walls у Маямі ды Франкфурце. Сёлета адкрываў Музей стрыт-арту ў Берліне. Для Vulica Brasil малюе на будынку гатэля «БелРостІнвестБуд» чорна-белы мурал з контурамі часавых паясоў Бразіліі і Беларусі, пакемонамі, зубрамі ды іншымі аб’ектамі сусветнай поп-культуры.

 

 

 

 

Пра Беларусь

– У мяне не было шмат чаканняў, калі я збіраўся ў Беларусь. Канешне, перад прыездам мы шмат размаўлялі з OSGEMEOS, я чуў ад іх і пра людзей, і пра праект. Але я люблю сюрпрызы, люблю ўбіраць у сябе, нібыта белы ліст, больш уражанняў ад новага месца. На падрыхтоўку да прыезду ў Беларусь у мяне сышло тры ці чатыры тыдні, але гэта не значыць, што я рыхтаваў толькі эскізы мурала – трэба было завяршыць розныя праекты і справы, каб спакойна прыехаць сюды. Мне вельмі хочацца пакінуць менчукам нешта файнае, падзяліцца сваім бачаннем свету.

«Калі мне спатрэбяцца грошы, я буду маляваць птушак»

У Беларусі людзі такія ж адкрытыя, як у Бразіліі, праз гэта адчуваеш сябе тут ледзь не як дома. Часам беларусы мне падаюцца крыху наіўнымі. Бачна, што жанчыны любяць добра апранацца і наогул вельмі дагледжаныя. У бразільскай культуры затое значна больш чуваць уплывы іншых культур – іспанскай, партугальскай, азіяцкіх. Краіна вялікая, дыялектаў партугальскага таксама вельмі шмат. Наогул акцэнт у маўленні – вельмі важны для мяне маркер, бо ён адлюстроўвае паходжанне чалавека, яго гісторыю, а гэта так цікава.

 

 

 

 

Пра сябе

– Я вельмі даўно ў мастацтве: упершыню пачаў маляваць графіці, калі мне было 14 гадоў, зараз мне 45. Для мяне мастацтва з дзяцінства было гульнёй: мы шмат часу праводзілі разам з маімі двума старэйшымі братамі – гулялі ў футбол, ездзілі на скейтах, малявалі графіці. Зараз адзін з іх працуе выкладчыкам мастацтва, а другі стаў музыкам. Наш дзядуля быў таксама музыкам, граў самбу. Мастацтва заўсёды было побач. Я пачынаў з графіці, малюнкаў для цішотак і ілюстрацый для журналаў, мой стыль быў прывязаны да скейтарскай культуры і хіп-хопу.

 

Забаўна, што людзі звычайна думаюць, нібыта мастак – гэта такі расслаблены, спакойны чувак. Я ж наадварот – вельмі дысцыплінаваны чалавек, устаю рана, раблю шмат паўсядзённай працы і ладжу сустрэчы з паплечнікамі, каб абмеркаваць планы. У Сан-Паўлу ў мяне ёсць свая студыя і каманда, якая складаецца з трох чалавек. Звычайна я не шмат падарожнічаю.

Натуральна, часам я працую над камерцыйнымі праектамі. Напрыклад, цягам чатырох гадоў рабіў ілюстрацыі для Чэмпіянату свету па футболе, замоўленыя адным вялікім брэндам. Гэта была цяжкая замова, затое мае малюнкі з’явіліся ў 178 краінах свету напярэдадні спартовага івэнту ў Бразіліі ў 2014-м. Гэта быў нервовы час, але я зарабіў дастаткова, каб укласціся ва ўласнае развіццё. Зрэшты, калі мне спатрэбяцца грошы, я буду маляваць птушак. У Бразіліі людзі любяць птушак. Наогул на маёй Радзіме шмат багатых людзей, якія набываюць мастацкія творы. З іншага боку, сацыяльны разрыў паміж беднымі і багатымі вельмі адчувальны, прыкладна як у Маскве, мне падаецца. У расійскай сталіцы, а таксама ў Кіеве, я быў паміж 2008-м і 2010-м, але, думаю, там ужо не адшукаць маіх муралаў, напэўна, даўно замалявалі. Затое я добра памятаю тыя падарожжы: у той час Усходняя Еўропа была чымсьці цалкам новым для мяне.

Спадзяюся, што буду ў стане маляваць і праз 30 гадоў. У мяне ёсць добры знаёмы мексіканец, мастак з вялікімі пышнымі вусамі і ў татуіроўках. Яму 72 гады і ён займаецца мастацтвам. Праўда, не малюе вялізных муралаў, але, як кажуць, валіць у сваім тэмпе. Ён – мой арыенцір. Падаецца, я на добрым шляху: недзе 10 гадоў таму зрабіў сваю першую татуіроўку, пачаў больш займацца спортам і не спажываю алкаголь.

 

 

 

Пра мастацтва

– Я ўкладаю сэрца і душу ва ўсё, што раблю, незалежна ад таго, камерцыйная гэта замова, аб’екты да выставы ці муралы. Наогул малюнкі – гэта эмоцыі. У камерцыі, рэкламе вынік залежыць ад камунікацыйных здольнасцяў мастака: калі ты на сто адсоткаў разумееш правілы гульні, то можаш спадзявацца на стоадсоткавае задавальненне ў фінале. Здараецца, канешне, што патрабаванні кампаніі моцна абмяжоўваюць ідэі, але, вядома, я імкнуся зрабіць як мага лепей.

Прыкладна два месяцы таму я выстаўляўся ў дзвюх калектыўных выставах: адна праходзіла ў Берліне, а другая – у адным з бразільскіх музеяў. Зноў жа, рынак мастацтва – палотны, якія ствараюцца для галерэй, – гэта тая ж камерцыя са сваімі ўмовамі. І толькі на сценах я малюю з найбольшай свабодай. Муралы – яны для ўсіх, гэта сапраўдная дэмакратыя.

«Толькі на сценах я малюю з найбольшай свабодай. Муралы – яны для ўсіх, гэта сапраўдная дэмакратыя»

Я не лічу сябе легендарным вулічным мастаком. Ведаеш, калі я ўспамінаю, што малюю ўжо цягам 31 года, то думаю: «Чорт, трэба было працаваць больш ды маляваць лепей!» Але я вельмі ганаруся сваім пакаленнем: мы пачалі муціць свае штукі – маляваць, ствараць музыку, ездзіць на скейтах – пад канец эпохі вайсковага ўраду, калі ў краіне літаральна нічога не было. Замежную музыку было немагчыма дастаць. Мы пачалі з нуля. І з гэтага майго пакалення выйшла шмат музыкаў, дыджэяў, мастакоў, узяць нават тых жа OSGEMEOS, у бразільскага мастацтва з’явіўся ўласны почырк. Не тое каб мы былі камандай, але мы між сабой сябруем, і мне вельмі прыемна думаць, што нашая генерацыя зрабіла так шмат.

Сучасныя тэхналогіі моцна змянілі манеру працы. Я адчуваю сябе крыху олдскульным, бо да сённяшняга дня малюю рукамі і не карыстаюся дадаткамі на мабільнік ці нават софтам. Тэхналагічны ўсплёск мяне амаль не хвалюе, бо мастакам, часцей за ўсё, патрэбныя моцныя камп’ютары, якія хутка старэюць. Ты купляеш самы круты, дарагі ноўт, а праз два гады ён ужо неактуальны і трэба зноў выдаткоўваць грошы. Вось акрылавая фарба – заўсёды аднолькавая, а пастаянная пагоня за новым дэвайсам – гэта так нудна.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

«Акрылавая фарба – заўсёды аднолькавая, а пастаянная пагоня за новым дэвайсам – гэта так нудна»

 

Пра Бразілію

– У Сан-Паўлу я жыву ў раёне, які называецца Vila Madalena. Гэта сапраўдны музей вулічнага мастацтва – усе будынкі там літаральна пакрытыя малюнкамі. Але насамрэч бразільскім мастакам таксама трэба атрымоўваць дазвол, каб змяняць аблічча горада. Мой раён – гэта кампраміс паміж аўтарамі і ўладальнікамі дамоў, якія далі дабро на такое шаленства. З іншага боку, таксама як у Менску, каб стварыць нешта на плошчы ці ў іншым публічным месцы, трэба падрыхтаваць эскіз і атрымаць дазвол ад уладаў горада. Мэрыя звычайна падтрымлівае фестывалі накшталт Vulica Brasil.

Трэба сказаць, што Сан-Паўлу, як і іншыя бразільскія гарады, – вельмі неспакойнае месца. Людзі прызвычаіліся, што чалавечае жыццё мае не надта вялікую каштоўнасць, і амаль не рэагуюць на злачынствы. Мяне абкрадалі разоў пяць, сумняюся, што сярод маіх знаёмых ёсць тыя, каго не абкрадалі. З іншага боку, мой горад – гэта вялізны мегаполіс, у якім жыве 20 мільёнаў чалавек.

Сёлета Бразілія шмат з’яўлялася ў сусветных навінах – Алімпійскія гульні, імпічмент прэзідэнта і вірус Зіка, – але я не належу да мастакоў, якія выказваюць грамадзянскую пазіцыю ў сваёй працы. Мяне больш займае пытанне, што азначае быць добрым чалавекам. Увогуле бразільскае мастацтва больш статычнае. У адрозненне ад грамадства, якое зараз вельмі палярызавалася, – людзі могуць хутка перайсці з размовы да бойкі. Бразільцы перасталі думаць рацыянальна, стала модным падзяляць пэўныя, часта вельмі наіўныя, погляды на палітыку. Мяне ж перш за ўсё турбуе праблема адукацыі – Бразілія сапраўды патрабуе якаснай сістэмы адукацыі. Праўда, я сам нідзе не вучыўся, бо не хацеў ісці да настаўнікаў, якія варожа ставіліся да ўсяго іншага, у тым ліку да графіці, якое я так люблю.

З сабой у Бразілію я павязу добрыя ўражанні, перш за ўсё ад адкрытых і шчаслівых людзей, якіх я бачу тут. Спадзяюся, я паспею завяршыць працу над сваёй вялізнай сцяной цалкам і пакіну Менску частку свайго сэрца.

 

Сачыць за артыстам у Instagram

 

 


КАМЕНТАРЫ (3)

Gu Aleksasha | 8.10.2016 13:27

значна большай вольнасцю ў выбары тэмы, "міфалогіі". І тэхнікі малявання, ці не?

0 0
dolamdol | 7.10.2016 16:32

Чым гэта прынцыпова адрозьніваецца ад савецкага манументальнага дэкору?

0 0
пыцак
пыцак | 14.09.2016 17:33

наш цудоўны памяркоўны Спета

0 0