Агінскія ды іх спадчына ў Беларусі
- Рубрыка: Шляхецкія сем’i Беларусi
- 23.03.2022
- 7984
У серыі падкастаў 34 і МТС, прысвечанай шляхетным сем'ям Беларусі, услед за Радзівіламі і Сапегамі прыйшла чарга Агінскіх. Калі гучыць гэтае прозвішча, дзесьці фонам пачынае граць музыка. Аднак Агінскія былі не толькі таленавітымі кампазітарамі, але і дальнабачнымі палітыкамі, а таксама шчодрымі мецэнатамі.
Тайм-коды:
0:32 – Паходжанне роду, прозвішча і герба Агінскіх.
2:17 – Міхал Казімір Агінскі – палкаводзец і музыкант.
5:43 – Найвядомейшы прадстаўнік роду Агінскіх – Міхал Клеафас.
6:50 – Раскошная сядзіба Агінскіх у Залессі.
8:38 – Мецэнацкая дзейнасць іншых прадстаўнікоў роду.
Кароткі канспект аўдыявыпуску
– Спачатку Агінскія вялі радавод ад смаленскага князя Дзмітрыя Глушонка, але з ростам іх палітычнага ўплыву расла і неабходнасць у пошуку больш «прэстыжнай» гісторыі. У XVII стагоддзі радавод Агінскіх дабраўся да кіеўскіх князёў Рурыкавічаў. Паходжанне прозвішча «Агінскія» спачатку звязвалі з мясцовасцю Агінты на тэрыторыі сучаснай Літвы, а пазней – з мянушкай «Агонь», якую насіў князь-заснавальнік дынастыі Рыгор Цітовіч.
– Герб Агінскіх завецца «Брама» ці «Агінец». Выглядае ён так: на фоне сіняга шчыта – чырвоная брама і белы разламаны крыж. Выява па сёння выкарыстоўваецца ў гербе Лёзна.
– Міхалу Казіміру Агінскаму не было сарака гадоў, калі ён атрымаў пасаду вялікага гетмана літоўскага. Праўда, выдатным палкаводцам ён не стаў. Затое заснаваў першы на нашых землях шпіталь для ваенных інвалідаў – на ўзор парыжскага Палаца інвалідаў такі з'явіўся ў Вільні.
– Міхал Казімір Агінскі граў на кларнеце, скрыпцы, арфе. Калі са сцэны яго слонімскага палаца гучалі напісаныя Міхалам Казімірам творы, ён сам выконваў ролю першай скрыпкі. У Слоніме князь стварыў уласную «сядзібу муз»: узвёў тэатр на дзве тысячы гледачоў, заснаваў школу музыкаў і танцораў, дзве музычныя капэлы.
– Агінскі канал, які злучае рэкі Ясельду і Шчару, названы менавіта ў гонар гэтага Агінскага. Міхал Казімір спансаваў стварэнне штучнага канала з Дняпра ў Нёман, каб спрасціць лагістыку паміж партамі Чорнага і Балтыйскага мораў і зарабіць на экспарце.
– Міхал Клеафас Агінскі – знакаміты пляменнік Міхала Казіміра. Яго маёнтак Залессе стаў сінонімам рамантыкі. Князь уладкаваў радавое гняздо такім чынам, каб усё тут спрыяла творчасці. У гэтых «паўночных Афінах» прымалі шматлікіх гасцей з розных краін: дыпламатаў, музыкаў, пісьменнікаў, філосафаў.
– Паводле асноўнага роду дзейнасці Міхал Клеафас быў дыпламатам. Пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай ён распрацаваў і прапанаваў Аляксандру I праект стварэння аўтаноміі Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Расійскай імперыі. Аднак самадзержац праект не ўхваліў.
– Міхал Клеафас напісаў свой самы вядомы твор – «Паланэз № 13» ля мінор, ён жа «Развітанне з Радзімай» – у Залессі. Развітацца з Радзімай яму давялося ўжо потым, гэтага запатрабаваў стан здароўя. Дзесяць апошніх гадоў жыцця ён правёў у Фларэнцыі, дзе і быў пахаваны – у храме Санта-Крочэ, па суседстве з Галілеем і Мікеланджэла.
– Усе Агінскія актыўна мецэнатствавалі. Леў Самуіл Агінскі ахвяраваў сродкі на ўзвядзенне ў Віцебску праваслаўнага мужчынскага Маркавага манастыра, на тэрыторыі брацкай абшчыны пабудавалі некалькі драўляных цэркваў. Ад усёй прыгажосці ацалелі толькі разьбяныя створкі храмавых дзвярэй, аздобленыя цудоўнай разьбой.
– Не без удзелу Агінскіх з'явіўся найстарэйшы з захаваных каменных будынкаў Мінска. У пачатку XVII стагоддзя праваслаўнае дваранства на чале з Аляксандрам Агінскім пачало ўзводзіць каменны Свята-Петра-Паўлаўскі храм і манастыр.
– З пераходам у каталіцтва Агінскія сталі ахвяраваць грошы на ўзвядзенне касцёлаў. У Маладзечне быў заснаваны храм і манастыр манахаў-трынітарыяў (сёння толькі часткова ацалеў будынак манастыра) , а ў вёсцы Лучай на Пастаўшчыне з'явіўся касцёл Святога Тадэвуша і манастыр манахаў-езуітаў.
Архітэктурная спадчына Агінскіх, якую можна ўбачыць у Беларусі сёння
Маёнтак Агінскіх у Залессі
Вытанчаны каменны палац у класічным стылі і раскошны англійскі парк. Будаўніцтва сядзібы пачалося ў 1802 годзе і працягвалася амаль 20 гадоў. Сёння ў адрэстаўраваным будынку сядзібы працуюць музей і кавярня.
Сабор Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Мінску
Найстарэйшы з захаваных каменных будынкаў Менска сумяшчае ў сабе готыка-рэнесансныя рысы і элементы ранняга барока. Узводзіць яго пачалі ў пачатку XVII стагоддзя на ахвяраванні дваранства, у тым ліку Аляксандра Агінскага.
Касцёл Святога Тадэвуша ў Лучаі
Будаўніцтва барочнага касцёла пачалося ў 1766 годзе. Фінансавала гэты праект Эльжбета Агінская. Яна ж задумала ўзвесці тут і цэлы палацава-паркавы комплекс, які, праўда, да нашых дзён не захаваўся.
Корпус былога манастыра трынітарыяў у Маладзечне
Будынак у стылі позняга барока пабудавалі ў 1762 годзе з падачы Тадэвуша Ксаверыя Агінскага.
Фото: planetabelarus.by
Троіцкі Маркаў манастыр у Віцебску
У першай палове XVII стагоддзя сродкі на ўзвядзенне манастыра ахвяраваў Леў Самуіл Агінскі.
Фото: Viktorianec / wikipedia.org
Падкаст таксама даступны на іншых платформах:
Apple Podcasts / Spotify / Castbox / Soundcloud / Google Podcasts / Яндекс. Музыка
Музыка: Saidbysed – Sprite Star; Cooper Cannell – Lullaby; pATCHES – Lulu Is the Cat I Like Best; Dan Bodan – National Express; I Think I Can Help You – The Ten Names; Michal Oginski – Polonaise Farewell.
ЧУП «Проспектпресс», УНП 101520868