Хуткасць святла ляціць навыперадкі з літаратурным жыццём. Мастацкае слова адшукала ўжо колькі шляхоў, каб здзівіць цябе і прымусіць перагарнуць старонку, але чым далей – тым болей неверагоднага. Выскокваем на фінішную: сучаснае сплятаецца з будучым, а сёлетні белліт замыкае цябе ў абдымках авангарда, нонканфармізму і прэмій, якія ўручаюць мёдам. Заключная частка таймлайну!
1991 год, травень
Адпачынак – для слабакоў. З небывала доўгіх вакацый праз Вільню дадому вяртаецца
«Наша Ніва». Грамадства прагне новых ідэй, а што, як не гэты аксакал перыёдыкі, магло ўкінуць іх лепей? Чытач адшукаўся адразу, рэдакцыя да Менска дабралася праз пяць гадоў, далей асіліўшы і інтэрнэт-прастору. «Наша Ніва» стала выданнем-феніксам, якое не толькі з полымя паўстае, але ім жа падпякае незадаволеныя задніцы.
Змахнулі з вачэй камуністычную павалоку – з’явіўся раман «Заходнікі» Генрыха Далідовіча. Твор з тых, што паказваюць незаблюраную гісторыю стварэння абодвух нашых дзяржаўнасцей (і БНР, і БССР), дзе нацыянальныя дзеячы – змагары, а не здраднікі, а бальшавікі не заўсёды героі. Акрамя мінулага без купюр, дзякуем Далідовічу, што сваімі персанажамі, дакладна сапраўднымі, абцяжарыў скарбонку псіхалагічнай літаратуры.
1992 год
Ёсць белліт і за межамі Беларусі. Аўтары, якія вымушана ці выпадкова перавезлі кудысьці сваё жыццё, актыўна пішуць у эміграцыі. Самае сакавітае для цябе збірае Барыс Сачанка ў анталогіі мігранцкай паэзіі «Туга па Радзіме». Там цябе чакае нямала крутых паэтаў. Калі баішся заблытацца – занатуй сабе першую тройку гульцоў: Янка Юxнaвец, Мixacь Кaвыль, Янка Зoлaк.
1992 год, кастрычнік
Пачынае выдавацца часопіс
«Першацвет» – першасортная літаратурная пляцоўка для маладых аўтараў і аўтарак.
1993 год, травень
Тыднёвiк
«Культура» штомесяц пашыраецца васьмю палосамі – праз лiтаратурна-філасофскі сшытак «ЗНО» ладзіць беларускі постмадэрн бярэцца
Бум-Бам-Лiт. Табе не хапала тутэйшага трэшачку? Суполка маладых літаратараў аб тым патурбавалася. Купайся ў авангардзе, глядзі перформансы, гартай друкапiсы з аўтарскімі крэмзамі. На жаль, разам паэты нарадзілі адзiны «Тазiк Беларускi», але ж якое годнае выйшла дзіцятка.
1993 год
Выходзіць аўтабіяграфічная кніга
Паўла Пруднікава «За калючым дротам», антысталінская проза. Толькі з пачаткам галоснасці знікае забарона пісаць пра рэпрэсіі, ГУЛАГ ці Чарнобыль. Пераварот у тэматыцы цягне за сабой стылявыя змены: надышоў час абсурду. Нават для класікаў – зацані «Сатанінскі тур» (1995) Шамякіна. У 1993-м узнікае «Таварыства вольных літаратараў» (Юрый Гумянюк, Алесь Аркуш, Ігар Сідарук, Людка Сільнова, Лера Сом ды іншыя), яго курс таксама арыентаваны на авангард і адмаўленне ад сістэмы мыслення ў традыцыйных рамках. Па постмадэрн кіруйся да зборнікаў
Гуменюка «Водар цела» (1992) i
«Твар Тутанхамона» (1994).
1993 год
Сёлетні старшыня камітэту «Глінянага Вялеса», выдавец і пісьменнік
Алесь Аркуш засноўвае Таварыства Вольных Літаратараў. Вольныя, як папярэджвае назва, аўтары арыентуюцца на авангард, ды так годна, што цяпер падшыўку блізкага да таварыства
«Ксэракса Беларускага» (1990–1996) спрабуе набыць брэменская бібліятэка. Пасля «Ксэракса» Аркуш наладжвае таксама выданне
«Полацкага ляда» і
«Кaлoccя», перадавікоў беларускага культурнага андэграўнду.
1995 год
Урэшце знайшлі ў сваёй літаратуры рэальны сэкс. «Сучасная літаратура» выдае для беларускага плэйбоя
Глобусаў зборнік інтымнай прозы –
«Толькі не гавары маёй маме». Мясцовы лавелас мае нядрэнны мастацкі густ. Не тое каб спадар Адам не бавіў нас чымсьці іншым. Але ў пакарэнні эратычнага Эверэста ён для сучаснага чытача дакладна намба ўан.
1996 год, 22 сакавіка
Лаўрэатам прэміі ПЭН-цэнтра становіцца
Васіль Сёмуха. Ці заслужаная ўзнагарода? Сёмуха пераклаў Біблію, Стары і Новы Запаветы, на беларускую мову. З нямецкай – творы Гётэ, Шылера, Гейнэ, Гофмана, Грымельсгаўзэна, Ніцшэ, Брэхта, Дзюрэнмата, Гесэ, Томаса Мана, Рыльке, Зюскінда ды іншых; з польскай – Міцкевіча, Славацкага, Норвіда, Тувіма, Сыракомлю; з латышскай – Яна Райніса, Чакса, Бэлшавіцу, Скуіньша, Бэлса, Вацыеціса і гэтак далей і далей. На ніве перакладчыцкай дзейнасці ён не адзіны воін. Адначасова перакладамі ды інсцэніроўкамі драматургічнай класікі на беларускай сцэне займаецца другі аксакал –
Аляксей Дудараў! Так па-беларуску пачынаюць размаўляць «Рычард ІІІ», «Макбет», «Гамлет» – спіс адкрыты.
1996 год, восень
Ігар Бабкоў і
Валер Булгакаў запаўняюць культуралагічна-філасофскія лакуны: распачынаюць дзейнасць выдання з амаль па-барочнаму доўгай назвай
«Фрагмэнты філязофіі, культуралёгіі, літаратуры: сярэднеэўрапейскі культурны агляд». Інтэлігента яно радавала мацней, чым дзіцяня – цукеркі. У тым жа годзе, пасля рэферэндуму, Бабкоў абвесціў «смерць» беларускага народа. Каму ж тады ён рыхтаваў сваю
«Хвілінку. Тры гісторыі» (2013)?
1996 год, 31 кастрычніка
Сыходзіць сцэнарыст і рэжысёр Віктар Тураў – выключны творца, якому Адамовіч даручыў экранізацыю «Партызанаў», а Віктар Казько прысвеціць апавяданне «І нікога, хто ўбачыць мой страх» і эсэ «Так на Беларусі хаваюць Прарокаў». Казько, дарэчы, меў з кінасветам цесныя стасункі: «Беларусьфільм» экранізаваў яго толькі так (глядзі «Паводку», «Сад», «Судны дзень»), а ў 2009-м выпусціў нават дакументальны фільм пра пісьменніка «Знакі лёсу. Віктар Казько». Не здзіўляемся, бо ягоны «Выpaтyй i пaмiлyй нac, чopны бyceл» – must read, трывала закансерваваны ў школьнай праграме. Не гаворачы ўжо пра «Час збіраць косці», які зацікавіў Гедройца.
1998 год
Чытаем
«Любіць ноч – права пацукоў» Юрыя Станкевіча. Да пісьменніка прычапіўся (мо заканамерна?) ідэйны «правы» зэдлік, хоць аўдыторыя ў яго жах якая разнастайная, а сам аўтар не блішчыць брытай патыліцай і не крышыць твары. Эсхаталагічная, містычная і поўная эксперыментаў непрадказальная проза Станкевіча рыхтуе пажытак твайму мозгу па сённяшні дзень. За гады крутасць застаецца стабільнай, толькі колькасць узнагарод павялічылася.
1998 год, 20-21 чэрвеня
У
Беластоку, з нагоды 40-годдзя пісьменніцкага аб’яднання «Белавежа», адбываецца Міжнародная навуковая канферэнцыя, якая сцягнула ўвесь беларускі літаратурны рух на Польшчы ў адно месца. Тыя навуковыя даклады становяцца базісам для першага нумара
«Тэрмапілаў»; за мастацкую частку адказвае «Крынічнае»
Янкі Брыля. І аб’яднанне, і часопіс – гуглі: беластоцкія пісьменнікі – фантастычна ўздымаюць замежны белліт, публікуючы годныя творы, якім цесна на газетных аркушах. Так феномен уласна польскага белліту сваёй штаб-кватэрай абраў у мінулым стагоддзі Беласток.
1999 год
У часопісе «Крыніца» рэдактарам раздзела філасофіі і замежнай літаратуры працуе
Валянцін Акудовіч. Праз яго творы знаёмімся з метафізікай адсутнасці. Нічога няма! І
«Мяне няма», і ментальны код у беларуса раптам аказваецца
«Кодам адсутнасці». Аматарам філасофіі дакладна зойдзе.
1999 год
Купалаўскі абнаўляе афішу: да пастаноўкі рыхтуюць п’есу
Алены Паповай «Странники в Нью-Йорке». Нашы тэатральныя падмуркі схамянуліся своечасова: у 2002 аўтарка трапіць у англійскую энцыклапедыю «2000 выбітных еўрапейцаў ХХІ стагоддзя», а з 2010-га – і ў навучальную праграму. Бо звычайна беларускія драматургі (напрыклад,
Павел Пражко, Мікалай Рудкоўскі, Дзмітрый Багаслаўскі) перш прызнаюцца ў замежжы, а пасля – на радзіме. Драматургія ж – гэта толькі адзін з прыкладаў файнага рускамоўнага белліту, які вабіць чытача сваімі цікавосткамі, нібы крама цукерак. Ёсць элітарная літаратура кшталту
Анатоля Аўруціна, Юрыя Сапажкова ці
Аляксандра Станюты, ёсць масліт –
Наталля Батракова, Мікалай Чаргінец, Юрый Татарынаў і таксама творы для дзяцей і моладзі: у гэтым кірунку пішуць
Раіса Баравікова, Вольга Гапеева, Андрэй Смятанін і
Андрэй Жвалеўскі з
Яўгеніяй Пастарнак.
2000 год
Часопіс АРХЭ публікуе
«Васямнаццаць месяцаў у пекле» Аляксея Шыдлоўскага, студэнта журфака, зняволенага праз антыпрэзыдэнцкія графіці на вуліцах Стоўпцаў. У нацыянальнай літаратуры гэта, магчыма, першы пры Лукашэнку інсайдарскі погляд на чалавека ў беларускай турме, а
«турэмная літаратура» ў ХХІ стагоддзі афармляецца як самастойны мастацкі кірунак. Увагі вартыя як мінімум
«Американские стихи» (2012) Аляксандра Фядуты, і нон-фікшн
«Турэмны дзённік» (2001) Славаміра Адамовіча, і празаічныя турэмныя лісты
Алеся Бяляцкага, і
някляеўскія «Лісты да Волі» жонцы. Прасекшы, што ў беларускай турме не адную «Мурачку» стракочуць, у 2013-м Беларускі ПЭН-цэнтр і «Радыё “Свабода”» заснавалі прэмію за лепшы твор, напісаны ў зняволенні. Каго чытаць яшчэ:
Змітра Дашкевіча, Фэлікса Пекера, Паўла Севярынца, Ірыну Халіп etc.
2001 год
Літаратуру ХХІ стагоддзя можна каментаваць па гарачых слядах. Выходзіць твор
Людмілы Рублеўскай «Старасвецкія міфы горада Б.», сучасная беларушчына з местачковым каларытам. Мы ўваходзім у час з максімальнай разнастайнасцю, дзе на паперы дазволена ўвогуле ўсё. Адна з найбольш моцных плыняў – гісторыяцэнтрычная проза. Вяртаемся да вытокаў, да якіх усё ніяк не можам дайсці.
2001 год, чэрвень
Паэт-авангардыст новай генерацыі
Віктар Жыбуль рэкрутуе ў свой музычны гурт вакалістку-інструменталістку
Веру Бурлак, сваю будучую жонку. Цяпер разам з сынам
Кастусём, самым маладым з аўтараў у «Макулатуры», іх сям’я – беспрэцэдэнтны ўзор шыкоўнага творчага тандэма, з’яднанага між сабой роднасным лучвом.
2002 год
З’яўляецца на паліцах
«Дзеяслоў», які фантастычна спалучае ў сабе амплуа выдання, альтэрнатыўнага дзяржаўным, разам з рэгістрацыяй у Міністэрстве інфармацыі РБ. Часопіс муціць круты пазаідэалагічны кантэнт, наладзіў уласную прэмію
«Залаты апостраф», выходзіць афіцыйна і рэгулярна (раз на два месяцы): падпісацца можаш нават праз Белпошту.
2002 год
Віталь Рыжкоў піша першыя вершы, з якіх праз 8 гадоў атрымаецца выдадзены-перавыдадзены зборнік
«Дзверы, замкнёныя на ключы». Публікаваўся ён некалькімі накладамі, дадрукоўваўся і выдаваўся ізноў, вельмі цёпла сустрэты ва Украіне. Паэзія ў гэты час буйная і разнастайная. Вартыя тваёй увагі
Вальжына Морт, Вольга Гапеева, Таццяна Мушынская, Наста Кудасава, Таццяна Нядбай.
2003 год, 22 чэрвеня
Адышоў
Васіль Быкаў. Вялікая хаўтурная працэсія – чарговае сведчанне, што сёння літаратура па-ранейшаму мае вялікі ўплыў на людзей. І ёсць рэчы, асаблівыя і металітаратурныя, якія аб'ядноўваюць народ. Выдатныя творы, нават калі яны далей і далей адыходзяць па датах, нельга ўпісаць у мінулае, бо яны, нібы добрае віно, становяцца толькі лепей.
2004 год
Амаль сучасныя мемуары Саламеі Пільштыновай:
Алена Брава, пісьменніца з Барысава, бярэ шлюб і адпраўляецца з дачкой на радзіму мужа, Кубу. Яна распавядае пра сваё карыбскае-сацыялістычнае жыццё ў аповесці
«Каменданцкі час для ластавак».
2004 год
Раскідваецца дулямі
Барадулін: публікуецца бадай самая вясёлая кніжка апошняга Народнага паэта краіны –
«Дуліна ад Барадуліна». На Нобелеўку дзядзьку Рыгора намінавалі не за жартачкі, у Ватыкан да пантыфіка запрасілі не за гарэзлівыя жэсты ў назвах, але мы гартаем зборнік з рогатам і асалодай. Усё як мае быць.
2006 год
Беларусь прывабіла замежнага чытача пасля нядаўніх прэзідэнцкіх выбараў, але з матэрыяламі пра краіну і яе жыхароў там скрозь – поўны галяк. Так, замоўлены нямецкім выдавецтвам Suhrkamp, у Германіі з’яўляецца напісаны па-нямецку першы раман
Артура Клінава «Minsk. Sonnenstadt der Träume» – бэстсэлер-нечаканчык ад аўтара, які раней ані кніжак не пісаў, ані сябе не лічыў літаратарам. Пераклады на беларускую «
Мінск. Горад Сонца» (2006) /
«Малая падарожная кніжка па Горадзе Сонца» (2007) – ёсць яшчэ па-вугорску, па-польску, па-руску і па-шведску – чакалі свайго часу, галантна прапускаючы наперад прэзентацыі ў Берліне, Парыжы і Брусэлі. Амаль не забыліся! Гэта ж і пачатак літаратуры пра Менск.
2007 год, красавік
Пасмяротная пашана паэту, які прымушаў цалаваць сцяг, каб трапіць на дыскатэку, і жартаваў з прыхільніц: апублікаваны зборнік
«Лён» з творамі
Анатоля Сыса, дзе апроч «Агмяню», «Пана Лесу» і «Сыса» ёсць невядомыя творы, артыкулы і інтэрв’ю. Дзіп дайв у галаву эпатажнага і фантастычна таленавітага Сыса можна пачаць менавіта з яе. Бо аналагаў у паэта дакладна няма.
2009 год
Адкуль растуць ногі сучаснага беларускага тэатра? І для маленькага гледача, і для дарослых ёсць агульныя вытокі. Каб забяспечыць цябе ўдалым лікбезам, у друк выходзіць зборнік артыкулаў
«Паміж Беларуссю і Польшчай: драматургія Сяргея Кавалёва», з прозвішчам якога абавязкова залінкуй яшчэ літаратурную крытыку, паэзію і літаратуразнаўства.
2009 год, травень
Паляванне на чытача абвяшчае анлайн-часопіс перакладной літаратуры
«ПрайдзіСвет». Ён упэўнена цягне ў масы забугорную культуру: па-беларуску публікуюцца казкі Андэрсана і Мумі-Тролі, Уайлд і По, а да таго ж – прэмія, якая матэрыяльна заахвочвае пераносіць замежныя цуды на сваю мову.
2010 год
Андрэй Хадановіч пачынае пісаць
«Нататкі таткі». Першую кнігу важна адкрыць яшчэ ў безразважным маленстве, як і пачаць маленства – з вартай кнігі. Дзіцячая літаратура заўсёды стаіць неяк паасобку, бо, відаць, мае перад чытачом большую адказнасць. Сучасны белліт для пакуль-што-не-дарослых упраўляецца класна і трымае марку: кантэнт не засеў у мінулых шматгоддзях, а вонкавы выгляд – дзякуй ілюстратарам – зусім мілы.
2010 год, 26 сакавіка
Не толькі пра мінулае піша выдатна: у Гданьску
Уладзімір Арлоў абраны Еўрапейскім паэтам свабоды за зборнік вершаў
«Паром празь Ля-Манш». Складана прыкінуць, у якім наогул жанры яго нецікава чытаць?
2010 год, 19 кастрычніка
Крэпенькі, як першая з затору самагонка,
«Пяршак» пачынае сваю працу, дэбютуючы з музыкальным рэлізам. З гэтага моманту на беларускай анлайн-прасторы з’яўлецца ўласны мультылэйбл, які любіць цябе – канешне, таленавітага(-ую) – узаемна і не за грошы. А яшчэ ж і кніжкі класныя выдае!
2010 год, 19 снежня
Абставіны вымушаюць
Мікалая Халезіна і
Наталлю Каляду міграваць у Вялікабрытанію. Цяпер
Беларускі свабодны тэатр – лаўрэат буйнейшых міжнародных фестываляў, праваабаронца ў art-індустрыі і ўлюбёнец Guardian і New York Times – зарэгістраваны ў Лондане і адтуль, праз эклектычнае драматургічнае бачанне, зыбае забароненыя звыш індывідуальныя, сацыяльныя і палітычныя пытанні на іншых кантынентах. Дома – толькі закрытыя спектаклі, але заўжды забітая пад завязку зала.
2011 год
Вас іст дас!
Алесь Разанаў, беларускі паэт са стажам і прызнаннем, прэзентуе нямецкамоўны паэтычны зборнік «
Der Mond denkt, die Sonne sinnt». Напэўна, у Германіі вершатворцы падумалі: «На чужы расток не разявай раток». Але для сучбелліту падзея крутая. Хіба хто ведаў, што можна і так?
2011 год, 20 траўня
Суд прыгаварыў Някляева да двух гадоў зняволення (з адтэрміноўкай на два гады) за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Галоснасць прымаўкае, бярэ паўзу. Асаблівае кола літаратараў атрымлівае адзнаку «незалежных», разам з ёй – у дзяржаўным асяроддзі статус персоны non grata. Але хіба гэта спыняе мастацкае слова? У 2013, ужо рыхтуючы прэмію Гедройца, чакаем флэшбэк да беларускіх 60-х з някляеўскім «Аўтаматам з газіроўкай з сіропам і без».
2011, 2 верасня
Можна было б пачаць з
«Ніякай літасьці Валянціне Г.», але пазначым тое, за што літаратар атрымаў па твары.
Альгерд Бахарэвіч вяшчае з Гамбурга: на svaboda.org і хвалях «Радыё “Свабода”» пачынаецца цыкл эсэ з непразрыстай назвай
«Гамбурскі рахунак Бахарэвіча». Праект бязлітасна трыбушыць беларускую класіку, але адначасова пад файнай прызмай прыгадвае табе ўсе імёны, якія трэба ведаць (такі вось дыстантны літаратурны клуб, дзе «за Купалу ты яшчэ адкажаш»). Дарэчы, за свае творы Бахарэвіч збірае прэміі, як Баскаў кветкі. А яго
«Шабаны» з асалодай глядзім у Купалаўскім.
2011 год, 28 снежня
Хопіць пісаць у стол, трымай свежазаснаваную
прэмію Ежы Гедройца!
Літаратурныя прэміі кшталту гэтай разварушылі вялы метабалізм сучбелліту. Сёння для кожнай галіны словатворчасці ёсць свае плюшкі: за гістарычныя творы – прэмія
Багушэвіча, публіцыстам – грошы ад
Адамовіча, нон-фікшн зацэняць праз прэмію
імя Стагановічаў, дзіцячыя творы апякуе
Цётка, а перакладчыцкія ўзнагароды можна атрымаць і ў
«Дэбюце», і ад
«Прайдзісвета», альбо разлічваць на прэмію
Карласа Шэрмана – спіс амаль бясконцы. Калі грошы цябе не цікавяць, за мастацкія здольнасці можаш атрымаць і натуральную аплату: нонканфармісцкая прэмія
«Блакітны свін» адорыць цябе 100 адзінкамі чаго-небудзь, а – калі ўсталяваны літаратурны канэкт з Берасцейшынай –
Мікола Папейка нават мёдам.
2012 год
Інтымная лірыка made in Belarus не дае твайму сэрцу засохнуць. У друку з’яўляецца чарговы вянок рамантычных вершаў
Леаніда Дранько-Майсюка, творы якога наскрозь насычаныя каханнем. Але не толькі пра ласкі й пяшчотнасці: менавіта Дранько-Майсюк ангажуе твае стопы плясаць пад
«Польку беларускую», а беларускаму слэнгу падагнаў словы «далькажык» і «асветар».
2012 год
«Беларусьфільм» здымае дакументальнае кіно пра Тызенгаўза «Рэфарматар». Сцэнар для яго рыхтавалі Аляксандр Бугроў і
Вітаўт Чаропка; у планах апошняга быў і фільм пра Усяслава Чарадзея, але паплечнікаў па натхненні ў кінастудыі не знайшлося. Праз кнігі Чаропкі можна звярстаць вярбальную гісторыю Беларусі. Паспрачаемся, што ты ведаеш усе гэтыя назвы?
2012 год, 1 ліпеня
Рома паехаў! Пачынаецца тая самая кругасветка, пра якую пасля ў дзвюх кніжках распавядзе
Рома Свечнікаў.
Трэвэл-літаратура набірае абароты з абодвух бакоў: і чытач марыць уцячы хоць па старонках у цудоўнае забугор’е, і аўтары нарэшце згадалі, што пра падарожжа пісаць цікава. Выдатная сугестыўнасць амаль у ахапку цягне цябе на Усход у
«Валацугах» і
«Апоўначы на сіалімскім мосьце» Аляксея Талстова. Прыгоды беларускіх бэкпэкераў выфранціліся ў мастацкае слова, якое чытае і радзіма, і замежжа.
2013 год
У акадэмічнае падарожжа трапіць істэрн-еўрапіян проза
Андрэя Дзічэнкі, сёлетняга фіналіста багдановічаўскай прэміі «Дэбют» (за зборнік «Сонечны чалавек»). Там апавяданні замацаваліся ўдала: цяпер паўночнаамерыканскія студэнты-славяністы рупліва вывучаюць іх ва ўніверсітэце. На жаль, мадэрнізацыя нашай праграмы затрымалася дзесьці ў дарозе.
2013 год, 10 кастрычнiка
На міжнародным кірмашы ў Франкфурце ініцыятыва
Books from Belarus прэзентуе лепшыя мастацкія творы сваіх суайчыннікаў. У некамерцыйны праект згуртаваліся незалежныя выдаўцы-энтузіясты, каб трымаць марку нацыянальнай культуры, прасоўваючы сучасныя прадукты белліту за мяжой. Па сутнасці, літаратурны іміджмэйкер Беларусі.
2013 год, 30 кастрычнiка
«Пяршак» публікуе ядраны драматургічны зборнік «Мертвый сезон». Толькі й трымайся за старонкі, каб не зваліцца. Сцэнічны энтузіязм аматара-беларуса не заканчваецца на Свабодным тэатры, і ў якасці першасортнага допінгу для яго (і для гледача-іншаземца) з-пад пяра Паўла Пражко, Канстанціна Сцешыка – і не толькі – выбухае новая драма.
2014 год, 10 верасня
Кніга, за якую гаворым «дзякуй». Выходзіць раман
Марціновіча «Мова» – «лінгвістычны баявік», як кажа аўтар. Па-першае, за доказ, што на сучаснай літаратуры Беларусі і блізка не стаіць крыж. Па-другое, за кнігу-скальпель, што разразае рану, прымусіўшы думаць пра тое, пра што не вельмі хочаш, і ўрэшце за твор, які адкрывае малады белліт замежжу. Раман выдадзены па-беларуску (арыгінал), па-руску і па-нямецку. Спадзяемся, гэта не рубеж.
2014 год, 18 cнежня
Прэзентацыя новых кнiг з серыi «Бiблiятэка часопiса “Маладосць”», якую аднавілі ў 2013-м, таму што часопісу стукнула 60. Штогод з 1988-га па цяжкія 1990-я выходзіла пяць паэтычных кніг, пяць – з прозай і па адной – з публіцыстыкай і літаратурнай крытыкай. Серыя была калыскай для сённяшніх літаратараў, а цяпер – будучых.
2015 год, 1 студзеня
А 15-й гадзіне пачынаецца суд над
кнігарняй «Логвінаў», бо ў Літаратурнага дома няма патрэбнай дзяржаўнай рэгістрацыі, наконт якой Міністэрства інфармацыі адмаўляла восем разоў. З невялікага выдавецтва альтэрнатыўнай літаратуры, створанага ў 2000-м,
«Логвінаў» раздаўся да зусім няхілай незалежнай грамадска-культурнай прасторы. Праз дзейнасць выдавецтва беларускі «твар» бачаць па-за межамі краіны, на міжнародных выставах і фестывалях, а беларусы праз яго – у перакладах, на сваёй мове – «твар» іншаземных культур і больш дасканала, нібы ў люстэрку, – уласны.
2015 год, 21 мая
Ведаем нават гадзіну: а 19-й на 1-й Сененскай у Віцебску
Аляксей Шэін прэзентуе першае беларускае фэнтэзі
«Сем камянёў». Годная кніжка, якую рассмакавалі дзеці (вядома, даросламу шкоды ад яе таксама не будзе). Так і павінна быць! А тое ж мы зачакаліся нерэальных гісторый made in Belarus.
2015 год, 8 кастрычніка
Нобелеўскую прэмію атрымлівае
Святлана Алексіевіч. Што сказаць. Тое, што мы вартыя Нобеля, – вялікая падзея. Няхай стаўленне да ўзнагароды з боку розных людзей неадназначнае, дзякуй спадарыні Святлане, што імя нашай краіны чуе ўвесь свет.
2016 год
Самы папулярны за год матэрыял «Нашай Нівы» – урывак з даўншыфтарскіх нататак Горвата, яго выбухнога «Радзіва “Прудок”. Дзённік». Першы і адзіны літаратурны рэаліці-твор вымушае чытача – ці сваёй інтэрактыўнасцю, ці блізкай тутэйшасцю – прагна чакаць працягу. Што ў выніку? Накраўдфанджаны тысячны тыраж разыходзіцца за гадзіны.
2016 год, 6 ліпеня
У Нацбібліятэцы Ігар Кулікоў прэзентуе пераклад Першай мандалы (кнігі) «Рыгведы». Чарговы класічны, хрэстаматыйны твор – must have любой нацыянальнай літаратуры – загаварыў па-беларуску, яшчэ і ў перакладзе з арыгіналу, яшчэ і вершам! Але сакрэт поспеху раскрыты: крутасць перакладу «Рыгведы» зразумееш толькі праз знаёмства з паэзіяй Кулікова.
2017 год, 27 лютага
Выходзіць дыск супольнага праекту
Змітра Вайцюшкевіча і
Уладзіміра Някляева. Вайцюшкевіча смела назавем майстрам паэтычнага супрацоўніцтва. Ён песціць музыкай вершы, і атрымліваецца сапраўдная магія. Таленавіта і проста ён праспяваў Барадуліна, Бураўкіна, Някляева, Караткевіча, Ваячка, Нагавіцу, Маякоўскага і не толькі. На кружэлцы – яшчэ адзін цуд.
2017 год, 8 сакавіка
На
ulej.by паспяхова скончыўся чарговы краўдфандынг: зялёнае святло – кнізе апавяданняў
Алісы Бізяевай «Дзяўчына на прыпынку». Аўтарка апгрэйдзіць наш літаратурны свет не толькі ўласным мастацкім словам: пляцоўка
litara.net, створаная Алісай у 2002 годзе, трывала наладжвае камунікацыю паміж чытачамі і творцамі, і там жа ты можаш даведацца пра што заўгодна ў сучасным белліце. Так інтэрнэт-медыя сапраўды стала віртуальным літаратурным цэнтрам, а
litara.net прыбрала шлагбаумы з шырокай дарогі да Муз.
2017 год, 21 сакавіка
Неўзабаве пасля ўручэння «Дэбюту» на Кастрычніцкай, каля «ЦЭХа», затрыманы кнігапрадавец Алесь Яўдаха (ці знаём(-а) ты з knihi.by?) і пазней – Міраслаў Лазоўскі з «Кнігазбору». Афіцыйная падстава для таго, каб трапіць з карабля на бал, гучыць як «падазрэнне ў арганізацыі масавых беспарадкаў». Але актывісты ў літаратурным таймлайне не выпадкова: некалі такое ўжо было, калі працавала знакамітае «ад саксафона да нажа – адзін крок». Цяпер саксафон пасунула кніга.
To be continued…
Шчырая падзяка за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу Лідзе Наліўцы і Сашы Дорскай.
КАМЕНТАРЫ (5)
Першы "пры Лукашэнку інсайдарскі погляд на чалавека ў беларускай турме" належыць Андрэю Мельнікаву ("Выжывае падлейшы"(АRCHE 1998)
Мы знаходзімся на мінорнай ноце.. Спадзяюся, усё скончыцца добра. Дзякуй за матэрыял!
ідэйны «правы» зэдлік?
Зэдлік - гэта табурэт. Можа цэтлік, то бок ярлык.
Дзякуй! Падаецца, трэба было яшчэ дадаць пераклад "Уліса", зроблены Янам Максімюком (першая частка рамана). Джэймз Джойс, "Уліс" -- Беласток, 1993
Адзін з галоўных твораў мадэрнізма па-беларуску.
Выдатна. З асалодай прачытаў