Тваё сабачае цела. Нататкі астэапаткі
- 05.06.2026
- 53

Цудоўна, што ёсць знаёмы чарадзей на выпадак, калі цябе ў чарговы раз скруціла і трэба надаць увагі косткам ды цягліцам. Але ці не варта падаслаць саломку – перагледзець наша стаўленне да цела ўвогуле? Мультыдысцыплінарная астэапатка і культурная менеджарка Вольга Цяшкевіч прапануе ўбачыць у ім больш за ёмішча для бліскучага шматмудрага розуму.

«Ніколі не працуй на неаднаўляльных рэсурсах арганізма», – сказаў мне аднойчы мудры чалавек, які ў свой час пачуў гэта ад іншага мудрага чалавека.
Некалі мне было ўласціва перапрацоўваць так, каб увечары валіцца без задніх ног або, як казалі ў маёй сям’і, «спаць як пшаніцу прадаўшы». Навошта? Каб адчуваць сябе карыснай. Каб не заставалася сіл на трывогу, што жыццё праходзіць міма, а прастаўленыя яшчэ не ўсе галачкі «паспяховага прадстаўніка грамадства». Каб нехта сказаў мне ў рэшце рэшт, што я малайчына (далёка не заўсёды такое чаканне апраўдвала сябе). І каб ЗАСЛУЖЫЦЬ права на паўнавартасны адпачынак. Толькі калі мусіць здарыцца гэты Паўнавартасны Адпачынак і што ён павінен сабой уяўляць – было незразумела.
Людзі, якія працуюць на сябе і/або гараць сваёй ці грамадскай справай, часта да такога схільныя: для адпачынку яшчэ зарана; а як жа ўсё без мяне; трэба яшчэ паднаціснуць, яшчэ паскорыцца, а там ужо… «Там ужо» ўвесь час адкладаецца на нявызначаны тэрмін.
«Трэба яшчэ паднаціснуць, яшчэ паскорыцца, а там ужо… “Там ужо” ўвесь час адкладаецца на нявызначаны тэрмін»
Да ўсяго дадаецца, напрыклад, эміграцыя і неабходнасць выжываць у новых умовах. Часта яшчэ і адказнасць за блізкіх. Ain’t no rest for the wicked. І не, ніякага расслаблення цяпер. Замест гэтага – тэрмінова другая праца, каб у перспектыве, магчыма, калісьці штосьці. Пытанне ў тым, ці застанецца здароўе, каб гэтым «штосьці» скарыстацца.

За некалькі гадоў працы астэапаткай і масажысткай у Варшаве да мяне не раз даляталі гісторыі кшталту: «Мне ўсё баліць, але заўжды грэе думка, што калі будзе зусім п*здзец, можна прыйсці да цябе». Дзіўна: што прымушае людзей чакаць «п*здзяца», разбірацца з якім будзе даўжэй, складаней і даражэй, замест таго каб зрабіць нешта, што падтрымае цела ўжо сёння – і з вялікай верагоднасцю дапаможа прадухіліць горшае?
Адкуль гэтае добраахвотнае пакутніцтва? І дзе тая мяжа, пасля якой становіцца ясна, што вось ён – п*здзец? Ужо? Ці «пакуль я ў прытомнасці, можна яшчэ пацярпець»?
«Што прымушае людзей чакаць “п*здзяца”, замест таго каб зрабіць нешта, што падтрымае цела ўжо сёння?»
Псіхатэрапія стала неад’емнай часткай жыцця, і большасці людзей – прынамсі ў маёй бурбалцы – не трэба даводзіць яе каштоўнасць. А вось клопат пра цела – няхай гэта будзе масаж, астэапатыя ці іншыя віды цялеснай тэрапіі, дзе няма відавочнага імгненнага выніку, – дагэтуль успрымаецца многімі як нешта з разраду геданістычных прывілеяў. У рэжыме выжывання клопат пра цела не ў прыярытэце. Потым! Калі выжывем, калі заслужым. (І калі ж гэта будзе? Дзе крытэрый? У які момант ты, дружа, сяброўка ці небінарная персона, зразумееш, што ўсё: нарэшце выжылі, цяпер можна дазволіць сабе крыху расслабіцца? Гэтыя крытэрыі такія ж размытыя, як і крытэрыі вышэйзгаданага п*здзяца.)
Бясконца рэфлексаваць над сваімі думкамі і эмоцыямі мы ўжо збольшага навучыліся. А вось чуць уласнае цела, распазнаваць сігналы хуткага ахтунгу і адчуваць, што з гэтым рабіць, – задача з зорачкай. Яна патрабуе пераключэння ўвагі з (безумоўна важнай!) ментальнай і эмацыйнай жуйкі на зямныя адчуванні ў тленным фізічным целе. Для сучаснага чалавека, загнанага ў культ эфектыўнай эфектыўнасці, увогуле характэрна ставіцца да цела як да занядбалага носьбіта бліскучага шматмудрага розуму, як да машыны, якая павінна проста функцыянаваць, – і пажадана без удзелу гаспадара.
«Чуць уласнае цела, распазнаваць сігналы хуткага ахтунга і адчуваць, што з гэтым рабіць, – задача з зорачкай»
Не дадае радасці і перакананне, што дазволіць сабе крыху расслабіцца = даць слабіну. Нібыта выпадзеш з абоймы – і ўсё разваліцца к чарцям.
Калі пазнаеш сябе дзесьці ў шэрагу гэтых напружаных загонаў, чытай далей: зараз будзе лайфхак на выхад з упоратай парадыгмы.

Не, я не заклікаю ўсіх тэрмінова запісвацца на масаж або прыём да астэапата. Урэшце, не ўсе любяць, калі іх кранае малазнаёмы чалавек. Але ёсць адна рэч, якую ведаюць астэапаты і якая выглядае контрынтуітыўнай для большасці людзей: вынік залежыць не ад мітусні і бурнай дзейнасці, не ад колькасці зробленых рухаў і не ад моцы прыкладзеных намаганняў, а ад іх дакладнасці.
«Вынік залежыць не ад мітусні і бурнай дзейнасці, не ад колькасці зробленых рухаў і не ад моцы прыкладзеных намаганняў, а ад іх дакладнасці»
Дакладнасць жа вызначаецца тым, наколькі мы ўмеем кіраваць уласнай увагай. У тым ліку – ствараць і вытрымліваць унутраныя паўзы, у якіх выключаецца знешні шум і прачынаецца цела. А разам з ім – літаральна сабачы нюх, які падказвае, што канкрэтна трэба рабіць менавіта нам у гэтай канкрэтнай сітуацыі.
Вось адно простае (і бясплатнае!) практыкаванне, на якім можна патрэніраваць увагу і ўспомніць, што цела ёсць, што яно жывое і можа быць выдатным саюзнікам і дарадцам, калі чуць яго сігналы.
1 / Устань на ногі і пахадзі па пакоі, утрымліваючы ўвагу ў ступнях. Спыніся і паперакочвайся на ступнях наперад-назад і ўправа-ўлева. Паскачы на месцы і паспрабуй знайсці ўстойлівую пазіцыю. (Яшчэ круцей будзе, калі зрабіць гэта басанож на траве.)
2 / Зрабі глыбокі ўдых і выдых праз ступні ўніз, уяўляючы, што з тваіх ног у зямлю нібы прарастаюць карані. Паўтары некалькі разоў, пакуль не з’явіцца адчуванне моцнай апоры пад нагамі.
3 / Пакладзі адну руку на грудзі, а другую – на жывот або сонечнае спляценне. Павольна і роўна дыхай, адчуваючы цяпло сваіх рук. Пастарайся ўтрымліваць увагу ў целе і паназірай, што адбываецца: можа, ёсць іншая частка цела, якая цяпер патрабуе ўвагі? Перанясі руку на яе.
4 / Можа, нейкая частка цела хоча рухацца? Якім чынам? Адсачы гэты імпульс і дазволь яму адбыцца. Можа, хочацца выдаць нейкі гук? Пацягнуцца? Пазяхнуць? Скруціцца? Патрэсціся? Пахістацца з боку ў бок? Нічога не ацэньвай, проста працягвай ісці за целам, пакуль яно само не знойдзе пункт балансу (ты дакладна гэта адчуеш).
Параўнай свой стан са станам да практыкавання. Як правіла, да большай лёгкасці ў целе дадаецца яшчэ і крыху больш яснасці ў галаве.
А цяпер мысленна прайдзіся па спісе сваіх «трэба» і «хачу», гэтым разам спрабуючы заўважаць, як цела адгукаецца на кожны з пунктаў. Знайдзі тое, на што цела рэагуе найбольшым пашырэннем знутры. Дзе цяпер драйв, азарт, радасць, прадчуванне, задавальненне?
І дазволь сабе гэта! Нават калі больш за ўсё на свеце цяпер хочацца ляжаць на канапе пад серыял. Або паехаць у лес на паўдня, забіўшы на ўсе звышважныя справы. Або планаваць уцёкі на Мадэйру.
Нечакана можна выявіць, што, калі мы адчуваем, чаго хочам, і дазваляем сабе своечасова расслабіцца і перазагрузіцца, свет вакол ані не разбураецца. Часта нават наадварот.
«Калі мы адчуваем, чаго хочам, і дазваляем сабе своечасова расслабіцца і перазагрузіцца, свет вакол ані не разбураецца»
Урэшце, раз-пораз варта нагадваць сабе і іншым, што пасярод бясконцай гонкі за ўвагай і KPI адпачынак – не прывілей, які трэба заслужыць і выпакутаваць, а наша неад’емнае фундаментальнае права.
Візуал: Chloé (@coquiette)