Lo-Fi Customs: творчая майстэрня на Кастрычніцкай
- 26.06.2018
- 20576
На ўсходнім беразе Свіслачы адкрылася не творчая прастора, не каворкінг, не клуб, а майстэрня. Спачатку мы зазірнулі сюды на начное наваселле ў фармаце пікніка, калі стваральнікі сказалі: «Пакуль хопіць рамонту», потым зайшлі і ў дзённы час – карацей, убачылі магчымасці гэтага месца ва ўсёй красе.
Дзяніс Воўкаў
рэжысёр
Лёша Дрэд
крэатыўнік, капірайтар
Маша Усціновіч
мастачка, тату-майстрыня, дызайнерка
East Coast Svislach
У 2015-м годзе рабяты захацелі адкрыць маленькую тату-майстэрню, каб развіваць гэтую культуру ў Беларусі, але з часам вырашылі пашырыць фармат.
«Кожнаму майстру патрэбная майстэрня. Вось мы яе і пабудавалі. У цэлым – для сябе, але мы адкрытыя і для іншых. Нам патрэбныя не кавярні, а месца, дзе можна працаваць хоць кругласутачна. Мы даволі моцна павернутыя на сваіх справах, – кажа Дзяніс. – Я часта сутыкаюся з меркаваннем, што беларусы нічога не могуць. Пры гэтым я лічу, што беларусы – выдатныя людзі з пачуццём гумару, якія ўмеюць працаваць рукамі».
Месца для майстэрні шукалі ў розных кропках Менска, аднойчы нават пачалі рамантаваць прастору ў Музычным завулку, але трэба было занадта доўга чакаць, пакуль будынак здадуць у эксплуатацыю. Тады Надзя Людчык, старая сяброўка рабят, парэкамендавала ім паглядзець памяшканні на Кастрычніцкай: спачатку ў мясцовай гасцініцы, а потым – на МЗКР. Заводскія цэхі спадабаліся найбольш. Раней на месцы Lo-Fi Customs быў склад, а ў сталярнай майстэрні знаходзіўся кабінет інжынераў.
1 чэрвеня 2017 года рабяты пачалі рамонт: вывезлі 300 тон смецця, сталі мыць столь. Мылі паўтара месяца па 8 гадзін у дзень – добрая вапна, час і заводскія ўмовы даліся ў знакі.
Мэта
Рабяты адкрылі майстэрню, каб прыцягваць профі ўсіх масцяў і разам знаходзіць магчымасці для рэалізацыі сваіх праектаў. Яны шукаюць людзей, якія ўжо адбыліся ў сваіх прафесіях, умеюць працаваць рукамі і гатовыя шмат укладывацца ў сябе і свой прадукт столькі, колькі магчыма. І нават больш.
«Гэта не каворкінг і не творчая прастора для ўсіх – мы не хочам марнаваць нічый час, пакуль хтосьці шукае сваё прызначэнне, – тлумачыць Дзяніс. – Дадам, што Lo-Fi Customs будзе функцыянаваць на камерцыйнай аснове як мінімум таму, што гэта стымулюе абодва бакі».
Рабяты чакаюць трэндсэтэраў з любых сфер і хочуць стварыць супольнасць аднадумцаў, якія будуць ганарыцца сваёй працай і адчуваць еднасць.
«Гэтае месца асабліва тым, што тут будуць збірацца прафесіяналы з розных сфер і калабарыравацца, – кажа Лёша, а Маша дадае: – З часам у нас з'явіцца больш інструментаў, і ў перапынках ад асноўнай працы можна будзе атрымаць новыя навыкі».
«З Пафнуціем мы нават абмяркоўвалі магчымасць паставіць тут оперу: хай дзіва ўстане на станок, чаму б і не?» – усміхаецца Дзяніс.
Магчымасці
Плошча. 450 квадратных метраў – асноўная прастора (з якіх 150 квадратных метраў – плошча другога паверха, які рабяты пабудавалі самі, гэта пераносная канструкцыя). Тут можна ладзіць лекцыі, майстар-класы, канцэрты.
Цыкларама. 5 х 5 х 6 метраў, прастора па баках і спераду. Таксама тут ёсць уздым для таго, каб здымаць знізу. Святло трэба арандаваць дадаткова. Адначасова цыкларама можа быць экранам і сцэнай.
Тату-майстэрня. 100 квадратных метраў, маецца неабходнае абсталяванне.
Сталярная майстэрня. 108 квадратных метраў. Будзе гатовая прыкладна ў жніўні. Тут жа пачнуць рабіць мэблю для сябе.
Інструменты. Такарны станок, зварачны апарат, дэталі для рамонту ровараў. Так як Lo-Fi Customs пабудаваны сваімі рукамі, то ўсе неабходныя нішцякі для майстэрні тут ёсць па змаўчанні.
Дадаткова: кухня, арэлі, панадворак на ўзбярэжжы, сонечны бок, гул працуючых станкоў у суседніх памяшканнях і бадзёрыя гукі з залы крос-фіту, якая знаходзіцца паверхам вышэй.
Адрас: вул. Кастрычніцкая, 16/3 (уваход праз чорныя вароты)
Фота – Таня Капітонава
КАМЕНТАРЫ (1)
"З часам у нас з'явіцца больш інструментаў, і ў перапынках ад асноўнай працы можна будзе атрымаць новыя навыкі" и "мы не хочам марнаваць нічый час, пакуль хтосьці шукае сваё прызначэнне" - так это для профи или для тех, кто хочет освоить новое дело?