Таймлайн беларускага матацыкліста

  • 24.05.2017
  • Аўтар: 34mag
  • 7403

Пры падтрымцы Jack Daniel's разабраліся ў галоўных момантах байкерскага сезона ў Беларусі. Ад менскіх пунктаў збору да Міжнароднага дня матацыклісткі – падрабязны план для тых, хто набыў байк, але не ведае, куды з ім падацца.

 

Адкрыццё сезону

 

З прамасленых гаражоў байк выкочваюць звычайна ў красавіку ці траўні, калі ўсталёўваецца плюсавая тэмпература і падсыхае асфальт. Звычайна ў кожным горадзе кожным клубам прызначаецца канкрэтная дата. Напрыклад, рэспубліканскае адкрыццё сёлета адбылося 23 красавіка ў межах традыцыйнага цэхавага кірмашу «Мотавелаэкспа». Адкрыццё – гэта фарматная тусоўка, у якой удзельнічаюць дзяржорганы і нават яе арганізуюць: збіраюць байкераў у калону, пракладваюць па горадзе маршрут, экзаменуюць на катэгорыю «А» жадаючых. Мэта – сігналізаваць усім на дарозе, што ў наступныя паўгода папуляцыя двухколавых значна павялічыцца – таму суцэльны ахтунг у люстэрка задняга віду!

 

 

 

 

  Як пазбегнуць аварыі з матацыклістам?  

На шматпалоснай дарозе байкеры звычайна рухаюцца паміж двума левымі палосамі, часта – з вельмі значным перавышэннем хуткасці, таму калі ты перастройваешся на суседнюю паласу, прапусці яго наперад. Увага пры левым павароце, байкеры не заўжды спыняюцца, калі спыняюцца машыны. Максімум увагі, калі загараецца «ружовае» святло, то-бок жоўтае пераключаецца на чырвонае. Не забывайся пра матацыкліста, калі ён трапляе ў тваю мёртвую зону бачнасці. Уключай паваротнік, нават калі ты аб’язджаеш люк. Ну і глядзі ў люстэрка, калі адчыняеш дзверы.

 

 

 

 

Менскія кропкі збору
У кожным горадзе ёсць месцы, дзе збіраюцца байкеры, што называюцца «аглядная» ці «гара». Людзям трэба дзесьці спыніцца, нікому не замінаючы, каб перакусіць, выпіць кавы, таму патрэбны вялікі паркінг мінімум на 50 матацыклаў. У Менску раней галоўная кропка збору была каля рэстарацыі «Канстанцін» на Машэрава, была таксама на Плошчы Свабоды, але яе зачынілі шлагбаумам. Цяпер гэта запраўка United Company на Пераможцаў, «Манетка» на Камароўцы з шаўрмічнымі пасажамі, паркінг каля «Лаўкі» на Кастрычніцкай і «Карона» на Кальварыйскай (там у асноўным збіраюцца спортбайкі). Усяго па Менску 5-6 байкерскіх «гор».

 

 

 

 

  Што такое каварэйсер?  

Каварэйсер – гэта байк, мадыфікаваны яго ўладальнікам для дасягнення высокіх хуткасцей на невялікіх адлегласцях, ад адной кавярні да другой . Тэрмінам «кафэрэйсер» называюць не толькі самі матацыклы, але і іх уладальнікаў. Дзвіжуха зарадзілася ў пасляваенныя часы ля лонданскай прыдарожнай кавярні Ace Cafe, дзе збіралася па некалькі сотняў байкераў. Па сутнасці, каварэйсеры – гэта першыя кастамныя байкі. У ЗША ў гэты ж час з’яўляюцца боберы – «абстрыжаныя» ад лішніх дэталяў з такой жа мэтай буйналітражныя апараты.

 

 

 

 

Міжнародны дзень матацыклісткі
Гендарная роўнасць паволі зацякае і ў байкерскую супольнасць. Калі пяць гадоў таму на дарозе сустракаліся адзінкавыя матацыклісткі, то цяпер прыкладна кожным дваццатым байкам кіруе дзяўчына. У траўні нават упершыню ў Беларусі (а ў свеце ўжо ў адзінаццаты раз) адсвяткавалі Міжнародны дзень матацыклісткі (International Female Ride Day), які скончыўся вялікім жаночым мотапрабегам. Кажуць, што ніякіх перашкодаў і «шкляных столяў» у байкерскім асяроддзі няма: у тусоўку прымаюць проста, калі ў цябе ёсць байк, а значыць і тэма для смолтокінгу на паркінгу.

 

 

 

 

  Беларускі жаночы мотарух  

Хоць пра роўнасць і кажуць, але ў большасці мотаклубаў існуе забарона прымаць жанчын у свае шэрагі (а яшчэ цемнаскурых і гомасэксуалаў). Жаночыя клубы маркіруюцца адмысловымі абрэвіятурамі FMC (Female Moto Club) або WMC (Women Moto Club). У Беларусі існуе тры жаночыя аб’яднанні – Lady Riders, «Ласточки» і Angirls.

 

 

 

 

Мотакірмашы
За год праходзіць некалькі панэльных выстаў двухколавай прамысловасці, на якіх можна заліпнуць з думкай «бляха, хачу сабе такі байк», знайсці запаветную кастамную падножку або сустрэць свайго даўняга матацыклетнага бро. Зэльва з Зэльвы – самы буйны беларускі мотакірмаш «Мотавелаэкспа», які супадае з рэспубліканскім адкрыццём. З іншых – «Традыцыйная мотавыстава» на картадроме ў Баравой і калядны кірмаш «Ангар» на тым жа месцы.

 

 

 

 

  Самы вядомы беларускі кастамайзер  

Юрый Шыф мае два сусветныя тытулы па кастамайзінгу: чэмпіён свету 2010 года ў ЗША і Custombikeshow 2010 у Германіі з кастамным байкам The Machine на базе кіеўскага «Днепра». Сярод яго заказчыкаў – саліст «Ума2рман» Уладзімір Крыстоўскі, акцёр Міхаіл Парэчанкаў і Цімаці. У 2014-м да 30-годдзя тэрмінатараўскай франшызы Шыф стварыў аналагічны байк, на якім у чацвёртай серыі катаюць прыслужнікі Skynet. І, як высветлілася, пэўны час быў менеджарам беларускага гурта-доўгажыхара The UNB.

 

 

 

 

Байкерскія фэсты

 

З адкрыцця сезона і да апошніх кулікоў тут і там па Беларусі праходзяць байкерскія фэсты, злёты і культурныя пікнікі. Самы буйны такі «гластанберы» адбываецца ў Берасці. Brest Bike Fest штогод збірае каля 10 тысяч жалезных вершнікаў, у тым ліку і з навакольных краін, а ў лайнапе сёлета мае «Ляпіс 98», «Дай Дарогу» і адных з «Песняроў». Другі фестывальны маст-хэв – Лідскі байк-фестываль – мае не меншую артылерыю: пакуль заяўлены толькі Brutto. Таксама байкеры злятаюцца на гарадзенскі «Хавайся ў бульбу», смаргонскі Moto Picnic, асіповіцкі «Байк-Рок фестываль», «Дружбу» ў Светлагорску, «Пярун» у Барысаве, MotoFestWest у Баранавічах. Нават узімку збіраюцца ў Лідзе на фестываль «Люты». Чаму так шмат івэнтаў за год? Таму што кожны беларускі байк-клуб (а ў нас іх два дзясяткі) павінен у сезон зладзіць як мінімум адзін фэст. Таму ў некаторых і атрымліваюцца фестывальныя запоі на ўсё лета.

 

 

 

 

  Хто такія 1%?  

Тэрмін з’явіўся ў 1947 годзе, калі кіраўнік Амерыканскай Матацыклетнай Асацыяцыі заявіў, што ўвогуле ўсе матацыклісты добрыя і законапаслухмяныя хлопцы, і толькі 1% з іх парушаюць закон (outlaws). З таго часу пачалі афармляцца матацыклетныя банды, з самымі вядомымі з якіх, Hell’s Angels, тусіў добры час Хантэр Томпсан. Зараз да «аднапрацэнтнікаў» адносіцца «вялікая чацвёрка» клубаў – Hell’s Angels, Outlaws MC, Pagans MC і Bandidos MC. Па словах арганізатараў Recast Moto Fest, у Беларусі outlaws-клубаў няма.

 

 

 

 

Recast Moto Fest

 

У двухдзённым фармаце ў Менску прайшоў ужо трэці Recast Moto Fest, цалкам прысвечаны роварнаму і матацыклетнаму кастаму. Арганізатары кожны год выбіраюць цікавыя лакацыі, сёлета гэта галоўны асяродак беларускага мёду – Палац мастацтваў. У галерэйныя залы арт-прасторы (на трэці паверх!) закацілі лепшыя кастамныя майстарпісы. І калі на папярэдніх фэстах байкі можна было завесці і пагазаваць, сёлета яны пераўтварыліся ў арт-аб'екты, якія можна было, быццам палотны Бацічэлі, няспешна разглядваць. Музыкаў запрашаў партнёр фестывалю Jack Daniels.

 

 

 

Jack Daniel's Stage @ Recast Moto Fest

 

 

 

 

 

 

 

 

 

  Што такое кастам?  

Кастамная культура – гэта ўсё тое, што куплена не на стоках у заводскім варыянце, а зроблена сваімі рукамі. Акрамя байкаў, сюды адносяцца малюнкі, пінстрайпінг і татуіроўкі. Сапраўдны кастам робіцца з нуля: купляеш рухавік, купляеш трубы, гнеш іх, робіш раму, купляеш асобна колы. Усё астатняе – гэта цюнінг. Сучасная хваля аматарскага кастамайзінгу зарадзілася гадоў пяць таму. А Recast Moto Fest – гэта ўсеагульны форум беларускіх кастамайзераў, каб яны пабачылі байкі адзін аднаго і абмеркавалі, як хто гне трубы.

 

 

 

 

Матацыклетныя спаборніцтвы
Калі цябе вабіць менавіта двухколавы маторны спорт, то застаецца толькі выбраць які. Любіш забег на доўгую дыстанцыю і шмат перашкодаў на сваім шляху? Значыць, табе ў эндура (чэмпіянаты Four Seasons праходзяць у чатыры этапы – вясна, лета, восень, зіма). Калі табе падабаецца ўпэўненае асфальтавае пакрыццё і адточванне навыкаў да дасканаласці, тады прымай удзел у шашэйна-кальцавых мотагонках (першы этап чэмпіянату па шкмг ужо прайшоў, але павінны яшчэ аб’явіць дату адкрытага чэмпіянату). Калі бруд і відовішчнасць – гэта тваё, то бяры кросавы байк і наперад (каляндар заездаў глядзі тут). Ну а для аматараў камандных спартыўных гульняў прамая дарога ў мотабол. На ўсе віды дысцыплін адным махам можна купіць гадавую ліцэнзію, тады не спатрэбіцца на кожныя спаборніцтвы рабіць узносы. Ну і адпаведны байк, канешне, не забудзь.

 

 

 

 

  Што такое мотабол?  

Умоўна, гэта футбол на матацыклах. Сэнс гульні такі ж самы, але гуляюць з вялікім мячом і на асфальтаванай паверхні. Галоўныя беларускія асяродкі – гэта Пінск і Лунінец, каманды адтуль нядрэнна валяць на міжнародным узроўні. Дарэчы, у 2004 годзе зборная Беларусі выйграла Чэмпіянат Еўропы і чатыры разы брала срэбра. Лепшыя мотабольныя стадыёны, зноў жа, знаходзяцца ў Пінску і Лунінцы.

 

 

 

 

«Кола Часу»

 

Фестываль рэтра-моцыкаў «Кола часу» збірае беларускіх двухколавых старычкоў, а ў гэтым годзе ўпершыню арганізуе прабег ветэранаў ад плошчы Свабоды да вяслярнага канала ля Заслаўля, дзе наступныя тры дні яны будуць аддавацца прыродным радасцям. Асцярожна, некаторым з мадэляў па 80 з лішкам гадоў!

 

 

 

 

  76-гадовы матацыкліст-вандроўнік з глуханематой  

Уладзімір Ярэц – першы матацыкліст без слыху, які атрымаў у СССР пасведчанне кіроўцы. За 50 гадоў вандроўніцтва ён аб’ехаў 142 краіны і накруціў пад мільён кіламетраў. Ён пачынаў сваё падарожжа на «Яве», але ў Амерыцы яго збілі, з-за чаго ён год праляжаў у бальніцы, затым яму падарылі BMW, на якім ён працягнуў вандраваць. Па апошніх звестках, у 2013 годзе ён вяртаўся ў Менск з кругасветкі, цяпер катаецца па наваколлі ды збірае грошы на наступны трып.

 

 

 

 

Gentleman’s Ride
Міжнародная акцыя са штаб-кватэрай у Аўстраліі. У кожным горадзе, дзе прайшла рэгістрацыя, у апошнія выходныя верасня на прабег выязджаюць з абавязковым дрэс-кодам: парадны касцюм, гальштук або мятлік. Фармат паказвае іншы вобраз байкера, рэабілітуе яго як хулігана, шкодніка і бруднага чалавека. А добраахвотныя грошы ідуць на барацьбу з мужчынскімі захворваннямі, у першую чаргу з ракам прастаты.

 

1саунд

 

 

 

  Што значаць байкерскія нашыўкі?  

У байкерскім асяроддзі клубныя эмблемы называюцца «колеры», якія традыцыйна складаюцца з трох частак: верхні рокер з назвай мотаклуба, цэнтр з эмблемай клуба і ніжні рокер з месцам дыслакацыі клуба. Звычайна трохчасткавыя нашыўкі мелі «аднапрацэнтнікі», але зараз гэтае правіла строга не выконваецца. Назва тэрыторыі на ніжнім рокеры азначала прэтэнзію на кантроль пэўнага рэгіёна. Але, напрыклад, большасць беларускіх клубаў маюць агульную назву Belarus, а ў анархаскіраванага Rolling Anarchy MCC увогуле пазначана International Club. Дарэчы, нашыўку для іх стварыў адзін з заснавальнікаў клуба, беларускі мастак і дызайнер Уладзімір Цэслер.

 

 

 

 

Закрыццё сезона і зімоўка
Сезон звычайна закрываюць напрыканцы верасня грандыёзным парадам з салютам, але потым яшчэ доўга неўтаймаваныя байкеры працягваюць рассякаць па астываючых вуліцах горада, а некаторыя, асабліва на крос-байках, катаюцца і ўзімку. Астатнія ж закочваюць сваіх жалезных сяброў у гаражы, дзе іх, расцягваючы доўгія вечары, рэмантуюць, падфарбоўваюць і ціхенька сумуюць па наступным сезоне.

 

 

 

 

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы Jack Daniels, партнёра музычнай сцэны на III Recast Moto Fest.

Шчырая падзяка Уладзіміру Чысціку і Вадзіму Мулярову ў падрыхтоўцы матэрыялу.

СООО "Белвингрупп"
УНП ‎800009596

Фота з hograllyminsk.com, static.abw.by, szao.mos.ru, auto.onliner.by, belmetal.org, vk.com/angirlss, vk.com/kola_4asu_belarus & palasatka

 


КАМЕНТАРЫ (5)

Źmicier Biesaŭ | 7.06.2017 17:29

Цікавіць ці ёсць сярод байкераў нейкія свядомыя клубы, тыя хто не катаюць разам з Лукашэнкамі і рознымі Хірургамі, сапраўдныя мотаваяры?

0 0
Осмос
Осмос | 27.05.2017 17:29

Всё хорошо, только ни слова не сказано о том, что мотоциклисты должны ездить внимательно и аккуратно. Только об автомобилистах... Правда гибнут не авто- а мотоциклисты. Стоило бы поменять акценты

1 1
Constantine Wynand | 26.05.2017 12:25

Все замечательно. Но зачем было переводить англицизм и, к тому же, неправильно? "Каварэйсер" - "коферэйсер"? Или, все же – кафе?

А статья интересная. Спасибо.

1 0 +1
34mag.net | 29.05.2017 13:54

Дзякуй! Вырашылі, што можам сабе дазволіць увесці новае слоўца)

4 0 +4
Мицёк
Мицёк | 6.06.2017 21:58

Кафешник есть кафешник, ничего вы не введёте

0 1 -1