Альтэрнатыўны сувенір: 7 прадметаў пра дом ад беларускіх мастакоў, майстроў і дызайнераў

Ламаеш галаву, што такога набыць, каб яно было з беларускім каларытам, але не банальшчына? Прапануем прыгледзецца да рэчаў, створаных нашымі мастакамі і дызайнерамі, што не проста праменяцца атмасферай дома, але і становяцца паўнавартаснымі арт-гісторыямі. Калі табе трэба нешта сапраўды каштоўнае, а не магніцік з прывакзальнай крамы, вось падборка прадметаў з душой.

 

Здымак памяці

У арт-серыі «Is it a Souvenir?» мастачка Надзя Саяпіна фіксуе важныя моманты і месцы, якія засталіся ў мінулым. Невялікія кранальныя малюнкі паўстаюць своеасаблівымі парталамі памяці. Серыя пачалася з выяў, намаляваных па фота дамоў, пакінутых падчас міграцыі. І калі звычайна магніцік на лядоўні мусіць нагадваць нам пра вядомыя гарады і турыстычныя месцы, то ў праекце Надзі змяняецца сама сутнасць гэтага прадмета: тут фіксуецца тое, што прамінула, засталося толькі ў памяці або на фота. Мастачка адкрытая для замоў па фотаздымках.

 

Героі гісторыі — на тваёй лядоўні

Яшчэ адзін цікавы варыянт з магнітамі прыдумалі дзве гарадзенскія мастачкі. Ілюстратарка Ніка Ганчарова і брэнд керамікі eto.ceramics выпусцілі серыю магнітаў з яскравымі постацямі беларускай гісторыі. Адной з гераінь стала пісьменніца, грамадская дзяячка і феміністка Эліза Ажэшка, якую вельмі шанавалі сучаснікі, — «наша гродзенская “гвяздка”», называюць яе стваральніцы серыі. Партрэты Ажэшкі скарылі сэрцы карыстальнікаў інстаграма, мо нешта спадабаецца і табе. Акрамя літаратаркі, у серыі ёсць мастак Лявон Бакст, князі Стэфан Баторый і Вітаўт, каралева і княгіня Бона Сфорца, фінансіст і магнат Антоній Тызенгаўз. Набыць можна ў краме «Лёля».

 

Хатка ў кішэні

Менская ілюстратарка Маргарыта Чудук стварае, мабыць, адны з найпрыгажэйшых і самых запамінальных паштовак пра Беларусь. Для кожнай працы яна збірае ўнікальны макет хаткі, які змяшчаецца ў паштоўку памерам з далонь і паўстае ў аб’ёме пры раскрыцці. Шмат у якіх макетаў ёсць рэальны прататып — або Маргарыта сама натхняецца нейкімі будынкамі, або гэта хаты, здымкі якіх дасылаюць замоўцы паштовак. Дызайнерка вельмі ўважліва працуе з дэталямі, і ў кожнай мініяцюры ёсць свой непаўторны вайб. У інстаграме мастачка шчодра дзеліцца творчай кухняй і гісторыямі хатак.

 

Керамічны домік на палічку

Калі хочацца нечага больш маштабнага і важкага, каб паставіць на паліцу, рэкамендуем прыгледзецца да керамікі яшчэ адной мастачкі з Горадні. Анастасія пад нікам Narnia Art стварае керамічныя статуэткі паводле рэальных будынкаў. Людзі замаўляюць Анастасіі копіі сваіх дамоў ці нават гатэляў. Кожны выраб полы, у трубу можна ўставіць маленькія сухацветы або аромапалачкі, каб літаральна ажывіць керамічны выраб. Таксама ў партфоліа мастачкі — копіі беларускіх славутасцяў: ад Каложскай царквы да палаца Горватаў у Нароўлі.

 

Акно, у якім гарыць святло

Эфектным акцэнтам у інтэр'ере будзе насценнае пано брэнда Tiny Rooms. Аляксей і Сняжана Харко ствараюць па фотаздымках замоўцаў копіі вясковых домікаў, а таксама вельмі атмасферныя пано. Кожны экзэмпляр зроблены на 100% уручную і вылучаецца фантастычнай дэталізацыяй, нават трава, што прабіваецца праз плітку каля ганка, абавязкова будзе зафіксаваная. Часам у галерэі інстаграма не адразу можна зразумець, дзе выраб, а дзе рэальны дом, — усе працы такія жывыя. Адзін з новых фарматаў тандэма — акно ў рамцы, у якім уключаецца святло, — адразу стаў хітом. Чарга на замовы ў Tiny Rooms — агромная, што цалкам зразумела.

 

Шаўковы Менск

Для тых, хто хоча насіць кавалачак Менска літаральна на сабе, беларускі брэнд AV Silk прыдумаў серыю шаўковых хустак пра сталіцу. Тут ёсць «Брама горада», Траецкае прадмесце, Чырвоны касцёл, Асмалоўка, Чырвоны дворык, але асобна вылучым няхай «Дынама»: хустка жыццялюбных колераў не проста адлюстроўвае спаборніцкі дух самога будынка, а і ўважліва фіксуе яго пазнавальныя дэталі — аркі, ляпніну, скульптуры каля галоўнага ўваходу.

 

Наш адказ Лабубу

Свой стылёвы падвес на сумку прыдумалі дзве беларускія дызайнеркі Наста KANVA і Воля Этыка. Замест невыразнага ўзору хуткаплыннай моды беларускі прапануюць чапляць на сумкі саламяную ляльку з акцэнтнымі чырвонымі пацеркамі. Такі сувенір дакладна прыцягне ўвагу мінакоў і можа стаць добрай нагодай для смол-току. Традыцыйны акцэнт выглядае стылёва і незвычайна разам з лукам самадастатковай сучаснай дзяўчыны.