Кніга дня: The Belarus Book
- Рубрыка: УЛОЎ
- 09.06.2020
- 8779
На краўд-пляцоўцы Ulej стартаваў збор сродкаў на выданне аўтарскага фотаальбома арт-дырэктара 34 Касі Сырамалот. «The Belarus Book» – гэта візуальны аповед пра Беларусь, які мае быць актуальным і праз 20 гадоў.
На 200+ старонках ты знойдзеш больш за 170 фатаграфій з каментарамі Касі. Прадмову да выдання стварыў пісьменнік Віктар Марціновіч. Аб тым, як развіваецца Менск і іншыя беларускія гарады, адмыслова для выдання напісаў паблішар 34, галоўны рэдактар 34travel і 34mag Антон Кашлікаў.
Што ўвогуле пад вокладкай: жыццё Менска, а таксама маленькіх і вялікіх гарадоў і вёсак, архітэктура, музычныя і культурныя падзеі, прырода, славутасці, людзі. Усё гэта шчыра, без пафасу, у сваёй суцэльнай самабытнасці.
Галоўная мэта стваральнікаў «The Belarus Book» – зрабіць прыгожае выданне, якое захочацца трымаць на бачным месцы і перагортваць у пошуках натхнення. Працуе гэта, са слоў аўтара «Возера радасці», прыкладна так: «Фатаграфія адкрывае табе чужыя вочы. Яна дорыць позірк мастака нават таму, хто абдзелены мастацкім прадчуваннем. Ты глядзіш на рассыпаны часам неагатычны дамок, схаваны ў цяністай варажбе дубовых шатаў, і, праз абраны Касяй ракурс, праз прыцемненасць і гульню аксаміту на соснах на трэцім плане, вокамгненна разумееш усё».
Кася Сырамалот
«Кніга для мяне – гэта вынік маёй працы за апошнія 10 гадоў. Я вельмі шмат падарожнічала па Беларусі, а таксама ў вольныя хвіліны здымала Менск. Я назірала, як краіна змяняецца і ў той жа час застаецца той самай, з дзяцінства любімай.
Калі сябры пачалі ў мяне пытацца, якія раздзелы будуць у кнізе, я зразумела, што раздзелаў увогуле не мусіць быць. Беларусь – своеасаблівы пазл, вялізны, каляровы і чорна-белы, у кожнага розны. Калісьці я пастаралася перадаць сваё адчуванне Беларусі ў фотаэсэ да дня народзінаў нашага праекта Go to Belarus. Кніга будзе прытрымлівацца таго ж настрою, проста матэрыялу набралася на цяперашні момант нашмат болей.
Чаму я ўзялася за гэтую ідэю? Бо сама бачыла вельмі мала візуальнага, што было б мне блізка па адчуваннях пра Беларусь. Найбольш маляўнічыя вобразы можна знайсці хіба ў тэкстах Караткевіча, Міцкевіча, Багдановіча. Мне падабаецца сучасная беларуская музыка і тое, як актыўна яна развіваецца. Гэта яшчэ адно натхненне і рухавік».
Адзін экзэмпляр каштуе 80 рублёў, замаўляеш больш – плаціш менш. Выхад кнігі запланаваны на восень 2020-га. Друк будзе звышякасны, таму «The Belarus Book» стане лепшым падарункам – сабе, блізкім і далёкім (адна з моваў выдання – англійская).