Для трапяткіх і пяшчотных

 

Апошні раз 34mag размаўляў з гуртом СБПЧ тры гады таму, напярэдадні вялікага канцэрта – прэзентацыі сумеснага вінілу СБПЧ і «Кассиопеи». У дзень прэзентацыі шостага альбома «Здесь и всегда» ў Менску Вольга Палевікова пагутарыла з Кірылам Івановым пра тое, як змянілася група за дзевяць гадоў свайго існавання, пра выдатных людзей у правінцыі, канцэрты для аднаго чалавека і афрыканскі груў.

 

Гурт «Самое Большое Простое Число» – гэта хамелеон у электроннай музыцы. Кожны з іх сямі студыйных альбомаў значна адрозніваецца ад папярэдніх па форме і змесце. За дзевяць гадоў свайго існавання яны прайшлі шлях ад экзістэнцыйнага абстрактнага хіп-хопу і манатоннага рэчытатыву да IDM-гучання з тэкстамі, нібы з дзіцячых кніжак для дарослых. З групы, якая складалася з аднаго Кірыла Іванова, СБПЧ эвалюцыянаваў у цэлую банду з марафонскім гастрольным графікам, прадуманым візуальным суправаджэннем і яскравымі канцэртамі.

Адразу пасля саўндчэку групы ў «Пляцоўка-холе» мы размясціліся ў грымёрцы. Ва ўмовах жорсткага тайм-ліміту (пасля 34mag інтэрв'ю з СБПЧ яшчэ хацелі зрабіць вучні адной з менскіх гімназій для студэнцкай газеты) і балявання паводле райдара (піва, мандарыны, бутэрброды) мы паглыбіліся ў пошукі страчанага часу.

 

 

– Як змяніўся склад вашай групы за дзевяць гадоў яе існавання? Раскажы пра людзей, з якімі ты зараз граеш.

– Ды неяк гэта было арганічна. Спачатку я адзін быў, потым нас стала трое, я з Іллём Бараміям і нашым сябрам Сашам Зайцавым. У нейкі момант з намі грала барабаншчыца Саша Захаранка, потым яна занялася тэхна і з'ехала ў Берлін. Потым у Сашы-гітарыста нарадзіўся сын, і ён заняўся сынам, потым да нас далучыліся Алег Занін, ён грае на барабанах, і Антон Хабібулін, ён грае на гітары. Я на басе. Ад першапачатковага складу засталіся толькі я і Ілля.

– То-бок не так і шмат. Мне наогул цікава, як гэта – дзевяць гадоў граць з аднымі і тымі ж людзьмі?

– У наступным годзе будзе 10 гадоў, як мы з Іллём граем разам. Як? Ды проста пакуты, што ўжо тут хаваць (смяецца). Кожны дзень гэты лыч бачу. А ён яшчэ і грузін, ні ў якія вароты наогул. Але я чалавек кампанейскі, добры, вясёлы, даводзіцца цярпець, жарцікі-забаўкі. Ды ніякіх праблем насамрэч, Ілля – добры, бесканфліктны чалавек, проста робіць тое, што я яму загадваю. (Смяецца ўся група). Так мы і жывем.

 

 

– Як змянілася гучанне гурта за гэтыя шэсць альбомаў?

– Мы проста заўсёды стараліся рабіць тое, што нам цікава, хацелі зрабіць музыку рознай. Усё тое, чаго не хапала нам вакол, мы стараліся зрабіць самі. Мы хутчэй сканцэнтраваныя на агульным адчуванні ад музыкі, а не на нейкіх канкрэтных стылях. Не ведаю, як гэта назваць. Мы называем гэта электронікай, электроннай музыкай, няма іншага вызначэння.
Як усё мянялася? Першы альбом, «Самое большое простое число», эмбіентны, я на ноўтбуку дома запісаў яго, потым хлопцы крыху мне дапамаглі, дазапісалі нейкіх рэчаў у студыі. Другі альбом, «СБПЧ аркестр», – гэта сапраўдны аркестр, там удзельнічала купа людзей. Мне не цікава рабіць канцэптуальныя альбомы, у якіх закладзены глыбокі пасыл, і кожная песня яго па-рознаму раскрывае. Мне падабаюцца альбомы, у якіх усё рознае, і тое не дае табе сумаваць, здзіўляе. Вось гэты альбом такі – там шмат розных галасоў, і велізарную частку працы ў ім зрабілі Саша з Іллём, збіраючы гэта ўсё па макулінках, па кавалачках.

Трэці альбом – «Флешка». Я думаю, гэта самы недаацэнены альбом гурта СБПЧ, пры тым што ў ім ёсць некалькі суперрадыкальных музычных ідэй, якія мне вельмі падабаюцца.

«Руская музыка ледзь-ледзь панылая, ледзь-ледзь тужлівая, што называецца – душэўная»

– Напрыклад?

– Напрыклад, там вельмі складаная і цікавая, на мой погляд, спроба злучыць акустычныя інструменты і запісаныя дома барабаны з электронікай і даволі жорсткімі арпеджыа.

Альбом «Лесной оракул». Ён людзей, якія ў лес сышлі, правялі там месяц у адной палатцы, не вылазячы са спальнікаў, і запісалі альбом. Нам хацелася лёгкасці і радасці. Наогул гэтага вельмі мала ў навакольным свеце, у рускай музыцы дакладна. Яна ледзь-ледзь панылая, ледзь-ледзь тужлівая, што называецца – душэўная. У ёй вельмі мала класнага радаснага груву, і вось гэта тое, што нас цікавіла.

Альбом «Я думаю для этого не придумали слов». Гэта амаль цалкам электронная плытка, у якой па мінімуме выкарыстана жывых інструментаў. Наша галоўная задача была ў тым, каб знайсці спалучэнне жывога басу і электронікі. Так пагрузіць бас у электроніку, каб ён адначасова пампаваў і пры гэтым не выбіваўся, не здаваўся дзіўным. Мы гэты альбом увесь цалкам гралі ўдвох з Іллём.

Альбом «Здесь и всегда». Ён нават не ведаю які. Цягучы і прыгучы адначасова. Зараз у дзяцей ёсць прыліпалы, і ўсё тырчаць на іх, мой сын Вася іх любіць. Звычайная такая штучка, якую за кошт прысоскі прымацоўваюць да чаго-небудзь – і яна трымаецца. Прыліпала. Вось гэта для такіх прыліпаў альбом. Або ў дзяцінстве ў нас быў лізун, ён адначасова і цягучы, і прыгучы, можаш шпурнуць – ён паляціць, будзе радасна трапятацца, пры гэтым ён трошкі як жэле.

 

– Бацькі лізуны звычайна не любілі, таму што яны плямы і агідныя разводы пакідалі на ўсім.

– Ну вось і наш альбом пакідае агідныя разводы на ўсім (смяецца). Мы спрабавалі зрабіць пласцінку, песні якой цябе б засмоктвалі, унутр якіх ты трапляў бы, такое адчуванне паміж сном і явай, і пры гэтым каб ён быў рухомы і танцавальны.

 

 

Як казаў Іваноў у адным з інтэрв'ю, «хочацца рабіць канцэрты-пагружэнні, каб у гледача быў стан спаўзання ў сон, як быццам едзеш у аўтобусе, носам клюеш і бачыш мікрасны». Кліп «Нельга сказаць карацей» – добры прыклад сюррэалістычнага сну, які бачыш за секунду да званка будзільніка.

– У адным інтэрв'ю ты распавядаў, што важна быць як чысты ліст, калі прыходзіш у студыю. Забываць пра ўсё, што ты ведаеш. А як гэта ў сабе падтрымліваць?

– Увесь час трэба перад сабой нейкія задачы ставіць. Спрабаваць зрабіць тое, чаго ніколі не рабіў. Нікуды не падзенешся ад таго, што называецца почыркам музыкаў або пісьменнікаў, каго заўгодна. Гэта ўрэшце набор уласных штампаў, якія ты выпрацаваў і давёў да дасканаласці. Але хочацца ад гэтага адмаўляцца і рабіць увесь час нешта новае. Ці цяжка гэта ў сабе падтрымліваць? Калі ты даў сабе такую ўстаноўку, не асабліва цяжка. Трэба ставіць сябе ў нейкія рамкі, такія абмежаванні, сякія. Спрабаваць зрабіць нешта, хоць і не ўмееш.

«Тое, чым мы займаемся ў гурце, – мы спрабуем стварыць свой свет. Гэта адно з самых класных адчуванняў: зрабіць тое, чаго не было да цябе і, магчыма, без цябе не было б»

– Што ўплывае на твой стыль, на тэксты песень? Банальна: што ты чытаеш?

– Усё, што вакол ёсць, усё і ўплывае, ты ж не ў кокане жывеш. Штосьці чытаеш, у фільмах бачыш, у вершах і спрабуеш перапрацаваць у сваё. Кніжак мільярд. З таго, што я ў апошні час прачытаў... Я перачытваў нядаўна «Ганну Карэніну», мегараман, проста няма словаў. Франзэна «Папраўкі» дачытаў. Зараз чытаю кніжку дачкі Сэлінджэра, «Над прорвай у сне» называецца. Яна там падрабязна расказвае ўсё сваё жыццё, вельмі падрабязна. Мне падабаюцца некаторыя апавяданні Сэлінджэра, таму ў цэлым мне цікава.

 

 

 

– Вы шмат гастралюеце па Расіі апошнім часам. Якое ў цябе адчуванне ад краіны? Зразумела, медыяпрастора вельмі спецыфічная, але часта здаецца, што там поўнае цемрашальства і Мордар.

– Людзі ўсе выдатныя і няшчасныя адначасова. Таму што яны ні халеры ў жыцці не бачылі. Яны вельмі шмат працуюць, без сілаў вяртаюцца дадому і няма куды ім схадзіць асабліва. Для маладых людзей паўтары кавярні ёсць. А так нічога няма. Адзіная прыгода і акно ў свет – тэлевізар. Нічога класнага людзям не паказваюць, замежных пашпартоў амаль ні ў каго няма. Адзінае, чаму ім прапануюць радавацца, – гэта заслугі іх продкаў, часцяком тысячагадовай даўніны. Ніякіх падставаў для гонару цяпер яны не адчуваюць, таму іх спрабуюць фальшывымі напампаваць.

Людзі паасобку – усе выдатныя. Варта з кімсьці пагаварыць больш за сем секунд – і ўсе цудоўныя, усіх можна зразумець. А гарады розныя. Калі ў горадзе ёсць невялікая кампанія людзей, якіх нешта цікавіць, то адразу вакол іх аб'ядноўваюцца ўсе астатнія. Тое, што прынята называць пунктам росту. У такіх гарадах усё класна. Дастаткова 10 чалавек, якім чагосьці хочацца. Яны наогул могуць звярнуць горы.

Чым больш я пра ўсё гэта думаю... Тое, чым мы займаемся ў гурце, – мы спрабуем стварыць свой свет. Гэта адно з самых класных адчуванняў: зрабіць тое, чаго не было да цябе і, магчыма, без цябе не было б. Мы спрабуем стварыць свой сусвет, і ўсе песні – гэта нейкія ўдакладненні пра тое, які ён. Гэта досыць вялікая прастора для манеўраў, каб жыць у сваёй асобнай бурбалцы, ніяк не сутыкаючыся з навакольным свінствам.

– Гэта ж эскапізм атрымліваецца.

– Так. Апошнія 10-15 гадоў ёсць пастаяннае адчуванне сораму і нязручнасці за тое, што адбываецца ў краіне, але ў першую чаргу раздражняе, што гэтыя людзі крадуць мой час. Гэта жыццё маё, маіх сяброў, бацькоў, нашых жонак, дзяцей. Яны крадуць, адымаюць час. Мне даводзіцца пра іх думаць, ведаць. Я таму стараюся паменш чытаць навіны. Я вельмі даўно зразумеў усё пра насельнікаў Крамля і Дзярждумы, і ўсё астатняе – гэта падрабязнасці і дэталі. Мне з імі дзяцей не хрысціць, я пра іх асабліва ведаць не хачу. Можна сказаць, што гэта эскапізм, але я засяроджаны на рэчах, якія мне здаюцца важнымі, якія я магу змяніць.

«Калі абвясцілі, што зараз будзе гурт, – усё выйшлі ў залу, дзе закускі»

– Але ў цэлым ваша песня «Живи хорошо» (з прыпевам «Милый друг, здесь все х*ёво, не возвращайся никогда» – 34mag) пра ад'езд – гэта не пра вас?

– У гэтай песні ёсць безліч розных трактовак. Ніколі гэтую песню мы самі ніяк не трактавалі, кожны вольны ў яе нешта ўкласці. Напрыклад, толькі што з YouTube мы выдалілі ролік, дзе пад гэтую песню ішла нарэзка выступленняў Машы Гайдар, Касьянава, Хадаркоўскага і г.д. Дзякуй богу, такія рэчы мы пакуль можам кантраляваць.

 

 

– А якія гарады ў Расіі былі сюрпрызамі: прыязджаеш, нічога не чакаеш, а там 10 чалавек змяняюць свет?

– Усе гарады такія сюрпрызы. Збольшага паездка куды заўгодна ў Расіі, акрамя 5-6 гарадоў, гэта ну як бы... сілы волі патрабуе, але, з іншага боку, я адчуваю гэта як нейкі абавязак. Па-першае, класна даваць канцэрты, а па-другое, калі ў горадзе ёсць 100-120 чалавек, якія прыйдуць на наш канцэрт, то ўсё клас. У нас былі канцэрты, на якія прыходзіла 20 чалавек. Туды ніхто не ездзіць, і яны настолькі шчаслівыя, удзячныя за тое, што мы прыехалі, што гэтага дастаткова.

– Амаль як місіянерства.

– Ну я б не стаў так гучна казаць, мы атрымліваем ад гэтага масу задавальнення. Гэта даволі цяжка, таму што любая незалежная музыка ў Расіі мае дзве галоўныя праблемы. Па-першае, мала пляцовак, няма клубаў на 200-400 чалавек, а па-другое, лагістыка складаная. Усюды далёка. Выйшаў і пайшоў, і праз сто гадоў дайшоў да Томска. Проста вельмі вялікая краіна.

«Туды ніхто не ездзіць, і яны настолькі шчаслівыя, удзячныя за тое, што мы прыехалі, што гэтага дастаткова»

– Як адрозніваецца адчуванне ад канцэрта для 20 чалавек і для 600? І ў вас быў праект з «Яндэксам», калі вы гралі для адной дзяўчыны. У каментах пісалі, што гэта вельмі дэпрэсіўна – граць для маленькай аўдыторыі, таму што ад залы хочацца зараджацца энергіяй.

– Па-рознаму. На вялікай пляцоўцы класна, усё гарлапаняць з табой. З іншага боку, калі для 20 чалавек граеш, хочацца кожнага зламаць аб калена і давесці яму. Хочацца выцягнуць усіх з адчування, што нас толькі 20 дурылак такіх знайшлося. Самая вялікая аўдыторыя ў нас была 1200-1300 чалавек у Маскве. А здараліся канцэрты, карпаратывы хутчэй, дзе было наогул два чалавекі. Год таму на СТС праходзіў юбілей праграмы «Кіно ў дэталях». Калі абвясцілі, што зараз будзе гурт, – усе сышлі ў залу, дзе закускі. Засталося два чалавекі – артыст Удавічэнкаў і ягоная дзяўчына, артыстка Алена Лядава. Удавічэнкаў увесь канцэрт стаяў адзін вось так (жэстамі паказвае танцавальныя рухі) і крычаў: «Вось гэта музыка!» Гэта было класна, мы гралі для яго, гэта было супер. Канцэрт быў афігенны.

 

 

– Ты неяк казаў, што цяжка быць незалежным музыкам у Расіі, таму што вакол пустое поле і вакуум. Гэтае адчуванне становіцца з часам мацней ці слабей?

– Ды не, у сэнсе музыкі куча ўсяго рознага і класнага, і такога, і сякога. У сэнсе таго, што яе не паказваюць па тэлевізары, не транслююць па радыё – ну і халера з ім, увогуле пляваць. Мы ў гэтым не вінаватыя, на гэта ніяк не паўплываеш. Вецер, змена сезонаў – я нічога не магу з тым зрабіць. Трэба проста рабіць тое, што хочаш.

– Тут Папа Бо (менскі прамоўтар і музычны прадзюсар – 34mag) нагадвае, што яшчэ гімназісты хочуць інтэрв'ю, так што апошняе пытанне. Я чытала, калі ты дыджэіш у сваім бары «Мішка» у Піцеры, то любіш ставіць афрыканскую музыку. Адкуль гэтая любоў да Афрыкі? Чаму не Лацінская Амерыка, Тайланд або Кітай?

– Тайскай музыкі не так шмат, а лацінаамерыканская... У ёй зашмат карнавалу, для мяне гэта тое, што называецца cheesy. Занадта поп. А афрыканская – у першую чаргу праз рытмы, праз музычнасць. Мы гадаваліся ў культуры рускага року, з дурнымі нецікавымі барабанамі. Бываюць грувы, ад якіх ужо весела і класна. Мы гэта шукаем увесь час у сабе, у навакольным свеце, таму я фанат афрыканскай музыкі. Яна вельмі розная і самабытная. Мы ўвогуле марым запісаць альбом у Афрыцы, але яшчэ не вечар, усяго сёмы альбом цяпер пішам, вагон часу яшчэ.

 

 

Нядаўна музыкі папрасілі сваіх фанатаў зрабіць coub'ы на сэмплы з апошняга альбома. Атрымалася смешна.

 

 

 

Фота by Alina Krushinskaya
Дата арыгінальнай публікацыі – 14 снежня 2015 года