Новыя арт-аб'екты Vulica Brasil 2019

Сёлета з-за манеўраў гарадской адміністрацыі ў новых муралаў Vulica Brasil часцяком мяняліся месцы дыслакацыі. Распавядаем, дзе і якія арт-аб'екты ўрэшце рэшт з'явіліся падчас пятай бразільска-беларускай біенале вулічнага мастацтва.

 

Vulica Brasil – фестываль вулічнага мастацтва, у межах якога бразільскія і беларускія мастакі размалёўваюць сцены ў розных лакацыях Менску, ствараючы агромністыя муралы вышынёю ў некалькі паверхаў.

Пачатак фэсту быў пакладзены ў 2014 годзе апантанасцю і настойлівасцю працаўніка бразільскай амбасады Данілу Косту і незалежнай прадзюсаркі Мілы Коткі, якія ўпэўнілі Менгарвыканкам упершыню афіцыйна сказаць «так» «манументальным мастацкім працам» на вуліцах гораду. За чатыры эдыцыі фестываль вырас з ініцыятывы, што прывозіць бразільскага мастака і знаходзіць яму беларускую пару, у вялікую міжнародную калабарацыю мастакоў, архітэктараў, урбаністаў, эколагаў, прадпрымальнікаў, міністэрстваў і пасольскай місіі.

Падчас усіх «бразільскіх вуліц» было створана 56 арт-аб’ектаў: муралы на банках, заводах, офісных будынках, жылых дамах, трамваях, вагонах метро, мастах; некалькі скульптур і архітэктурных канструкцый. Не ў апошнюю чаргу дзякуючы фестывалю вуліца Кастрычніцкая стала адной з галоўных славутасцяў Менска і вабнай турыстычнай атракцыяй.

Распавядаем, што было зроблена падчас Vulica Brasil 2019.

 

 

 

 МУРАЛЫ 

 

 

 OSGEMEOS + SPETO 
 

(Сан-Паўлу, Бразілія)

 

Што намалявалі: мурал «3 amigos»

Адрас: Кастрычніцкая, 16

Сайт OSGEMEOS   Instagram OSGEMEOS

Сайт SPETO   Instagram SPETO

Арт-анёлы Vulica Brasil OSGEMEOS зноў вярнуліся ў Менск! На гэты раз са значнай мэтай: пакінуць сваяка гіганту на бразільскай амбасадзе.

Густава i Атавiа Пандольфа лічацца аднымі з самых вядомых стрыт-артыстаў у свеце. Яны пачалі маляваць яшчэ ў далёкіх 80-х, калі аўтамабілі былі востравугольнымі, а хіп-хоп толькі олдскульным. Іх персанажы – жоўтыя чалавечкі – прысутнічаюць на большасці работ блізнюкоў і даўно сталі іх своеасаблівым брэндам. У 2015 годзе OSGEMEOS ухуталі ў цёплыя абдымкі жоўтага чалавечка адну са сцен будынка бразільскай амбасады ў Менску. Сёлета яны наняслі на мапу сваіх прац і выпешчаную Кастрычніцкую – гігант-дыджэй з’явіўся ў дворыку Ok16.

Да братоў далучыўся іх даўні сябар Speto, які таксама належыць да першага пакалення графіці-мастакоў у Бразіліі разам з OSGEMEOS. Ён ужо прыязджаў на Vulica Brasil у 2016 годзе, а зараз дадаў да муралу Пандольфаў прыгожых дзяўчын з паўмесяцам.

 

 

 

 Criola 
 

(Рыа-дэ-Жанэйра / Белу-Арызончы, Бразілія)

 

Што намалявала: «Карані»

Адрас: Трасцянецкая, 11

Instagram    Facebook

Criola – гэта маніфест, ці, як яна сябе называе, artivist. Для яе мастацтва – гэта сродак барацьбы за правы чорных жанчын. Нарадзілася яна ў бразільскім штаце Мінас-Жэрайс і ўжо ў дзяцінстве адчула шмат забабонаў: не толькі наконт колеру сваёй скуры, але і нават наконт кучаравых валасоў.

У працах яе цікавяць бразільская флора, культурная разнастайнасць, мурыны, індзейцы і гарадскія легенды. Criola цесна злучана з модай, адтуль яна дадае тэкстуры і ўзоры. Мастачка ўжо падарыла свае колеры Бразіліі, Партугаліі, Францыі, а зараз і Беларусі, дзе яна – першая жанчына-хэдлайнерка фэсту з пачатку яго існавання.

 

 

 

 

 Hyper 
 

(Белу-Арызончы, Бразілія)

 

Што намаляваў: мурал «Kaapora»

Адрас: Кастрычніцкая, 16, к. 3

Instagram

Мастак, празорлівец і артыст, а таксама графіціст, татуіроўшчык, відэамэйкер, музыкант і рэгі-выканаўца. У сваіх працах Hyper спасылаецца на старажытныя культуры, карэнныя народы і іх веды, мастацтва і духоўнасць, сілу прыроды, пошук чалавечай прыроды, паразуменне паміж людзьмі і гармонію з сусветам, у якім мы жывём. Hyper выступае за ўз'яднанне з нашай сапраўднай існасцю, з нашымі каранямі і з духам планеты, за вяртанне да вытокаў, пагружэнне ў сілу джунгляў на шляху да праўды.

Для Vulica Brasil ён задумаў мурал «Kaapora», што значыць «той, хто жыве ў лесе». «Лес – гэта нашыя карані, дом, пражытак, сям'я і абарона, – апісвае канцэпт Hyper. – Вялікі Дух або прытомнасць планеты жыве ў лесе. У раслінах і жывёлах. Яго словы ляцяць з ветрам, яго думкі цякуць з рэкамі, яго дабраславенне падае з дажджом, які палівае зямлю, і з яго чэрава нараджаецца жыццё. Яго сіла жыве ў агні, які асвятляе ноч, і ў часы, калі цемра, здаецца, бясконцая, лес – гэта святло! Лес – гэта наша маці, наша вяртанне да жыцця».

Шукай мурал у самым зацішным кутку Кастрычніцкай з боку набярэжнай Свіслачы.

 

 

 

 

 Bruno Big 
 

(Рыа-дэ-Жанэйра, Бразілія)

 

Што намаляваў: мурал «Даглядай за сваім садам»

Падтрымка: Danao

Адрас: Кастрычніцкая, 16, к. 3

Сайт    Facebook    Instagram

Бруна – спецыяліст у галіне гісторыі мастацтваў. Адзін з яго самых знакавых праектаў – стварэнне серыі абразкоў культуры Бразіліі, якая была ўжытая на афіцыйнай кашулі нацыянальнай футбольнай зборнай для Чэмпіянату свету па футболе 2014 года. Заўзятыя снікерхэды жа ведаюць Бруна па калекцыі «Daring and Joy», створанай разам з Нэймарам-малодшым: мастак распісаў абутак спартсмена і серыю прадуктаў, а таксама размаляваў сцены Сацыяльнага інстытута.

У Менску Бруна стварыў выяву вялікага сада з прыгожым мэсэджам: каб быць шчаслівым чалавекам і знайсці сапраўднае каханне, трэба спачатку навучыцца дбаць пра сябе і «ўласны сад». «Сакрэт не ў тым, каб ганяцца за матылькамі, а ў тым, каб клапаціцца пра свой сад, і тады матылькі прыляцяць самі», – цытуе ён бразільскага паэта Марыу Кінтана.

Мурал сустракае мінакоў на ўваходзе ў зялёную частку Кастрычніцкай.

 

 

 

 

 Doctor Oy 
 

(Пінск, Беларусь)

 

Што малюе: мурал «Яйка»

Facebook    Instagram

Доктар Ой пачынаў свой творчы шлях з карыкатур, рабіў шмат стыкераў, потым перайшоў на стрыт-арт. Ты, напэўна, бачыў(-ла) яго ката насупраць «Мануфактуры» ці птушку на будцы ў дворыку «Пясочніцы».

У межах Vulica Brasil мастак парэфлексуе на тэму сталення пакаленняў. «Яйка – пачатак, зараджэнне правільнага кірунку – увасабляе пакаленне, гатовае да пераменаў і самаіроніі, пакаленне, якое імкнецца да прагрэсу праз удасканаленне свайго культурнага кода. Парталы вакол персанажа – гэта метафара шматграннасці, багацця і разнастайнасці акружэння, якое ўплывае на развіццё і злучае розныя культурныя паралелі ў агульначалавечы мультыкультуралізм», – кажа мастак. Што ж, чакаем увасаблення!

 

 

 

 

 Захар Кудзін 
 

(Менск, Беларусь)

 

Што намаляваў: мурал «Ледзяны палёт. Гарачы космас»

Адрас: Кастрычніцкая, 16, к. 3

Facebook   Instagram

Захар Кудзін – адзін з прадстаўнікоў беларускага абстрактнага экспрэсіянізму. На яго творчасць моцна паўплывала культура ЗША, дзе мастак жыў і працаваў на працягу двух гадоў. Творчасць Захара вельмі разнастайная: у зону яго інтарэсаў уваходзяць і жывапіс, і скульптура. Апроч таго, мастак не баіцца спрабаваць сябе ў новых тэхніках, актыўна працуючы з магчымасцямі лічбавага мастацтва і VR.

Захар удзельнічаў у групавых выставах «Дах-9», «Art&Touch», «Душа + колер», «Private Collection» (Менск) і «Стань калекцыянерам» (Стамфорд, Канэктыкут, ЗША), а таксама ладзіў персанальныя: «Унутраны рух» у Чэшскай амбасадзе ў Менску (2009), «Smells Like American Spirit» у галерэі Pianoland у Нью-Джэрсі, ЗША (2012) і «Left Eye Paintings» у галерэі «Ў» (2016). Нядаўна адбылася прэм’ера дакументалкі Максіма Шведа «Чыстае мастацтва» пра ЖЭС-арт, дзе Захар зняўся ў галоўнай ролі.

На фестывалі ён распісвае будынак МЗКР на ўсё той жа Кастрычніцкай з боку набярэжнай Свіслачы – вангуем, што гэтая тэрыторыя стане новым модным спотам для тусоўшчыкаў. Стыль, у якім выкананы мурал, мастак абазначае як нейра-арт. «На чалавека ў вялікім горадзе штодня ўплывае розны візуальны стрэс. Задача карціны – даць магчымасць гледачу пераключыцца, выдрацца з кантэксту штодзённасці, атрымаць візуальную паўзу праз прадмет мастацтва», – распавядае пра канцэпцыю Захар.

 

 

 

 

 Vadik Fin 
 

(Пінск, Беларусь)

 

Што намаляваў: мурал «Тэхнавоўк»

Адрас: вул. Кастрычніцкая 16б к.1

VK    Facebook    Instagram

Малады мастак і ілюстратар, нарадзіўся ў Пінску. Яго працы вылучаюцца яркасцю і разнастайнасцю фарбаў, а таксама незвычайна абстрактнымі геаметрычнымі формамі. Работы мастака поўныя дэталяў, складаных элементаў і нечаканых паваротаў сюжэта. У кожнае яго палатно можна доўга ўглядацца, шукаць і знаходзіць усё новыя сэнсы. Першыя карціны былі створаны на сценах кватэр у сяброў. Зараз яго працы красуюцца ў інтэр’еры Post Bar, у дворыку Ok16, а таксама на афішах тусоўкі Pravda25.

«Тэхналогіі ўсё больш і больш прасочваюцца ва ўсе сферы нашага жыцця – часам мы нават не заўважаем гэтага. З аднаго боку, такі сімбіёз зручны і практычны, але з іншага – у струмені прагрэсу могуць губляцца найважнейшыя сэнсы, – распавядае мастак. – Ідэя працы – паказаць, наколькі тонкая мяжа пранікнення тэхналогій ва ўсё жывое, што нас атачае». Мастак пераносіць свой твор на вуліцу, каб хтосьці з мінакоў адарваўся ад экрана смартфона і задумаўся над пытаннем: «Што ў нас застанецца, а чаму давядзецца знікнуць у віхуры пераменаў?» У працы аўтар выкарыстоўвае абстрактныя элементы, якія накладаюцца на фігуру ваўка, каб такім чынам падкрэсліць перапляценне жывога і тэхнагеннага светаў.

 

 

 

 

 Poliakowa 
 

(Ліда, Беларусь)

 

Што зрабіла: фотакалажы на бігбордах

VK    Facebook    Instagram

Фотамастачка і рэжысёрка. Працуе з калажнай тэхнікай, анімацыяй і відэа. Натхняецца сюжэтамі гарадскога жыцця, прыроднымі гарызонтамі і чалавечай натурай. Атрымліваюцца сапраўдныя футурыстычныя краявіды, сатканыя з розных дэталяў і персанажаў горада. Сярод яе апошніх прац – кліпы для «Ляпіс-98» і Drezden, а таксама выстава MINSK у НЦСМ.

У межах Vulica Brasil Караліна распаўсюдзіла свае мазаікі па ўсяму гораду – яе мастацтва можна было знайсці на пяці розных бігбордах. Атрымаўся такі хітрык: ін’екцыя Менску яго ж краявідаў, але з добрай шчопаццю фантасмагорыі. На жаль, тэрмін экспазіцыі быў строга абмежаваны планам «Менскрэкламы», якая адказна за вонкавую рэкламу, таму пасля сканчэння фестывалю, калажы знялі. Глядзі фота!

 

 

 

 Cowek 
 

(Ліда, Беларусь)

 

Што намаляваў: Палатно «Дзiвосная паляна»

Падтрымка: Burn

Адрас: вул. Кастрычніцкая, 16к25

Facebook

 

Cowek – адзін з заснавальнікаў часопіса-альманаха «Сігнал», які асвятляе дзейнасць вулічнага мастацтва ў Беларусі, сталы рэзідэнт Vulica Brasil. Яго агромністы мурал з гусляром, карагодам і сям’ёй на паддашку стаў галоўнай візітоўкай Кастрычніцкай.

Сёлета Cowek сканцэнтраваўся на дворыку Ок16, дзе аздобіў металічны кантэйнер, дзе часцяком ладзяцца канцэрты, міфічнымі раслінамі і жывёламі. «Ёсць здагадкі, што, магчыма, гэтыя жывёлы і расліны калісьці існавалі на нашай зямлі, – кажа мастак. Гэта можа быць так, бо згадкі пра іх ёсць у розных культурах свету, сустракаюцца археалагічныя аб'екты і запісы ў дакументах».

 

 

 

 

 Hutkasmachnaa  
 

(Менск, Беларусь)

 

Што робіць: мурал «Надземная лінія метро»

Адрас: танэль паміж будынкамі па вул. Куйбышава 45 і 20

Facebook    Instagram

Заснавальнік арт-групоўкі Hutka Smachna Studio, стрыт-арт-мастак. За свае гарадскія інтэрвенцыі атрымаў мянушку «беларускі Бэнксі». Працуе з паперай, кардонам, выкарыстоўвае тэхніку трафарэту, а ў яго люстэркі на вуліцах Менска заглядваў, напэўна, кожны гарадскі сабака.

Падчас фестывалю Андрэй плануе асэнсаваць адну з заводскіх галерэй: «Я заўсёды цікавіўся грамадскім транспартам, і калі шукаў незвычайнае месца для арт-праекта, прыдумаў ідэю з надземнай лініяй метро. Транспарт – гэта тое, чым мы карыстаемся штодня аўтаматычна і рэдка заўважаем у гэтым працэсе нейкую эстэтыку. Часамі адчуваем нават дыскамфорт. Мая мэта – паказаць гарадскі транспарт у новым ракурсе (збольшага сюррэалістычным) і даць магчымасць гараджанам адчуць сябе жыхарамі буйнога сучаснага мегаполіса. Мы любім Менск такім, якім ён ёсць, – любімым і ўтульным горадам, дзе ўсё знаёмае і звыклае. Але часам хочацца страсянуцца і ўбачыць у ім новыя межы ці ўявіць, што ты звярнуў за рог і раптам апынуўся недзе ў Чыкага».

 

 

 

 

 Marat RGB 
 

(Менск, Беларусь)

 

Што зрабіў: інсталяцыя «Мікрагалерэя»

VK    Facebook    Instagram

Марат RGB – беларускі мастак, які пастаянна пераасэнсоўвае менскі стрыт-арт. Арт-грузавік, які не патрабуе аніякіх узгадненняў і дагэтуль цячэ па гарадскіх артэрыях. Пра арт-сквот у бамбасховішчы мы пісалі раней. Гіпсавыя галовы, вырабленыя па матывах тэлекампаніі «ВІД», расклееныя па ўсім горадзе, заўсёды нечакана выпінаюць свой профіль. Галоўнае для Марата – рознасць мыслення і здольнасць генераваць абстрактныя выявы. Сёння Marat RGB распачаў кампанію па змаганні супраць футбола, каб пераключыць увагу з футбола на сучаснае мастацтва. І, зразумела, гэта не канчатковая кропка ў яго творчасці. У гэтым увесь Марат.

На сёлетнім фестывалі Марат абсталяваў мікрагалерэю. Атрымаўся макет будынка ў маштабе 1:25 (метр у вышыню, шырыню і глыбіню). У будынка празрысты плоскі дах, праз які можна ўбачыць, што знаходзіцца на апошнім «паверсе». Там змясцілася выстаўная міні-прастора з рэпрадукцыямі карцін. Памер такой «карціны» суадносны з памерам смартфона, што не так ужо мала, улічваючы, колькі інфармацыі мы праз яго атрымліваем штодня. Праект вырашыў дзве задачы: для мастака гэта просты і недарагі спосаб выставіцца, а для гледача (выпадковага мінака, які, магчыма, ніколі не пайшоў бы ў поўнафарматную галерэю) – раптоўная сустрэча з мастацтвам у прасторы горада. Пасля опэн-эйра VB «Мікрагалерэю» мастак увёз у сваё арт-логава.

 

 

 

 

 Alexei Antony 
 

(Магілёў, Беларусь)

 

Што намаляваў: мурал «Гармонія»

Адрас: Кастрычніцкая, 16, к. 20

VK    Facebook    Instagram

Пачаў займацца вулічным мастацтвам з налепак, пасля захапіўся стэнсіламі, а далей перайшоў на адмысловы жывапіс: стаў запаўняць формы ўзорамі, што з часам перарасло ў аўтарскі стыль. Жыццёвая пазіцыя мастака – «Усё або нічога» – адбілася ў яго мастацтве: у працах найчасцей прысутнічаюць або два колеры (фон і малюнак), або яркае палатно са мноствам колераў. Для Энтані важная прыгажосць і грацыя сваіх прац, таму да выбару сродкаў і месца стварэння працы ён падыходзіць з вялікай увагай.

Antony ўдзельнічае ў фестывалі з 2014 года, дагэтуль асісціраваў больш вопытным бразільскім мастакам, а сёлета прадставіў паўнавартасны аўтарскі мурал. Яго задумка – знак, які адлюстроўвае існасць кожнага жыцця на зямлі. Нейкі вобраз, які ёсць у кожным з нас, які адлюстроўвае гармонію, узаемадзеянне асобных элементаў у складанай сістэме. У малюнку спалучаюцца вечныя антыподы: жыццё і смерць, дабро і зло, чорнае і белае. Атрымаўся аптычны мурал – ёсць толькі адна кропка, адкуль ён становцца «гарманічным» – ідэальна круглым. Прапануем адшукаць гэтую кропку самастойна.

 

 

 

 

 KHVST KHVOOOSTOV 
 

(Гомель, Беларусь)

 

Што малюе: мурал «Маментальнасць»

Адрас: мост на скрыжаванні вул. Бабруйская і пр-та Незалежнасці

Behance    Facebook    Instagram

Нарадзіўся ў Гомелі, скончыў кафедру графічнага дызайну ў Акадэміі мастацтваў. Працаваў графічным дызайнерам і ілюстратарам у Citydog, зараз супрацоўнічае з музычным кам’юніці LDGrooves Crew. Мастак моцна натхняецца комікс-культурай, графіці і поп-артам. У выніку атрымліваюцца яркія і дынамічныя працы, якія акурат пасуюць мегаполіснаму Менску. Тэма фестывальнага мурала – павелічэнне тэмпа жыцця. Што адбудзецца, калі на хвіліну спыніць гарадскую гонку і дэтальна разглядзець наваколле?

 

 

 

 

 Roman Enotov 
 

(Менск, Беларусь)

 

Што малюе: мурал «Апошняе лета дзяцінства»

Адрас: вул. Філімонава, 5/1

Facebook    Instagram

Раман Янотаў – малады мастак, дызайнер, ілюстратар. Пачаў творчы шлях з класічнага графіці, але ў хуткім часе ўліўся ў каманду Vulica Brasil і адкрыў для сябе іншыя грані вулічнага, а затым лічбавага і традыцыйнага мастацтва. У 2017 годзе ў межах «Вуліцы» рэалізаваў маштабны роспіс па эскізе вядомага беларускага мастака Сяргея Кірушчанкі.

Сёлета на фестывалі Рома малюе ўласны мурал ва ўтульным закуточку горада бліз Сляпянскай воднай сістэмы. «Апошняе лета дзяцінства» – гэта метафара сталення, пераходны пункт да наступнага жыццёвага этапу. Малады мастак вырас у гэтым раёне, і гэта яго апошняе лета перад тым, як ён з’язджае на вучобу. Кампазіцыя малюнка складзецца з некалькіх сюжэтаў, якія пераплятаюцца адзін з адным, быццам успаміны. «Памятай сваё мінулае, але не захрасай у ім, атрымлівай урокі і рухайся далей», – паведамляе нам аўтар пра канцэпт.

 

 

 

 Mutus 
 

(Пiнск, Беларусь)

 

Што намаляваў: арт-інтэрвенцыя «Палітры»

Адрас: вул. Кастрычніцкая, 19/4

VK   Instagram

Яўген Сасюра aka Mutus – беларускі мастак з Пінска. Пачынаў свой творчы шлях у 2011 годзе з нелегальнай выявы Боба Марлі ў родным горадзе, за што атрымаў штраф. Аднак гэты інцыдэнт справакаваў супрацоўніцтва з гарадскімі ўладамі, пасля чаго з’явіліся роспісы апор моста праз Піну на гістарычную тэму. Пасля ўдзельнічаў у акцыі Signal’а Must Act – Must Art, на першай Vulica Brasil маляваў разам з бразільцам Tinho, на мінулай «Вуліцы» зрабіў мурал у дворыку менскай гімназіі №75 на тэму жыццёвага шляху чалавека.

Сёлета ён зрабіў невялікую арт-інтэрвенцыю ў дворыку клуба Hide на Кастрычніцкай. Па вялікаму рахунку, «Палітры» – гэта проста абстракцыя, гульня святла і колеру. Файная нагода заліпнуць пасярод сэта чарговага тэхна-дыджыка!

 

 

 

 Odes, Tracy, Atmo, Rage2, Grab, Smite і інш. 
 

(Менск, Беларусь)

 

Што намалявалі: графіці

Адрас: вул. Кастрычніцкая 23а і вул.Кастрычніцкая, 16к25

 

Старая школа зноў у справе! Тры гады таму яны зарайцілі падпорную сцяну стадыёна БДТУ праз набярэжную Свіслачы. Сёлета ўзяліся за самае сэрца Кастрычніцкай – паркоўку ля кавярні Let It Be. Цяпер знакаміты мурал Рамона Марцінса (з аленем і зубрам) стаіць на падмурку прац лепшых графітчыкаў горада – Odes, Tracy, Smite, Grab, Atmo і іншых. У тым жа дворыку мастак художник O’kinly выслаў аптычнай апельсінавай ілюзіяй лесвіцу ля «Лаўкі», а райтэр Andre пакінуў сакрэцік, паліўшы абстракцыяй бочку, па дарозе ў ЦДВ Ок16.

 

 

 

 

 УРБАНІСТЫЧНЫЯ ІНТЭРВЕНЦЫІ 

 

 Лес бесперапыннага цвіцення 

 

Аўтарка: Алена Штык

Месца: Трамвайнае кола (вул. Кастрычніцкая, 16)

Два гады тут стаяў «Ідэальны хмарачос», а зараз замест шматпавярховіка вырасце лес. «Гарадская ляснічая» Берасця Алена Штык высадзіла тут такія віды дрэваў, якія будуць лашчыць вока кветкамі ўсе сезоны. Японскі клён, магноліі, платаны, гінкга, цісы – міжземнаморскія, далёкаўсходнія і вечназялёныя расліны скампанаваныя так, што ў Кіёта не захочацца ехаць.

 Трамвайны прыпынак 

 

Аўтар: Hutkasmachnaa, музыка Port Mone

Месца: Трамвайнае кола (вул. Кастрычніцкая, 16)

Яшчэ адна арт-інсталяцыя – даніна гісторыі Кастрычніцкай – метафара трамвайнага прыпынку. Інсталяцыя ўключае ў сябе гукавыя калонкі, якія будуць граць «трамвайную сімфонію», адмыслова напісаную гуртом Port Mone.

 

 Арт-інсталяцыя «Я знайшоў разбітыя знакі» 

 

Аўтар: Уладзімір Грамовіч

Месца: вул. Кастрычніцкая

Па Менску захавалася яшчэ шмат савецкіх аўтэнтычных шыльдаў: аптэкі, гастраномы, дамы быту. Малады мастак Уладзімір Грамовіч хоча даць ім новае жыццё: «Калі мы мяняем лакацыю, мы адначасова адрываем знак ад абазначэння таго месца, дзе ён быў, і надаем яму новы сэнс, засяроджваемся на самім знаку, на яго форме і яго мадэрнавай эстэтыцы». Перад інсталяцыяй знакі рэстаўрыруюцца і атрымліваюць неонавае падсвятленне.

 Тактыльны сад для дзяцей і дарослых 

 

Аўтар: Менская ўрбаністычная платформа

Падтрымка: «БелАДДІіМІ»

Месца: Дворык галерэі «Ў» і Green+Go (вул. Кастрычніцкая, 19)

Шматмодульны сад, дзе кожны модуль мае сваё напаўненне: пясок, галька, мох, трава – разнастайныя натуральныя кампаненты, з якімі можна тактыльна ўзаемадзейнічаць. У некаторых боксах насыпаны каляровы пясок.

 

Фестываль ладзіцца Пасольствам Бразіліі ў Беларусі ў супрацы з Gatos Produçoes пры афіцыйнай падтрымцы Менгарвыканкама, Міністэрства культуры і Адміністрацыі Ленінскага раёна Менска. Галоўныя партнёры фестывалю ў 2019 годзе – піваварная кампанія «Крыніца», Danone, Burn, SPP і «БелАДДІіМІ».

Фота: Юля Савіч, візуал: Ігар Юхневіч