Ядвіга, распавядзі пра сябе, калі ласка.
Я нарадзілася ў Кракаве, але цягам апошніх дванаццаці гадоў жыву ў Вялікабрытаніі. Калі мне было 19, я прыехала на вакацыі ў Лондан і выпадкова даведалася пра магчымасць вывучаць тут фатаграфію – у Польшчы на той час такіх навучальных праграмаў не было. Яшчэ адной важкай прыступкай у маёй фатаграфічнай кар’еры сталася стажыроўка ў Magnum Photos у Нью-Ёрку, на якую я трапіла пасля атрымання дыплома бакалаўра. Там я працавала ў архіве неапублікаваных дагэтуль фотаздымкаў, дакранулася да майстэрства самых знакамітых мастакоў у гісторыі фатаграфіі. Гэта яшчэ больш пераканала мяне ў выбары прафесіі. Летась у студзені я атрымала тытул магістра фатаграфіі.
Я шмат ездзіла па свеце – у Аўстралію, Новую Гвінею, на Кубу, але пазней зразумела, што больш цікавыя для фатографа тэмы знаходзяцца бліжэй да дому. Бо калі едзеш у новае месца, то ягонае непадабенства адрозніваецца ад тых дэталяў, на якіх фатограф павінен сканцэнтравацца. А калі серыя ствараецца ў знаёмым кантэксце, сярод людзей з падобным менталітэтам, то аўтар можа паглыбіцца ў тэму і цікавей распавесці пра яе ў свеце.
Ты зарабляеш на фатаграфіі?
Я – фрылансерка, то-бок ні на каго не працую і сама прасоўваю свае праекты ды інвестую ў іх. Зараз я рыхтую серыю Invisible People of Belarus да галерэйнай выставы ў брытанскай сталіцы, а пасля хачу выдаць кніжку пра гэты праект.
Калі ты ўпершыню патрапіла ў Беларусь і дзякуючы каму? Палякі рэдка ездзяць сюды самі па сабе.
Я нарадзілася ў 1986-м, за некалькі тыдняў перад Чарнобыльскай трагедыяй. У Польшчы цягам першых васьмі дзён пасля катастрофы дзецям давалі піць Люголь, каб зменшыць уплыў радыёнукліду ёду. Маці часам называла мяне чарнобыльскім дзіцём. Пазней, падчас навучання ў Англіі, мы абмяркоўвалі Чарнобыль як адну з тэмаў, якую можна было б развіць у межах праекту. Пэўным чынам на мяне таксама паўплывала праца амерыканскага фатографа Поля Фуско «Чарнобыльская спадчына». Карацей, я падумала, што на Захадзе сёння ніхто не ведае, якія наступствы былі ў Беларусі пасля выбуху, ды і пра саму краіну, уласна, мала што ведаюць.
У 2015-м я прыехала ў Беларусь упершыню на вакацыі і яшчэ шукала тэму праекту. Зараз я прыязджаю, калі толькі ёсць час.
«Калі серыя ствараецца ў знаёмым кантэксце, сярод людзей з падобным менталітэтам, то аўтар можа паглыбіцца ў тэму і цікавей распавесці пра яе ў свеце»
Хто твае беларускія сябры?
Вельмі розныя людзі, сярод іх няма фатографаў. Ім цікава тое, што робіцца навокал, яны ўцягнутыя ў жыццё гэтай краіны і хочуць падзяліцца са мной тым, што ведаюць самі.
Дзе ты фатаграфавала герояў сваёй серыі, гэтых «нябачных» людзей?
У інтэрнатах. У Беларусі існуюць два розныя тыпы гэтых установаў: сірочыя прытулкі і інтэрнаты для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, прычым як фізічнымі, так і псіхічнымі. Яшчэ адзін падзел тычыцца ўзросту, так бы мовіць, рэзідэнтаў: ад нараджэння да чатырох, пасля – да сямнаццаці гадоў і яшчэ адзін – для дарослых асоб. Але на практыцы гэтага падзелу прытрымліваюцца фармальна.
З нагоды 30-годдзя Чарнобыльскай трагедыі было шмат публікацый пра твой праект. Як ты адбірала герояў для фотаздымкаў?
Я заўсёды паўтараю, што мой праект не прысвечаны выключна ахвярам Чарнобылю, ён агулам пра інвалідаў – людзей, схаваных ад зроку беларускага соцыуму, невідочных. Немагчыма па аналізах крыві ці па знешнасці чалавека сказаць, ці маюць дачыненне менавіта наступствы Чарнобылю да здароўя канкрэтнага чалавека. Адзінае, на што я абапіралася, – гэта статыстычныя кнігі, дзе пададзены лічбы людзей, народжаных з інваліднасцю пасля 86-га. І большасць з тых, каго я фатаграфавала, былі народжаныя пад канец 80-х ці на пачатку 90-х, і па некаторых было адразу відаць гэты след радыяцыі – такія ж дзеці нараджаліся і ў Казахстане тры дзесяцігоддзі таму, і ў Японіі.
Ты фатаграфавала толькі ў адным інтэрнаце?
Не, агулам я была ў васьмі ці нават дзевяці такіх установах у розных кутках Беларусі. Серыя стваралася падчас двух падарожжаў у Беларусь у 2015-м.
А ты вярталася туды пасля таго, як скончылася праца над праектам?
Не. Але я хацела б, бо вельмі прывязалася да некаторых дзяцей. Гэта крыху эгаістычна гучыць, але наведванні прыносяць табе столькі асабістай прыемнасці! Там адразу бачыш, колькі шчасця даеш гэтым людзям, у якіх няма амаль ніякага кантакту са светам навокал.
«Большасць людзей там нават не могуць размаўляць. Камунікацыя не мае нічога агульнага з мовай»
З паразуменнем не было цяжкасцяў?
Не, таму што большасць людзей там нават не могуць размаўляць. Камунікацыя не мае нічога агульнага з мовай. Што да супрацоўнікаў і валанцёраў, часам можна было дамовіцца па-польску, а некаторыя размаўлялі нават па-ангельску, бо шмат некамерцыйных арганізацыяў з Ірландыі і Англіі запрашаюць іх да сябе на абмен досведам.
Якія ў гэтых інтэрнатах умовы для жыцця?
Вельмі розныя, і гэта таксама залежыць ад узросту людзей, якія там жывуць. Трэба адзначыць, што варункі вельмі адрозніваюцца ад тых, што я бачыла на фотаздымках. Шмат арганізацыяў з Германіі, Ірландыі, Італіі ды іншых краінаў прычыніліся да гэтых зменаў. Там добра прыбрана, але ў некаторых установах ёсць краты.
Якой была рэакцыя на твой праект?
Ва ўніверсітэце кожны добра адгукнуўся. Наогул фатаграфаванне людзей з абмежаванымі магчымасцямі, іх візуальная рэпрэзентацыя – гэта цяжкая тэма. Таксама з’яўляецца пытанне этыкі ў фатаграфіі: якім чынам аўтар паказвае людзей, як адбываецца супрацоўніцтва з героямі? Я доўга вырашала, рабіць серыю ў колеры ці чорна-белую, якой павінна быць візуальная мова.
То-бок твой праект быў добра ацэнены?
Так. Але сказалі, што я паставіла сябе ў складаную сітуацыю, бо палове гледачоў праект можа спадабацца, а палова можа пачаць мяне ненавідзець. З іншага боку, пасля інтэрв’ю на BBC я атрымліваю добрыя паведамленні ад людзей з усяго свету, апошні ліст даслаў хлопец з Зімбабвэ, напрыклад. Пісалі таксама беларусы, ёсць прапановы зрабіць тут выставу. Шмат беларусаў хацелі б ведаць больш пра гэтыя інтэрнаты.
Акрамя гэтага праекту, ты рабіла ў Беларусі яшчэ адзін…
Так, Old Red – праект, які доўжыцца нават зараз. Калі я прыязджаю, то раблю некалькі здымкаў і дадаю ў серыю. Вядома, на «постсавецкасці», іншасці былых савецкіх тэрыторыяў шмат фатографаў робяць акцэнт, таму гэта больш хобі.
</
Расійскі індзі-гурт «Сансара» ўпершыню з канцэртам у Менску. Гутарым з яе заснавальнікам Аляксандрам Гагарыным.
Заснавальніца VEHA – пра кнігі з архіўнымі здымкамі беларусаў.
Бразільскі мастак з японскімі каранямі – пра вымярэнні мастацтва, прарочыя сны і шлях да прасвятлення.
«Выйдзі і зайдзі нармальна».
Каб зрабіць упрыгожанне на ялінку ці звязаць шопер.
І не забываем перадаваць веды новым пакаленням.
Росквіт размаітасці і крызісны заняпад.