Тызенгаўзы ды іх спадчына ў Беларусі
- Рубрыка: Шляхецкія сем’i Беларусi
- 21.04.2022
- 7803
У серыі падкастаў 34 і МТС, прысвечанай шляхетным сем'ям Беларусі, пасля рамантыкаў Агінскіх раскажам пра рэфарматараў Тызенгаўзаў, стараннямі якіх у прыгарадзе Горадні з'явіўся вялікі прамысловы «хаб», а ў Паставах распачаўся беларускі бёрдвотчынг.
Тайм-коды:
0:40 – Паходжанне роду, прозвішча і герба Тызенгаўзаў.
1:42 – Талаленавіты рэфарматар Антоній Тызенгаўз ды яго праэкты ў Гарадніцы.
5:07 – Іншыя культурныя пачынанні Антонія Тызенгаўза.
6:47 – Канстанцін Тызенгаўз ды яго захапленні.
Падкаст таксама даступны на іншых платформах:
Apple Podcasts / Spotify / Castbox / Soundcloud / Google Podcasts / Яндекс. Музыка
Кароткі канспект аўдыявыпуску
– Адна версія паходжання прозвішча магнатаў адсылае да братоў вон Плезен, якія падпісваліся як «Плезен з таго альбо іншага дома» – «von diesem Hause» або «von jenem Hause» – адсюль пайшлі Тызенгаўзены і Ехнгаўзены. Другая версія вядзе да назвы населенага пункта – Тызенгаўзен. Канчатковую «-ен» беларуская галіна роду адкінула недзе ў XVII стагоддзі.
– Сямейны герб Тызенгаўзаў – чорны буйвал на жоўтым шчыце. Гэта сімвал шляхетнасці, высакароднасці і сілы, якая накіраваная найперш на абарону слабых. Вось такія асноўныя каштоўнасці роду Тызенгаўзаў.
– Антоній Тызенгаўз – таленавіты фінансіст і аўтар самых маштабных эканамічных, аграрных, культурных рэформаў на беларускіх землях у другой палове XVIII стагоддзя. Для імпартазамяшчэння прадметаў раскошы ён арганізаваў у прадмесці Горадні – Гарадніцы – прамысловы «хаб». Каля 30 мануфактур выраблялі там выдатныя шаўковыя паясы, карункі, ювелірныя вырабы, дываны, экіпажы, дэталі конскай збруі, якія адпавядалі густу шляхетных пакупнікоў.
– За 10 гадоў Гарадніца ператварылася ў прамыслова-жылы цэнтр на 85 пабудоў рознага прызначэння. Архітэктурныя ансамблі ў прамысловым прыгарадзе праектаваў значны для беларускага ландшафту італьянскі архітэктар Джузэпэ дэ Сака. Некаторыя помнікі дойлідства таго часу захаваліся да нашых дзён, аднак з драўляных дамоў, дзе жылі майстры з мануфактур Тызенгаўза, цяпер можна паглядзець толькі на адзін – у ім месціцца Музей гісторыі Гарадніцы.
– Антонію Тызенгаўзу было важна, каб замежнікі, якіх яго людзі прыцягвалі ў Горадню прывабнымі ўмовамі працы, пачувалі сябе камфортна – у тым ліку маглі хадзіць у патрэбны ім храм. Паколькі каталіцкія, праваслаўныя і ўніяцкія храмы ў горадзе ўжо былі, Антоній Тызенгаўз паклапаціўся пра будаўніцтва першай гарадзенскай лютэранскай кірхі (канец XVIII стагоддзя). Сёння гэта адзіны дзейны лютэранскі храм у Беларусі.
– З падачы Антонія Тызенгаўза ў Беларусі з'явілася першая ўстанова медычнай адукацыі – медычная акадэмія ў Горадні. Для яе стварэння запрасілі французскага прафесара анатоміі, хірургіі і натуральнай гісторыі Жана-Эмануэля Жылібера. Таксама Антоній Тызенгаўз заснаваў тэатр, харавую капэлу, аркестр, тэатральную школу і друкарню, дзе друкавалі першае на беларускіх землях перыядычнае выданне – «Гродзенскую газету».
– У кафедральным касцёле Святога Францыска Ксаверыя ў Горадні, ля алтара, можна ўбачыць помнік вялікаму рэфарматару і фінансісту Антонію Тызенгаўзу.
– Спадчыннік Антонія Тызенгаўза – Канстанцін – развіваў родавы маёнтак у Паставах. Ён дабудаваў тамтэйшую родавую сядзібу і захоўваў у ёй унікальную заалагічную калекцыю на 3000 адзінак. Канстанцін Тызенгаўз быў не шараговым аматарам, а бачным навукоўцам: ён выдаў больш за 50 навуковых прац, яго цытавалі еўрапейскія свяцілы арніталогіі і натуральнай гісторыі другой паловы XIX стагоддзя.
– Цікава, што граф сам ілюстраваў уласныя кнігі – навыкі малявання ён атрымаў яшчэ ва ўніверсітэцкія гады. Праз вытанчаны мастацкі густ і любоў да калекцыянавання яму ўдалося сабраць выдатную калекцыю гравюр і жывапісных палотнаў, у тым ліку Дзюрэра і Рубенса. На жаль, захавацца ў Беларусі сабранню Тызенгаўза было не наканавана: экспанаты калекцыі цяпер рассеяныя па свеце.
– Канстанцін Тызенгаўз лічыцца заснавальнікам беларускага бёрдвотчынгу. Спачатку ён проста калекцыянаваў мясцовых птушак у Пастаўскім палацы, але потым з хобі вырас цэлы арніталагічны музей – адзін з найбуйнейшых у Еўропе. Тут захоўваліся чучалы і яйкі птушак з усіх кантынентаў.
Архітэктурная спадчына Тызенгаўзаў, якую можна ўбачыць у Беларусі сёння
Былы дом лясной адміністрацыі ў Горадні
Калі дзейнічалі мануфактуры Гарадніцы, тут размяшчалася лясная адміністрацыя. Пасля свежай рэканструкцыі ў 2020 годзе ў будынак заехалі цяперашнія гарадзенскія лесагаспадарнікі.
Былы дом віцэ-адміністратара (палац Валіцкага)
Помнік архітэктуры XVIII стагоддзя пераходнага перыяду ад барока да класіцызму. Былая гарадская адміністрацыйная рэзідэнцыя – частка горадабудаўнічага ансамбля Гарадніцы, над якім працавалі Джузэпэ дэ Сака і Ёган Мезер.
«Дом майстра»
Гэта тыпавы жылы дом часоў забудовы Гарадніцы ў 1760-я гг. і адзіны з 20 падобных дамоў, які захаваўся да нашых дзён. Цяпер тут месціцца Музей гісторыі Гарадніцы, а ў часы Тызенгаўзаў жылі запрошаныя для працы на мануфактурах замежныя майстры.
Тэатр Антонія Тызенгаўза
Быў пабудаваны ў апошняй чвэрці XVIII стагоддзя дуэтам І. Мёзер – Дж. дэ Сака. Крытым пераходам тэатр злучаўся з палацам Тызенгаўза (сам палац не захаваўся). Пасля рэканструкцый у 1859, 1940 і 1975 гадах у тэатры з'явіўся трэці паверх, была пашырана сцэнічная скрынка і глядзельная зала. Цяпер тут працуе Гродзенскі абласны тэатр лялек.
Лямус на Гарадніцы
Дом будаваўся ў другой палове XVIII стагоддзя пад склад. У пачатку XX стагоддзя выкарыстоўваўся як начлежка, пасля 1939 года – як жылы дом. Сёння ў будынку прывячае гасцей рэстаран «Стары лямус».
Былая каралеўская медыцынская акадэмія (палац Чацвярцінскіх)
Будынак з'явіўся ў 70-х гадах XVIII стагоддзя, прызначаўся для размяшчэння каралеўскай медычнай акадэміі – першай вышэйшай медычнай навучальнай установы на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Лютэранская царква Святога Яна ў Гродне
Адзіная дзейная сёння ў Беларусі кірха лютэран. Апошняя рэстаўрацыя храма скончылася ў 2015 годзе: тады быў рэканструяваны 12-метровы шпіль.
Сядзіба Тызенгаўзаў у Паставах
Яе пачаў будаваць Антоній Тызенгаўз, а скончыў яго стрыечны ўнук Канстанцін. У падвальных памяшканнях палаца другой паловы XVIII – першай паловы XIX стагоддзя дзейнічае філіял мясцовага краязнаўчага музея. Тут можна зірнуць на адноўлены кабінет Канстанціна Тызенгаўза, яго майстэрню і парачку экспанатаў з птушынай калекцыі. Ад графскага парку пры комплексе захавалася алея, якая вяла ад сядзібы да моста праз Мядзелку.
Падкаст таксама даступны на іншых платформах:
Apple Podcasts / Spotify / Castbox / Soundcloud / Google Podcasts / Яндекс. Музыка
Музыка: Anno Domini Beats – Lifelong; Podington Bear – Theme in G; Podington Bear – The Mountain; Kevin MacLeod – Eternal Hope; Kevin MacLeod – Enchanted Journey; E's Jammy Jams – Frolic.
ЧУП «Проспектпресс», УНП 101520868