Дзе і як шукаць валанцёраў у каманду?
- Рубрыка: ПРАЦЭС
- 20.12.2022
- 6557
Калі ты ніколі не збірала* каманду валанцёраў ці такі досвед быў, але вынікі атрымаліся не вельмі, табе можа дапамагчы інструкцыя, якую мы падрыхтавалі разам з ініцыятывай «Стварыць Суперкаманду». Чытай, каб даведацца, як сфармуляваць запыт, што напісаць у анонсе, дзе яго пашэрыць і як апрацаваць усе заяўкі без выключэнняў.
Перад тым як кінуць кліч
Трэба адказаць сабе на пытанне: «Для чаго шукаем валанцёраў?» Запрасіць натоўп няхай і неабыякавых, але людзей з незразумелым вопытам пад незразумелыя задачы – ідэя дрэнная. Трэба адразу вызначыць, якія справы ты дэлегуеш валанцёрам (сустрэча гасцей, дызайн, SMM, тэхнічныя работы і гэтак далей), колькі чалавек аптымальна набраць пад гэтыя справы (хоць бы прыкладна), на які тэрмін (на адзін івэнт, а можа быць, на год ці да ∞?).
Ідэальна, калі ў тваёй камандзе знойдзецца чалавек, які возьме валанцёраў пад моцнае крыло: будзе залучаць іх у працу, ментарыць, прапампоўваць іх навыкі – увогуле не дасць людзям згубіцца ў фрустрацыі.
Важна з парога сумленна і поўна растлумачыць людзям, у якую каманду яны ўліваюцца, што за праект мае патрэбу ў іх дапамозе, як доўга яны будуць у ім занятыя і за што менавіта будуць адказнымі.
Памятай пра час. Калі ты збіраеш невялікую каманду, то зможаш вырашыць задачу і за два тыдні. Але знайсці і адабраць паўсотні-сотню валанцёраў – задача мінімум месяца. У тым выпадку, калі патрэба ў валанцёрах перманентная, можна час ад часу нагадваць пра тое ў сацсетках і іншых каналах.
***
Як падрыхтавацца да пошуку валанцёраў?
Калі новых людзей трэба многа, карыстайся гугл-формамі ці падобнымі да іх анкетамі, якімі карыстаюцца ўсе. Пастарайся не запытваць у анкетах уразлівую інфармацыю, якая табе не вельмі важная і надзейнасць захоўвання якой ты забяспечыць не можаш.
Калі патрэбныя некалькі чалавек (асабліва з вузкаспецыялізаванымі ведамі), лепш выдаткаваць час на падрыхтоўку анкет з канкрэтнымі тэхнічнымі заданнямі, якія кандыдаты змогуць прыкласці да анкеты або даслаць на пошту. Ці зрабі запыт на партфоліа.
Звышкласная штука – стварыць асобны дакумент, дзе падрабязна апісаць кожную валанцёрскую пазіцыю. Чым трэба будзе займацца? Што для гэтага трэба ўмець? Колькі часу спатрэбіцца? І гэтак далей. Валанцёрка, якая азнаёміцца з гэтым докам, будзе лепей арыентавацца ў працы яшчэ са старту.
Нарэшце, робім анонс. У тэксце анонсу, з аднаго боку, важна прапісаць сутнасць праекта і навошта яму патрэбныя свабодныя рукі і светлыя галовы. А з другога – што за цымес у гэты праект упісвацца (вопыт? нэтворкінг? клёвы мерч? перспектыва працы за грошы потым?). Вельмі важна, каб у анонсе былі прапісаныя ўсе абавязкі, якія лягуць на валанцёрскія плечы. Пазнач дэдлайн, калі ёсць. Напішы, куды можна адрасаваць пытанні наконт супрацоўніцтва.
Важна, каб анонс суправаджаўся малюнкам, што здольны ўтрымаць увагу чалавека, які(-ая) гартае сторыс сяброў за сняданкам. У ідэале трэба штосьці яркае і зразумелае з першага позірку.
***
Дзе шукаць зацікаўленых людзей?
Пасля таго як ты апублікаваў(-ла) анонс і спасылку на анкету ў сацсетках свайго праекта і на яго сайце, надыходзіць час грукацца ў тэматычныя паблікі і групы: у тэлезе гэта, напрыклад, «Твои возможности», DreamJob, «Варушыся!». Разаслаць анонс варта таксама па арганізацыях і ініцыятывах, каштоўнасці якіх блізкія вашым.
Паспрабуй дагрукацца і да лакальных СМІ, якія распавядаюць пра валанцёрскія магчымасці на сваіх старонках – у падборках або навінах. Анонсу тут можа быць замала, лепш падрыхтаваць паўнавартасны прэс-рэліз. У гэтым доку ты можаш больш расказаць пра сам праект і людзей, якія ў ім задзейнічаныя. Шанцы зацікавіць СМІ падвышаюцца, калі прапануеш ім жывыя гісторыі людзей, чыё жыццё праект крута змяніў або накіраваў у новае рэчышча.
Каб падагрэць цікавасць да набору, можна рабіць дадатковыя пасты ці жывыя сторыс, у якіх валанцёркі, з якімі вы працавалі раней, раскажуць, што ім спадабалася і які вопыт яны атрымалі.
За пару дзён да дэдлайну добра было б нагадаць пра яго яшчэ раз – для тых, хто адкладае ўсё на апошні момант.
***
Як апрацаваць усе заяўкі?
Лепш праглядаць анкеты па меры іх паступлення і рабіць сабе пазнакі, інакш пасля дэдлайну ты рызыкуеш аказацца цалкам паглынутай адной толькі гэтай задачай.
Для сумоўяў зручна карыстацца платформамі Calendly або Doodle. Але спачатку падумай: а ці патрэбныя сумоўі наогул? Бо калі анонс і анкета складзеныя асэнсавана, то і адгукаюцца на іх такія людзі, якія патэнцыйна гатовыя веславаць з табой у адной лодцы.
Не пакідай заяўкі без адказу. Лепш напісаць чалавеку, што ён або яна спазніліся ці не падыходзяць з нейкай прычыны, чым пакінуць сам-насам са сваімі здагадкамі. Важна напісаць, што ты і твая каманда шануеце жаданне дапамагчы і будзеце рады пасупрацоўнічаць ы будучыні.
Лепей набраць людзей крыху больш, чым трэба (або скласці ліст чакання). Павер, абавязкова хтосьці сыдзе з дыстанцыі.
Тым, хто пасуе, трэба накіраваць адпаведнае паведамленне. Напішы, маўляў, вы прынятыя, ура, далей будзе тое і гэтае. Правядзі інструктаж валанцёраў паасобку або разам, дадай іх у камандны чат. Галоўнае – каб людзі разумелі, што і калі іх чакае далей.
***
Як увесці новых людзей у каманду?
Агульны прынцып: не з карабля на баль. Калі запрасіць новага чалавека на агульны збор, дзе ўсе адно аднаго даўно ведаюць і камунікуюць унутранымі мемамі, то яна ці ён проста разгубіцца.
Лепшы спосаб адаптацыі – індывідуальны або групавы інструктаж. Самыя падрабязныя і вельмі каштоўныя парады, як зладзіць інструктаж, ты знойдзеш у Дапаможніку «Набор Суперкаманды». Тут засяродзімся толькі на галоўным.
Індывідуальны – супер, калі ў каманды ёсць пастаянная патрэба ў новых людзях. Групавы – ідэальная схема для аднамомантавага бурнага прытоку новых людзей.
Інструктаж можна правесці як афлайн, так і анлайн. Каб ён не заняў шмат часу і канцэнтрацыя не згубілася, лепш абмежаваць колькасць удзельнікаў лічбай 25. Важныя поінты: знаёмства, аповед аб праекце і/або арганізацыі, чаканні ад валанцёраў і чаканні саміх валанцёраў, умовы супрацоўніцтва, магчымыя спосабы ўключэння ў каманду, пытанні-адказы. Сэнс гэтай сустрэчы ў тым, каб кожны чалавек зразумеў, ці падыходзіце вы адно аднаму, і ў адпаведнасці з гэтым даць пяць або развітацца. Калі івэнт плануецца маштабны і вы набіраеце, напрыклад, 120 чалавек на двухдзённую канферэнцыю з 3000 удзельнікаў, то для эканоміі сіл і часу можна сабраць усіх у вялікай прасторы і з мікрафонам правесці інструктаж з інфой, агульнай для ўсіх. А ўжо потым аб'яднаць валанцёраў у тэматычныя групы, каб даць ім інфармацыю спецыялізаваную.
Лепш для нагляднасці суправадзіць інструктаж прэзентацыяй. Можна для свежасці галасоў інструктаваць не сола, а з іншымі каляжанкамі і калегамі.
Далей – даём валанцёрам усе інструкцыі, доступы, інструменты і ўсё, што можа спатрэбіцца. Замацоўваем за імі ментарак, калі яны ёсць.
Ствараем камфортную атмасферу, у якой кожная зможа ў любы момант даць зваротную сувязь. Карысна зрабіць асобны ад працоўнага чат, дзе можна проста балбатаць, кідаць мемасы і скардзіцца на котку, што развярнула вазон з авакада.
Больш інфармацыі пра тое, як сабраць сваю суперкаманду і як ёю адказна руліць, ты знойдзеш у Дапаможніку «Набор Суперкаманды». Дзякуючы экспертным парадам ты пройдзеш гэты чэлендж крок за крокам, з павагай да кожнага чалавека і клопатам пра сябе. Поспехаў і плёну!
*Аўтаркі дапаможніка падкрэсліваюць, што большасць людзей у валанцёрстве маюць жаночую сацыялізацыю, таму ў дапаможніку выкарыстоўваюцца адпаведныя формы канчаткаў і займеннікаў. Мы вырашылі пераняць такі падыход для нашага матэрыялу. Girl power!
Ілюстрацыі: Astrantius Mon