Падкаст-даўгавечнік пра сэкс і адносіны перазапускаецца афлайн
- Рубрыка: УЛОЎ
- 20.05.2026
- 152
26 траўня ў эфір вяртаецца падкаст «Полчаса кардио», вядоўцы якога адно з адным, а часам таксама з гасцямі, нязмушана абмяркоўваюць пытанні рамантычнага кахання. У новым сезоне падкаст пачне жыццё ў фармаце афлайн-запісаў у Варшаве, і ў адкрытым доступе пакуль што выходзіць не будзе.

Акрамя таго што класічны падкаст пераўтвараецца ў серыю івэнтаў-сустрэч з квіткамі, змяняецца і склад вядоўцаў: з «Полчаса кардио» сыходзіць вядоўца і заснавальніца падкасту Аня Пярова. Да другога заснавальніка Максіма Паршуты і вядучай апошняга сезона, мадэлі Ліны Цапавай, далучыцца папулярная блогерка, папулярызатарка беларускай мовы Ліза Ветрава.
Тэма першай сустрэчы – лібіда ў складаных сітуацыях. Вядоўцы абмяркуюць, чаму ў аднолькавых абставінах у адных людзей сэксуальнае жаданне хаваецца, а ў іншых – наадварот. Таксама падзеляцца асабістым досведам пра тое, як вяртацца да адносін пасля страты дому, блізкіх.
Далей сустрэчы плануюцца раз на месяц. Першыя размовы пройдуць на траіх; пазней, верагодна, будуць клікаць гасцей-экспертаў і экспертак. У любым выпадку публіку просяць далучацца да абмеркавання і рыхтаваць свае пытаннечкі. Стваральнікі падкасту спадзяюцца, што ў новым фармаце «Полчаса кардио» стане рэгулярным варыянтам бавіць вечар для тых, хто ў Варшаве.
Ранейшыя выпускі можна паглядзець на ютубе ці паслухаць на стрымінгах.
***
Калі: 26 траўня, 19:00.
Дзе: Stand Up Lokal, Варшава.
Квіткі: 85 злотых (€ 20).