Што такое morning coffee rave і дзе можна наведаць такое ў Варшаве?

Ранішнія вечарыны сталі шалёна папулярнымі ад Нью-Ёрка да Берліна, і нарэшце хваля захліснула Усходнюю Еўропу. Мода на рэйвы не ў задымленых сутарэннях, а ў сонечных кавярнях, з кубкам моцнага эспрэса ці бадзёрай матчы замест шотаў і алкагольных кактэйляў, прыйшлася даспадобы тым, хто топіць за ўсвядомлены лад жыцця, фізічную актыўнасць, нязмушаны нэтворкінг, весялосць без пафасу. Расказваем пра канцэпцыю і падказваем, дзе можна апрабаваць трэнд у Варшаве.

  Читать по-русски на 34travel

 

Што такое morning coffee clubs?

Morning coffee club, ці coffee rave, – трэнд, які сумяшчае ў сабе культуру кавярань і музычныя вечарыны. Замест алкаголю – моцны фільтр, замест танцаў да ранку – танцы ад самага ранку, і ўсё гэта – у атмасферы адкрытасці ды нязмушанага чылу. Звычайна кававыя рэйвы ладзяць у specialty кавярнях: у выхадны дзень, недзе а дзясятай-адзінаццатай раніцы DJ стае за вяртушкі, а да абеду вечарынка канчаецца.

Фармат вельмі папулярны сярод зумераў, якія даўно дэманструюць не самую вялікую зацікаўленасць у філасофіі рэйваў і начных вечарынак, падліваючы алею ў і без таго сур’ёзны крызіс клубнай культуры. Новыя маладыя больш за ўсё шануюць аўтэнтычнасць, бяспеку, клопат аб фізічным і ментальным здароўі – не дзіва, што фармат coffee rave хутка стаў вірусным менавіта сярод гэтага пакалення. Падтрымалі яго і актыўныя міленіялы з блізкімі каштоўнасцямі, бо гэта класная ідэя для людзей, якія прытрымліваюцца здаровага ладу жыцця, клапоцяцца пра якасны сон, адмаўляюцца ад алка (або прынамсі яго мінімізуюць). Асобная катэгорыя гасцей кававых рэйваў – маладыя бацькі, якія могуць тут расслабіцца і патанчыць, не псуючы рэжым. Таксама на ранішніх рэйвах часта тусяць шчаслівыя гадаванцы разам са сваімі людзьмі – вядома, аблашчаныя ўвагай усіх прысутных (ні ў якім начным клубе такое ўявіць немагчыма).

Для эмігрантаў morning coffee clubs граюць сваімі фарбамі, бо ратуюць ад пачуцця адзіноты ў чужой краіне. Важны складнік філасофіі кававых рэйваў – адкрытасць, а сярод базавых каштоўнасцяў тут заяўленыя знаёмства і камунікацыя між людзьмі з падобнымі інтарэсамі. Як бегавыя супольнасці цяпер – новы ціндар, так кававыя рэйвы – новыя начныя клубы.

 

У чым феномен ранішніх вечарынак?

Усё часцей людзі абіраюць здаровы лад жыцця і якасныя стасункі, але не адмаўляюць сабе ў задавальненні калі-нікалі патанчыць ад душы. Безалкагольныя вечарыны ў ранішні час імгненна адгукнуліся шырокай аўдыторыі і сталі суперпапулярнымі па ўсім свеце. П'еш капучына і адцягваешся пад дыджэйскія сэты – усё геніяльнае проста, а часцей за ўсё яшчэ і бясплатна, бо плаціш ты толькі за сваю каву, уваход – free.

Дакладна невядома, дзе менавіта ўзнікла канцэпцыя, але першыя прыкметныя кававыя рэйвы прайшлі ў Лондане, Амстэрдаме, Нью-Ёрку і Турцыі. Скептыкі лічаць, што трэнд знікне гэтак жа хутка, як узнік, іншыя называюць феномен кававых вечарынак маркерам глабальных зменаў у грамадстве. Хто мае рацыю – пакажа час, але дакладна ясна, што цяпер гэта галоўны трэнд на offline баўленне часу па выхадных.

Яшчэ ў пачатку сакавіка сёлета ў Варшаве існавала толькі адна кавярня, дзе можна было патанчыць зранку пад сэт запрошанага дыджэя. Але пасля яе гучнага поспеху і з набліжэннем цёплага надвор'я ўсё больш устаноў ловяць хвалю і адаптуюць свае прасторы пад папулярныя тусоўкі. Напярэдадні адкрыцця летніх тэрас, якія выведуць кававыя рэйвы на свежае паветра і зробяць іх яшчэ шматлюднейшымі, мяркуем, летні сезон будзе багаты на такія мерапрыемствы. Карціць затэсціць ужо зараз? Тады лаві пяць правераных месцаў.

 

Dante

Адрас: ul. Dobra 1
Час працы: пн-пт – з 8:00 да 20:00, cб-нд – з 10:00 да 22:00
Кава-рэйвы: сб-нд – з 11:00 да 13:30, анонсы – у інстаграме 

Кавярня, з якой стрэльнулі morning coffee clubs у Варшаве. Спачатку гэта быў тэст трэнду з TikTok, прычым стваральнікі крыху сумняваліся, ці зойдзе такі фармат мясцовай публіцы. Але ўжо з першай ранішняй вечарынкі, на якую прыйшло столькі людзей, што ўся прастора кавярні была запоўненая, цікавасць стала відавочнай.

З тых часоў кожныя выходныя ў Dante граюць розныя дыджэі, з'яўляюцца адмысловыя напоі, а людзей штораз становіцца ўсё больш. Танчаць паўсюль: у кавярні, на вуліцы, на аўтобусным прыпынку, які знаходзіцца побач з уваходам, – настолькі расцягваецца чарга па бадзёрлівы напой і прыязную атмасферу.

 

 

 

Дар’я Бойка,

стваральніца Dante:

– Мне выпадкова трапілася відэа вечарынкі такога фармату ў Амерыцы. Падалося, што гэта прышпільная ідэя, хаця ў мяне былі ўнутраныя перажыванні, ці зацікавіцца наша аўдыторыя.

Я арганізавала такую вечарынку адзін раз – прыйшло шмат людзей, і мне пачалі даваць фідбэк, што людзям гэта падабаецца: крутая альтэрнатыва, без алкаголю, не губляецца цэлы дзень. Гэта першы важны момант. Другі: людзям у такім фармаце вельмі лёгка знаёміцца. Часта дзяўчаты падыходзяць пасля morning club’а і кажуць, што змаглі пазнаёміцца з іншымі дзяўчатамі, з якімі аказалася шмат агульных інтарэсаў. Праз тое, што атмасфера такіх вечарынак вельмі расслабленая, а ў сучасным свеце людзям агулам знаёміцца складана, такі фармат дае ім магчымасць зрабіць гэта бяспечна.

Ці захаваецца трэнд надоўга? Мяркую, так, з шэрагу прычын. Па-першае, гэта пра здаровы лад жыцця, а не пра бяссонныя ночы і разбітыя дні, калі людзі пасля тусовак некалькі дзён не могуць прыйсці ў норму. Па-другое, morning coffee club закрывае ўсе гештальты сучаснага грамадства, якія складана было закрыць да гэтага трэнду, калі мы гаворым пра камунікацыю і фокус на здароўе.

 

 

Niedzielny 

Адрас: кожную нядзелю ў новай лакацыі
Кава-рэйвы: нд – з 10:00 да 14:00, анонсы з’яўляюцца ў інстаграме 

Калі больш хочаш не камернасці, а паўнавартасна-драйвовага варушняку – сардэчна запрашаем на нядзельныя вечарынкі Niedzielny. Польскі праект збірае, мабыць, самыя модныя і шматлюдныя кававыя рэйвы не толькі ў Варшаве, але і ў гарадах паблізу.

Бацькі-заснавальнікі праекта – масціты дыджэй MUSHIN, пад сэты якога танчаць у Havana Bar, Pod Gigantami, Hala Koszyki, Browary Warszawskie, Cafe Podrygi і на фестывалях Orange Warsaw Festival і On Air Festival, і крэатыўны дырэктар нямала вядомай у польскіх колах студыі брэндынгу we3studio Даміян Цыялкоўскі. Карацей, хлопцы ўмеюць не толькі ў музыку, але і ў стыль – адсюль і ўзровень мерапрыемстваў.

Пакуль на рахунку праекта пяць вечарынак, адна з якіх праходзіла на гастролях – у Познані. Каманда выбірае цікавыя месцы для сваіх кававых рэйваў, ладзячы калабарацыі з моднымі, але нетыповымі лакацыямі – напрыклад, з вінілавай кавярняй Tekla ці прасторай Przystań у зацішным месцы ля ўзбярэжжа Віслы. Вакол праекта ўжо сфармавалася ладная група спонсарскай падтрымкі, таму першым 50 тусоўшчыкам, напрыклад, могуць прапанаваць бясплатны кававы напой на аўсяным.

Важна, што Niedzielny – гэта не толькі пра музыку і каву. Каманда не проста стварае на некалькі гадзін прастору для нязмушаных зносінаў, але мае глабальную мэту – далучаць большую колькасць людзей да ўсвядомленага ладу жыцця і гучней казаць пра важныя штукі. Напрыклад, пра псіхічнае здароўе і захаванне раўнавагі ў сучасным свеце, за якім не паспець. Праект супрацоўнічае з каштоўнасна блізкімі ініцыятывамі, напрыклад Młode Głowy, каб падчас і пасля вечарынак людзі маглі паразважаць пра сапраўды значнае.

Нязмушанасць і адкрытасць людзей, якія ствараюць гэты праект, а таксама стыль і адказнасць, з якой падыходзяць да арганізацыі, кранаюць усіх, хто трапіць хаця б на адзін кававы рэйв Niedzielny. Гэта ўнікальная прастора, дзе бяспечна быць сабой, – а калі справа тычыцца танца, гэта важна ўдвая.

 

 

 

Po Drødze

Адрас: ul. Bagatela 11
Час працы: пн-пт – з 8:00 да 21:00, сб-нд – з 9:00 да 21:00
Кава-рэйвы: сб – з 10:00

Што будзе, калі спалучыць два самыя трэндавыя спосабы баўлення часу афлайн? Атрымаецца ранішняя прабежка з кававым рэйвам пасля. Specialty кавярня Po Drodze вырашыла крыху пераасэнсаваць фармат музыкальных вечарын у калабе з Ukrainian Running Club: тут прапануюць спачатку паспорціць, а потым дадаць актыўнай раніцы музычнага драйву. Калі бег не твая стыхія, прыходзь на другую частку без пакутаў сумлення.

 

Inclusive Barista

Адрас: ul. Stefana Okrzei 8, U3
Час працы: пн-нд – з 8:00 да 21:00
Кава-рэйвы: вс – з 11:00 да 13:00, анонсы з’яўляюцца ў інстаграме

Інклюзіўная кавярня на Празе, дзе рабяты з інваліднасцю падаюць вельмі якасную specialty каву з увагай да дэталяў і цудоўным латэ-артам. Вечарынкі з кавай, музыкай і выдатнай кампаніяй у Inclusive Barista ладзяць стабільна, як нідзе: кожную суботу і нядзелю, старт – аб 11-й.

Дарэчы, у Inclusive Barista ўлічваюць суседства з жылымі дамамі і пякуцца пра камфорт суседзяў па раніцах: нядаўна нядзельную вечарыну зладзілі ў фармаце silent – у слухаўках, каб не каламуціць акругу і людзей, якія любяць распачынаць выхадны ў сваім рытме.

 

HOOD

Адрас: ul. Poznanska 37
Час працы: пн-нд з 8:00 да 20:00
Кава-рэйвы: сб-нд – з 14:00 да 18:00, анонсы з’яўляюцца ў
інстаграме

Нядаўна адкрылася месца HOOD, якое не прэзентуе сябе праз варушняк morning coffee club, але кожныя выхадныя тут круцяцца DJ-сэты, а ў галоўных каштоўнасцях музыка заяўленая нароўні з кавай. Для дыджэйскага пульта ў дызайне інтэр'еру тут нават вылучылі пачэснае месца, а спалучэнне павольных сяброўскіх сустрэч і музыкі не толькі па вечарах зрабілася паўнавартаснай канцэпцыяй.

Невялікае адрозненне ад тусовак, апісаных вышэй: у HOOD яны пачынаюцца і заканчваюцца крыху пазней, чым усе астатнія з нашага спісу, – а 14:00. Але мы бачым у гэтым выключна плюсы: калі табе спадабаецца танчыць у іншым месцы, дзе пачынаюць і сканчаюць крыху раней, а працягнуць захочацца; або калі ўстаць а дзясятай раніцы ў выходны для цябе mission impossible – кававыя рэйвы ў HOOD маюць шансы табе зайсці.

 

 

Бонус
 

Также обрати внимание на проект Morning Star – его делает гастролирующая по разным локациям группа единомышленников, и они, пожалуй, ближе всех придерживаются концепции старых-добрый рейвов. Тем не менее, по утрам. Ближайшая вечеринка проекта состоится 26 апреля в брутальном Spun.

 

Тэкст: Ангеліна Жываловіч. Фота: ivana-cajina, unsplash.