Сапегі ды іх спадчына ў Беларусі
- Рубрыка: Шляхецкія сем’i Беларусi
- 21.02.2022
- 9156
Разам з МТС працягваем наш новы сезон падкастаў, прысвечаны шляхетным сем'ям, якія калісьці жылі на тэрыторыі Беларусі і пакінулі пасля сябе каштоўную архітэктурную спадчыну. У першай серыі цыклу мы гаварылі пра Радзівілаў. А ў новым выпуску гаворка пойдзе пра патомных палітыкаў і дыпламатаў – Сапегаў.
Тайм-коды:
0:27 – Паходжанне Сапегаў і гісторыя іх радавога герба.
2: 50 – Леў Сапега – выдатны дзяржаўны дзеяч і дыпламат.
4:18 – Маштабная архітэктурная спадчына Сапегаў у Ружанах.
6:32 – Замак і касцёл у Гальшанах.
9:40 – Усходняя рэзідэнцыя Сапегаў – Быхаўскі замак.
10:17 – Гродзенскі палац і легенда пра караля Стэфана Баторыя.
11:58 – Грандыёзны праект Сапегаў – манастыр картузіянцаў у Бярозе.
Кароткі канспект аўдыявыпуску
– Першыя згадкі аб Сапегах адносяцца да XV стагоддзя, а ў XVI стагоддзі адбываецца рэзкае ўзвышэнне роду. Гэта прымушае Сапегаў дадумаць гісторыю свайго славутага паходжання. Так з'яўляюцца легенды, якія звязваюць род Сапегаў з вялікім князем Гедымінам – і тым самым нібыта пацвярджаюць іх княжацкія карані. Прыдумляць гэтыя легенды даводзілася з празаічных прычын: для таго, каб на роўных узаемадзейнічаць з іншымі магнатамі, неабходна было мець шляхетны тытул. Такі жаданы княскі тытул Сапегі ўсё ж атрымаюць, няхай і даволі позна – толькі ў 1700 годзе. Ён дастанецца сям'і ад імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі Леапольда I.
– Свой радавы герб «Ліс» Сапегі, як і іншая беларуская шляхта, атрымалі ў 1413 годзе. Ён малюецца ў выглядзе вертыкальнай стралы з дзвюма перакладзінамі. Эмблема Сапегаў знайшла сваё адлюстраванне не толькі на сямейных і асабістых пячатках, але і на гербах гарадоў і мястэчак, якія належалі шляхетнаму роду. Вертыкальную стралу з дзвюма перакладзінамі можна сустрэць на гербах Гальшан і Слоніма Гродзенскай вобласці, а таксама Беразіно Мінскай вобласці.
– Рэзкае ўзвышэнне роду звязана з імем легендарнага Льва Сапегі. За сваё працяглае жыццё ён займаў амаль усе самыя важныя дзяржаўныя пасады, быў другім чалавекам пасля караля і кіраваў унутранай і знешняй палітыкай Вялікага Княства Літоўскага. З яго імем таксама звязана выданне ў 1588 годзе трэцяй рэдакцыі Статута Вялікага Княства Літоўскага – збору законаў, па якіх беларусы жылі аж да XIX стагоддзя. Акрамя таго, Леў Сапега значна прымножыў валоданні свайго роду. Ва ўласнасці сям'і аказаліся Слонім, Магілёў, Мядзел, Бялынічы, Ружаны, сумна вядомы сёння Чарнобыль ды іншыя гарады і мястэчкі.
– Леў Сапега ахвяраваў грошы на будаўніцтва хрысціянскіх храмаў і манастыроў розных канфесій. Самы знакаміты храм Беларусі, пабудаваны па яго загадзе, – гэта касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Ружанах. Пазней, ужо пасля смерці Льва Сапегі, у Ружанах быў узведзены храм Святых апосталаў Пятра і Паўла. І касцёл, і царква да гэтага часу з'яўляюцца ўпрыгожаннем мястэчка.
– Галоўная архітэктурная дамінанта і сапраўдная архітэктурная жамчужына Ружан – гэта, вядома, маштабны палац Сапегаў. Першапачаткова, яшчэ пры Льве Сапегу, палац быў пабудаваны як абарончае збудаванне. Але пазней, ужо ў канцы XVIII стагоддзя, замак быў перабудаваны архітэктарам Янам Самуэлем Бэкерам на манер велікасвецкага палацава-паркавага комплексу. Менавіта яго руіны дайшлі да нашых дзён.
– Акрамя палаца ў Ружанах, у Сапегаў было яшчэ некалькі маштабных рэзідэнцый. Адна з іх знаходзілася ў Гальшанах. Пры Сапегах у мястэчку быў узведзены велізарны Гальшанскі замак, паўразбураныя сцены якога мы можам бачыць сёння. Яшчэ адна цудоўная славутасць Гальшан, якая з'явілася тут стараннямі Сапегаў, – барочны касцёл Іаана Хрысціцеля і манастыр манахаў францысканцаў. У адрозненне ад замка, храм выдатна захаваўся і сёння радуе мясцовых жыхароў і вандроўнікаў сваім выкшталцоным выглядам.
– Іншая каштоўная нерухомасць роду месцілася на ўсходзе – ёю быў Быхаўскі замак. Абарончае збудаванне на правым беразе Дняпра пачалі ўзводзіць яшчэ магнаты Хадкевічы, а скончыў Леў Сапега. Але шматлікія войны не пашкадавалі замак – сёння ён знаходзіцца ў руінах.
– Сярод усіх іншых рэзідэнцый Сапегаў у Беларусі вылучаецца Гарадзенскі палац. Пабудова XVII стагоддзя вядомая жыхарам горада як Баторыеўка. Палац пачаў узводзіць Казімір Ян Сапега – адзін з самых уплывовых магнатаў Вялікага Княства Літоўскага. Пазней велічны палац Яна Сапегі быў заняты каралём – і стаў каралеўскай рэзідэнцый і месцам правядзення сеймаў. Існуе легенда, што менавіта ў гэтым палацы праводзілася роспалаць караля Стэфана Баторыя пасля яго смерці. Аднак гэтая легенда не пацвярджаецца гістарычнымі крыніцамі. Сёння, праз стагоддзі, палац выглядае даволі сціпла.
– Яшчэ адзін грандыёзны праект Сапегаў – заснаванне адзінага на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага і самага аддаленага на ўсход еўрапейскага манастыра картузіянцаў у Бярозе. Яго з'яўленне ў 1648 годзе ініцыяваў Казімір Леў Сапега. Пасля паўстання 1831 года расійскія ўлады закрылі манастыр і разабралі касцёл. А ў ХХ стагоддзі ў сценах былога духоўнага цэнтра дзейнічала турма. Сёння пра былую веліч манастыра нагадваюць толькі ацалелыя руіны і назва найбліжэйшай чыгуначнай станцыі – «Бяроза-Картузская».
– Па сіле і ўплыве княскі род Сапегаў саступаў толькі Радзівілам. З сям'і Сапегаў паходзілі дзясяткі вялікіх людзей, але галоўным гонарам роду быў і застаецца Леў Сапега. Сёння Леў Сапега з'яўляецца адзіным прадстаўніком беларускай шляхты, у гонар якога ўстаноўлены два помнікі: у Лепелі і Слоніме. Імя князя таксама носяць плошча ў Слоніме і вуліцы ў Мінску і Магілёве.
Архітэктурная спадчына Сапегаў, якую можна ўбачыць у Беларусі сёння
Касцёл Найсвяцейшай Тройцы ў Ружанах
Храм у стылі ранняга барока, пабудаваны ў пачатку XVII стагоддзя.
Храм святых апосталаў Пятра і Паўла ў Ружанах
Узведзены ў 1675 годзе як каталіцкі, сёння дзейнічае як праваслаўная царква. Стыль – барока.
Палац Сапегаў у Ружанах
Заснаваны пры Льве Сапегу як абарончы, але ў канцы XVIII стагоддзя перабудаваны ў палацава-паркавы комплекс у стылі барока з элементамі класіцызму.
Гальшанскі замак
Маштабная рэзідэнцыя на галандскі манер была ўзведзеная ў канцы XVI стагоддзя.
Касцёл Іаана Хрысціцеля і манастыр манахаў францысканцаў у Гальшанах
Збудаваны ў пачатку XVI стагоддзя, перабудоўваўся ў пачатку XVII і ў сярэдзіне XVIII стагоддзяў. Помнік архітэктуры барока.
Быхаўскі замак
Канец XVI – пачатак XVII стагоддзяў. Архітэктурны стыль – барока з рысамі рэнесансу.
Гродзенскі палац (Баторыеўка)
Рэзідэнцыя, пабудаваная ў XVII стагоддзі. Сёння мае спрошчаны выгляд (на фота – справа).
Манастыр картузіянцаў у Бярозе
Узведзены ў 1648 годзе ў стылі барока.
Падкаст таксама даступны на іншых платформах:
Apple Podcasts / Spotify / Castbox / Soundcloud / Google Podcasts / Яндекс. Музыка
Музыка: Kevin MacLeod - Colossus – Wonders; Axletree – The Silent Grove; The Mind Orchestra – Bruwynn; Axletree – Clothe the Fields With Plenty; M33 Project – Pal de Pluja; The Temple of The Mind – I Think I Can Help You; Kevin MacLeod – Ishikari Lore.
ООО «ЭфСиБи Бел» УНП 193185741