Храптовічы і іх спадчына ў Беларусі
- Рубрыка: Шляхецкія сем’i Беларусi
- 25.08.2022
- 6990
Працягваем серыю падкастаў 34 пра шляхецкія беларускія сем'і, якую мы робім разам з МТС. У новым выпуску распавядаем пра Храптовічаў – магнатаў, якія ставілі карысць грамадства вышэй за асабістую і сваімі рэформамі апярэджвалі час на цэлыя стагоддзі.
Тайм-коды:
0:38 – Паходжанне прозвішча Храптовічаў і радавы герб.
2:15 – Мецэнацкая дзейнасць прадстаўнікоў роду Храптовічаў.
4:51 – Галоўная рэзідэнцыя Храптовічаў у Шчорсах і самы выбітны прадстаўнік роду – Яўхім Літавор Храптовіч.
6:51 – Яўхім Храптовіч і ідэі Асветніцтва.
8:04 – «Мураванка» і прамысловыя прадпрыемствы Храптовічаў.
Падкаст таксама даступны на іншых платформах:
Apple Podcasts / Spotify / Castbox / Soundcloud / Google Podcasts / Яндекс. Музыка
Кароткі канспект аўдыявыпуску
– Прозвішча Храптовічаў, хутчэй за ўсё, паходзіць ад нейкага Хрыбта, і першапачаткова гэтыя магнаты падпісваліся ўсюды як Храбтовічы – праз «б». Таксама цікава, што Храптовічы стагоддзямі выкарыстоўвалі мянушку-прыстаўку да прозвішча Літавор. Гісторыкі мяркуюць, што мянушка пайшла ад нямецкага «Літаўэр», што азначае «Ліцвін».
– Герб Храптовічаў – «Адравуж»: на чырвоным фоне – срэбны лук і страла, накіраваная ўверх.
– Храптовічы фундавалі ўзвядзенне хрысціянскіх храмаў розных канфесій. Самі яны першапачаткова вызнавалі праваслаўе, аднак да сярэдзіны XVII стагоддзя перайшлі ў каталіцтва. У 1620-я Аляксандр Храптовіч ахвяраваў грошы на рэканструкцыю Барысаглебскай царквы ў Наваградку. Яшчэ адзін грэка-каталіцкі храм – у гонар Святога Дзмітрыя Салунскага – быў узведзены на сродкі Іахіма Літавора Храптовіча ў радавым маёнтку ў Шчорсах у 70-я гады XVIII стагоддзя. У 1630–1640-х у мястэчку Вішнева на Валожыншчыне на месцы старога драўлянага касцёла Юрый Літавор Храптовіч пабудаваў новы барочны храм – касцёл Наведвання Панны Марыі.
– Адзін з палацаў Храптовічаў быў пабудаваны на вуліцы Замкавай у Горадні Каралем Храптовічам у сярэдзіне XVIII стагоддзя. Галоўная ж рэзідэнцыя Храптовічаў знаходзілася ў Шчорсах Наваградскага краю, свайго росквіту радавое гняздо дасягнула пры Іахіме Літаворы Храптовічы.
– Іахім Літавор Храптовіч быў усебакова адукаванай і выдатнай асобай. Ён уласным розумам дайшоў да думкі, што прадуктыўнасць гаспадаркі можа расці толькі ў тым выпадку, калі той, хто працуе, зацікаўлены ў выніку сваёй працы. Вось чаму ў 1790 годзе Храптовіч прыняў прагрэсіўнае рашэнне – адмяніў паншчыну ў сваіх уладаннях, абавязаўшы сялян дзяліцца ураджаем, а не праходзіць бясплатную адпрацоўку за карыстанне зямлёю.
– Іахім рабіў усё магчымае для распаўсюджвання ідэй Асветніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім. Ён выступаў за стварэнне адукацыйнай камісіі – першай у Еўропе дзяржаўнай установы па кіраванні народнай асветай – і быў актыўным членам гэтай камісіі. Пад яго ўплывам школы і ўніверсітэты былі рэфармаваныя ў духу перадавых ідэй асветнікаў таго часу.
– Бібліятэка ў Шчорсах налічвала ад дзесяці да дваццаці тысяч тамоў. Яе папаўненнем, раз'язджаючы па ўсёй Еўропе, займаліся агенты Храптовіча. Пад бібліятэку быў адведзены цэлы будынак у палацава-паркавым ансамблі. Будынак захаваўся да нашых дзён, а вось яго напаўненне, на жаль, разляцелася па свеце ў смутныя ваенныя часы.
– Іахім Літавор Храптовіч паслядоўна развіваў сельскую гаспадарку і прамысловасць. У другой палове XIX стагоддзя пры маёнтку ў Шчорсах быў створаны гаспадарчы двор, які ўяўляў з сябе шматгаліновы агракамбінат, дзе вяліся працы з выкарыстаннем машын, – «Мураванка Храптовічаў». А ў Вішневе ў 1773 годзе была заснаваная жалезная гута – правобраз металургічнага завода. Штотыдзень ён вырабляў каля 10 тон жалеза.
Архітэктурная спадчына Храптовічаў, якую можна ўбачыць у Беларусі сёння
Барысаглебская царква ў Наваградку
У 1620-я Храптовічы прыклалі руку да аднаўлення старажытнага храма, перададзенага ўніяцкім манахам-базыльянам. Пры іх царква вырасла ў памерах, па вуглах былі прыбудаваныя масіўныя контрфорсы, скляпенні былі ўпрыгожаныя зорчатымі нервюрамі ў стылі позняй готыкі, а фасад увянчаўся дзвюма вежамі.
Царква Святога Дзмітрыя Салунскага ў Шчорсах
Праект распрацаваў архітэктар італьянскага паходжання Джузэпэ дэ Сака, будаўнічыя работы вяліся пад кіраўніцтвам француза Якуба Габрыэля. Архітэктура храма, пабудаванага ў 70-я гады XVIII стагоддзя, спалучае ў сабе элементы барока і класіцызму.
Царква Наведвання Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вішневе
У 1630–1640-х на месцы старога драўлянага касцёла з'явіўся новы барочны храм. Яго разьбяныя алтары былі створаныя пазней – у другой палове XVIII стагоддзя, калі царкву аднаўлялі пасля пажару.
Палац Храптовічаў у Горадні
Пабудаваны ў сярэдзіне XVIII стагоддзя. Архітэктура фасада з парталам дарычнага ордара і трохкутным франтонам у цэнтры амаль не змянялася. Сёння тут месціцца Музей гісторыі рэлігіі.
Сядзіба Храптовічаў у Шчорсах
Галоўная рэзідэнцыя Храптовічаў і іх радавое гняздо. Палац быў пабудаваны ў 1770–1776 гадах у стылі класіцызм, цалкам разбураны ў XX стагоддзі. Да нашых дзён захаваліся некалькі іншых пабудоў былой сядзібы і рэшткі парку.
«Мураванка Храптовічаў» каля Шчорсаў
Гаспадарчы двор другой паловы XIX стагоддзя. Захаваліся некалькі вежаў, таксама засталіся руіны дамоў і стайняў.
Падкаст таксама даступны на іншых платформах:
Apple Podcasts / Spotify / Castbox / Soundcloud / Google Podcasts / Яндекс. Музыка
Музыка: Doug Maxwell – Greeting the Day with a Smile; Silent Partner – Grass; Silent Partner – The Rain; Kevin MacLeod – Carefree; Kevin MacLeod – Chee Zee Beach.
ООО «ЭфСиБи Бел» УНП 193185741