Дызайнерка Алена Карпілава: «Сучаснае ювелірнае мастацтва – гэта пра свабоду»

Імя Алены Карпілавай нячаста гучыць у беларускіх медыя, хаця яе ювелірныя і архітэктурна-адукацыйныя праекты прыцягваюць увагу і здабываюць цёплы прыём па абодва бакі Атлантычнага акіяна. Алена – куратарка, дызайнерка, аўтарка міжнародных выданняў пра мастацтва і сузаснавальніца Школы архітэктурнага мыслення – выбітнага праекта нефармальнай дзіцячай адукацыі. Мы паразмаўлялі з мастачкай, якая цяпер жыве ў Партугаліі, пра сферу, што практычна не існуе ў Беларусі, пра дамашнюю выставу з халадніком у межах Лісабонскага біенале і пра гістарычны для беларусаў удзел у дзвюх Венецыянскіх біенале запар.

 

Першыя вырабы, першыя публікацыі

– Як становяцца ювелірамі ў Беларусі?

– Калі б у нас было нейкае месца з ювелірнай адукацыяй, то я, напэўна, адразу пачынала б як ювелір. Але ювелірнай справы як сфармаванага напрамку ў Беларусі не існуе, а тым больш – сучаснага, са сваім стылем, ці хаця б як від мастацтва, што развіваецца. Праз гэта я доўгі час уяўляла сябе класічным мастаком – абсалютна не прыкладным да сучаснасці.

Але маленькія ўпрыгожанні з палімернай гліны, якую прывозіла з Літвы, я пачала рабіць яшчэ ў 2006 годзе. Тады ж я пачала адносіць свае каляровыя вясёлыя вырабы ў «Падземку», якой кіравалі Ганна Чыстасердава з Валянцінай Кісялёвай [пазней – стваральніцы галерэі сучаснага мастацтва «Ў». – заўв. 34]. І яны нават прадаваліся! Такая была студэнцкая падпрацоўка, увесь прыбытак ад яе ішоў, натуральна, на фарбы, бо я вучылася на жывапісе.

З часам я больш сур'ёзна звяртала ўвагу на ювелірную справу, стала чытаць галоўныя сусветныя рэсурсы па тэме. Успамінаю пра гэта з усмешкай. Жыццё – цікавая штука: калісьці я пачынала як чытач Art Jewelry Forum – галоўнага віртуальнага выдання ў свеце сучаснай ювелірнай справы, – а цяпер я іх аўтар.

Пішу для розных ювелірных выданняў і раблю розныя праекты. У ліпені выйдзе праект-квест для дзяцей, які мы ствараем з маім калегам Into Niilo для Музея брыльянтаў у Антверпене DIVA. У сярэдзіне чэрвеня я была ў якасці запрошанага члена журы ў бельгійскім Хасэлце на прэзентацыі работ магістраў спецыяльнасці «Сучасная ювелірная справа». Проста цяпер пішу паралельна тры тэксты.

— Што змянілася, калі вы яшчэ ў Беларусі адкрылі для сябе міжнародныя ювелірныя выданні?

— Я вельмі захацела, каб мяне нехта навучыў працаваць з металам! Але аказалася, што дамагчыся гэтага ў Беларусі зусім няпроста. Я хадзіла да розных ювеліраў, прасіла павучыцца і выслухоўвала кучу адмоваў кшталту «Ой не, навошта вам гэта? Адзін дзень паглядзіш – і больш не прыйдзеш». Цяпер я разумею, што для ювеліраў, як і для ўсіх, хто валодае нейкім майстэрствам, вельмі важна не проста за грошы кагосьці павучыць, а працягваць культуру чаляднікаў.

Тады я пачала працаваць з пластыкам і альтэрнатыўнымі матэрыяламі і завяла асабістую старонку ў Instagram, каб дзяліцца фотаздымкамі ўласных вырабаў і цікавымі працамі аўтараў з усяго свету, а таксама расказваць пра тое, што мяне натхняе. Ніякай выгады з блога ў мяне не было, я проста хацела дзяліцца цікавым і вучыцца.

 

«Для ювеліраў вельмі важна не проста за грошы кагосьці павучыць, а працягваць культуру чаляднікаў»

 

— Калі персанальны блог перарос у тэксты для найбуйнейшых міжнародных медыя?

— У 2022 годзе. Тады я шмат думала, чым магу дапамагчы сваім калегам ва Украіне, і мне прыйшла ідэя напісаць амерыканскаму сайту Art Jewelry Forum. Так і патлумачыла рэдактару, маўляў, разумею, што вы зусім мяне не ведаеце, але я б вельмі хацела зрабіць нешта карыснае для ўкраінскіх калег, падтрымаць іх і даць ім голас на міжнароднай сцэне, напісаўшы пра іх. Мая ідэя была ў тым, каб апублікаваць працы добрых ювеліраў на рэсурсе, які чытаюць усе, у тым ліку амерыканскія калекцыянеры. Такая рэклама мастакоў, якія пацярпелі, на пляцоўцы, дзе людзі рэальна купляюць.

Галоўная рэдактарка адказала мне ў той самы дзень: «Мы акурат самі думалі, што абсалютна нікога не ведаем ва ўкраінскім ювелірным асяроддзі. З радасцю прымем тэкст». Так я апублікавала свае першыя фотаэсэ. І працягнула пісаць.

Насамрэч першыя тэксты я публікавала яшчэ ў Беларусі ў часопісе «Мастацтва». Але менавіта пасля публікацыі ў міжнародным выданні пачала пісаць больш і нарэшце знайшла сваю мову выказвання ў ювелірным асяроддзі – тэарэтычную. Цяпер прафесары, рэдактары і ювеліры нават пытаюцца: «Лена, што ж ты не пісала раней?»

Я і цяпер пішу і ствараю візуальны кантэнт для Art Jewelry Forum. Рэсурс адкрыты для ўсіх, хто хоча публікавацца: кожны аўтар праходзіць аднолькавы працэс адбору камісіяй – нават самыя вядомыя тэарэтыкі сучаснай ювелірнай справы. Тры-чатыры разы на год у іх адкрыты конкурс і ўсе заяўкі разглядаюцца на роўных.

 

«Цяпер прафесары, рэдактары і ювеліры нават пытаюцца: “Лена, што ж ты не пісала раней?”»

 

 

 Маленькія аб’екты з вялікімі сэнсамі

— Як ідуць справы з ювелірнай справай у Беларусі?

— Калі параўноўваць з суседнімі краінамі, напрыклад з Літвой, дзе ёсць нават фестываль сучаснай ювелірнай справы – Metalofonas, то ў Беларусі амаль нічога няма, зеро. Існуюць адзінкі, якія гэтым займаюцца. Напрыклад, Дар'я Луцкевіч і яе брэнд Label D. Яна выкарыстоўвае дрэва 5000-гадовага дуба – матэрыял з вялікай гісторыяй і сімволікай -- і ўдзельнічае ў міжнародных фестывалях. Але рухаць цэлую сферу самастойна ці парай чалавек немагчыма. Ды і сучаснае ювелірнае мастацтва – гэта пра свабоду, пра стварэнне аб'ектаў з наратывам. У Беларусі ў любой сферы з падобнымі сэнсамі і ідэямі цяпер складана.

— Пры гэтым у нас ёсць мастакі, якія пераходзяць са сваёй звыклай сферы працы (напрыклад, жывапісу) у ювелірную справу, хоць і не пазіцыянуюць сябе прадстаўнікамі гэтага мастацтва. Чаму так?

— Таму што гэты занятак даступны і прыемны. Ювелірны аб'ект можна зрабіць за кароткі час – дзень, тыдзень, месяц, у адрозненне ад скульптуры або архітэктуры, якія патрабуюць значна больш часу і рэсурсаў. Тут ты сваімі рукамі ствараеш якасную, прыгожую рэч, якую можна паказаць, прадаць ці выставіць. Гэта вельмі натхняе.

 

«Ты сваімі рукамі ствараеш якасную, прыгожую рэч, якую можна паказаць, прадаць ці выставіць»

 

І гэта можа быць асабліва каштоўна для тых, хто не можа дазволіць сабе вялікія палотны дома. Дапусцім, я на эміграцыі хачу купіць працу Насці Рыдлеўскай, але як мастачка яна часта працуе з вялікімі фарматамі – маскамі ці карцінамі. Як сябе запэўніць, што зможаш такую працу перавезці, калі раптам спатрэбіцца? Тут і прыдаюцца выдатныя брошкі Анастасіі. Яны – маленькія, але вельмі значныя аб'екты мастацтва.

 

 

Біенале ў кватэры

— У межах Лісабонскай біенале вы стварылі выставу пра пражыванне досведу міграцыі. Як нарадзіўся гэты праект?

— Калі я пераехала ў Партугалію, я адразу пачала актыўна знаёміцца з мясцовай арт-сцэнай, з мастакамі і куратарамі, якіх ведала раней ці толькі чытала пра іх. Адначасова стала ездзіць на найбуйнейшы фестываль ювелірнага мастацтва ў Мюнхен. Менавіта там арт-дырэктарка Лісабонскай біенале Марта Кошта Раіш анансавала тэму наступнага мерапрыемства – «палітычныя ўпрыгожванні». Мы былі знаёмыя, і я запрасіла яе на гарбату, каб абмеркаваць ідэю выставы, якая ў мяне тады ж узнікла.

Я хацела зрабіць выставу пра вымушаную міграцыю, і пасля майго пітчу арт-дырэктарка біенале сказала: «Табе не трэба падавацца на конкурс, ты – у справе, для нас будзе гонар мець твой праект у праграме». Так потым і нарадзіўся «L’étrangère».

Мне было цікава падысці да тэмы як куратар, а не як аўтар. І хоць адзін свой выраб я таксама паказала, ды гэта было для мяне не так важна.

— Як падбіралі ўдзельнікаў?

— Я адразу ведала, каго хацела запрасіць. Гэта былі ювеліры, якія ў розныя перыяды і з розных прычын вымушана эмігравалі са сваіх краін. З большасцю я была знаёмая асабіста, з кімсьці – толькі ў ліставанні. Некаторыя былі сапраўднымі зоркамі ў сферы, але іх біяграфіі не ведаў амаль ніхто. Я збірала інфармацыю пра іх і пісала лісты наўпрост: «Раблю выставу на тэму вымушанай міграцыі. Мне здаецца, гэта неяк звязана з вамі». І чалавек раптам адказваў: «Так, вельмі звязана, вось мая гісторыя».

Акрамя прадастаўлення ювелірнага вырабу для выставы я прасіла кожнага ўдзельніка напісаць гісторыю. Гэта было абавязковай умовай. Але калі гісторыя занадта асабістая, можна было падрыхтаваць эсэ на тэму вымушанай міграцыі. Напрыклад, брала ўдзел дзяўчына з Ірана, якая даўно жыве ў Германіі, але яна адразу сказала, што не можа расказваць асабістае, бо ўсё яшчэ ездзіць у Іран, у яе там сваякі. Яна напісала выдатны абстрактны тэкст.

— І выстава адбывалася ў вас дома?

— Так. Калі я прэзентавала канцэпцыю, адразу сказала: «Хачу правесці выставу ў сябе дома». Гэта не было патрабаваннем біенале – гэта была мая ідэя. Я эмігрант, і жыву ў тыповай для эмігранта кватэры – здымнай, простай і сціплай. На такую складаную тэму, як вымушаная эміграцыя, дзіўна было б гаварыць у галерэйнай прасторы з белымі сценамі. Таму гэта была не проста выстава, а свайго кшталту досвед. Людзі прыходзілі, глядзелі, размаўлялі, а я частавала іх традыцыйным беларускім халадніком. Гэта быў момант шчырай камунікацыі, а не проста галерэйны паказ.

 

«На такую складаную тэму, як вымушаная эміграцыя, дзіўна было б гаварыць у галерэйнай прасторы з белымі сценамі»

 

— Вам не было цяжка працаваць з такой тэмай, улічваючы ваш досвед пераезду?

— Не, мая эміграцыя – мой выбар. Напрыклад, адна з удзельніц бегла з Югаславіі падчас вайны ў 90-х, з шасцімесячным дзіцём на руках. Вось гэта – сапраўдная вымушаная эміграцыя. А мне было цікава даведвацца гісторыі людзей, працаваць з імі. Для мяне гэта быў збольшага прафесійны вопыт.

— Як рэагавалі наведвальнікі?

— Вельмі добра. Людзі казалі, што гэта было нечакана, асабліва на фоне іншых выстаў. Уявіце: яны ходзяць па галерэях, а тут раптам апынаюцца ў кватэры эмігранта з Беларусі, дзе ўсё па-хатняму. Кантраст моцны. Асабліва гэта ўражвала гасцей з зусім далёкіх краін, накшталт Аўстраліі ці Новай Зеландыі. Гэта была не проста выстава, а нешта новае для іх – занурэнне ў чыесьці асабістыя гісторыі і прастору. Гэта нешта душэўнае, большае за экспазіцыю.

 

 

Тэлемост

— А як праект трапіў у праграму Мюнхенскага ювелірнага тыдня?

— Арганізатары самі да мяне звярнуліся. Яны былі ў мяне дома на выставе ў Лісабоне – і ім спадабалася. Але каб прадставіць праект у Мюнхене, патрэбныя былі рэсурсы, і адразу ўзнікала пытанне: калі рабіць праект – то як? Я ж там не жыву, я не эмігрант, які здымае кватэру ў Мюнхене. Усю канцэпцыю трэба было перарабляць.

Да таго ж на момант фэсту ў Мюнхене ў мяне не было дакументаў, якія дазвалялі б выехаць з Партугаліі. Я зразумела гэта за чатыры месяцы да мерапрыемства. Спачатку знервавалася, але потым падумала, што абмежаванні даюць іншую форму свабоды і падштурхоўваюць да новых ідэй. Я зладзіла праект віртуальна.

Гэта быў своеасаблівы тэлемост. Ювеліры запісалі на аўдыя і відэа свае гісторыі эміграцыі, і пяць дзён запар у прамым эфіры Zoom я паказвала гэтыя гісторыі ўсім, хто хацеў далучыцца. Часам перарывала трансляцыю, размаўляла з віртуальнымі наведвальнікамі. Завітвалі людзі з Нямеччыны, Аўстраліі, Францыі і іншых краін. Віртуальныя наведнікі дзяліліся сваімі гісторыямі эміграцыі, мы абмяркоўвалі з імі ўбачаныя і пачутыя гісторыі ювеліраў. Гэта была вельмі душэўная і камерная прастора, як бы дзіўна гэта ні гучала ў адносінах да чагосьці віртуальнага.

— Было адчуванне, што праект спрацаваў?

— Так, мне вельмі спадабаўся такі фармат і я ўсім задаволеная. Як сказала мая сяброўка: «Гэта ідэальны фармат для інтравертаў, якім не камфортна наведваць выставы з натоўпамі людзей».

 

Дзве Венецыі запар

— Акрамя ювелірнай справы, вы займаецеся нефармальнай адукацыяй для дзяцей. Раскажыце, калі ласка, пра вашу Школу архітэктурнага мыслення.

— Школа – гэта даследчы праект, які складаецца з больш як 16 студый па розных тэмах: ад архітэктуры і сучаснага мастацтва да паліталогіі і эканомікі. Усе заняткі праходзяць у адной агульнай праграме, іх праводзяць спецыялісты-практыкі.

Уласна Школа архітэктурнага мыслення пачалася яшчэ ў Менску ў 2016 годзе. Тады мы з Аляксандрам Новікавым, сузаснавальнікам Школы, абмяркоўвалі нашу будучыню і будучыню краіны і зразумелі, што абодва хацелі б паўплываць на новае пакаленне, зрабіць нешта важнае і адукацыйнае. Мы абодва выкладалі, і ў 2016 годзе ўпершыню правялі летнюю сесію для дзяцей у Батанічным садзе. Аляксандр – з архітэктурнай экспертызай, я – з экспертызай мастака, мастацтвазнаўцы, педагога і метадолага. Так усё і пачалося.

 

 

— Як Школа выйшла на міжнародны ўзровень?

— У нас ад пачатку не было мэты застацца ў межах Менска. Мы адразу пачалі шукаць па ўсім свеце канферэнцыі па дзіцячай архітэктурнай адукацыі, на якія маглі б падацца. Тады, амаль 10 гадоў таму, гэтая сфера толькі распачыналася, і мы адны з першых выступалі на розных форумах. У выніку пра нас сталі пісаць буйныя медыя, нас запрашалі супрацоўнічаць з арганізацыямі, нават намінавалі на ўзнагароды. Школа была прызнаная найлепшай міжнароднай арганізацыяй у 2022 годзе ў Лондане, у конкурсе Thornton Education Trust, які адзіны спецыялізуецца на даследаванні і заахвочванні ініцыятыў у архітэктурнай адукацыі для дзяцей і моладзі.

— Сярод вашых заслуг – удзел адразу ў двух Венецыянскіх біенале: мастацкай і архітэктурнай, самых гучных падзеях свету мастацтва. Як гэта адбылося?

— Гэта доўгая і важная гісторыя для нас. Мы заўсёды хацелі ўдзельнічаць у біенале, таму ў 2020 годзе ўжо наладжвалі дамоўленасці з пяццю павільёнамі ад розных краін. Мы прыдумалі праект, адправілі ім канцэпт і ўсё ўзгаднілі. Але пачалася пандэмія, потым – іншыя ўсім вядомыя падзеі, было не да біенале.

І вось калі мы даведаліся тэму наступнай біенале мастацтва – «Foreigners Everywhere» [«Іншаземцы паўсюль»], – адразу зразумелі, што наш праект менавіта пра гэта. Мы ўсе – іншаземцы, як у літаральным сэнсе слова, так і ў метафарычным. Біенале праходзіла ў 2024 годзе, і на той момант Школа ўжо знаходзілася на эміграцыі і мы працавалі з дзецьмі-эмігрантамі. Наш праект называўся «Children Everywhere» [«Дзеці паўсюль»], і яго ідэя была ў тым, што дзеці – «часовыя іншаземцы» ў свеце дарослых. Нашыя вучні прыдумлялі вулічныя актыўныя гульні, у якія, па задумцы, мусілі ўключацца ўдзельнікі або наведнікі біенале. У выніку ў мастацкай біенале мы ўдзельнічалі па-за афіцыйнай праграмай, паралельна з усімі мерапрыемствамі на вуліцы Гарыбальдзі – галоўнай Мецы мастакоў падчас біенале.

 

 

— Але ж і ў афіцыйную праграму вы таксама трапілі.

— Так, гэта адбылося ўжо сёлета. Пасля досведу з мастацкай біенале мы вырашылі падаць свой праект і на архітэктурную. Куратар архітэктурнай біенале гэтага года Карла Раці, вядомы сваімі праектамі на стыку архітэктуры і тэхналогій, вырашыў вынесці ўсю экспазіцыю ў горад, зрабіць саму Венецыю лабараторыяй і аб'явіць оўпэн-кол для праектаў у асноўную праграму. Мы падаліся і прайшлі!

Мы ўдзельнічалі ў біенале афіцыйна і выступілі з лекцыяй у праграме канферэнцый. Рэалізавалі свой праект, таксама звязаны з гульнямі і ўзаемадзеяннем з горадам, на плошчы Сан Марка, у Джардзіні і ў павільёне Паўночных краін.

Характэрна, што мы падаваліся на чатыры гранты ад беларускіх ініцыятыў для ўдзелу ў біенале, каб хоць неяк падтрымаць дзяцей-удзельнікаў з Беларусі, якія з намі ездзілі, ды і нас саміх. Але мы не атрымалі ніякай падтрымкі. Нам адмаўлялі з фармулёўкай у духу «гэты праект няважны і ніяк не паўплывае ў доўгатэрміновай перспектыве на культуру Беларусі». Мая рэакцыя? Гучна рагатала ва ўвесь голас. Упершыню за ўсю гісторыю найпрэстыжнейшага архітэктурнага мерапрыемства ў свеце ў ім возьме ўдзел праект з беларускімі каранямі, з арганізатарамі-беларусамі, праект пра свабоду, пра інклюзію! Пакіну без каментароў кампетэнтнасць суддзяў тых грантавых беларускіх ініцыятыў. Мы справімся самі і галоўнае, што нас разумеюць і падтрымліваюць у свеце.

 

 

— Якія планы ў Школы цяпер?

— Хочам рухацца далей. У нас няма мэты рабіць праект вялізным, бо гэта часта цягне за сабой павярхоўнасць. Нам цікава працаваць з невялікай групай дзяцей, даваць глыбокія веды і паралельна рабіць значныя міжнародныя праекты. Мы будзем удзельнічаць і ў наступным біенале ў Венецыі. Яго тэма будзе «In Minor Keys» [«У мінорнай танальнасці»].

 

«Анлайн мы хацелі б працаваць з вялікай колькасцю дзяцей, бо гэта добры фармат не толькі для новых ведаў, але і для захавання кам'юніці»

 

Мы працуем у Лісабоне і анлайн. Анлайн мы хацелі б працаваць з вялікай колькасцю дзяцей, бо гэта добры фармат не толькі для новых ведаў, але і для захавання кам'юніці, пошуку сяброў, сувязі адзін з адным. У лістападзе я буду даваць варкшоп пра беларускую традыцыйную архітэктуру і магчымыя спекуляцыі на гэтую тэму ў Бостане. Школа – гэта працэс і жывы арганізм. Яна мяняецца, і я мяняюся разам з ёй. Мы ўплываем адна на адну.