Шляхецкія сем'і Беларусі. Усе падкасты 34mag
- Рубрыка: Шляхецкія сем’i Беларусi
- 04.11.2022
- 5746
На 34mag вышлі восем эпізодаў падкасту пра знакамітых беларусаў, якія мы стварылі разам з МТС. Атрымаўся сапраўдны аўдыясерыял пра шляхецкія сем’і, што некалі жылі на тэрыторыі Беларусі, – і пра тое, які велізарны культурны пласт яны пакінулі па сабе. Выбірай цікавую табе тэму ці слухай усе выпускі запар, а падчас праслухоўвання разглядай партрэты дзейных асоб і фота архітэктурных помнікаў, пра якія ідзе гаворка.
Радзівілы – «каралі без кароны»
Пачынаем аповед з найбагацейшага шляхецкага роду ў гісторыі Беларусі, які так імкнуўся атрымаць сапраўдную каралеўскую карону – і ненадоўга дамогся гэтага. Фундатары шматлікіх замкаў, палацаў і храмаў – чаго вартыя адны Мір і Нясвіж. Уладальнікі галоўных дзяржаўных пасад на працягу чатырох стагоддзяў. Заснавальнікі тэатра і найбагацейшых збораў мастацтва і старажытнасцяў. І ўрэшце стваральнікі безлічы міфаў і легенд аб гісторыі сваёй сям’і – усё гэта князі Радзівілы. Запускай падкаст, каб пазнаёміцца з імі бліжэй.
***
Сапегі – патомныя палітыкі і дыпламаты
Унёсак Сапегаў у грамадскае, палітычнае, культурнае і духоўнае жыццё беларускіх зямель – незлічальны. Род пакінуў пасля сябе мноства важных архітэктурных помнікаў: ад маштабных рэзідэнцый у Ружанах і Гальшанах, палацаў у Быхаве і Горадні да велічэзнага картэзіянскага манастыра ў Бярозе. У другой серыі цыклу дэталёва расказваем пра паходжанне роду, яго важных прадстаўнікоў, іх таленты і амбітныя праекты.
***
Агінскія – таленавітыя кампазітары і шчодрыя мецэнаты
Трэці выпуск падкасту прысвечаны старажытнаму роду Агінскіх. Уся гісторыя гэтага старажытнага шляхецкага роду – яркі прыклад таго, якія зменлівыя часы: можна ўсё жыццё рабіць ваенную кар'еру, аднак у гісторыю ўвайсці дзякуючы паланэзу, які кранае душу, колькі б стагоддзяў ні мінула з часу стварэння гэтай музыкі.
***
Тызенгаўзы – амбітныя рэфарматары
Раім паслухаць гэты выпуск перад падарожжам у Горадню. Гаворка пойдзе пра Тызенгаўзаў, стараннямі якіх у прыгарадзе Горадні з'явіўся вялікі прамысловы «хаб», а ў Паставах распачаўся беларускі бёрдвотчынг. З падачы Тызенгаўзаў у Горадні з'явіліся знакамітая лютэранская кірха і медыцынская акадэмія, а ў Паставах – багаты радавы палац і арніталагічны музей.
***
Пуслоўскія – таленавітыя прадпрымальнікі
У пятым выпуску гаворым пра Пуслоўскіх – прагматыкаў з рамантычнай душой, якія паслядоўна руйнавалі стэрэатып, быццам нельга аднолькава ўпэўнена несці па жыцці дваранскі тытул і талент прадпрымальніка. А яшчэ Пуслоўскія ўзвялі той самы ахутаны легендамі палац у Косаве, рэзідэнцыю ў Старых Песках і ў Альберціне, што пад Слонімам.
***
Тышкевічы – апантаныя навукоўцы
Беларускія графы Тышкевічы ў XIX стагоддзі сталі заснавальнікамі айчыннай археалогіі, стварылі першы публічны музей старажытнасцяў і прафесійную фотамайстэрню. Яны настолькі любілі гісторыю і старажытныя рэчы, што прысвячалі іх вывучэнню ўвесь свой вольны час.
***
Храптовічы – магнаты, якія апярэджвалі час
Сёмы выпуск падкасту апавядае пра Храптовічаў – прыхільнікаў ідэй асветы, якія ставілі інтарэсы грамадства вышэй за асабістыя і праводзілі прагрэсіўныя рэформы. У беларускую гісторыю Храптовічы ўвайшлі найперш як стваральнікі перадавых тэхналогій гаспадаркі, але спадчына роду не абмяжоўваецца прамысловымі пабудовамі: Храптовічы ўзводзілі і палацы, і храмы. Упэўненыя, што пасля праслухоўвання гэтага выпуску ты захочаш з'ездзіць у Шчорсы.
***
Друцкія-Любецкія – паспяховыя эканамісты
У апошняй серыі гаворка пойдзе пра Друцкіх-Любецкіх. Прозвішча гэтае ўвайшло ў гісторыю перадусім дзякуючы дальнабачнай палітыцы і эканамічным талентам яго ўладальнікаў. Хай гістарычная спадчына гэтых князёў і не такая багатая, якую пакінулі пасля сябе магнацкія сем'і, пра якіх мы расказвалі ў папярэдніх выпусках падкасту, аднак увагі яны ўсё адно вартыя. Друцкія-Любецкія ўзвялі парачку важных выбітнасцяў на Шчучыншчыне і запусцілі будаванне Аўгустоўскага канала.
***
Усе выпускі падкасту даступныя на:
Apple Podcasts / Spotify / Castbox / Soundcloud / Google Podcasts / Яндекс. Музыка
Фота: palasatka.
ООО «ЭфСиБи Бел» УНП 193185741