Дзе зладзіць сваё мерапрыемства? Частка 1: Менск

  • 12.02.2020
  • Аўтар: 34mag
  • 6259

Бывае і так: арганізуеш мерапрыемства, якое нібыта карыснае і цікавае многім, аднак публіка сыходзіць вельмі незадаволеная. І палошча потым па фэйсбуках, як жа няўтульна і цесна ёй было. Каб табе такое не прыляцела, каманда 34mag сабрала па адной спасылцы некалькі «намоленых» пляцовак Менска, з якімі працавалі мы або нашы сябры і якія заўсёды ішлі насустрач класным праектам.

 

 КУЛЬТ. ЦЭНТР «КОРПУС» 

 

 

У культ. цэнтры «Корпус» рэгулярна праходзяць канцэрты, лекторыі, маркеты, спектаклі, выставы, кінапаказы і ўсякія шматжанравыя мерапрыемствы. Для 34 гэтая пляцоўка зусім не чужая: за адзін толькі мінулы год мы правялі тут тры ўтульныя 34travel Day і сюды ж прывезлі фемактывістку Заліну Маршанкулаву.

Калі хочаш рушыць услед нашаму прыкладу, май на ўвазе, што «Корпус» не пазіцыянуе сябе як «вольная прастора» – у тым сэнсе, што гэтую пляцоўку нельга арандаваць пад любы івэнт. Табе трэба максімальна поўна апісаць у заяўцы, што за падзею ты нясеш у «Корпус», і калі яе канцэпцыя не будзе супярэчыць эстэтычным і этычным прынцыпам тамтэйшай каманды, то цалкам верагодна, што табе скажуць «вэлкам».

 Умяшчальнасць:  у сядзячай лекцыйнай канфігурацыі – 180–250, у канцэртнай танцпляцовай канфігурацыі – 400–600.

 Аснашчэнне:  па запыце.

 Лакацыя:  вул. Машэрава, 9, к. 8 (гэта 9 хвілін пешшу ад ст. м. «Плошча Перамогі»).

 Кантакты:  форма для арганізатараў(-ак) мерапрыемстваў.

 

 

 «ТЭРЫТОРЫЯ ПРАВОЎ» 

 

 

Гэтая невялікая пляцоўка створаная адмыслова пад мерапрыемствы з ухілам на тэму правоў чалавека. Аднак сюды пускаюць не толькі праваабарончыя ініцыятывы, але і шырэй – любыя праекты, што займаюцца абаронай уразлівых груп. Карацей, пішы, а рабяты падумаюць, наколькі твой івэнт ім рэлевантны. Вельмі крута, што плаціць за карыстанне прасторай і абсталяваннем не прыйдзецца ані рубля.

Тут можна класна правесці круглы стол, семінар, сустрэчу, дыскусію, выставу. Каманда «Тэрыторыі правоў» падкрэслівае, што пляцоўка не палітычная, а адукацыйна-кансультацыйная. Існуе яна пры падтрымцы праваабарончага цэнтра «Вясна» і Беларускага дома правоў чалавека.

 Умяшчальнасць:  да 80 чалавек.

 Аснашчэнне:  праектар, акустыка, мікрафоны, фліпчарт, вай-фай, кухня.

 Лакацыя:  вул. Ложынская, 16, п. 404 (9 хвілін ад ст. м. «Уручча»).

 Кантакты:  форма для арганізатараў(-ак) мерапрыемстваў.

 


 PRESS CLUB BELARUS 

 

 

Памяшканне беларускага Прэс-клуба – гэта канферэнц-зала здаровага чалавека: інтэр'ер не падобны да офіснай бурбалкі, а калі сядзець на крэсле не хочацца, дык можна заваліцца на бінбэг. У залежнасці ад таго, як ты расставіш сядзенні і сталы, у цябе атрымаецца камфортная прастора для лекторыя, круглага стала, працы ў групах. Варта дадаць, што Прэс-клуб прапануе прафесійную мадэрацыю на чатырох мовах, ёсць магчымасць кейтарынгу. Адзіны мінус – прыйдзецца караскацца на шосты паверх без ліфта.

 Умяшчальнасць:  да 100 чалавек.

 Аснашчэнне:  акустыка 300 Вт, мікшарны пульт, мікрафоны, праектар, фліпчарт, вай-фай, кулер, кавамашына, магчымасць жывой музыкі.

 Лакацыя:  вул. Веры Харужай, д. 3, оф. 601 (3 хвіліны ад ст. м. «Плошча Якуба Коласа»).

 Кантакты:  тут.

 

 

 Event Space 

 

 

Незалежная пляцоўка, дзе тусуюцца пераважна айцішнікі. Каманда Space арганізоўвае канферэнцыі, мітапы, хакатоны, конкурсы і іншыя фарматы, якія спрыяюць развіццю індустрыі. Усё, што праходзіць у гэтай прасторы, у абавязковым парадку курыруецца, таму любы мітап па выніку становіцца лепш, чым мог быць. Важна, што доступ на пляцоўку гатовыя забяспечваць у рэжыме 24/7.

Для чысціні кармы Space падтрымлівае праекты незалежных тэхналагічных супольнасцяў і энтузіястаў, пускаючы іх на пляцоўку бясплатна і даючы экспертныя кансультацыі па арганізацыі.

 Умяшчальнасць:  Space Hall – 270 «квадратаў», 200 пасадачных месцаў, 2 VIP-балконы па 20 месцаў; Space Port – 95 «квадратаў», 60 пасадачных месцаў.

 Аснашчэнне:  прафесійнае гукавое і праектнае абсталяванне, вай-фай, кава.

 Лакацыя:  вул. Кастрычніцкая, 16/4 (8 хвілін ад ст. м. «Першамайская»; уваход на тэрыторыю побач з Кастрычніцкай, 10Б).

 Кантакты:  +375 (29) 127-00-11, space@eventspace.by.

 

 

 ZAL#2 

 

 

Другая зала галерэі «Арт-Беларусь» нацэленая на падтрымку маладых аўтараў і крэатыўных каманд, тут пяшчотна культывіруюць сучасныя практыкі ў беларускім і сусветным мастацтве. Гэта месца для персанальных і калектыўных выстаў, лекцый, а таксама сустрэч для размоў пра жывапіс, тэатр, кіно і іншае мастацтва. Прастора прыцягальная сваёй адноснай навізнай і ідэальнымі каардынатамі: цэнтр горада, хочаш – на метро прыганяй, хочаш – на трамваі або аўціку.

 Умяшчальнасць:  140–150 чалавек.

 Аснашчэнне:  па запыце.

 Лакацыя:  вул. Казлова, 3 (2 хвіліны ад ст. м. «Плошча Перамогі»).

 Кантакты:  +375 (29) 259-68-33, zal2.coordinator@gmail.com.

 


 Галерэя «Ў» 

 

 

Арт-пляцоўка для прэзентацыі актуальнага беларускага і сусветнага мастацтва, якой пераезд з культавага адраса на плошчы Перамогі пайшоў толькі на карысць. Месца стала больш, а вакол бурліць Кастрычніцкая.

Класічныя для «Ў» фарматы – гэта прэс-канферэнцыі, літаратурныя прэзентацыі, семінары, майстар-класы, кінапаказы. Можна арандаваць: івэнт-прастору – па гадзінах або на ўвесь дзень; галерэю; дворык; увесь цэнтр сучарту ў цэлым. Усе памяшканні тут інклюзіўныя і бяспечныя.

 Умяшчальнасць:  івэнт-прастора 200 м2 – да 250 чалавек, галерэя 500 м2 умяшчае да 1000 чалавек, таксама да 1000 чалавек могуць размясціцца ў двары.

 Аснашчэнне:  прэзентацыйны экран, праектар, гук, 200 крэслаў.

 Лакацыя:  вул. Кастрычніцкая, 19 (уваход з боку вул. Леніна, з двара, 4 хвіліны ад ст. м. «Першамайская»).

 Кантакты:  +375 (25) 906-96-65, vs@ygallery.by.

 

 

 «Другі паверх» 

 

 

«Другі паверх» стваральнікі пазіцыянуюць як месца, «дзе ёсць Іншае». Спецыфіка пляцоўкі ў тым, што тут з большай любоўю праводзяць усё, што звязанае з тэатрам, імправізацыяй, ларпамі ды іншымі гульнямі. Таму, калі ты шукаеш рабят, якія маглі б падтрымаць тваё пачынанне недзе ў гэтых кірунках, у вас можа здарыцца perfect match.

 Умяшчальнасць:  да 50 чалавек.

 Аснашчэнне:  па запыце.

 Лакацыя:  вул. Машэрава, 9, к. 8, другі (а які ж яшчэ?) паверх.

 Кантакты:  +375 (29) 653-25-31, dvapaverh@gmail.com.

 

 

 ОK16 

 

 

Былыя цэхі завода МЗКР і прылеглыя да іх тэрыторыі ператвораныя ў некалькі лофтавых прастор агульнай плошчай больш за 6000 «квадратаў», вулічную сцэну і руінны бар. ОК16 прыдатны і для грандыёзнай канферэнцыі, і для рэйву, і для гучнага перформансу, і для ціхай сустрэчы «сваіх».

Місію пляцоўкі яе ўладальнікі бачаць у тым, «каб аўтары спрабавалі свае сілы, стваралі арыгінальныя праекты, упісваючы беларускае мастацтва і культуру ў сусветны кантэкст». Відавочна, што цябе сустрэнуць з асаблівым энтузіязмам, калі ты прынясеш на пляцоўку яшчэ трошку беларускага андэграўнду.

 Умяшчальнасць:  да 1000 чалавек.

 Аснашчэнне:  па запыце.

 Лакацыя:  вул. Кастрычніцкая, 16.

 Кантакты:  запаўняй форму тут.

 

 

 Lo-Fi Social Club 

 

 

Мультыфункцыянальны лофт на беразе Свіслачы – гэта 450 «квадратаў» пляцоўкі пад канцэрты і лекцыі, цыкларама, тату-майстэрня і бар. Lo-Fi рэгулярна прымае сацыяльна адказныя мерапрыемствы накшталт дабрачынных барахолак, паэтычныя івэнты, выставы жывапісу; тут праходзяць любімыя вечарынкі Minsk'81, Winamp, Locals, «Басота»; а ў студзені здарыўся першы фемстэндап у Беларусі.

Таня Капітонава адфоткала Lo-Fi для 34mag, калі рабяты называліся па-іншаму і яшчэ толькі асвойваліся ў прасторы.

 Умяшчальнасць:   каля 200 чалавек.

 Аснашчэнне:  па запыце.

 Лакацыя:  вул. Кастрычніцкая, 16/3 (уваход праз чорныя вароты).

 Кантакты:  пішы ў інстаграмы каманды праекта.

 

 

 IBB 

 

 

Канферэнц-цэнтр IBB існуе пры аднайменнай гасцініцы з рэстаранам Westfalia. Ён прапануе ў арэнду памяшканні для правядзення семінараў, трэнінгаў, прэзентацый, перамоў, лекцый, канферэнцый, шоу-праграм, фестываляў і іншых мерапрыемстваў.

Абсталяванне тут – проста казка. Залаў некалькі, і яны лёгка трансфармуюцца пад канкрэтны івэнт.

Мінулай восенню IBB расшчодрыўся і прапанаваў актывістам правесці тут свае мерапрыемствы бясплатна. Глядзі наш рэпорт з месца падзей, каб зацаніць атмасферу.

 Умяшчальнасць:  розныя залы: ад аўдыторыі на 30–40 чалавек да круглай пляцоўкі на 350 візіцёраў.

 Аснашчэнне:  лазерны праектар, матрычны камутатар, экран, інтэрактыўная сістэма, трыбуна, камплект для відэаканферэнцый, ноўтбукі, мікрафоны, фліпчарты, маркерныя дошкі, стэнды і шмат чаго яшчэ.

 Лакацыя:  пр-т газеты «Праўда», 11 (9 хвілін ад ст. м. «Пятроўшчына»).

 Кантакты:  +375 17 207 49 45, +375 29 377 94 16, conference@ibb.by.

 

 

 Imaguru 

 

 

Imaguru прапануе некалькі залаў, якія адрозніваюцца плошчай, афармленнем і атмасферай. У адным будзе крута арганізаваць хакатон, іншы больш прыдатны для лекцыі, а ў трэцім і патанчыць прыемна. Каманда тэхнічнай падтрымкі дапаможа наладзіць абсталяванне. Дадаткова можна замовіць арганізацыю фота- і відэаздымкі, сінхронны пераклад або трансляцыю мерапрыемства ў анлайны. Месца папулярнае: пішуць, што тут прайшло аж 8000+ івэнтаў.

 Умяшчальнасць:  да 300 чалавек.  

 Аснашчэнне:  праектар, экран, прэзентар, мікрафоны, фліпчарт.

 Лакацыя:  вул. Фабрыцыуса, 4 (7 хвілін ад ст. м. «Інстытут Культуры»).

 Кантакты:  +375 (29) 385-75-95, +375 (29) 118-91-89, sales@imaguru.by.

 

 

 «Кто такой Джон Голт?» 

 

 

Адна з першых антыкавярань Мінска, каворкінг і адукацыйная прастора, куды прывозілі, напрыклад, гуру-дызайнераў Людзвіга Быстронаўскага і Іллю Бірмана, а таксама індзі-паэтаў, шырока вядомых у вузкіх колах. Мэта «Голта» – «стварыць супольнасць ініцыятыўных і таленавітых людзей, якія хочуць тварыць, развівацца, дапамагаць адно аднаму і быць карыснымі».

Цікава, што мэблю і свяцільні тут майстравалі самі, а рэчы без гісторыі адсутнічаюць як клас, і ад гэтага ўсё выглядае яшчэ больш прыязна. У прасторы знаходзіцца ўтульная зона з буфетам і прыстойнай кавай, ёсць міні-бібліятэка.

 Умяшчальнасць:  да 100 чалавек.

 Аснашчэнне:  праектар, вай-фай, прыстаўка, настолкі, кнігі для навучання і натхнення, бясплатныя кава-гарбата.

 Лакацыя:  вул. Шорная, д. 20, п. 1H (10 хвілін ад ст. м. «Фрунзенская»).

 Кантакты:  форма для арганізатараў(-ак) мерапрыемстваў.