Культурніцкі хаб у Вільні: «Хочацца яднацца, нягледзячы на межы»
- Рубрыка: ІНТЭРВ'Ю
- 28.09.2023
- 3168
Каля года таму ў Вільні з'явілася арганізацыя CreateCulture Group, а разам з ёй – месца на Кармеліту, 5, якое аб'ядноўвае абсалютна розныя кам'юніці – ад айцішнікаў да мастакоў. У гэтым верасні CCG запусціла яшчэ і ўласную студыю медыяпрадакшана. 34 сустрэўся з камандай CreateCulture – Таццянай Штэйнбук, Надзеяй Ількевіч і Лізаветай Шалай, – каб пагаварыць пра іх спэйс, крэатыўныя супольнасці і развіццё беларускай культуры з-за мяжы.
Таццяна Штэйнбук
Надзея Ількевіч
Лізавета Шалай
— Давайце адразу пазнаёмімся. Хто чым займаецца і колькі чалавек цяпер працуе з прасторай, івэнтамі і кам'юніці?
Надзея: У нас цяпер 10 чалавек разам з намі. Мы з Таняй – дзве сузаснавальніцы і лакаматыў каманды. Я займаюся больш фандрайзінгам, стратэгічнымі штукамі, таксама распрацоўкай праектаў, больш датычных да прафесійнага развіцця культурнага сектара. Таня – маці і бацька спэйсу, таксама займаецца пытаннямі камунікацыі з нефінансавымі партнёрамі, вядзе каманду нашага PR-аддзела і курыруе івэнт-кірунак.
Таццяна: І ёсць праектная менеджарка Ліза. Яна была адной з першых, хто наагул далучыўся да нашай каманды. Калі казаць менавіта пра спэйс, то ў нас ёсць яшчэ адна дзяўчынка івэнт-менеджарка, якая з'яўляецца маёй правай рукой. Шмат якія імпрэзы мы робім разам з ёй. Яна вядзе нашых партнёраў, якія хочуць у нас нешта праводзіць. Яшчэ ў камандзе ёсць спэйс-менеджары і менеджаркі, якія сустракаюць людзей і адказваюць за атмасферу ў прасторы, каб у нас было камфортна, чыста, усё функцыянавала. Яны ж камунікуюць з рэзідэнтамі і рэзідэнткамі нашага каворкінгу і, адпаведна, на вечаровых імпрэзах робяць так, каб усім было класна і людзі хацелі да нас вяртацца. У PR-аддзеле пакуль працуе толькі адна дзяўчына, і мы цяпер у пошуку SMM-спецыяліста або спецыялісткі. Таму, калі ў вас ёсць на прыкмеце гуру сацыяльных сетак, будзем рады водгуку на вакансію.
Н: Цяпер у нас ёсць новы кірунак – студыя. Там працуюць тэхнічны супервайзер, які адказвае за вытворчасць кантэнту, абсталяванне і ўсё тое, што датычна студыі, і ютуб-адмысловец. Зусім нядаўна мы завялі ўласны канал, які пачынаем развіваць. Там можна знайсці відэазапісы нашых імпрэз, лекцыі, адукацыйны кантэнт, канцэрты. Гэта наш унёсак у развіццё культурніцкага кантэнту і выйсце за рамкі афлайн-прасторы.
Т: Пачыналі мы з Надзяй удзвюх, і яшчэ летам мінулага года абсалютна не думалі, ува што гэта выльецца. Калі ўжо была знойдзена прастора і быў падпісаны кантракт, мы сталі набіраць каманду. Прыкладна за месяц набралі 8 чалавек. Усё было так бязладна, спантанна, але Надзя заўсёды любіць казаць: «Няма часу тлумачыць, давай нешта рабіць». Да гэтага ні ў мяне, ні ў Надзі не было досведу менеджменту нейкіх крэатыўных хабаў, кластараў, але цяпер гэта проста вялікі праект, які мы менеджарым і эксперыментуем. І каманда расце і змяняецца.
Пра стварэнне CreateCulture Group
– Як і з чаго ўсё пачалося?
Т: Даўным-даўно Надзя працавала ў некамерцыйным сектары Беларусі. Потым ёй усё надакучыла і яна з'ехала ў Амерыку…
Н: Ды не, не прам так! У мяне была ў Беларусі арганізацыя – «Цэнтр культурнага менеджменту», дзе я таксама рабіла розныя праекты, і адукацыйныя, і ўрбаністычныя. У 2017 годзе я атрымала прэстыжную стыпендыю The Civil Society Leadership Award і з'ехала вучыцца ў Агаё. Тамсама, у ЗША, я з сябрамі заснавала некамерцыйную арганізацыю пад назвай CreateCulture. Мы займаліся развіццём супольнасцяў і плэйсмэйкінгам, а потым наляцеў ковід, усе заселі па хатах і нас неяк раскідала жыццё. Я з'ехала ва Украіну, потым пачалася вайна, і я пераехала ў Чэхію, дзе знайшла працу. Да таго часу мы з Таняй ужо працавалі разам недзе 2,5 года ў анлайне ў праекце «Майстэрня карысных праектаў». І ў нейкі момант у мяне паўстала ідэя: можа, зноў вярнуцца ў беларускую культуру? Было разуменне, што ўнёсак, які мы можам зрабіць, патрэбны для развіцця беларускай сучаснай культуры, крэатыўных індустрый. Я спыталася ў Тані: «Як ты думаеш наконт адкрыцця стартапа? Адкрыем арганізацыю ў Вільні, я пераеду, пакіну чэшскую працу». Таня пагадзілася. Наша першая афлайн-сустрэча была ўжо ў якасці сузаснавальніц арганізацыі, якая завецца CreateCulture Group. Мне хацелася захаваць назву з сэнсам «стварай культуру» ці «рабі культуру»… Не можам знайсці цяпер у беларускай мове класны адпаведнік, ва ўсіх ёсць праблемы з вымаўленнем ангельскай версіі. Але мы працуем над гэтым, калі ў вас ёсць ідэі, напішыце нам.
Т: У нас нядаўна быў цімбілдынг, і мы якраз згадвалі, з чаго ўсё пачыналася. Тады я ўжо жыла ў Вільні і пасля лакдаўну не разумела, чым займацца. Да гэтага я займалася івэнтамі і, нават пераехаўшы сюды ў 2018-м, працягвала займацца імпрэзамі ў Менску. Разам з сябрамі мы арганізоўвалі габрэйскія культурныя імпрэзы гарадскога фармату СіціХануку і ТакіПесах, а ў 2019 годзе я разам з Сержуком Доўгушавым і Юрыем Зісерам арганізавалі Litvak Klezmer Fest. Але тут, у Вільнюсе пасля пачатку лакдаўну, я не была гатова займацца тым жа: тут няма ні мовы, ні сувязяў, а ў Беларусі было цэлае жыццё. Так я пайшла ў навучанне коўчынгу, псіхалогіі. І тады ў мяне ў Facebook і LinkedIn з'явілася [пазнака], што я ментарка шчасця і развіцця, а Надзя якраз шукала ментара ці ментарку для свайго адукацыйнага анлайн-курса і выйшла на мяне. Збег акалічнасцяў. Я літаральна ўлюбілася ў «Майстэрню карысных праектаў», куды Надзя мяне запрасіла.
Ужо пасля падпісання дамовы на стварэнне арганізацыі, калі Надзя пераехала ў Вільнюс, у нас з'явілася фасілітатарка Агата Этмановіч. З ёй было шмат сесій, дзе мы згадвалі праекты, з якімі працавалі: што нам падабаецца, а што не, як мы сябе бачым у будучыні. Ужо тады мы прыйшлі да таго, што нам трэба як мінімум фізічная прастора, дзе мы можам і свае ідэі рэалізоўваць, і дапамагаць людзям – даваць ім пляцоўку, веды, падтрымку і, адпаведна, ствараць розныя кам'юніці вакол усяго.
Пра спэйс на Кармеліту
— Як з'явіўся спэйс, у якім мы цяпер знаходзімся? Само месца ж знакавае для беларускай культуры.
Н: Насамрэч мы доўга шукалі прастору і ніяк не маглі знайсці. Усё было не тое. І вось я знаходжу на сайце адрас і гляджу, што прастора вольная і ў цэнтры, думаю: «Проста пайду і пагляджу, дзе гэта». Я падыходжу і бачу вокны, закрытыя ралетамі, вісіць шыльда: «У гэтым доме жыў Мойшэ Кульбак». Гэта было яно, усё склалася. Цяпер у нас на ўваходзе ёсць мурал Мойшэ Кульбаку. Мы запрасілі літоўскую мастачку Ліну Шліпавічутэ, якая малявала муралы па габрэйскім гета, для яе гэтая тэма вельмі важная. Яна ж рабіла мурал Алесю Бяляцкаму.
Т: І тут уласнік беларус, так усё супала. Мы ў гэтай прасторы яшчэ год, да верасня 2024, а там паглядзім.
– А што наагул знаходзіцца ў спэйсе?
Т: Варта пачаць з таго, што мы працуем як прастора, крэатыўны ці культурны хаб – можна называць па-рознаму. Шмат хто кліча нас каворкінгам, гэта не галоўная наша дзейнасць. Але мы ў тым ліку функцыянуем як бясплатны каворкінг з панядзелка па пятніцу.
Калі вы толькі заходзіце ў спэйс, то трапляеце ў памяшканне, дзе вас сустракаюць нашы спэйс-менеджары і менеджаркі. Тут жа знаходзіцца куток-крамка з хэнд-мэйдам ад беларускіх студэнтаў і студэнтак ЕГУ. Яны сабраліся ў кам'юніці рамеснікаў і рамесніц і ў нас прадаюць свае вырабы. Купіўшы нешта, можна падтрымаць моладзь. Яшчэ мы вельмі класна партнёрымся з мастаком Хутка Смачна – ён аблюбаваў наша акно, якое назваў «Window Gallery by ХуткаСмачна». Там выстаўляюцца працы і яго, і іншых мастакоў. Напрыклад, мы выстаўлялі рэпрадукцыі дываноў Максіма Осіпава.
Прастора бібліятэкі – гэта месца на выпадак, калі патрэбная прыватнасць: у вас нейкі відэа-кол ці невялікая сустрэча. Ёсць магчымасць яе забраняваць праз наш тэлеграм-бот загадзя. Калі бібліятэка вольная, то можна проста прыйсці пачыліць, пачытаць. У нас вельмі шмат розных кніжак, нешта нам падарылі, нешта проста прыносяць.
Калі праходзім далей, трапляем у асноўную каворкінг-прастору. Калі ўдзень няма імпрэзаў-варкшопаў, людзі працуюць па ўсім спэйсе, дзе ім зручна. Мы першапачаткова не хацелі ствараць офісную атмасферу, бо не канкуруем з буйнымі сеткавымі каворкінгамі. Нам хацелася стварыць «хатнюю кухню». Мурал у гэтым пакоі – тое, што з'явілася тут найперш, калі памяшканне яшчэ было зусім пустое. Аўтар працы – Bazinato, беларускі мастак. На мурал можна проста заліпаць і разглядаць у дэталях.
«Першапачаткова не хацелі ствараць офісную атмасферу, бо не канкуруем з буйнымі сеткавымі каворкінгамі»
Далей у нас невялікі хол, маленькая кухня. Некаму гэта нагадвае такія ўніверскія калідоры. Тут людзі таксама сутыкаюцца, гутараць, абедаюць, робяць сабе гарбату, каву. У нас тут заўсёды ёсць пачастункі, людзі таксама могуць нешта прыносіць. А яшчэ мы сартуем смецце і прывучаем да гэтага людзей.
Потым у нас вялікая зала, асноўная івэнт-прастора. Як я ўжо сказала, удзень тут людзі таксама могуць працаваць на падваконнях, на падлозе, на крэслах, на канапках, а ўвечары тут праходзяць розныя імпрэзы – адукацыйныя і культурніцкія. Камфортна можна размясціць 40 чалавек, але ў прынцыпе змесціцца і да 50–60, былі і такія імпрэзы. Ёсць усё патрэбнае тэхнічнае абсталяванне, таму ў нас праходзяць не толькі лекцыі, але і кінапаказы, кватэрнікі, канцэрты, шмат усяго цікавага.
Наступная прастора завецца «Акно», мы яшчэ клічам яго «Варкшопная». Тут вялікі стол, 12 крэслаў. Яго можна браняваць пад сустрэчы камандай. Некаторыя арганізацыі ў нас бранявалі пад стратэгічныя сесіі, напрыклад. Але найчасцей тут адбываецца нешта са сферы арту і творчасці. Тутака я мадэрую кніжны клуб, часам у нас праходзяць розныя дэгустацыі. На сценах варкшопнай у нас працы Doctor Oy, беларускага сучаснага мастака.
І апошняе памяшканне – студыя, якая адкрылася ў нас зусім нядаўна. Тут ёсць фоны і абсталяванне. Рамонт у студыі мы рабілі супольна з людзьмі – у нас была «Том Соер паці». Людзі прыходзілі, дапамагалі фарбаваць, нешта адляпляць, шпакляваць.
– Якія імпрэзы вы падтрымліваеце? Хто можа ў вас нешта арганізаваць?
Т: Мы даём пляцоўку розным некамерцыйным ініцыятывам і, можна сказаць, арганізатарам(-кам)-пачаткоўцам задарма. У нас ёсць пэўныя крытэры, з імі можна азнаёміцца на сайце. І таксама мы даём нашу пляцоўку на камерцыйнай аснове, але кошт вельмі прыемны, сярэдні па Вільнюсе для такіх невялікіх івэнт-прастор, як мы. Але найчасцей імпрэзы, якія ў нас праходзяць, пабудаваныя вакол беларускай культуры. Хоць у нас праводзілі нешта і літоўцы, і ўкраінцы, і палякі, і нават канадцы.
– А ці ёсць тэматычныя абмежаванні на імпрэзы?
Н: У нас нельга праводзіць імпрэзы, звязаныя з сеткавым маркетынгам, эзатэрыкай, палітычнымі і рэлігійнымі арганізацыямі.
Т: У нас ёсць форма заяўкі, якую запаўняюць тыя, хто хоча ў нас нешта правесці. Мы ўсёй камандай абмяркоўваем заяўкі. У нас ёсць працоўны канал, дзе ўсе выказваюцца: так/не, што бянтэжыць, а што падабаецца. Часам вынік бывае аднагалосны, часам можам паспрачацца. Але агулам калі казаць пра камерцыйную аснову, то гэта індывідуальны падыход да кожнай імпрэзы. Мы глядзім, наколькі мы пасуем адно аднаму па каштоўнасцях, што ўжо праходзіла ў гэтых арганізатараў і арганізатарак, чытаем водгукі і спрабуем неяк прадбачыць, каго яны прывядуць у нашу прастору, наколькі мы з гэтымі людзьмі таксама супадаем па каштоўнасцях.
Калі мы кажам пра грошы, ёсць два варыянты. Першы – пагадзінная арэндавая стаўка, прытым мы прапануем гадзіну да і пасля імпрэзы зусім задарма ці са зніжкай. За грошы можна арандаваць варкшопную, асноўную залу ці ўсё памяшканне – усё абгаворваецца. Другі варыянт – можна ладзіць імпрэзы за адсотак сабраных данатаў ці квіткоў. Гэта часцей тычыцца маладых арганізатараў і арганізатарак, якія не зусім уяўляюць, хто да іх прыйдзе, ці шмат будзе людзей.
«Глядзім, наколькі мы пасуем адно аднаму па каштоўнасцях, што ўжо праходзіла ў гэтых арганізатараў і арганізатарак, чытаем водгукі»
– Што ўжо паспелі зрабіць за год існавання?
Н: Калі мы запусцілі спэйс, у ім утварыліся імпрэзы, якія і цяпер паўтараюцца. Гэта, напрыклад, «Ноч правалаў» – не абавязкова быць стэндап-комікам, каб прыйсці і расказаць пра свой правал, тут вельмі падтрымліваючая публіка заўсёды. Мы сталі рабіць іх тэматычнымі, трошкі адышлі ад глабальнай тэмы. Цяпер яны пра стасункі, эміграцыю і гэтак далей. Потым адным з першых праектаў сталі «КінаКаляды» – чэлендж здымак фільмаў за 48 гадзін пра Каляды і Новы год, каб гэта здымалі беларусы для беларусаў. 14 камандаў тады зарэгістраваліся: Тбілісі, Кракаў, Варшава, дзве з Менска нават і шмат з Вільнюса. У цэлым атрымалася сабраць людзей, пасля гэтага тут разраслася кіношная тусоўка. З'явіўся чацік «Бэкстэйдж Вільнюса», дзе ўжо больш за 100 чалавек і ўсе абменьваюцца нейкімі сваімі кінатэхнічнымі навінамі і шукаюць людзей у праекты. Сёлета мы будзем паўтараць «КінаКаляды», прысвецім іх беларускім традыцыям. Людзі, як і ў мінулы раз, будуць выцягваць жанры, і ў іх будзе 48 гадзін, каб зняць працу. Пасля гэтага фільм будзе запакаваны ў альманах і паказаны па розных хабах. Мінулым разам мы паказвалі іх у Беластоку, Варшаве, Тбілісі.
Т: Узімку мы пачалі школу «СУП» [«майстэрню суполак». – заўв. 34.], яна праходзіла ў два этапы. Шукалі ідэальны «рэцэпт» суполкі. Мы ў тым ліку прывозілі людзей з Беларусі, былі і мясцовыя. Таксама стварылася кам'юніці выпускнікоў і выпускніц, і мы будзем абавязкова паўтараць праект. У сакавіку мы прывозілі выпускнікоў і выпускніц трох патокаў «Майстэрні карысных праектаў». Вядома ж, калі ты ўвесь час у анлайне, сустрэцца ў афлайне – зусім іншыя адчуванні. Што мы рабілі ўвесну?
Н: «Праектар»! Разам з тэлеграм-каналам «sekktor» мы запусцілі супольны конкурс пітчынгаў для творчых дзеячаў і дзяячак. Яны рабілі ў анлайне і галоўным чынам на польскую аўдыторыю, мы – у афлайне на Вільнюс. Зладзілі тры серыі пітчынгаў і на аснове гэтага потым зрабілі 9 відэа-ўрокаў, іх можна знайсці на нашым ютуб-канале. У наступным сезоне мы будзем рабіць «Праектар. Вільнюс», і спадзяёмся, што калегі працягнуць рабіць гэта і ў Варшаве. Пераможца «Праектара» атрымліваў грашовы прыз на развіццё праекта – € 150. Прыз зусім невялікі, але ўсё адно дапамагаў развіваць праекты. У той раз у нас пітчылі і сцэнары фільмаў, і фэсты, і кам'юніці, і выставы, і кніжкі, зборнікі вершаў. Вялікі спектр.
Разнастайныя кам'юніці і аўдыторыя CreateCulture
– За час існавання вы ўжо стварылі мноства розных культурных праектаў. Ці можна сказаць, што CreateCulture – месца для абсалютна розных кам'юніці?
Н: Можна сказаць, што ў нас утвараецца шмат розных кам'юніці, потым яны могуць пераходзіць у іншыя месцы, да нас прыходзяць новыя. Гэта такая жывая прастора, дзе кожны можа прапанаваць ідэю, нешта рабіць.
Л: Мне падаецца, што гэта нават нашая ўнутраная місія як каманды – ствараць кам'юніці і развіваць іх. Цяпер якраз сіла ў аб'яднанні, калі ўсе з'язджаюць і жывуць у розных краінах. Хочацца яднацца, нягледзячы на межы. Для тых, хто ў Вільні, яднанне – гэта наш спэйс, а для тых, хто не ў Вільні, – нашы праекты, у якіх мы стараемся ахапіць людзей у Беларусі, Вільні, Варшаве, Тбілісі.
– Каго вы імкняцеся аб'ядноўваць? І хто да вас звычайна прыходзіць?
Т: Гэта, напрыклад, як Надзя ўжо казала, кіношная тусоўка. Часта яны нават проста бяруць і збіраюцца ў нас. Ёсць людзі, якія чытаюць, кніжны клуб – тыя, хто любіць абмеркаваць і крышку пафіласофстваваць.
Н: Рамеснікі ў нас шмат праводзяць майстар-класаў.
Т: Так, мы кожны сезон робім кірмаш, і яны потым прыходзяць да нас з майстар-класамі.
Н: Сучасныя мастакі ў нас тут заводзяцца.
Т: І ніяк іх не выведзем! Наша Window Gallery кожны месяц-два абнаўляецца, заўжды нешта цікавае. І заўсёды цікава назіраць, як людзі праходзяць міма і зазіраюць. Здаецца, ёсць яшчэ тусоўка айцішнікаў: у спэйсе праходзяць сустрэчы для супрацоўнікаў і супрацоўніц, ёсць людзі, якія тут проста прыходзяць і збіраюцца.
Л: Нават калі казаць пра айцішнікаў, то потым яны прыходзяць да нас на івэнты і таксама генеруюць ідэі і праекты. І ў нас жа ёсць яшчэ такое асобнае кам'юніці спэйсу – гэта людзі, якія да нас часта прыходзяць, мы ўжо сябруем.
Н: Раз на месяц праходзіць нейкае мерапрыемства для кам'юніці прасторы. Напрыклад, мы рабілі летнік, выязджалі з намётамі, або ходзім у паб нейкі, ладзім квізы для тых, хто сюды часта ходзіць.
Л: У нас ёсць асобны чацік, для тых, хто хоча быць у кам'юніці. Туды можна дадавацца і туды ж мы гэтыя сакрэтныя анонсы ўкідваем і весялімся. Можна яшчэ сказаць, што мы не толькі пра беларускі крэатыўны клас. Да нас часта прыходзяць у спэйс людзі з іншых краін.
Н: Больш за ўсё, пасля беларусаў, напэўна, украінцы.
Т: Я люблю ўвогуле казаць, што мы месца адкрытае беларусамі і беларускамі, але мы адчыненыя для ўсіх.
Н: Мы не правяраем пашпарт на ўваходзе.
Т: І гэтая прастора абсалютна вольная ад любога віду дыскрымінацыі. Мне падаецца, у нас у цэлым ніколі не было такіх момантаў. То-бок у нас няма «чорнага спіса» і не было канфліктных сітуацый, калі нехта сябе непрыгожа паводзіў.
Н: Але паліць у прыбіральні нельга!
Т: Так! Да нас людзі ходзяць культурныя! Збольшага.
Канкурэнцыя і супрацоўніцтва з арганізацыямі і прасторамі Вільні
– Ці ёсць канкурэнцыя паміж праектамі, падобнымі да вашага?
Н: У Вільні шмат беларускіх прастор, але кожная з іх займае пэўную нішу. На Вільняус, 20 – дыяспара, іншы фармат і свая аўдыторыя. Я ведаю, што на Субачус,15 адкрылася прастора, але яна пад канцэрты і нейкія вялікія івэнты. Насамрэч я рада, што з'яўляецца ўсё больш прастор. Да нас прыходзіць шмат людзей з запытам праводзіць канцэрты, але мы не можам змясціць сапраўдны канцэрт з барабанамі.
Т: Мы не разглядаем іншыя прасторы як канкурэнтаў. Трэба больш развіваць сетку партнёраў – чым больш прастор, тым лепш. І мы не імкнёмся да таго, каб ахапіць усіх і ўся, быць найбуйнейшымі, «самымі паспяховымі», «самымі наведвальнымі». Мы проста функцыянуем. Зразумела, што ва ўсіх ёсць свая аўдыторыя, і зразумела, што нехта ходзіць па ўсіх прасторах і наведвае ўсе мерапрыемствы, а нехта аддае перавагу аднаму месцу. І гэта ўсё цудоўна.
Н: Наадварот класна, што адкрылася, напрыклад, «Белая студыя». У іх там пра кераміку, а ў нас, калі праводзіць кераміку, трэба засцілаць усе сталы. А ёсць прасторы, у якіх толькі кінапаказы ці толькі асобныя лекцыі.
Т: Мы хочам з усімі сябраваць.
«Мы не імкнёмся да таго, каб ахапіць усіх і ўся, быць найбуйнейшымі, "самымі паспяховымі", "самымі наведвальнымі". Мы проста функцыянуем»
– А ці абзавяліся за год супрацоўніцтвам з мясцовымі арганізацыямі? Адразу пасля адкрыцця спэйсу вы казалі, што хацелі б супрацоўнічаць з International House Vilnius. Усё здарылася?
Н: Так, здарылася! International House Vilnius праводзіў у нашай прасторы нэтворкінгі для экспатаў, а потым яны нас запрасілі на фестываль. Але не скажу, што гэта было непасрэднае супрацоўніцтва. Гэта быў адкрыты фестываль для ўсіх – «Vilnius is my city», – дзе арганізацыям можна было паказаць сябе. І, паколькі мы ўжо супрацоўнічалі, яны нам напісалі: «Глядзіце, у нас ёсць вось такая магчымасць, ці не хочаце паўдзельнічаць?» Мы пагадзіліся.
Далей будзем супрацоўнічаць з International House у рамках іншых праектаў. Яны ж працуюць з экспатамі, а мы экспаты. І мы можам расказваць пра беларусаў літоўцам, якія звязаны з міграцыяй, што мы добрыя і ў нас не трэба забіраць ВНЖ, – вось, глядзіце, якія мы. Проста на хвалі ўсёй гэтай гісторыі з закрыццём межаў і відамі на жыхарства мы выконваем сваю такую культурную, дыпламатычную місію.
«Можам расказваць пра беларусаў літоўцам, якія звязаны з міграцыяй, што мы добрыя і ў нас не трэба забіраць ВНЖ»
Новая студыя і развіццё CreateCulture
– Зусім нядаўна вы адкрылі побач са спэйсам студыю. Што там будзе? Навошта і чаму яна з’явілася?
Н: Хочацца дадаць медыякампанент. Я сама маю прадзюсарскі досвед – рабіла поўныя метры, кароткія, дакументальныя фільмы, тэлепраекты – і мне б хацелася, каб якасць беларускага кантэнту стала лепшай. Не так, як на «8 канале» і на ўсім вядомых навіновых ютуб-каналах. Я ведаю, што зрабіць гэта няцяжка. Яшчэ з'явілася неабходнасць наш уласны кантэнт выводзіць за межы афлайн-фармату. Да нас можа прыйсці 40 чалавек, але гэтую лекцыю ці канцэрт маглі б паглядзець больш людзей. Таму з’явілася ідэя студыі.
Сама студыя невялікая, там не будзе нейкага супер-фэнсі-абсталявання, але будзе тое, з якім можна зрабіць выдатную карцінку. Не абавязкова павінны быць камера за 20 тысяч і святло за 10, каб зняць вельмі класны кантэнт. Важныя, вядома, яго змест і падача, і часам можна проста дакладна і правільна паставіць простую камеру, паставіць святло, запісаць гук на мікрафон. У выніку ў цябе будзе ўсё выглядаць прыгожа. Таму запускаем «Майстэрню відэапраектаў», куды будзем клікаць пачаткоўцаў, якія хацелі б паспрабаваць здымаць свае перадачы або навучыцца здымаць інтэрв'ю.
Л: Гэта будуць больш актывісты, актывісткі і людзі з сацыяльнай сферы, НДА.
Н: Так, мы не будзем распавядаць, як здымаць фудблогінг. Але аснова будзе такая, што калі ты потым захочаш здымаць які-небудзь б'юці-блог, то ўсё будзеш ведаць. У студыі будзе таксама пэўная колькасць гадзін давацца бескаштоўна. Не назаву дакладную лічбу, але можа быць ад 1 да 10 гадзін у тыдзень. Усё гэта для тых, хто развівае беларускую культуру і грамадскую супольнасць.
– То-бок можна будзе да вас пагрукацца па форме, як з арэндай спэйсу?
Н: Так-так, напісаць: «У мяне вось такая ідэя, такі праект, божа дапамажы!»
– А на камерцыйнай аснове не плануеце здаваць?
Н: А ўвесь астатні час будзе на камерцыйнай аснове, так. Цэннік будзе сярэдні па Вільні, і ў гэта будзе ўваходзіць памяшканне і святло. Камеры... Хутчэй за ўсё, мы 90% не будзем выдаваць іх у арэнду, на вынас, але ў студыі можна будзе нешта зняць, калі вы хочаце. Дудзяціна нейкая, інтэрв'юшачка, цік-ток. У нас для гэтага ёсць рознага колеру фоны, зялёнка, гукавыя панэлі.
– Ці змяняюцца арыенціры праекта праз год працы?
Н: Мы цяпер пераглядаем нашу стратэгію, шмат эксперыментуем, абмяркоўваем планы з камандай. Але я, мабыць, скажу агульнымі словамі: са спэйсам усё добра, усё пакуль ёсць, а сама арганізацыя CreateCulture Group рухаецца ў бок супрацоўніцтва з еўрапейцамі і ўдзелу ў міжнародных праектах, каб пра Беларусь ведалі. Мы не хочам замыкацца ў кантэксце «беларусы для беларусаў», а з дапамогай міжнародных праектаў, як у выпадку з International House, мы можам прадстаўляць Беларусь і беларускую культуру праз нас і нашыя праекты.
Л: Гэта не значыць, што мы вось толькі ўтрох будзем рабіць гэтыя праекты. Мы будзем клікаць і нашых партнёраў іх рабіць.
Н: Так, і мы хочам больш выйсці ў сферу крэатыўных індустрыі. Мы зараз будзем рабіць CreateCulture Lab – лабараторыю стартапаў на стыку бізнэсу, тэхналогій і культуры. Паспрабуем, але не ведаем, ці атрымаецца. І таксама будзем рабіць нашыя праекты больш міжнароднымі: уключаць людзей з розных краін і распавядаць пра Беларусь і беларускую культуру. Калі мы будзем увесь час варыцца «беларусы для беларусаў», то дзе браць новыя метады? Гэта пытанне з майго досведу, таму што я культурнаму менеджменту вучылася на розных праектах, і калі ты бачыш, як працуюць іншыя, і ўключаеш іх у свой праект, то ёсць адкуль браць новыя веды.
Л: Таксама, дарэчы, у нас ёсць ідэя – зімой мы рабілі «КінаКаляды», а ўлетку хочам рабіць «Кліпень». Вось туды ёсць ідэя браць не толькі беларускія прадакшаны, а наадварот – браць замежныя прадакшаны, а для іх – беларускіх выканаўцаў, каб яны такім чынам узбагачаліся і бачылі, што кліп можна рабіць неяк яшчэ.
Н: Плюс мы самі будзем удзельнічаць у глабальным конкурсе «48 гадзін» у Варшаве. І будзем прадстаўляць каманду беларусаў на гэтым конкурсе. Пабачым, што мы там наздымаем за гэтыя 48 гадзін.
Фота: 34mag