Радзівілы і іх спадчына ў Беларусі
- Рубрыка: Шляхецкія сем’i Беларусi
- 26.01.2022
- 10735
Новы сезон падкастаў ад 34mag і 34travel, які мы робім разам з МТС, ужо ў эфіры. У гэтым цыкле будзем гаварыць пра шляхецкія роды, якія калісьці жылі на тэрыторыі Беларусі, – і пра тое, які вялізны культурны пласт гэтыя сем'і пакінулі па сабе. Сапегі, Радзівілы, Агiнскiя, Пуслоўскія – колькі разоў мы сустракалі гэтыя прозвішчы ў падручніках гісторыі і чулі ў вандроўках па Беларусі. Надышоў час разабрацца, чым жа былі знакамітыя гэтыя сем'і – і якая матэрыяльная спадчына дасталася нам ад кожнай з іх. У першым выпуску расказваем пра беларускіх “каралёў без кароны” – Радзівілаў.
Тайм-коды:
1:05 – Хто такія Радзівілы і адкуль пайшоў гэты шляхецкі род?
2:40 – Гісторыя кахання Барбары Радзівіл і караля Жыгімонта II Аўгуста, або Як князям удалося аднойчы займець карону.
4:10 – Нясвіжская галіна Радзівілаў: гісторыя і спадчына, якая дайшла да нашых дзён.
8:18 – Храмы Беларусі, пабудаваныя стараннямі князёў.
11.12 – Палацы Радзівілаў, якія можна паглядзець у Беларусі сёння.
Кароткі канспект аўдыявыпуску
– Легенда аб паходжанні Радзівілаў: аднойчы вялікі князь Гедымін падчас палявання ў пушчы на рацэ Вілія вырашыў адпачыць, прылёг і ўбачыў сон: “Жалезны воўк стаяў на ўзгорку і выў, голас яго быў такі гучны і пранізлівы, як разам гучаць галасы сотні ваўкоў”. Значэнне сну Гедыміну растлумачыў яго паганскі жрэц Ліздзейка. Воўк – гэта горад, які будзе заснаваны князем; жалезны – значыць непарушны; а пранізлівае выццё – слава пра гэты горад, што разыдзецца далёка за яго межы. І быў заснаваны горад Вільня. А за тое, што Ліздзейка радзіў будаваць Вільню, ягоныя нашчадкі сталі называцца Радзівіламі.
У рэальнасці Радзівілы паходзілі са звычайнага літоўскага баярскага роду, які атрымаў свой герб “Трубы” ў 1413 годзе. А княскі тытул і сямейны дэвіз “Бог нам радзіць” дастаўся Радзівілам ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Максіміліяна I.
– Радзівілы заўсёды марылі займець каралеўскую карону. І аднойчы ім гэта ўдалося: браты Мікалай Радзівіл Чорны і Мікалай Радзівіл Руды, даведаўшыся пра гарачыя пачуцці будучага караля Рэчы Паспалітай Жыгімонта II Аўгуста да іх сястры Барбары, здолелі таемна павянчаць закаханых. Такім чынам Радзівілы нарэшце аказаліся звязаныя крэўнаю сувяззю з каралеўскай дынастыяй. Але, праўда, ненадоўга: пасля года сумеснага жыцця з каралём Барбара памерла. Менавіта з гэтай гісторыі і паходзіць легенда пра Чорную Панну Нясвіжа. Паводле падання, душа Барбары да гэтага часу жыве ў Нясвіжскім замку.
– Галоўная архітэктурная каштоўнасць, якая дасталася Беларусі ў спадчыну ад шляхецкага роду, – Нясвіжскі замак, узведзены ў канцы XVI стагоддзя Мікалаем Хрыстафорам Радзівілам Сіроткам. Пабудаваны палац быў па праекце італьянскага архітэктара манаха-езуіта Джавані Марыі Бернардоні. Нясвіжскі замак, важная жамчужына эпохі барока сама па сабе, стаў яшчэ і месцам захоўвання шматлікіх каштоўнасцей роду і ўсёй краіны. Збор старажытнасцей князёў, партрэтная галерэя і нават дзяржаўны архіў Вялікага Княства Літоўскага – усё гэта знаходзілася ў сценах палаца.
– Радзівілы не толькі збіралі шэдэўры мастацтва, але і самі іх стваралі. Яны заснавалі самыя вядомыя беларускія стартапы XVIII стагоддзя: мануфактуры па выпуску габеленаў у Карэлічах, шкла і люстэркаў у Налібоках і Урэччы, фаянсу ў Новым Свержані і легендарнай Слуцкай персіярні, дзе ткалі славутыя паясы, якія сталі брэндам Беларусі.
– Радзівілы ў Нясвіжы – гэта не толькі замак, але і касцёл Божага Цела з радавой пахавальняй. Гэты храм стаў першым помнікам барока ва Усходняй Еўропе. Дом малітвы таксама аказаўся месцам вечнага спачыну для 72 прадстаўнікоў сям'і Радзівілаў. Апроч гэтага касцёла, намаганнямі Радзівілаў было пабудавана і мноства іншых храмаў. На сёння захаваліся касцёл святога Мікалая ў Міры, касцёл святых апосталаў Пятра і Паўла ў Новым Свержані, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Тройцы ў Чарнаўчыцах і касцёл Унебаўзяцця Панны Марыі ў Дзятлаве. Акрамя таго, у Нясвіжы можна зірнуць і на былы касцёл святой Эўфіміі пры манастыры манашак бенедыктынак; праўда, у пабудовах цяпер месціцца педагагічны каледж.
– Прадстаўнікі шляхецкага роду займаліся і асветай. Так, Мікалай Чорны, кальвініст, адкрыў найстарэйшую ў сучасных геаграфічных абрысах Беларусі друкарню ў Брэсце, якая дзейнічала ў 50–70-я гады XVI стагоддзя і дзе ў 1563 годзе была выдадзеная Радзівілаўская Біблія. На жаль, асноўны наклад кніг знішчылі сыны Мікалая Чорнага, якія навярнуліся з кальвінізму ў каталіцтва. У Беларусі адзіны поўны экзэмпляр Брэсцкай Бібліі захоўваецца ў Музеі гісторыі горада Брэста.
– Радзівілы ўзвялі мноства рэзідэнцый і палацаў на тэрыторыі Беларусі. Да нашых дзён такіх пабудоў дайшло няшмат, але яны ўсё ж ёсць. Самым вядомым пасля Нясвіжскага можна назваць Мірскі замак. Ён перайшоў да Радзівілаў у другой палове XVI стагоддзя – і належаў ім на працягу трох стагоддзяў. У XVI стагоддзі ўладанні роду таксама папоўніў Любчанскі замак, які ў якасці пасагу далучыла да сям'і Ганна Кішка. А ў XVIII стагоддзі Мацей Радзівіл у Паланечцы і Мікалай Фаўстын у Дзятлаве ўзвялі цудоўныя палацава-паркавыя ансамблі з багатымі інтэр'ерамі і цудоўнымі ландшафтамі.
Архітэктурная спадчына Радзівілаў, якую можна ўбачыць у Беларусі сёння
Нясвіжскі замак
Палацава-паркавы комплекс, які захаваў рысы розных архітэктурных стыляў, у тым ліку барока. Быў пабудаваны ў канцы XVI стагоддзі, рэканструяваны ў сярэдзіне XVIII.
Мірскі замак
Замкава-паркавы комплекс, збудаваны ў пачатку XVI стагоддзя. Некалькі разоў перабудоўваўся, таму ўключае элементы як гатычнага стылю, так і архітэктуры рэнесансу.
Любчанскі замак
Закладзены ў XVI стагоддзі па загадзе Яна Кішкі, але пасля перайшоў да Радзівілаў і быў перабудаваны.
Палац у Паланечцы
Узведзены ў другой палове XVIII стагоддзя ў стылі класіцызм, перабудаваны ў пачатку XIX у стылі ампір.
Палац у Дзятлаве
Палацава-паркавы ансамбль, пабудаваны ў XVIII стагоддзі ў стылі позняга барока.
Фота: Andrej Kuźniečyk / Wikimedia Commons
Касцёл Божага Цела ў Нясвіжы
Храм у стылі барока, які быў узведзены ў канцы XVI стагоддзя.
Касцёл святога Мікалая ў Міры
Каталіцкі храм у стылі рэнесанс з рысамі абароннага дойлідства. Пабудаваны ў канцы XVI – пачатку XVII стагоддзяў.
Касцёл святых апосталаў Пятра й Паўла ў Новым Свержані
Быў узведзены ў канцы XVI стагоддзя, стыль – рэнесанс.
Фота: Andrei Kuzmin / Wikimedia Commons
Касцёл Унебаўзяцця Панны Марыі ў Дзераўной
Закладзены ў 1590 годзе як кальвінісцкі збор. У 1630-х перабудаваны ў каталіцкі храм.
Фота: Alex Zelenko / Wikimedia Commons
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Чарнаўчыцах
Касцёл быў пабудаваны ў 1683 годзе, у архітэктурным плане лічыцца прадвеснікам барока на беларускіх землях.
Касцёл Унебаўзяцця Панны Марыі ў Дзятлаве
Храм з'явіўся ў пачатку XVII стагоддзя з ініцыятывы Льва Сапегі. Але пасля моцнага пажару ў сярэдзіне ХVІІІ стагоддзя быў рэканструяваны на грошы князя Мікалая Радзівіла. Архітэктурны стыль – віленскае барока.
Былы касцёл святой Эўфіміі і кляштар у Нясвіжы
Быў узведзены ў 1596 годзе. Цяпер у былым памяшканні манастыра знаходзіцца педагагічны каледж. Найбольш цікавы фрагмент, які захаваўся да нашых дзён, – трох'ярусная вежа-званіца другой паловы XVIII стагоддзя.
Фота: francis-maks / Wikimedia Commons
Падкаст таксама даступны на іншых платформах:
Apple Podcasts / Spotify / Castbox / Soundcloud / Google Podcasts / Яндекс. Музыка
Музыка: E's Jammy Jams – Erev Shel Shoshanim; Jesse Gallagher – The Inner Sound; Jesse Gallagher – Spirit of Fire; Kevin MacLeod – Majestic Hills; Maarten Schellekens – Mi Bolero; Chris Zabriskie – God Be With You Till We Meet Again; Dee Yan-Key – Final Farewell.
ООО «ЭфСиБи Бел» УНП 193185741