Новае выдавецтва шукае рукапіс пра радасці жыцця
- Рубрыка: УЛОЎ
- 27.05.2026
- 38

Лабараторыя фемінісцкага пісьма «Расцяжэнне» разам з выдавецтвам Bukinist:ka Press абвясцілі опэн-кол рукапісаў «Радасці жыцця».
Шукаюць сучасную прозу, «дзе нашы сучасніцы ўлюбляюцца, растаюцца, заводзяць гадаванцаў і дзяцей, ходзяць на канцэрты класічнай музыкі і сэкс-вечарынкі, з'яжджаюць у кругасветныя вандроўкі – увогуле, жывуць на поўную». Непасрэдная мэта опэн-колу — адшукаць і выдаць тэкст, які дае апору. Кніга мусіць падтрымліваць чытачак і чытачоў, то-бок яе скразныя вайбы – радасць, задавальненне, лёгкі гумар.
Да разгляду прымаюцца ўжо гатовыя (або дапісаныя да дэдлайну) раманы, зборнікі эсэ, зборнікі апавяданняў, крос-жанравыя працы. Кніга можа быць напісаная па-беларуску або па-руску, таксама прымаюць рукапісы на трасянцы, беларускіх дыялектах, мяшанцы беларускай і рускай моў. У прыярытэце – тэксты ў беларускім сэтынгу, але ініцыятаркі опэн-колу абяцаюць азнаёміцца з рукапісамі пра іншыя кантэксты, калі яны адпавядаюць канцэпцыі колу, то-бок расказваюць пра радасці жыцця. Падрабязней пра крытэры адбору чытай на інстаграм-старонцы.
Для ўдзелу ў опэн-коле трэба даслаць два дакументы на пошту rasciajenne@gmail.com:
1 / Файл рукапісу ў фармаце doc ці docx з назвай «Вашы Імя і Прозвішча_Назва рукапісу».
2 / Файл у фармаце doc ці docx з назвай «Вашы Імя і Прозвішча_Бія». Тут патрабуецца біяграфічная даведка пра аўтарку (публікацыі, удзел у пісьменніцкіх курсах, спасылкі на сацсеткі), а таксама пітч рукапісу да 400 словаў (жанр, змест, мэтавая аўдыторыя).
Рукапісы прымаюць да 30 чэрвеня. Вынікі будуць абвешчаныя 1 верасня. Кнігу плануюць выдаць у 2026 – пачатку 2027 года. Прадугледжаныя ганарар і адлічэнні з продажу.