Маст сі: галоўнае пра «Месяц фатаграфіі ў Менску»

9 верасня ў ангары «ЦЭХа» адбудзецца афіцыйнае адкрыццё «Месяца фатаграфіі ў Менску», які ўжо трэці год запар ператварае горад у вялікую пляцоўку для фотавыставаў і размоваў пра сучасную фатаграфію ды яе месца ў нашым жыцці. Распавядаем пра галоўнае.

 

 

У чым фішка сёлетняга «Месяца фатаграфіі ў Менску»?

Упершыню арганізатары ўвялі тэму, якая аб’ядноўвае ўвесь фестываль цалкам, – «Цэнтр/Перыферыя». Наведнікам прапануецца разам з аўтарамі паразважаць, што значаць гэтыя паняцці, як яны існуюць і суадносяцца. Аўтары адзначаюць, што менавіта для іх з'яўленне агульнай тэмы «Месяца» – прыкмета спеласці фестывалю. «Калі вы пэўнай тэмай задаяце сабе межы, у якіх спрабуеце існаваць, вы не везяце ўсё, што можаце, а абіраеце лепшае, што падыходзіць пад фармат, – распавядае Андрэй Лянкевіч, арганізатар фэсту. – Абмежаваныя тэмай, мы скарацілі колькасць выстаў. У мінулым годзе іх было 25, у гэтым – 13. Нам ужо нецікава займаць усе пляцоўкі ў горадзе, але цікава ісці ў глыбіню, паўней раскрываючы тэму экспазіцыі».

Штогадовая мэта арганізатараў – вяртанне ў культурны ўжытак забытых імёнаў класікаў беларускай фатаграфіі і знаёмства сталічнай публікі з вартай увагі актуальшчынай: «Нашая каманда імкнецца праз выставы паказаць лепшае, што ёсць у сучаснай маладой фатаграфіі, а таксама даць магчымасць пабачыць класікаў беларускай фатаграфіі, каб задаць нейкія мясцовыя фатаграфічныя арыенціры, а з іншага боку – паказаць прамежкавую тэрыторыю паміж той фатаграфіяй, якую мы ўспрымаем у Беларусі, і тым, як моцна змянілася гэтае паняцце за апошнія 10-15 год».

 

 

 

 

 

 

 

Галоўнае на выставе

 

Асноўную праграму фестывалю складаюць 5 выстаў – па традыцыі, яны будуць размешчаныя ў ангары «ЦЭХа». Уваход на ўсе выставы – па адным квітку.

 

The Sochi Project

Сумесны праект фатографа Роба Горнстра і аўтара тэкстаў Арналда ван Брухэна, якія на працягу ўсяго часу падрыхтоўкі да Алімпійскіх гульняў у Сочы вандравалі па рэгіёне, здымаючы не столькі мегабудоўлю, колькі жыццё на навакольных тэрыторыях, дзе існуюць людзі, звыклыя да выбухаў і забойстваў. На выхадзе атрымаўся першы фотапраект, прафінансаваны краўдфандынгам, кніга і выстава, якая ў поўным выглядзе будзе дэманстравацца ўпершыню.

«Выстава Роба праехала паўсвету, – кажа Лянкевіч. – Яе пабачыць абавязкова, таму што яна паказвае, што такое сучасная дакументальная фатаграфія, як сучасны фатограф бачыць сабе як сацыёлага, чалавека, які шукае і прапануе розныя погляды на праблемы і рэалізуе іх не толькі ў фота, але і ў кнігах. Яны таксама ёсць у экспазіцыі».

 

 

Выстава сучаснай аўстралійскай фатаграфіі «Міфы пра перамены»

(Фатографы: Года Афшар, Оўэн Лi Он, Сайман Харсэнт, Рэй Кук; куратар Аласдэр Фостэр). «Гэта нашае самае галоўнае арганізацыйнае дасягненне ў гэтым годзе. Прывезці выставу з Аўстраліі амаль немагчыма для нашай тэрыторыі, аднак гэта атрымалася», – каментуе Лянкевіч.

 

 

Stand BY

Выстава калектыву SPUTNIK (Фатографы: Андрэй Лянкевіч, Агнешка Райс, Ян Брыкчыньскі, Адам Паньчук, Рафал Мілях, Юстына Мельнікевіч і Манца Юван; куратар Анджэй Крамаж). Андрэй Лянкевіч: «Праект на 90% польскага калектыву фатографаў – гэта той позірк на беларусаў, які мы крытыкуем, кажам, што мы не такія. Варта наведаць гэтую выставу, каб паглядзець на сябе збоку».

Праект калектыву LЁD «Набыты рэфлекс»

(Максім Дасько, Ганна Леванкова, Аляксандр Міхалковіч, Аляксей Навумчык, Аляксандра Салдатава, Максім Сарычаў). «Набыты рэфлекс» – частка вялікага праекту-даследавання пра межы кантролю і нормы ў сучасным грамадстве, які шукае пазнакі таго, дзе сканчаюцца ўласныя каштоўнасці і пачынаюцца сацыяльныя нормы. Прыкладна так апісана выстава на сайце фестывалю. Паверым аўтарам.

 


Выстава класіка беларускай фатаграфіі Валерыя Лабко «Заўтрашняя фатаграфія»

Будзе суправаджацца асаблівай падзеяй для ўсіх фанаў айчыннага фотамастацтва – прэзентацыяй аднайменнага альбома Валерыя Лабко, якая адбудзецца 14 верасня.

Слова Лянкевічу: «Я не думаю, што шмат сучасных фатографаў, якіх вы можаце назваць прафесіяналамі, ведаюць гэтага чалавека. Аднак імя Валерыя Лабко ўвасабляе з’яўленне новай хвалі фатаграфіі ў 1970-х. Выстава пакажа чалавека, які стварыў цэлае пакаленне беларускіх фатографаў. Там сабраныя яго тэксты і лепшыя працы. На яго можна будзе паглядзець як на цэласную з’яву, а не толькі як на чалавека. Выпускаючы альбом, мы фактычна ўпісваем яго імя ў гісторыю беларускай фатаграфіі. Такія альбомы мы плануем выпускаць штогод, каб ствараць фонд, дзе захаваюцца звесткі пра нашу фатаграфічную школу».

 

 

 

 

 

 

 

 

А што будзе яшчэ цікавага?

 

На афіцыйным адкрыцці «Месяца фатаграфіі ў Менску», якое адбудзецца 9 верасня, французскі майстар Клемент Брыенд разам з дзесяццю беларускімі фатографамі зладзяць фотапраекцыі на будынак «ЦЭХу», праца над якімі ўжо ідзе ў межах менскага майстар-класа Брыенда.

«Гэтая праца – прыклад кардынальных зменаў ва ўспрыманні сучаснай фатаграфіі, таму што ад уласна фатаграфіі засталася толькі выява. Няма ні фотаапарата, ні рамкі, ні паперы, ні галерэі – ёсць толькі будынак. Гэта спроба пабачыць гэты від мастацтва інакш», – тлумачыць Андрэй Лянкевіч.

13 верасня ў галерэі «ЦЭХ» адвакатка блогера Антона Матолькі ў справе супраць БТ Марыя Колесава-Гудзіліна правядзе лекцыю «Аўтарскае права на фатаграфіі (фатаграфічны твор)».

«Месяц фатаграфіі ў Менску» адмыслова наведаюць фатографы Роб Горнстра (The Sochi Project) з майстар-класам па DIY-фінансаванні і прасоўванні праекту, Агнешка Райс (суполка SPUTNIK), якая правядзе экскурсію па выставе сваёй суполкі, а Ірына Чмырова і Яўгеній Беразнер, арганізатары аўстралійскай выставы для фестывалю PhotoViza, падрабязна раскажуць пра сваю працу і таксама правядуць экскурсію.

 

Выставы фестывалю можна пабачыць да 30 верасня. Поўную праграму «Месяца фатаграфіі ў Менску» знойдзеш тут.