Мапа дня: манументальнае мастацтва Беларусі
- Рубрыка: УЛОЎ
- 10.01.2025
- 84
Праект Belarusian Soviet Monemental Art запусціў тэматычную мапу, на якой можна знайсці інфармацыю пра 500 аб’ектаў у розных тэхніках: мазаіка, кераміка, вітраж, сграфіта, барэльеф, чаканка і гэтак далей.
Выдачу можна адфільтраваць не толькі па тэхніцы, але і па тэматыцы, часе стварэння і актуальным стане (на жаль, шмат што зашываюць пад цеплашубу ці проста знішчаюць, не бачачы ў гэтым мастацтве каштоўнасці). Таксама праз сайт можна даведацца, ці даступны аб’ект для публічнага прагляду або знаходзіцца на закрытай тэрыторыі. Рэч у тым, што каманда праекта намагаецца захаваць і страчаную, і не для ўсіх дасяжную спадчыну. Мапа працуе як архіў.
Яшчэ адна з ключавых задач праекта – вярнуць арту імёны яго стваральнікаў і стваральніц, бо, вядома, за кожным аб’ектам стаіць чалавечая праца, ідэя і рэсурс. Калі ведаеш імя – з большай персанальнасцю глядзіш і на сам аб’ект.
Аматары і аматаркі нетурыстычных вандровак па Беларусі адшукаюць на monumental.by шмат натхнення. Ёсць нават тэматычныя падборкі: «Беларускія вітражы», «Мінск манументальны», «Аўтобусныя прыпынкі».
Мапа будзе папаўняцца, і з гэтым можа дапамагчы кожны(-ая): дастаткова фатаграфаць аб’екты, не нанесеныя на мапу, і дасылаць іх з інфармацыяй пра творы на пошту belarusianmonumentalart@gmail.com.
За знаходкамі Belarusian Soviet Monemental Art зручна сачыць у Facebook. Таксама раім пачытаць інтэрв’ю з даследчыцай спадчыны беларускага савецкага манументальнага мастацтва Кацярынай Рускевіч на 34travel.me, дзе яна дае лайфхакі, як знаходзіць творы манументальнага мастацтва ў розных гарадах, і расказвае, як цікаўнасць да рэчаў, што цікавыя не ўсім, паглыбляе знаёмства з краінай.
Фота: monumental.by