Усіх, каго цікавяць адукацыйныя магчымасці, запрашаюць на VUC Talk
- 10.11.2026
- 78

Моладзевы медыяпраект VUC запрашае на анлайн-сустрэчу пра еўрапейскія праграмы мабільнасці, якая адбудзецца 26 лістапада ў 19:30 па менскім часе.
Калі табе падаецца, што еўрапейскія праекты існуюць недзе ў паралельнай рэальнасці, тваёй англійскай не хапае для адукацыйных вандровак, ды і па ўзросце табе запозна некуды совацца, то на гэтым міце можна будзе паглядзець на ўсё пад іншым вуглом. Арганізатары кажуць, што паехаць на праект мары цалкам магчыма не толькі без дыплома, але нават без студэнцкага статусу.
Спікеры Даня і Каця распавядуць пра тое, як працуе Erasmus+ і еўрапейскае валанцёрства ESC. Яны ў дэталях памятаюць свае першыя заяўкі і страхі і гатовыя падзяліцца ўсім, што ведаюць з уласнага досведу.
Што раскажуць на сустрэчы:
Чым акадэмічны Erasmus+ адрозніваецца ад моладзевага,
Чаму для паездкі не патрэбны студэнцкі білет, дыплом і ідэальнае рэзюмэ,
Якія невідавочныя магчымасці адкрытыя для тых, каму за 30,
Training courses, Youth exchanges, ESC: як гэта працуе і як туды патрапіць,
У якіх выпадках спатрэбіцца арганізацыя, якая цябе накіроўвае, і як яе шукаць.
Плануецца сесія Q&A, і можна будзе задаць пытанне спікерам нават на наступны дзень пасля сустрэчы.
Колькасць месцаў абмежаваная, трэба папярэдне зарэгістравацца на VUC Talk па спасылцы.