Друцкія-Любецкія ды іх спадчына ў Беларусі
- Рубрыка: Шляхецкія сем’i Беларусi
- 30.09.2022
- 6012
У новым эпізодзе падкастаў 34 пра шляхецкія беларускія сем'і, які мы робім разам з МТС, гаворка пойдзе пра Друцкіх-Любецкіх. Прозвішча гэтае ўвайшло ў гісторыю перадусім дзякуючы дальнабачнай палітыцы і эканамічным талентам яго ўладальнікаў. Слухай падкаст, адзначай важныя пункты на мапе і выпраўляйся ў чарговае падарожжа, напоўненае нечаканымі фактамі пра беларусаў блакітнае крыві.
Тайм-коды:
0:34 – Паходжанне роду і герба роду Друцкіх.
2:06 – Адна з галін роду – Друцкія-Любецкія.
3:30 – Самы яркі прадстаўнік роду – Францыск-Ксаверый Друцкі-Любецкі – і яго паспяховая палітычная кар'ера.
4:06 – Спадчына Друцкіх-Любецкіх на Шчучыншчыне.
6:36 – ХІХ стагоддзе – перыяд росквіту сям'і Друцкіх-Любецкіх. Кар'ера Францыска Друцкага-Любецкага ў Расійскай імперыі і пабудова Аўгустоўскага канала.
8:38 – Апошнія прадстаўнікі роду і іх спадчына ў Шчучыне.
Падкаст таксама даступны на іншых платформах:
Apple Podcasts / Spotify / Castbox / Soundcloud / Google Podcasts / Яндекс. Музыка
Кароткі канспект аўдыявыпуску
– Гісторыя роду Друцкіх шчыльна пераплеценая з горадам Друцкам у сучаснай Віцебскай вобласці. Друцкае ўдзельнае княства ўтварылася пасля таго, як у XII стагоддзі сыны легендарнага Усяслава Чарадзея ўзяліся дзяліць землі і ўладу. Герб Друцкіх-Любецкіх такі ж, як у Друцка: чырвоны шчыт з выявай срэбнага мяча і чатырох залатых паўмесяцаў.
– Дачка Дзмітрыя Друцкага нарадзіла ў шлюбе з Андрэем Гальшанскім дачку Соф'ю. У 1422 годзе Соф'я Гальшанская стала жонкай вялікага князя літоўскага і караля польскага Ягайлы і маці яго спадчыннікаў. Так пачыналася вялікая дынастыя Ягелонаў, якія сядзелі на тронах многіх еўрапейскіх дзяржаў на працягу трох стагоддзяў.
– Родапачынальнікам галіны Друцкіх-Любецкіх быў Васіль Рыгоравіч, які жыў у сярэдзіне XV стагоддзя. Пасяліўшыся ў маёнтку Любча на Валыні, ён стаў выкарыстоўваць подпіс «Любецкі».
– Самы яркі прадстаўнік роду і самы паспяховы наш палітык у першай палове XIX стагоддзя – Францішак Ксаверый Друцкі-Любецкі. Сваю кар'еру ён рабіў у арміі Расійскай імперыі, але пасля кантузіі па ўласным жаданні вярнуўся ў маёнтак Чарлёна. Там ён узвёў драўляны палац, але да нашых дзён той не захаваўся.
– Суседзі Друцкіх-Любецкіх – прадстаўнікі старажытнага італьянскага роду Сцыпіёнаў дэль Кампа. З імі Друцкія-Любецкія парадніліся двойчы: спачатку сястра Францішка Ксаверыя Тэрэза выйшла замуж за Юзафа Сцыпіёна, а потым сам Францішак Ксаверый ажаніўся з уласнай пляменніцай – Марыяй Сцыпіён дэль Кампа. У пасаг маладая нявеста прынесла шчучынскі маёнтак.
– У Шчучыне Друцкія-Любецкія ўклаліся ў будаўніцтва каменнага касцёла пры кляштары манахаў-піяраў (у гонар святой Тэрэзы Авільскай) і ў праваслаўны храм (у гонар святога Міхаіла).
– На сродкі князёўны Марыі Друцкай-Любецкай у 1895 годзе быў цалкам перабудаваны касцёл святой Ганны ў мястэчку Лунна ў Мастоўскім раёне. Сама дабрачынніца была пахаваная ў крыпце храма.
– У 1821 Францішак Ксаверый Друцкі-Любецкі атрымаў пасаду міністра фінансаў Каралеўства Польскага. Самы буйны міністэрскі праект князя – канал, што злучае басейны Віслы і Нёмана, які ў далейшым планавалася пашырыць, праклаўшы прамы шлях з Балтыйскага мора ў Чорнае. Завяршыцца будаўніцтву не было суджана, але першыя сто кіламетраў канала вядомыя нам пад назвай Аўгустоўскага.
– Уладзіслаў Друцкі-Любецкі планаваў узвесці ў Шчучыне рэзідэнцыю, як мяркуецца, паводле Трыянона, аднаго з павільёнаў Версальскага палаца. Будаўніцтва пачалося ў 1892 годзе, але задумка праекта моцна адставала ад тэндэнцый свайго часу: чыстай вады класіцызм.
Архітэктурная спадчына Друцкіх-Любецкіх, якую можна ўбачыць у Беларусі сёння
Палац Друцкіх-Любецкіх у Шчучыне
Будаўніцтва рэзідэнцыі на ўзор французскага Трыянона ініцыяваў у 1892 годзе Уладзіслаў Друцкі-Любецкі. Праект рыхтаваў віленскі архітэктар Тадэвуш Раствароўскі. Праз хваробу князя палац так і не быў дабудаваны. Калі ў 1921 годзе ў палацы атабарыўся апошні ўладальнік Шчучына, Ян Друцкі-Любецкі, палац усё яшчэ не здабыў фінальнага аздаблення.
Царква Святой Тэрэзы Авільскай і царква Святога Арханёла Міхаіла ў Шчучыне
Будаўніцтва касцёла (на фота – злева) ў класіцыстычным стылі пачалося ў 1822 годзе, пры кляштары манахаў-піяраў. Княскі род спрыяў храму цягам стагоддзя і адорваў яго цудоўнымі падарункамі. Пры саветах касцёл быў закрыты, яго багаты інтэр'ер разрабаваны, а радавая пахавальня ў сутарэннях разбураная.
Праваслаўны храм (на фота – справа) быў пабудаваны ў 1863 годзе як кампраміс: пасля паўстання Кастуся Каліноўскага ўлады задумалі перабудаваць касцёл Тэрэзы ў праваслаўную царкву, аднак Друцкія-Любецкія прапанавалі за свой кошт узвесці новы храм бліз існага.
Царква Святой Ганны ў Лунне
Перабудаваная ў 1895 годзе на сродкі князёўны Марыі Друцкай-Любецкай. Прастакутная святыня з пяціграннай апсідай была пабудаваная з бутавага каменя і абтынкаванай цэглы ў стылі так званага станіславаўскага класіцызму.
Фота: Futureal / wikipedia.org
Аўгустоўскі канал
Амбітнае будаўніцтва ініцыяваў Францішак Ксаверый Друцкі-Любецкі. Першыя сто з задуманых трохсот кіламетраў канала ўвялі ў эксплуатацыю ў 1839 годзе. 20 кіламетраў канала знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі, 80 – у Польшчы.
Падкаст таксама даступны на іншых платформах:
Apple Podcasts / Spotify / Castbox / Soundcloud / Google Podcasts / Яндекс. Музыка
Музыка: Bail Bonds – Summer Solstice on the June Planet; Silent Partner – Ticker; Kevin MacLeod – Backed Vibes; Kwon – Pluckandplay; Steve Adams – Tubby.
ООО «ЭфСиБи Бел» УНП 193185741