Старты, поспехі і страты: якім быў 2025 год для беларускага мастацтва?
- 26.12.2025
- 40

Мастак Андрэй Дурэйка падлічыў, што толькі ў сферы выяўленчага мастацтва ў 2025 годзе адбылося каля 700 беларускіх выстаў па ўсім свеце – аб’ём, які немагчыма ахапіць адным тэкстам. Таму гэты wrap – суб’ектыўныя вынікі года, сабраныя галоўнай рэдактаркай Chrysalis Mag Палінай Юргенсон.
Важная заўвага: гэты тэкст складаецца пераважна з падзей выяўленчага мастацтва, іншыя віды арту трапілі сюды толькі ўскосна. Тым не менш маем вялікі канцэнтраваны спіс падзеі, імён і праектаў 2025-га. Enjoy!
80+ карцін Царфіна, Венецыя і іншыя куратарскія поспехі
Асабліва гучнымі праектамі ўжо амаль традыцыйна сталі экспазіцыі пад куратарствам Дзіны Даніловіч у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Паводле ажыятажу ў сацсетках дзеячаў культуры вылучыліся, мабыць, тры выставы: «Эфект назіральніка» Віктара Бутры, супольны выставачны праект НЦСМ і ініцыятывы «Арт-повод» – «Парушаючы цішыню», а таксама «Архіў. Прастора паміж…» – выстава да 10-годдзя з дня заснавання НЦСМ.
Акрамя гэтага, асаблівае месца сёлета займаюць выставы невялікай групы мастакоў з мінскага псіханеўралагічнага інтэрната – «Краіна Оз». Пад куратарствам мастачкі і арт-тэрапеўткі Кацярыны Крохалевай група ўдзельнічала або арганізоўвала персанальныя экспазіцыі ў Нацыянальным мастацкім музеі, бібліятэцы Пушкіна, музеі Азгура, Грузінскім доме, бібліятэцы Якуба Коласа і галерэі Леаніда Шчамялёва.
Сярод буйных выставачных падзей варта вылучыць і вялікую выставу Фабіша-Шрагі Царфіна, якой напрыканцы года парадавала галерэя «Арт-Беларусь». У зале на Казлова ўдалося сабраць больш за 80 жывапісных прац аўтара з беларускімі каранямі. Гэта пакуль самая маштабная выстава Царфіна, якая праходзіла ў Беларусі.

«Заход». Фабіш-Шрага Царфін. Каля 1950 г.
Што да замежных навін куратарства, то тут першай на думку спадае Алена Карпілава. У 2025-м куратарка Школы архітэктурнага мыслення і мастачка-ювелірка стала часткай адразу дзвюх падзей сусветнага маштабу. Па-першае, хэпенінг «Foreigners Everywhere» ад Школы архітэктурнага мыслення ўвайшоў у асноўную праграму Венецыянскага архітэктурнага біенале. А па-другое, Алена прадставіла свой куратарскі праект «L’étrangère» на Мюнхенскім ювелірным тыдні – галоўнай сусветнай падзеі ў сферы ювелірнага мастацтва. Пра абодва мерапрыемствы яна распавядала 34mag.
Акрамя гэтага, вялікай куратарскай перамогай стала праца Аляксея Барысёнка. Беларускі даследчык сёлета курыраваў платформу для новых талентаў ZONE1 на міжнародным арт-кірмашы viennacontemporary. Экспазіцыя адзначыла сваё дзесяцігоддзе і традыцыйна прадставіла персанальныя выставы 10 выбітных мастакоў ва ўзросце да 40 гадоў, цесна звязаных з Аўстрыяй.
Былі цікавыя навіны пра будучыя праекты. Напрыклад, беларуская даследчыца і куратарка Антаніна Сцебур выйграла адкрыты конкурс канцэпцый для выставы transmediale (Берлін). Гэта значыць, што ў 2027-м яна стане куратаркай аднаго з самых уплывовых фестываляў лічбавага і медыямастацтва ў свеце. Безумоўна, вялікая падзея для ўсяго беларускага арт-поля.
Новыя медыяпраекты і беларускі арт у знакамітых выданнях
З самага пачатку 2025-га нас парадаваў праект Belarusian Soviet Monemental Art, які запусціў анлайн-мапу, на якой можна знайсці інфармацыю пра 500 аб’ектаў манументальнага мастацтва па ўсёй краіне ў розных тэхніках. У падобным кірунку пачалі працаваць і валанцёры з Наваполацка ў праекце novopolock.mosaics.restored. Яны ў лічбавым фармаце аднаўляюць знакамітыя пад’ездныя мазаікі горада, каб надзейна захаваць гэтую частку культурнай спадчыны Беларусі.
Таксама беларускія мастакі паспелі з’явіцца на старонках буйных медыя. Ілюстратар, жывапісец і стрыт-арт мастак Дзмітрый Кашталян праілюстраваў адзін з артыкулаў The New York Times, а дызайнерка Наста Kanva і мастакі Яўген Шадко і Таццяна Кандраценка апублікаваліся на старонках польскага Vogue.
Ілюстрацыя Дзмітрыя Кашталяна для The New York Times
У культурніцкім медыяполі таксама адбыліся новыя зрухі. У Chrysalis Mag адрэагавалі на запыт сферы жывіць айчынную арт-крытыку і запусцілі адпаведную рубрыку. Фармат пакуль выпрацоўваецца, але першы тэкст ужо можна пачытаць тут.
Выдавецтва арт-кніг, бібліятэка фотакніг, успаміны Шагал
У 2025 годзе асабліва цешыць магчымасць распавесці пра арт-кнігі не адным радком. Галоўная падзея тут – запуск выдавецтва ТАМАКА, якое прэтэндуе на сферу, у якой даўно адчувалася пустэча, – гэта ніша беларускіх арт-кніг і агулам праектаў з удзелам мастакоў, фатографай, дызайнераў і архітэктараў. У ТАМАКА выйшлі дзве кнігі – Машы Святагор і Машы Карнеенка, прычым першая ўжо атрымала міжнароднае прызнанне і ўвайшла ў топ-10 новых фотакніг сезона паводле версіі British Journal of Photography.

Кніга з калажнымі працамі Машы Святагор
Таксама вылучым некаторыя асобныя выданні. Упершыню па-беларуску выйшлі «Запаленыя свечкі» Бэлы Шагал. Кнігу ўспамінаў пра жыццё ў Віцебску ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя з ілюстрацыямі Марка Шагала выпусціла жаночае выдавецтва «Пфляўмбаўм».
Архіў ВЕХА выдаў новую кнігу «Руіны Беларусі». Для архіва гэта новы этап, бо ўпершыню калекцыя ВЕХА выйшла не саматужна, а разам з Цэнтрам беларускай культуры ў Беластоку.
Нядаўна выйшла з друку манаграфія Вольгі Лабачэўскай «Аброк. Абыдзённік: жаночыя рытуальныя практыкі». У кнізе дэталёва праілюстраваны і апісаны рытуалы, мэтай якіх было пераадоленне экстраардынарных сітуацый: эпідэмій, войнаў ды іншых пагроз існавання соцыуму – і пераадоленне экзістэнцыяльных крызісаў у жыцці асобнага чалавека.

Фота: ragna.by
Кася Palasatka – стваральніца кніг «The Belarus Book» і «Minsk» – абвясціла, што ўзімку выйдзе яе кніга «Belarus». Унутры будуць здымкі, зробленыя ў Беларусі на працягу апошніх пяці гадоў. Перадзамову можна зрабіць па спасылцы.
І гэта яшчэ не ўсё. Сёлета ў Варшаве дзякуючы працы беларускай фатаграфічнай платформы ФШ1 запрацавала бібліятэка фотакніг. Калі будзеш Польшы – можаш паглядзець выданні розных беларускіх аўтараў, нават калі яны даўно out of stock.
Прызы, прызнанне, траплянне ў музейныя калекцыі
Адна з самых гучных навін пра перамогу ў конкурсе адбылася адразу на пачатку 2025 года. Фатографка Таццяна Чыпсанава стала рэгіянальнай пераможцай конкурсу World Press Photo ў намінацыі «Доўгатэрміновы праект». Яе «Тэ Урэвера — жывы продак народу тухоэ» адзначылі для Паўднёва-Усходняй Азіі і Акіяніі. Фатографка, ураджэнка Беларусі, гадамі дакументуе жыццё і культуру маары, а падрабязней пра гэта можна пачытаць у інтэрв’ю 34mag.

Асобным радком адзначым фатографку Сашу Вялічка. Сёлета яе «Стан адмаўлення» шмат разоў удзельнічаў у праектах самых буйных міжнародных пляцовак. Саша стала лаўрэаткай гран-пры Les Boutographies 2025 – аднаго з вядучых еўрапейскіх фестываляў аўтарскай фатаграфіі, увайшла ў праграму фестывалю Valencia Photo ў Іспаніі, а таксама стала галоўнай пераможцай прэміі Photo Essay на Еўрапейскім Месяцы фатаграфіі SEEEU ў Токіа.
Беларускае мастацтва было прадстаўлена і ў буйных музеях. Напрыклад, працы беларускай мастачкі Вікі Мітрычэнка ўвайшлі ў калекцыю Stedelijk Museum у Амстэрдаме – аднаго з ключавых музеяў сучаснага мастацтва ў Еўропе. Уключэнне Мітрычэнка ў калекцыю Stedelijk фактычна замацоўвае прысутнасць беларускай мастацкай думкі ў гісторыі еўрапейскага мастацтва.


Працы Вікі Мітрычэнка ў Stedelijk Museum
Змены на мапе культурных прастораў
У гэтым месяцы ў Менску афіцыйна запусцілася культурная прастора «ЭХО». Цяпер на «Лучы» – праспект Незалежнасці, 95, к. 5 – дзейнічае пляцоўка, якая пазіцыянуе сябе як «культурнае сэрца горада». Увесну з’явілася новая выставачная прастора на плошчы Свабоды, 8 – галерэя «Мы». А на базе галерэі «Арт-Фабрыка» ініцыятыва Off Museum сёлета запусціла мастацкія кірмашы – двухдзённыя мерапрыемствы з лекцыямі, майстар-класамі і магчымасцю набыць сучасны беларускі арт з рук саміх аўтараў. У 2025-м яны прайшлі двойчы, будзем спадзявацца, што захаваюць дынаміку ў наступным годзе.
На жаль, не абышлося без страт. На Кастрычніцкай закрылі прастору «Монохром», дзе раней круцілі шэдэўры сусветнага кіно. У Вільні развіталася з заўсёднікамі прастора CreateCulture Space, захаваўшы за сабой толькі студыю і відэапрадакшан. У Варшаве не найлепшыя часы перажывае MIT. Хто на новенькага? У літоўскай сталіцы з’явіўся «Золак», у польскай – «Кватэра.27» і WellcumStudio.
Адназначна добрыя навіны прыходзяць з-за акіяна. Сёлета на фестывалі Burning Man у амерыканскай пустыні ўпершыню запрацаваў беларускі лагер MARA. Падчас фэсту беларусы прапаноўвалі папарыцца ў традыцыйнай лазні, пакаштаваць травяной гарбаты і пачаставацца дранікамі.
А ў анлайне, па суб’ектыўным меркаванні, адбылася адна з найгалоўнейшых падзей для супольнасці – стварэнне віртуальнага музея і дыджытал-калекцыі Беларуска-яўрэйскага культурнага цэнтра. Каманда праекта зрабіла вялікую працу па пабудове структуры анлайн-музея ў супрацоўніцтве з замежнай акадэмічнай супольнасцю, запусціла працу кам’юніці вакол праекта і самой калекцыі ўсяго за восем месяцаў. Магчыма, такім чынам Цэнтр заклаў падмурак для аналагічных архіваў беларускага выяўленчага мастацтва, якіх вельмі не хапае. Час пакажа, як будзе развівацца праект, але ўжо цяпер адну з іх 3D-рэканструкцый уключылі ў пастаянную экспазіцыю Музея мастацтва і гісторыі юдаізму (MAHJ) у Парыжы.