Фатографка Таццяна Чыпсанава: «Калі я жыла ў Беларусі, мяне пастаянна пыталі, адкуль я родам»

У сёлетнім конкурсе World Press Photo ў намінацыі «Доўгатэрміновы праект» з Паўднёва-Усходняй Азіі і Акіяніі перамагла ўраджэнка Беларусі Таццяна Чыпсанава. Фатографка з’ехала за мяжу яшчэ ў 2001 годзе. Вучылася ў Вялікабрытаніі, сустрэла будучага мужа і пераехала ў Бразілію, там у пары нарадзілася дачка Лола, а далей сям’я аказалася ў Новай Зеландыі. Мы пагутарылі з Таццянай пра яе цікаўнасць да плямён, якія захоўваюць сябе, жывучы далёка ад «цывілізацыі», асаблівасці працы над праектам, які займае гады, культурныя адрознасці, сувязі з Беларуссю і адчуванне дому.

Праект Таццяны Чыпсанавай «Тэ Урэвера – жывы продак народа цюхоэ» распавядае пра прадстаўнікоў карэннага насельніцтва Аотэароа (Новай Зеландыі) – цюхоэ (tūhoe), якія жывуць у рэліктавым лесе Тэ Урэвера. Гэтая тэрыторыя ў 2014 годзе атрымала чалавечыя правы – такое адбылося ўпершыню ў гісторыі свету.

Журы World Press Photo адзначыла «магутны і падрабязны погляд на барацьбу народа Ngāi Tūhoe за вяртанне ўласных земляў і правоў карэнных народаў». Ён «распавядае пра барацьбу, што трывае і дасюль, паміж традыцыйным спосабам жыцця ў рэгіёне і заходнімі поглядамі», а таксама «пралівае святло» на супольнасць, пра якую не вельмі ведаюць не толькі ў свеце, але і ў самой Новай Зеландыі [у гэтым артыкуле мы будзем карыстацца міжнароднай назвай, але ты можаш падрабязней пачытаць пра гісторыю саманазвы краіны на 34travel.me. – заўв. 34].

 

 

Як праект-пераможца з’явіўся на свет

– Як адчуваецца перамога ў World Press Photo? І як гэта тэхнічна адбываецца?

– Прыходзіць электронны ліст з паведамленнем, і ў ім жа – спіс на восем пунктаў, што яшчэ трэба зрабіць: папрацаваць з тэкстам, нешта праверыць, даць нейкія дазволы, бія, партрэт, утрэсці паездку на выставу ў Амстэрдаме. Пераможцам паведамляюць пра перамогу дужа загадзя, а паколькі я не асабліва люблю ўвагу да сваёй персоны, то ў мяне быў час да гэтай увагі падрыхтавацца.

– Але акрамя ўвагі і дадатковай працы будзе і карысць?

– Я вельмі хацела, каб пра людзей цюхое і іх жыццё даведаліся ў свеце. Бо гэта гісторыя міжнароднага ўзроўню. У ЗША карпарацыі атрымліваюць юрыдычны статус чалавека, а тут – рэліктавы лес.

 

«У ЗША карпарацыі атрымліваюць юрыдычны статус чалавека, а тут – рэліктавы лес»

 

– Як атрымалася выйсці на гэту гісторыю?

– Пра цюхое я даведалася адразу, як прыехала ў Новую Зеландыю. Выйшаў дакументальны фільм пра тое, як брытанскае войска ў пачатку ХХ стагоддзя разагнала цэлае паселішча цюхое з-за таго, што тыя хацелі жыць у ізаляцыі, у сэрцы лесу, дзе знаходзіцца іх святая гара. Ізаляцыя дазваляла цюхое засцерагацца ад хвароб, якія ў той час касілі іншыя плямёны; акрамя таго, яны не хацелі ўступаць у войска – тады якраз пачалася Першая сусветная вайна. У той час як іншыя маары ішлі на саступкі, цюхое заставаліся фактычна незалежнымі, яны не падпісвалі ніякіх дамоўленасцей з брытанскай каронай. Апошняй гэта, натуральна, не падабалася. У плямёнаў то забіралі землі, то аддавалі. Так, у барацьбе за незалежнасць, яны правялі апошнія 180 гадоў.

Калі я жыла ў Бразіліі, я пасябравала з племем, якое ў эпоху каланізацыі захавала сябе, свае традыцыі і мову дзякуючы таму, што сышло ўглыб лесу, у джунглі. І вось падобная гісторыя знайшла мяне ў Новай Зеландыі. У 2007 годзе я ўладкавалася на працу ў новазеландскі дзяржаўны архіў. Адна каманда цюхое алічбоўвала там дакументы: яны хацелі стварыць свой архіў за 180 гадоў – рыхтаваліся да рэпарацый. Цюхое вярталі землі і нейкія рэчы, якія ў іх скралі падчас паліцэйскіх рэйдаў.

Я пасябравала з камандай цюхое, якая працавала ў архіве, і мяне запрасілі з'ездзіць у іх вёску Руатокі, дзе ў 2007 годзе прайшоў паліцэйскі рэйд. Тады выйшаў новы закон аб барацьбе з тэрарыстычнымі арганізацыямі, і яго адразу ж «выпрабавалі» на жыхарах Руатокі. 300 паліцыянтаў у балаклавах, са зброяй наперавес. Тады па ўсёй краіне арыштавалі 19 чалавек, чатырох прыцягнулі да адказнасці за тэрарыстычную дзейнасць. Вядома ж, усё было шыта белымі ніткамі. Не было там ніякіх тэрарыстаў.

На адной з фатаграфій у маёй падборцы – чалавек, які прасядзеў два гады ў турме за нібыта незаконнае валоданне стрэльбай. А ён жыве ў лесе і там палюе. Канешне, гэта быў паказальны працэс, бо Tāme Iti вельмі вядомы актывіст, які ўжо 50 гадоў змагаецца за правы карэнных народаў.

 

«Тады па ўсёй краіне арыштавалі 19 чалавек, чатырох прыцягнулі да адказнасці за тэрарыстычную дзейнасць»

 

Уласна свой праект я пачала рабіць у 2014 годзе, калі ў дом сям'і маёй калегі і сяброўкі Вайтангі таксама ўварваліся людзі ў масках. Яе шасцідзесяцігадовых бацькоў выставілі ў начнушках і майтках на вуліцу. Потым паліцэйскія сказалі, што памыліліся домам. Я прачытала пост аб гэтым на фэйсбуку і была ў шоку. Гэта ж Новая Зеландыя, казачная краіна зялёных пагоркаў, а тут такія рэчы адбываюцца з людзьмі, з якімі ты працуеш!

Я распытала калег, і яны сказалі, што сутыкаліся з такім таксама. Маары ў Новай Зеландыі ў сем разоў часцей падвяргаюцца гвалту з боку паліцыі, чым белыя жыхары. Я, напрыклад, ніколі не бачыла паліцыянтаў са зброяй на маёй вуліцы – а я памяняла ў Новай Зеландыі чатырнаццаць адрасоў.

– З таго часу мінула больш за дзесяць гадоў. Гэта актуальна і сёння?

– Так. У Новай Зеландыі расізм не падмацоўваецца законамі, але ён вельмі заўважны на бытавым узроўні. Напрыклад, людзі кажуць, што раз маары жывуць у беднасці – гэта іх віна. А я езджу ў раён і бачу, што ў людзей проста няма працы. У іх забралі ўсе ўрадлівыя землі – і выкручвайцеся.

Займаючыся гэтай гісторыяй, я хацела паказаць, што паспяховае жыццё на зямлі магчымае. Я фатаграфавала сям'ю, занятую на малочнай ферме. Шэсць сем'яў злучылі свае землі, каб разам вырабляць малако. І апроч поспехаў у гэтай справе, яны атрымліваюць прызы за прыродаахоўную дзейнасць, таму што аднаўляюць балоты, якія служаць натуральным фільтрам, засцерагаюць водныя шляхі ад забруджвання. У Новай Зеландыі з-за таго, што вельмі развітая малочка, моцна забруджваюцца рэкі. Гэта, дарэчы, вельмі падобна да Беларусі.

 

 

Пра перапляценні каранёў і культур

– Як распавядаеш пра сябе мясцовым?

– Штосьці пра Беларусь расказваю, хаця яны, зразумела, не надта ведаюць. І расказваю пра сям'ю. Мой тата з сям'і старавераў з Пячоры, гэта Комі. Дзядуля прайшоў ГУЛАГ, вярнуўся, і яны з бабуляй з'ехалі з вёскі, бо не хацелі ісці ў калгас. Яны перасяліліся на вярхоўі ракі Пячоры, недалёка ад Нар'ян-Мара, але ў ізаляцыі ад усіх. Жылі паляваннем і рыбалкай. У таты захаваліся паляўнічыя байкі комі. Калі ён пераехаў у Беларусь (мая маці з Беларусі), ён працаваў галоўным інжынерам на суднарамонтным заводзе, і мы ўвесь час бавілі час на рацэ і ў лесе. Тата ведаў увесь фарватар Бярэзіны, запрашаў сяброў на сплавы. Мы заходзілі ў супердзікія месцы са старажытнымі пахаваннямі і ўсякае такое. Ён прывіў мне любоў да прыроды. Мусіць, таму я выдатна адчуваю сябе, калі раблю гісторыі пра людзей, якія жывуць у гарманічных адносінах з прыродай.

 

«Тата ведаў увесь фарватар Бярэзіны, запрашаў сяброў на сплавы. Мы заходзілі ў супердзікія месцы»

 

– У чым твой інтарэс распавесці пра гэтае месца і гэтых людзей?

– Таму што звычайнае жыццё маары чамусьці не здымаюць Фатографы засяроджаныя на івэнтах, пратэстах, хацы [рытуальны танец маары, які вядомы ва ўсім свеце найперш таму, што яго выконвае нацыянальная рэгбі каманда. – заўв. 34]. У Новай Зеландыі, у прынцыпе, мала хто разумее, як жывуць маары на зямлі, у грамадстве поўна дэзінфармацыі.

– А з белымі новазеландцамі як складаюцца адносіны?

– Калі я жыла ў Лондане, у мяне, напэўна, не было ніводнага сябра-ангельца. Ірландцы, валійцы – так, ангельцы – не. А ў Новай Зеландыі шмат ангельцаў, якія ўцякаюць ад чапурыстай ангельскай культуры, яны зусім іншыя. Але сама культура захоўваецца: калі ты пайшоў у прэстыжны каледж дзе-небудзь у «белым» горадзе на Паўднёвым востраве, ты потым будзеш усё жыццё сябраваць цесным кругам з каледжа, і ў гэты круг ніхто не ўклініцца. Пытанне «А ў які каледж ты хадзіў?» – гэта вельмі брытанскае. Маарыйская культура зусім іншая.

Новая Зеландыя вядомая тым, што прымае ўсіх мігрантаў, і, ведаючы дзве культуры, я лічу, што гэта менавіта маарыйская традыцыя – усіх прымаць. Калі я вучыла маарыйскую мову, то ў класе адчувала сябе як у сям'і. Яны спачатку будуюць сям'ю, а потым ты з гэтай сям'ёй год вучышся. Усё лепшае ў Новай Зеландыі – ад маары.

 

«Усё лепшае ў Новай Зеландыі – ад маары»

 

– Але раз пра маары мала інфармацыі ў «мэйнстрыме», то, напэўна, напачатку былі нейкія стэрэатыпы?

– Не было ніякіх. Калі я жыла ў Беларусі, мяне пастаянна пыталі, адкуль я родам. Знешнасць, мусіць, не беларуская. Я да гэтага прывыкла. Мабыць, таму мне паўсюль прасцей.

 

 

Пра працу ў доўгую

– Як фінансуюцца такія доўгатэрміновыя праекты?

– Я не адразу не зразумела, што ён будзе доўгатэрміновым. Калі я першы раз сфатаграфала сям'ю пасля таго рэйду ў 2014-м, мае фота ўбачыў малады вучоны: ён працаваў над доктарскай і папрасіў скарыстацца фатаграфіямі. Потым я напрасілася паехаць з ім на палявыя даследаванні, і мы ездзілі ў гэтую вёску на працягу года. Я спынялася ў той самай сям'і. Ён рабіў інтэрв'ю з людзьмі, на якіх у розныя гады праводзіліся «антытэрарыстычныя» рэйды.

Потым сяброўка-мастачка запрасіла мяне зрабіць арт-рэзідэнцыю ў мясцовым музеі, і я вярнулася. Пасля мяне заўважылі рэдактары часопісаў, сталі прасіць фатаграфіі і артыкулы пра гэтую сям'ю. Далей заўважылі за мяжой – у Еўропе і ў Амерыцы. Карацей, пасля таго як я зрабіла першыя фатаграфіі, магчымасці сталі з'яўляцца. Але першыя пяць гадоў я рабіла ўсё за свой кошт.

 

«Першыя пяць гадоў я рабіла ўсё за свой кошт»

 

– Чалавек з фотаапаратам сапраўды можа палепшыць становішча людзей? І ці не можа нашкодзіць?

– Калі адбыўся рэйд на вёску Руатокі, журналісты асвятлялі ўсё з пункту гледжання паліцыі. Яны ніяк не правяралі інфармацыю, якую атрымалі ад паліцыі, нічога не пыталіся ў мясцовых. Яны нарабілі вельмі брутальныя фатаграфіі і далі сенсацыйныя загалоўкі ў духу «Тэрарысты ў лесе!». Такі «парашутны журналізм» вельмі нашкодзіў узаемаадносінам паміж журналістамі і маары ўвогуле. І адносіны да гэтага часу цалкам не адноўленыя. Паўплывала гэта і на тое, як маары сябе адчуваюць самі. Так, маленькія дзеці ў мяне пыталіся: «А што вы робіце тут, на зямлі тэрарыстаў?»

 

«Журналісты нарабілі вельмі брутальныя фатаграфіі і далі сенсацыйныя загалоўкі ў духу “Тэрарысты ў лесе!”»

 

– У каментары WPP напісана пра «крайнія правыя» рухі. Атрымліваецца, Новая Зеландыя падтрымлівае сусветны палітычны трэнд?

– Так, у нас цяпер вельмі правы паток, які набірае папулярнасць праз эканамічныя рэформы, але заадно адмяняе прагрэсіўныя законы, якіх маары дамагаліся дзесяцігоддзямі. Але тут сітуацыя ўсё-ткі іншая, бо маары – каля 20% насельніцтва, а не 1% ці менш, як доля карэнных народаў у Бразіліі ці Расіі. Тут гэта дастаткова вялікая частка насельніцтва. Да таго ж яе падтрымліваюць прагрэсіўныя людзі іншага паходжання.

 

 

Пра дом

– Прызы пазбаўляюць ад комплексу самазванкі? Ці яго ніколі і не было?

– У мяне план у прафесіі на пяць гадоў наперад. Я ведаю, што хачу рабіць, разумею, як будаваць сваю кар'еру, таму мне лягчэй да ісці да маіх мэт. Напрыклад, бачу, што мне трэба папрацаваць над тым, як прэзентаваць сваю працу. Цяпер вельмі шмат запрашэнняў, і вось тут комплекс самазванкі крыху праяўляецца: калі мне трэба казаць пра сябе ў прафесійнай супольнасці. Трэба падцягнуць прэзентацыю.

Вучылася я шмат, збілася з рахунку, колькі было варкшопаў. Яны, вядома, дапамагаюць, але ў асноўным трэба стала працаваць над праектам – глядзець на тысячы фатаграфій, шукаць актуальны вугал, як гэта выкладваць, каб яно спрацавала. Дарэчы, выбарку, якая перамагла, мне дапамагла зрабіць Каця Багачэўская з «Фатаграфікі», і я вельмі ёй удзячная. Мне здаецца, адзінцом у нашай сферы рады не дасі. Трэба сябраваць з фатографамі, з рэдактарамі, іншымі людзьмі ў індустрыі.

– Летась упершыню прайшоў беларускі фестываль PhotoArtDoc, выніковая выстава адбылася ў Вільні. Твой праект – у ліку пераможцаў.

– У мяне доўгі час не было кантакту з беларускім кам'юніці, і я падумала, што гэта добры шанец. Хаця я з'ехала вельмі даўно, я адчуваю сябе беларускай, перажываю за Беларусь, хачу папрацаваць з часам у Беларусі. Гэта было б нешта, звязанае з маёй сям'ёй, з маім дзяцінствам.

– На PhotoArtDoc тэма таксама сямейная.

– Трэба было зрабіць нешта пра Беларусь, а беларусы Нэльсана, якіх я ведаю, фатаграфавацца не хочуць. Так што засталіся я і мая дачка. Разам з Таняй Ткачовай [беларуская фатографка, уладальніца прыза World Press Photo ў 2020 годзе. - заўв. 34.] атрымалася зрабіць праект пра маці і дачку, якая становіцца дарослай.

Я тады думала, што мы апошні год побач: Лола заканчвала школу, я фатаграфавала яе на выпускным балі, з сябрамі. У фотасесіі паўдзельнічаў і рубінавы пярсцёнак маёй мамы, зроблены ў 1950-х. Падазраю, ён з Вільні – мая мама там нарадзілася і правяла дзяцінства. Маму звалі Лола. Не ведаю, адкуль бабуля ўзяла такое імя, у Савецкім Саюзе замежных імёнаў не любілі ж. Насамрэч у мяне вельмі шмат такіх сямейных загадак, і я вельмі хачу пакапацца ў архівах.

 

 

– Новая Зеландыя ўжо як дом?

– Калі вяртаешся з-за мяжы, так ужо адчуваецца. Тут проста спакойна, Хабітон. Я жыву ў маленькім мястэчку. Мы можам днём выйсці прагуляцца ў старажытным лесе. Вакол – самыя прыгожыя месцы Зямлі, якія друкуюць на паштоўках.

 

«Вакол – самыя прыгожыя месцы Зямлі, якія друкуюць на паштоўках»

 

– Што дапамагае адаптавацца ў новых краінах і адразу знаходзіць вельмі лакальныя тэмы?

– Мабыць, ADHD! Насамрэч не ведаю. У мяне заўсёды ёсць цікавасць да людзей і культур. Мяне вабяць карэнныя народы. У Бразіліі я перасялялася ў вёску карэнных жыхароў, калі мяне дапякала мэйнстрымная бразільская культура з яе мачызмам і размеркаваннем роляў. У карэнных народаў зусім іншае стаўленне да жанчыны, у іх нават жанчыны-правадыры ёсць. Мне было цікава, як у Бразіліі побач з мачызскай культуры існуе іншая, незаўважаная, і як яна выжывае. Хачу вярнуцца туды з дачкой, зрабіць праект. У нас у Беларусі, дарэчы, таксама былі розныя субкультуры – упэўненая, таксама ёсць дзе разгарнуцца з праектамі.

 

Фота: Таццяна Чыпсанава