У Менску ідзе выстава аналагавай фатаграфіі Віктара Бутры «Эфект назіральніка»

Да 23 сакавіка ў менскім Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў на Някрасава працягнецца персанальная выстава Віктара Бутры «Эфект назіральніка».

 

На выставе ў дзвюх залах прадстаўленыя больш за сто адбіткаў 1960–1980-х гадоў. Яны транслююць размаітасць часоў і шырокую палітру чалавечай натуры. Наведнікі і наведніцы атрымліюваць шанец зірнуць на свет праз лінзы фатографа, які для сябе абірае азначэнне «практык з запалам да даследаванняў», каб не выключаць з фатаграфіі элементы чалавечай псіхалогіі. «Так атрымалася, што недзе ў маім уяўленні, у маёй свядомасці ўзнікла гэтая фатаграфія – амаль адзін у адзін. Затым я ўстаю, бяру камеру і іду фатаграфаваць. Мне далі гатовую выяву, уклалі яе ў маю галаву. Адкуль яна ўзялася? …Я здымаю тое, чаго сам ніколі не бачыў і што большасць людзей не ўбачаць. Фатаграфія як імпульс, які немагчыма растлумачыць», – апісвае сваё мастацтва Віктар Бутра.

Віктар Бутра нарадзіўся ў 1944 годзе ў Сарапуле (Удмурція), дзіцячыя і юнацкія гады правёў у Латвіі. З адукацыі і па першай прафесіі ён медык, пасля Рыжскага медынстытута Бутра працягнуў медычную адукацыю ў Віцебску і ў 1960-х звязаў жыццё з Беларуссю. Яго фатаздымкі друкаваліся ў розных медыя, атрымлівалі ўзнагароды на рэспубліканскіх і абласных выставах, але некаторы час Віктар Бутра разглядаў фатаграфію адно як захапленне і аматарскую практыку. У 1970-х Бутра ўступіў у фотаклуб «Мінск», дзе патрапіў у кола аднадумцаў-шасцідзясятнікаў. Пазней увайшоў у аргкамітэт усесаюзнага фестывалю «Фотаграфіка», які ладзіўся ў Менску і меў вялікі аўтарытэт.

Не ўсе фотаздымкі Бутры хутка траплялі на вочы шырокай аўдыторыі. Некаторыя яскравыя фота кшталту «Натхненне дантыста» не выклікалі энтузіязму савецкіх ідэолагаў і чакалі свайго часу. Але прынамсі здымак з дантыстам праз дзесяць гадоў – у 1976-м – узяў сваё: атрымаў пачэснае трэцяе месца на выставе «Юмарына» ў Адэсе.

 

«Натхненне дантыста» В. Бутра, flickr.com

 

«Інтарэс» В. Бутра, cameralabs.org

 

На выставе «Эфект назіральніка» можна пабачыць болей і меней знакамітыя фотаздымкі Віктара Бутры, а таксама дакрануцца да працэсу яго творчасці: паглядзець на кантрольныя адбіткі з плёнкі, розныя варыянты кадраў, нават хімічныя формулы раствораў, якімі карыстаецца аўтар.

Куратарка выставы – Дзіна Даніловіч.

 

*** 
 

 Адрас:  Някрасава, 3.

 Час працы:  з 12:00 да 20:00.

 Кошт квітка:  стандартны – 10 рублёў, са зніжкамі – ад 4 да 7.

  Падрабязнасці – на сайце НЦСМ.