Як прайшоў першы фемінісцкі стэндап у Беларусі?
- Рубрыка: РЭПОРТЫ
- 24.01.2020
- 6931
23 студзеня ў прасторы Lo-Fi Social Club адбыўся першы фемінісцкі стэндап у гісторыі Беларусі. Рэдактарка 34mag і – так атрымалася – вядучая мерапрыемства Маша Пархімчык распавядае, чаму гэта вельмі крута.
Напэўна, у любога чалавека ёсць такая смешная сяброўка, якая як чаго скажа, так усе вакол учадзеюць. Але гэтая дзяўчына не ходзіць на оўпэн-майкі і кастынгі, таму што думае, быццам недастаткова цікавая. Затое яе аднакурснік вывучыць тры анекдоты пра Халакост – і мы ўбачым яго на ТНТ.
Спецыфіка жаночай сацыялізацыі: не высоўвайся, а калі хочаш высунуцца, то ты павінна быць лепш за ўсіх, а не проста класная. Адсюль – хваляванне і зашкальвальны перфекцыянізм. Адсюль жа і вельмі добрыя для дэбюту выступы на першым FemStandUp у Менску. Так, удзельніцы хваляваліся. Але падрыхтаваліся яны так, што часам было цяжка паверыць, што чалавек перад табой стэндапіць упершыню ў жыцці.
Проста нагадаю табе, чытачка ці чытач, што рассмяшыць незнаёмцаў вельмі няпроста. Каб выклікаць замілаванне, дастаткова вынесці на сцэну кацяня. Каб выклікаць абурэнне, трэба проста скруціць кацяняці галаву. Але для таго, каб людзі засмяяліся, трэба як мінімум каб гэтае кацяня на цябе насцала – а дамагчыся гэтага значна складаней.
Публіка ў Lo-Fi смяялася, а часам нават рагатала. Гэта былі рэальна крутыя, удзячныя, кемлівыя гледачы. І я вельмі спадзяюся, што дзякуючы ім дзесяць смелых дзяўчат адчулі сябе больш упэўнена – і будуць жартаваць яшчэ, нават перад менш лаяльнай залай.
Так, quod licet Iovi, non licet bovi. Калі маналог Папярэчнага ці Белага прамовіць жанчына, у большасці залаў будзе стаяць цішыня. Але прыкол у тым, што адна публіка пакарабаціцца тым, што жанчына дазволіла сабе жартаваць так жорстка (мацюкі?! піські?! нічога святога?!). Іншая ж публіка не будзе смяяцца таму, што гэтыя маналогі насамрэч не смешныя (а яны не смешныя).
На пачатку студзеня Аня і Маша прапанавалі мне ролю вядучай маленькага «міжсабойчыка», але 23-га чысла я вяла мерапрыемства на 200+ чалавек. Многія з якіх нават не сядзелі, а стаялі ў не самых зручных кропках у не самым цёплым памяшканні. Усе. Дзве. Гадзіны. І яны смяяліся.