140 000 «глюкаў» у навуковых працах, вяртанне доўгіх відэа і новыя ШІ-інструменты
- Рубрыка: MEDIASCAPE
- 21.05.2026
- 40
ШІ-сэрвісы вырабляюць усё больш якасны кантэнт, але маладыя людзі ўсё часцей кажуць пра стомленасць ад «пластыку» і страх, што ён забярэ ў іх шчаслівую будучыню, а даследчыкі фіксуюць рост «галюцынацыйных» цытат у навуковых працах. Распавядаем пра трэнды лічбавага свету і пра карысныя інструменты, якія дапамогуць табе рабіць класны блог ці штосьці яшчэ.
ChatGPT становіцца «другім мозгам»
OpenAI чарговы раз абнавіў ChatGPT, і цяпер той значна менш галюцынуе і сутнасна больш запамінае. Мадэль захоўвае файлы, кантэкст, папярэднія праекты і можа трымаць у памяці доўгія працоўныя працэсы, заходзячы на тэрыторыю Notion, Google Docs і закладак у браўзеры. Разуменне кантэксту з магчымасцю аналізаваць вялікія файлы і доўгія перапіскі робіць ChatGPT усё больш зручным інструментам для паточных працоўных і навучальных працэсаў, а таксама для асабістага лайфлогінгу. Не чат-бот, а пастаянны лічбавы памочнік, або, як пішуць найбольш эмацыйныя тэхнажурналісты, «другі мозг».
ШІ-відэа становіцца менш страшным і больш даступным
Google Veo 3.1 – класны інструмент для маленькіх медыя і блогераў без прадакшан-каманды за спінай, якія хочуць ствараць прыстойнае відэа. Карцінка тут атрымліваецца больш-менш жывая, мадэль не партачыць з фізікай, трымае «ў галаве» ўсю сцэну, не забываючы, што было секунду таму. Можна задаць кінематаграфічныя рамкі тыпу «90s VHS aesthetic» ці «TikTok vlog style» – цябе зразумеюць, і гэта не будзе каштаваць вялікіх грошай. А яшчэ гуглаўскі відэагенератар стварае гук! У сцэне, дзе бягуць коні, яны будуць біць капытамі і, калі трэба, ігогокаць.
Вядома, ШІшка – гэта не Вонг Кар-Вай і мы зусім не аматары пластыкавых відосаў, але нельга не адзначыць карыснасць падобных рашэнняў для нішавых творцаў. Калі ў цябе ёсць ідэя, ты абавязкова яе рэалізуеш без студыйных бюджэтаў і абсталявання.
Сам сабе моўшан-дызайнер
У платнай падпісцы Claude з’явіўся мегакарысны інструмент Claude Design: з ім можна ствараць інфаграфіку, прэзентацыі, візуальныя справаздачы, прома-матэрыялы і візуал для сацсетак. У тым ліку можна запіліць анімацыю і быць сам(-а) сабе моўшан-дызайнерам(-кай) – за адэкватныя грошы. Ну свята на вуліцы нішавых творцаў.
ШІ-пісьменнасць становіцца базавым навыкам
З пісьмом без памылак сёння дапаможа новы сэрвіс, а вось як даць рады разуменню, дзе праўда, а дзе – маніпуляцыя, прыдумка ці глюк? Настаўнікі б’юць у званы: ратуйце, вучні губляюць навыкі аналізу! На што тэхна-аптымісты адказваюць: гэта вы проста курсы ШІ-пісьменнасці не ўводзілі.
Раней людзі вытрачалі час на тое, каб навучыцца, як абыходзіцца з камп’ютарамі, а цяпер ім трэба вучыцца жыць побач з LLM. І гэта не пра тое, каб усе сталі вайб-кодзіць, а пра тое, каб быць здольнымі сумнявацца, правяраць, удакладняць і ўласна мысліць. Выглядае на тое, што курсы ШІ-пісьменнасці неўзабаве стануць базай і гэты навык увойдзе ў джэнтль(ву)мэнскі набор для бусту кар’еры.
Маеш у актыве англійскую мову, крытычнае мысленне і ўменне жыць у тэхналагічным свеце – і вось ты жаданы спецыяліст(-ка) у крутых камандах.
Маладыя людзі стаміліся ад ШІ
Амерыканская аналітычная кампанія Gallup зладзіла апытанку і на падставе адказаў 1500 чалавек ва ўзросце ад 14 да 29 гадоў прыйшла да высновы, што моладзь стала горш ставіцца да ШІ. Больш за тое: у 31% апытаных новыя тэхналогіі ўвогуле выклікаюць гнеў (у 2025 годзе раз’юшаных было толькі 22%). Асноўная прычына незадаволенасці – страх: шмат хто ўпэўнены, што праз ШІ складана знайсці добрую працу.
«Галюцынацыі» раз’ядаюць давер да навуковай працы
Тэлеграм-канал Bel-geek распавёў пра даследаванне, якое выявіла больш за 140 000 сфабрыкаваных цытат у навуковых прэпрынтах 2025 года. Цікава, што асабліва высокая канцэнтрацыя «галюцынацыйных цытат» – спасылак на неіснуючыя артыкулы, часопісы або аўтараў – зафіксаваная ў працах са сферы сацыяльных навук. Аўтары даследавання заўважаюць, што такое стаўленне да навуковай працы падрывае давер да акадэмічнай справы і заклікаюць рэпазіторыі, рэдакцыі часопісаў і даследчыкаў уводзіць аўтаматычныя праверкі спасылак.
Блогеры замяняюць медыя
Былая кіраўніца BBC News Дэбара Цёрнэс упэўненая, што галоўная пагроза для класічных СМІ – гэта не брэйнрот-кантэнт у TikTok, а так званая крэатыўная журналістыка, то-бок блогеры і блогеркі на тым жа TikTok, у YouTube, Telegram і Substack, якія ствараюць медыя вакол сваёй асобы. На кантэнт такіх сам-сабе-медыя людзей збіраецца і ўдзячная аўдыторыя, якую цікавяць думкі гэтай асобы, і скептыкі з хэйтвочарамі. Агулам, як паказваюць апытанні, людзі ўсё менш давяраюць брэнду-медыя і ўсё больш – брэнду-чалавеку.
Хоць пытанне заняпаду экспертнасці абмяркоўваецца не першы год (можна, напрыклад, паслухаць падкаст на тэму «Чаму блогерам вераць больш, чым акадэмікам?»), лічым важным падсвятліць гэты трэнд. Журналісты і журналісткі нездарма становяцца героямі доўгіх інтэрв’ю, а беларускія галасы нарэшце гучаць і на Substuck (пра платформу можна падрабязна пачытаць тут).
Доўгія формы вяртаюцца
Vogue Business выкаціў матэрыял пра тое, што брэнды зноў хочуць даваць аўдыторыі не толькі дафамінавыя рылсы на пятнаццаць секунд, але і доўгія відэа. Адзначаецца, што кароткія формы па-ранейшаму цудоўна працуюць як пункт ўваходу і знаёмства, але, каб фармаваць давер і лаяльнасць, патрэбны аб’ёмны кантэнт.
Людзі сапраўды слухаюць нават трохгадзінныя размовы на YouTube і вяртаюць сабе навык чытання доўгіх тэкстаў (не вельмі верыцца, але рост Substack – жалезны аргумент). Іншая справа, што аб’ём не роўны глыбіні, і трохгадзінныя размовы на YouTube – гэта часцей за ўсё не паўнавартасныя гісторыі, а інфашум-пігулка ад адзіноты, пустэчы, нуды. Гісторыю як фармат яшчэ давядзецца вынаходзіць нанава.
TikTok уплывае на тое, што робім па жыцці
Спачатку TikTok удыхнуў новае жыццё ў танцавальную індустрыю, а потым стаў уплываць на тое, што мы слухаем і чытаем. Згадаем, напрыклад, узлёт трэка «August» Intelligency і заўважым, што «Маленькае жыццё» Ханьі Янагіхары здабыла сусветны поспех не ў апошнюю чаргу праз ролікі, дзе людзі рыдаюць на яе апошніх старонках. Аднак, акрамя нашых плэйлістоў і спісаў для чытання на лета, TikTok праграмуе і іншыя культурныя штукі: як людзі ядуць, што за адзенне купляюць, як вучацца, якую фізічную актыўнасць абіраюць, якім чынам арганізуюць працу і гэтак далей.
Можна сказаць, што сёння непрадказальны алгарытм TikTok стварае мікракультуры, прычым існуюць яны па-над межамі дзяржаў, што ў тэорыі мусіць спрыяць культурнаму абмену і паразуменню.
Людзі сталі менш размаўляць
BBC Science Focus падзялілася даследаваннем, згодна з якім чалавецтва губляе 338 слоў у дзень – не ў тым сэнсе, што наш слоўнікавы запас скарачаецца, а ў тым, што мы становімся ўсё больш скупыя на яго дэманстрацыю. Навукоўцы выявілі, што паміж 2005 і 2019 гадамі колькасць вусных слоў скарацілася на 28%. Яны адзначаюць, што «паступовае зніжэнне вуснай размовы можа быць непрыкметным з дня ў дзень, але на працягу многіх гадоў гэта можа змяніць тое, як людзі ўзаемадзейнічаюць <...> Калі людзі вядуць менш размоў, яны могуць губляць як эмацыйныя перавагі сацыяльнага ўзаемадзеяння ў моманце, так і перавагі падтрымання моцных адносін у доўгатэрміновай перспектыве». Можа, гэта знак выцягнуць сяброўку на каву ці патэлефанаваць сваякам?
Візуал: Ardian Pranomo / Unsplash+