Запусціўся падкаст пра месца фальклору ў сучасным жыцці
- Рубрыка: УЛОЎ
- 12.11.2026
- 25

Новы падкаст «Дзеўкі на прызбе» распавядае пра беларускую традыцыйную музыку і пра тое, як разумець такую творчасць людзям, даўно адарваным ад традыцыйнай вясковай культуры.
Падкаст вядуць даследчыца, музеязнаўца Данута Грынь і этнамузыкалагіня, музыкантка, выкладчыца традыцыйнага спеву Вольга Фёдарава. Вольга кажа, што падкаст будзе цікавым людзям, якія ўвогуле нічога не ведаюць пра беларускі фальклор, аўтэнтычныя народныя песні і музыку. Для іх падкаст стане арыенцірам: дасць наводкі, што і дзе паслухаць, з чаго пачаць, як падыходзіць да інфармацыі пра народную музыку і як яе разумець. Таксама аўтаркі праекта бачаць сваёй мэтай дыялог з тымі, хто ўжо цікавіцца фальклорам. З імі яны плануюць абмяняцца ведамі і досведам, а таксама, магчыма, матываваць на свае даследаванні ці творчасць.
«Мая асноўная мэта ўдзелу ў гэтым праекце, — кажа Вольга, — зварот да тэмы беларускага музычнага фальклору як чагосьці актуальнага ў паўсядзённым жыцці, аднак разам з гэтым чагосьці, што патрабуе спецыяльных ведаў і спецыяльнага падыходу. То-бок (спойлер адразу!) мала проста любіць і хацець. Гэта тое, што патрабуе яшчэ прыкласці розум і намаганні. Каб зразумець, што і як спяваецца, чаму так менавіта, якія там асаблівасці, як з гэтым працаваць, быць, наколькі мы можам гэта нейкім чынам змяніць, каб казаць, што гэта інтэрпрэтацыя, але пры гэтым інтэрпрэтацыя захоўвае ў сабе беларускасць».
З пілотнага выпуску можна даведацца, што гэта за навука такая — этнамузыкалогія.
Падпісацца на падкаст «Дзеўкі на прызбе» можна ў Spotify, SoundCloud, Apple Podcasts, YouTube.