Тышкевічы ды іх спадчына ў Беларусі
- Рубрыка: Шляхецкія сем’i Беларусi
- 28.06.2022
- 9515
Яшчэ адзін эпізод падкастаў 34, якія мы робім разам з МТС, прысвечаны графам Тышкевічам. У XIX стагоддзі прадстаўнікі гэтага шляхетнага роду сталі заснавальнікамі айчыннай археалогіі, стварылі першы публічны музей старажытнасцяў і прафесійную фотамайстэрню.
Тайм-коды:
0:40 – Паходжанне роду Тышкевічаў.
2:27 – Тышкевічы на Лагойшчыне, першая рэзідэнцыя роду і парк.
4:55 – Музей старажытнасцяў братоў Тышкевічаў.
9:50 – Юзэф Тышкевіч і яго ўладанні ў Валожыне.
11:10 – Бенедыкт Тышкевіч і фоталабараторыя ва ўрочышчы Вялае.
13:15 – Спадчына Тышкевічаў у горадзе Свіслач.
Падкаст таксама даступны на іншых платформах:
Apple Podcasts / Spotify / Castbox / Soundcloud / Google Podcasts / Яндекс. Музыка
Кароткі канспект аўдыявыпуску
– Назву роду Тышкевічаў даў адзін з нашчадкаў Каленіка Мышкевіча – Цімафей, а па-простаму Цішка. Яго нашчадкі заснавалі беларускую, украінскую і літоўскую галіны сямейства.
– Графскі тытул беларускія Тышкевічы атрымалі ў 1569 годзе ад вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта II Аўгуста. Род выкарыстоўваў герб «Ляліва»: на блакітным шчыце – залаты паўмесяц і шасціканечная зорка.
– Войны XVII–XVIII стагоддзяў не захавалі першы радавы замак Тышкевічаў у Лагойску. У XIX стагоддзі Пій Тышкевіч заняўся ўзвядзеннем новага каменнага палаца ў стылі класіцызму. Побач з палацам быў закладзены велічны парк у англійскім стылі з дзівоснымі арачнымі масткамі праз ручай. На жаль, пасля суворага ХХ стагоддзя ад палаца і парку таксама засталося няшмат. Былую прыгажосць радавога гнязда дапамагаюць узнавіць малюнкі гасцей, якіх прымалі графы. Сярод такіх творчых гасцей быў і Напалеон Орда.
– Лагойшчына – узгорысты рэгіён Беларусі і сапраўдная скарбніца для шукальнікаў каштоўнасцяў. Прадметы, здабытыя з тамтэйшай зямлі, сталі падмуркам для першага беларускага грамадскага музея братоў Канстанціна і Яўстаха Тышкевічаў. На малой радзіме граф Канстанцін раскапаў больш за 200 курганоў і гарадзішчаў. Каб сяляне не баяліся «браць на сябе грэх раскопвання кургана», графу даводзілася шчодра плаціць і працаваць з імі поплеч.
– Пры стварэнні музея старажытнасцяў браты Тышкевічы кансультаваліся з замежнымі спецыялістамі. На ўзор Капенгагенскага музея старажытнасцяў, Яўстах Тышкевіч падзяліў археалагічныя калекцыі ў Лагойску ў адпаведнасці з прызнанай у Еўропе «тэорыяй трох эпох»: каменя, бронзы, жалеза. Гэта было ў навінку для ХІХ стагоддзя.
– Музей адкрылі ў 1842 годзе, ён займаў тры пакоі лагойскага палацавага комплексу. З прадметаў старажытнасцяў асабліва вылучаўся крыж, які падарыў касцёлу ў вёсцы Гайна кароль Жыгімонт I Стары, два старых мяча з пазалочанымі выявамі караля Стэфана Баторыя, шпага Пятра I. Таксама ў музеі экспанавалася калекцыя прадметаў антычнасці з Пампеі, Геркуланума і Егіпта, нумізматычная калекцыя на 1140 медалёў і манет.
– Лагойскі музей наведвалі не так шмат людзей, таму Тышкевічы атрымалі дазвол на стварэнне музея старажытнасцяў у Вільні. Адкрылі яго ў 1856 годзе ў памяшканні бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта. Пры музеі была створана Віленская археалагічная камісія, якая ажыццяўляла раскопкі на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Пасля гісторыя склалася так, што сабраныя беларускімі графамі каштоўныя прадметы разляцеліся па свеце: нешта з'ехала ў Маскву, нешта – у Польшчу, у Беларусі аб калекцыянерах Тышкевічах нагадвае толькі назва краязнаўчага музея ў Лагойску – у іх гонар.
– У пачатку XIX стагоддзя стрыечны дзед Канстанціна і Яўстаха Тышкевічаў Іосіф атабарыўся ў Валожыне. Ён узвёў там палац з двума флігелямі ў стылі класіцызму і вялікім пейзажным паркам. У гэтым палацы была аранжарэя, дзе раслі апельсінавыя дрэвы, пальмы, ананасы і іншыя трапічныя расліны. Гэты радавы палац захаваўся да нашых дзён, сёння ён выкарыстоўваецца як адміністрацыйнае памяшканне.
– Побач з палацам Іосіф Тышкевіч збудаваў касцёл з крыптай для радавой пахавальні. Храм быў асвячоны ў гонар нябеснага заступніка заснавальніка – святога Юзафа. Касцёл і палац былі пабудаваныя ў адзіным архітэктурным стылі і выдатна дапаўнялі адзін аднаго на цэнтральнай плошчы Валожына.
– Недалёка ад Валожына размяшчалася яшчэ адна рэзідэнцыя роду Тышкевічаў – маёнтак Вялае. Сюды ў 1880-х пераехаў Бенедыкт Тышкевіч – вялікі аматар падарожжаў і фатаграфіі.
– У 1892–1893 гадах Бенедыкт Тышкевіч пабудаваў у Вялым фоталабараторыю, дзе былі абсталяваныя спецыяльныя інтэр'ерныя залы, памяшканні для грыму, касцюмерная, пакоі для інтэлектуальных творчых гутарак і многае іншае. Улюбёнымі жанрамі фотамастака былі бытавы, партрэтны і ню. Сёння вядома прыблізна пра 100 здымкаў Бенедыкта Тышкевіча, якія захоўваюцца ў музеі фатаграфіі Нісефора Н’епса ў Францыі.
– Адна з самых паўднёвых беларускіх рэзідэнцый Тышкевічаў размяшчалася ў горадзе Свіслач. Адзін з яе гаспадароў – Вікенцій Тышкевіч – у 1805 годзе заснаваў на ўласныя сродкі гімназію, якая стала першай свецкай школай у Беларусі. У розныя часы гімназію сканчалі Кастусь Каліноўскі, яго паплечнік Рамуальд Траўгут, Напалеон Орда.
– У 1810-х на тэрыторыі Свіслацкай пушчы Вікенцій Тышкевіч пабудаваў гасцявы дом. Гэтая рэзідэнцыя не захавалася, але на яе месцы ў 1936 годзе вырас новы дом-дача, архітэктурны стыль якога ўласцівы духу міжваеннага часу і ўяўляе сабой эклектыку, якая ўвайшла ў гісторыю пад назвай «польскі нацыянальны стыль». Сёння на лецішча Тышкевічаў можа прыехаць любы ахвочы.
Архітэктурная спадчына Тышкевічаў, якую можна ўбачыць у Беларусі сёння
Руіны сядзібы і парк Тышкевічаў у Лагойску
Ад некалі пышнага палаца ў класічным стылі застаўся толькі невялікі фрагмент сцяны паўднёвага крыла.
Сядзіба Тышкевічаў у Валожыне
Палац з двума флігелямі ў стылі класіцызму і вялікім пейзажным паркам узвёў у пачатку XIX стагоддзя Іосіф Тышкевіч.
Фото: vetliva.ru
Касцёл Святога Юзафа ў Валожыне
З падачы Іосіфа Тышкевіча быў пабудаваны касцёл з крыптай для радавой пахавальні. У скляпенні храма пахаваныя сам Іосіф і яго нашчадкі.
Фото: Liashuta / Wikimedia
Рэзідэнцыя роду Тышкевічаў ва ўрочышчы Вялае
Сядзіба ў Налібацкай пушчы, дзе ў 1890-х Бенедыкт Тышкевіч арганізаваў сваю ўнікальную фоталабараторыю.
Гімназія ў Свіслачы
У 1805 годзе Вікенцій Тышкевіч заснаваў першую свецкую школу ў Беларусі, дзе вучыліся Кастусь Каліноўскі і Напалеон Орда.
Фото: planetabelarus.by
Сядзіба ў Шаркаўшчыне
Дом-лецішча ў «польскім нацыянальным стылі» ўзвялі на месцы гасцявога дома Тышкевічаў у 1936 годзе.
Фото: booking.com
Падкаст таксама даступны на іншых платформах:
Apple Podcasts / Spotify / Castbox / Soundcloud / Google Podcasts / Яндекс. Музыка
Музыка: Topher Mohr and Alex Elena – Cancun; Alexander Nakarada – One Small Rover; Huma-Huma – Hydra; Topher Mohr and Alex Elena – Monks; Topher Mohr and Alex Elena – Trips; Silent Partner – Blue Break.
ЧУП «Проспектпресс», УНП 101520868