12 лепшых івэнтаў жніўня акрамя Vulica Brasil

  • 30.07.2019
  • Аўтар: Rondo
  • 5376

На календары без некалькіх гадзін жнівень, час планаваць свой расклад. Перш-наперш высвабаджай 10–11 жніўня пад гарачыя танцы на арт-фэсце Vulica Brasil. Ніжэй знойдзеш яшчэ 12 варыянтаў правесці рэшту лета так, каб потым не казаць, што і ў 2019-м ты яго пра**аў(-ла). 

 

PLOHO + МОЛЧАТ ДОМА + NÜRNBERG

 Калі:  2 жніўня, 19:00

 Дзе:  клуб Re:Public (вул. Прытыцкага, 62)

 Кошт:  15 BYN

Менскія постпанкі Nürnberg, Ploho і «Молчат дома» дадуць вялікі акустычны канцэрт на тэрасе Re:Public. Паглядзець на тое, як рабяты паводзяць сябе на сцэне, ты можаш тут: летась мы адшчоўкалі іх на фестывалі Iskra Showcase Weekend.

SPRAVA

 Калі:  2–4 жніўня

 Дзе:  Чарэйскае возера, в. Белая Царква

 Кошт:  15–45 BYN

«Фестываль месца» вяртаецца трэці раз – на старое месца, але з новым фарматам. Праграма івэнту расцягнецца на тры дні: ты зможаш пачуць больш музыкаў, наведаць больш тэатральных пастановак і зрабіць больш фотак Чарэйскага возера. Яшчэ цябе чакае станцыя бёрдвотчынгу, дыджэй-сцэна і куча іншых актыўнасцяў. Падрабязней пра сэнс фэсту табе раскажа яго арганізатар Мацвей Сабураў.

HAVANA CLUB SUMMER PARTY 2019

 Калі:  3 жніўня, 17:00

 Дзе:  двор Ок16 (вул. Кастрычніцкая, 16)

 Кошт:  free

Бюджэтны спосаб апынуцца на Кубе, не выязджаючы за межы Беларусі. Рытмічная музыка, танцы, аўтэнтычны стрыт-фуд і кропелька рому – што яшчэ трэба для гаванскай вечарынкі ў цэнтры Менска?

 

«РОК ЗА БОБРОВ»

 Калі:  3 жніўня, 12:00

 Дзе:  Аэрадром «Баравая»

 Кошт:  44–103 BYN

Дванаццаты «Рок за Бобров» абяцае быць маштабным: у хэдлайнерах – Баста, «Ляпіс-98» і Little Big, у якасці вядучага будзе дзьмуць Юрый Дудзь. Усяго на сцэне «Рок за Бобров» з'явіцца 12 гуртоў, а сам івэнт будзе доўжыцца 12 гадзін: падрабязнасці шукай у нашым інтэрв'ю з адным з арганізатараў фестывалю.

«БЕЛАРУСКАЕ КІНО: НЕ ТОЛЬКІ ПАРТЫЗАНЫ»

 Калі:  6, 15, 27 жніўня, 19:00

 Дзе:  Арт-пляцоўка «Площадка – открытое пространство» (пр. Машэрава, 11/1)

 Кошт:  15 BYN

Айчынны кінематограф не канчаецца гісторыямі пра жыццё на вайне. Пра гэта табе раскажуць на лекцыі ў фармаце live talk. Даведаешся, як з'явілася беларускае кіно, якія перашкоды яно пераадолела і ў якім стане знаходзіцца цяпер.

«ЯК ЗМЯНІЦЬ ПРАФЕСІЯНАЛЬНАЕ ЖЫЦЦЁ І РАБІЦЬ ТОЕ, ШТО ПАДАБАЕЦЦА?»

 Калі:  7 жніўня, 18:30

 Дзе:  Imaguru (вул. Фабрыцыуса, 4)

 Кошт:  20 BYN, але можна трапіць на варкшоп бясплатна праз конкурс

Хочаш змяніць працу, запусціць стартап або завесці сабе кішэнны бізнэс? Тады ты прыйшла па адрасе: на гэтым варкшопе дапамогуць тым, хто хоча змяніць сваё жыццё. Гэта івэнт для жанчын, і праводзіць яго таксама будуць жанчыны: сацыяльная прадпрымальніца Таня Пісарчук і топ-менеджарка Надзея Дзешкавец за дзве гадзіны пададуць тэорыю і практыку, пасля якіх ты зможаш паставіць свой побыт на бязбольную перазагрузку.

 

DESIGN DAY

 Калі:  9 жніўня, 10:00

 Дзе:  Ok16 (Кастрычніцкая, 16)

 Кошт:  60 BYN

Дызайнеры кампаній Wargaming, Mail.ru, Pocket Rocket і EPAM арганізуюць дзевяцігадзінны дызайн-стрым. Спікеры раскажуць табе ўсё пра дызайн мабільных праграм, відэапрадакшан, графічны дызайн, аналітыку, менеджмент, прадуктовы дызайн і ўсё тое, што спатрэбіцца табе ў працы з візуалам. Дзевяць крутых экспертаў, дзевяць актуальных тэм.

A-FEST

 Калі:  10 жніўня, 13:00

 Дзе:  Лошыцкі парк (пр-д Чыжэўскіх, 10)

 Кошт:  free

Шпацыр па парку, пацягванне піўка ды танцы на канцэрце можна змясціць у адзін вечар – трэба проста прыйсці на А-Fest. Канцэртная частка сёлета выглядае якасна: на сцэне з'явяцца O. Torvald, K-Maro, «Бумбокс», Nizkiz, Plum Bum, Groove Dealers і Palina. Яшчэ і ўваход вольны.

«БАЎХАЎС, ДЫТЭР РАМАС І ІКЕА»

 Калі:  21 жніўня, 17:00

 Дзе:  Арт-пляцоўка «Площадка – открытое пространство» (пр. Машэрава, 11/1)

 Кошт:  15 BYN

Лекцыя пра мінімалізм. Архітэктарка і выкладчыца тэорыі інтэр'еру Алена Пятрыніч растлумачыць, чым звязаныя Баўхаўс і IKEA, і раскажа, чаму менш – значыць лепш. Яшчэ ў гэтай гісторыі неяк завязаныя Apple і эрганамічныя брытвы, але пра гэта ты зможаш даведацца непасрэдна на івэнце.

 

«РЭЧЫДАРЭЧЫ JUNIOR»

 Калі:  24 жніўня, 11:00

 Дзе:  галерэя сучаснага мастацтва «Ў» (вул. Кастрычніцкая, 19)

 Кошт:  free, для ўдзельнікаў маркета – 10 BYN

Восень падкрадаецца павольна, але дакладна: час рыхтавацца да школкі. На дзіцячай барахолцы галерэі сучаснага мастцтва «Ў» юныя наведвальнікі змогуць прадаць непатрэбныя рэчы і купіць тое, што будзе карысным на вучобе, а пасля зазірнуць у адукацыйную зону: там для іх зладзяць майстар-класы і лекцыі.

«ШТО МОЖНА ПАЧУЦЬ У КЛАСІЧНАЙ МУЗЫЦЫ»

 Калі:  24 жніўня, 17:00

 Дзе:  Музей «Краіна міні» (пр-т Незалежнасці, 25)

 Кошт:  15 BYN

Магістарка мастацтвазнаўчых навук Марына Мурашка раскажа, як знаходзіць у класічнай музыцы крутыя моманты і паглыбляцца ў іншыя светы, выкарыстоўваючы адзін толькі слых. Пасля івэнту ты атрымаеш канспект лекцыі і спіс дадатковай літаратуры – мы такі падыход ухваляем, таму што самі любім класіку і часам пра яе нават пішам.

«ПОШЛАЯ МОЛЛИ»

 Калі:  31 жніўня, 19:00

 Дзе:  клуб Prime Hall (пр-т Пераможцаў, 65)

 Кошт:  40–55 BYN

Завяршыць сваё лета можна ўжо традыцыйным канцэртам «Пошлой Молли». Кірыл Бледны і Ка адыграюць твае любімыя трэкі і прэзентуюць новы сінгл – важкая нагода расшчодрыцца на квіток.

Менск – горад жывы. Кожны дзень тут здараецца штось карыснае, цікавае ды прыгожае. Каб не прапусціць самы тлушч – тэрмінова джойн наш тэлеграм-канал Lost in Minsk.