Мастакам прапануюць прадаваць арт праз анлайн-гіпермаркет
- Рубрыка: УЛОЎ
- 29.07.2020
- 6997
Анлайн-гіпер 21vek.by і ХО-галерэя закруцілі калаб з культурніцкай пляцоўкай ARTONIST, каб прапанаваць мастакам і мастачкам зручную платформу для рэалізацыі іх арту.
Праз пандэмію гандляваць мастацтвам у інтэрнэтах стала звыкла і звычайна, але адна справа – ажыццяўляць гэта праз Facebook, і зусім іншая – прапанаваць свой твор на велізарнай пляцоўцы, дзе людзі купляюць у хату цалкам усё: ад талерак да кандыцыянера.
Зараз, каб упрыгожыць сцены саўрыскам, не трэба катацца па галерэях і парушаць сацыяльныя дыстанцыі. Проста заходзіш у раздзел «Прадметы мастацтва» на 21vek.by і заказваеш дастаўку да дзвярэй.
Пры гэтым арганізатары на пакупніках не нажываюцца: кошт карціны – гэта кошт, прызначаны аўтарам(-кай), плюс падаткі ды спадарожныя выдаткі. Такім чынам рытэйл-гігант бярэ на сябе сацыяльную адказнасць і падтрымлівае маладое беларускае мастацтва.
Мастацтвазнаўца і куратарка ХО-галерэі Ірына Кандраценка тлумачыць, у чым соль: «Часта можна чуць фразу, што ў Беларусі няма арт-рынку, але што за ёй стаіць? У большасці выпадкаў патэнцыйныя пакупнікі не разумеюць, дзе ім шукаць і купляць мастацтва для дома, як гэта рабіць, якія існуюць цэны – з чаго наогул пачынаць? Пры выбары карцін або арт-аб'ектаў у раздзеле "Прадметы мастацтва" на 21vek.by можна быць упэўненымі ў іх якасці і каштоўнасці – мы праводзім абавязковы адбор работ перад размяшчэннем іх у каталогу, амаль з усімі аўтарамі знаёмыя асабіста. Таму пакупнік можа даверыцца сваім уражанням і выбраць тое, што сапраўды да душы, абапіраючыся на нашы кампетэнцыі і прафесійны вопыт».
Калі ты мастак(-чка) і хочаш паўдзельнічаць у праекце, запаўняй заяўку. Творы, якія прымаюць на разгляд: жывапіс, графіка, ДПМ, фатаграфія, скульптура коштам да 2000 BYN. Пакуль аддаюць перавагу менскім дзеячам(-кам) – такая ўжо лагістыка.