Пуслоўскія ды іх спадчына ў Беларусі

Новы эпізод падкаста 34 і МТС пра шляхецкія сем'і Беларусі прысвечаны Пуслоўскім – прагматыкам з рамантычнай душой, якія, падобна да герояў папярэдняга выпуску Тызенгаўзаў, паслядоўна руйнавалі стэрэатып, быццам нельга аднолькава ўпэўнена несці па жыцці дваранскі тытул і талент прадпрымальніка. Пуслоўскія ўзвялі той самы ахутаны легендамі палац у Косаве, але далёка не толькі яго.

 

Тайм-коды:

0:35 – Маёнтак Пуслоўскіх у мястэчку Старыя Пескі Бярозаўскага раёна.

1:04 – Першыя прадстаўнікі роду і гісторыя герба «Шєліга».

2:14 – Войцех Пуслоўскі, Юзєфа Друцк-Любецкая і іх бізнес-праекты.

3:38 – Уладанні Пуслоўскіх пад Слонімам і маёнтак «Альбярцін».

4:15 – Іншыя захапленні і заняткі Войцеха Пуслоўскага.

5:42 – Вандалін Пуслоўскі і галоўная рэзідэнцыя роду – палац у Косаве.

 

Падкаст таксама даступны на іншых платформах:

Apple Podcasts  /  Spotify  /  Castbox  /   Soundcloud  /  Google Podcasts  /  Яндекс. Музыка

 

 

Кароткі канспект аўдыявыпуску

– У пачатку XVII стагоддзя Пуслоўскія атабарыліся ў маёнтку Старыя Пескі (Бярозаўскі раён). Нягледзячы на тое, што ў валоданні Пуслоўскіх гэтыя землі знаходзіліся аж да 1939 года, да нашых дзён ад радавога гнязда амаль нічога не захавалася. Таксама з прозвішчам Пуслоўскіх шчыльна звязаныя месцы Слонім і Косава.

– Род Пуслоўскіх карыстаўся гербам «Шэліга»: на чырвоным фоне з залатога паўмесяца ўздымаецца залаты крыж. Гэтым вельмі ходкі знак – ім карысталіся дзясяткі беларускіх, літоўскіх, польскіх і ўкраінскіх дваранскіх сямействаў.

– Наймацней прозвішча Пуслоўскіх заззяла тады, калі ў пачатку XIX стагоддзя ўзышла прадпрымальніцкая зорка Войцеха Пуслоўскага. У Хомску, што цяпер у Драгічынскім раёне, ён заснаваў суконную мануфактуру, дзе рэвалюцыйна для індустрыі запусціў паравы рухавік. А каб канчатковы прадукт адпавядаў тэхналогіям, ён дамогся эксклюзіўнага імпарту з Іспаніі авечак-мерыносаў.

– Пад Слонімам Войцех Пуслоўскі стварыў перадавы прамысловы комплекс «Альбярцін», куды, акрамя суконнай вытворчасці, уваходзілі чыгуналіцейны завод і папяровая фабрыка. Сучасны слонімскі папярова-кардонны завод носіць імя «Альбярцін» і сёння.

– Пуслоўскія былі шчодрымі мецэнатамі. На сродкі Войцеха і яго нашчадкаў было пабудавана і адноўлена каля 60 храмаў і капліц розных канфесій.

– Рамантычны палац у Косаве з 12 вежамі, па ліку месяцаў, – праект сына Войцеха Пуслоўскага – Вандаліна. Архітэктарам тут выступіў варшавянін Францішак Яшчалд. Кожны з раскошных залаў палаца меў сваё прызначэнне: у Белым ладзілі балі, у Чорным гулялі ў карты, у Ружовым слухалі музыку. Па чутках, палац ахоўваў самы сапраўдны леў.

– Каля палаца знаходзіўся закінуты дом, у якім нарадзіўся нацыянальны герой Тадэвуш Касцюшка. З падачы Вандаліна Пуслоўскага дом быў адноўлены і тут з’явіўся паўнавартасны музей.

 

 

 Архітэктурная спадчына Пуслоўскіх, якую можна ўбачыць у Беларусі сёння

 

 

Палац у Косаве

120-метровы неагатычны палац у пачатку XIX стагоддзя ўзвёў Вандалін Пуслоўскі, атрымаўшы ў спадчыну косаўскія зямлі. Сёння будынак рэканструяваны, унутры працуе музей.

 

 

 

Сядзіба Касцюшкі ў Косаве

Сядзібны дом у Мерачоўшчыне, дзе ў 1746 годзе нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка, суседнічае з Косаўскім палацам. Вандалін Пуслоўскі аднавіў закінуты дом, каб аддаць належнае нацыянальнаму герою.

 

 

 

Маёнтак у Старых Песках

Ад радавога гнязда роду Пуслоўскіх засталіся беласнежная паўночная брама сярэдзіны XIX стагоддзя, паўразбураная заходняя брама і бровар.

 

 

 

Сядзіба «Альбярцін» у Слоніме

Тут падарожнік знойдзе раскошны парк, будынак сядзібы першай паловы XIX стагоддзя ў класічным стылі (цяпер у ім размяшчаюцца клуб і бібліятэка), сімпатычны флігель, які ў савецкі час абзавёўся дэкорам у выглядзе барэльефаў на спартыўную тэматыку.

 

 

 

Троіцкі касцёл у Косаве

Неагатычны касцёл пабудаваны на сродкі Войцеха Пуслоўскага. Драўляны папярэднік храма існаваў на гэтым месцы яшчэ з пачатку XVII стагоддзя, і менавіта там у 1746 годзе хрысцілі Тадэвуша Касцюшку.

 

 

 

Царква Покрыва Прасвятой Багародзіцы ў Гарадзечне

Храм узведзены ў 1812 годзе на сродкі Войцеха Пуслоўскага – у памяць аб бітве паміж расійскім і напалеонаўскім войскамі.


Фота: Palacyk / Wikimedia Commons

 

Падкаст  таксама даступны на іншых платформах:

Apple Podcasts  /  Spotify  /  Castbox  /   Soundcloud  /  Google Podcasts  /  Яндекс. Музыка

 

 

 

Музыка: Anno Domini Beats – Lifelong; Podington Bear – Theme in G; Podington Bear – The Mountain; Kevin MacLeod – Eternal Hope; Kevin MacLeod – Enchanted Journey; E's Jammy Jams – Frolic.

ЧУП «Проспектпресс», УНП ‎101520868