Саша Аўдзевіч: як зрабіць горад інклюзіўным?
- 27.02.2018
- 8283
Саша Аўдзевіч – няўрымслівы актывіст з Ліды. У 2011 годзе ён трапіў у аварыю і быў вымушаны перасесці ў вазок. Цяпер яму 33, і ўжо некалькі гадоў ён займаецца тым, што робіць Ліду і Менск інклюзіўнымі гарадамі. Адзін з яго праектаў ахоплівае ўсю Беларусь, і мы вырашылі зафіксаваць гэты пункт адліку. Сустракаемся з героем у Лідзе, дзе часцей за ўсё жыве Саша. Ён спрытна вядзе машыну да кавярні, дзе неўзабаве змогуць працаваць людзі з інваліднасцю. Пасля некалькіх партый у шашкі Саша пачынае змястоўны маналог пра ўласныя праекты і шлях да інклюзіўнасці.
Стаўленне да вазочнікаў
Галоўная праблема людзей з інваліднасцю ў тым, што яны не сацыялізуюцца пасля траўмы. Большасць ператвараецца ў інтравертаў, якія знаходзяць фрыланс і ўвесь час сядзяць дома. Справа ў тым, што ў нас няма стаўлення да вазочнікаў як да роўных чальцоў грамадства. Большасць успрымае іх як утрыманцаў і прыстасаванцаў, якім грамадскасць дае свае выгады, а дзяржава – пенсіі. Мала хто задумваецца пра псіхалагічны стан вазочнікаў.
Нямногія ўспрымаюць іх як людзей, якія могуць уваходзіць у гарадскія аб'екты. А калі гаворка заходзіць пра інфраструктуру, то высвятляецца, што нашы гарады зусім не прыстасаваныя для людзей з інваліднасцю, якія ўсё ж такі хочуць сацыялізавацца. Для ўсіх гэта чамусьці апрыёры дадатковы галаўны боль. Але пандусы мусяць быць такім жа відавочным складнікам, як, напрыклад, вокны.
«У Беларусі пры найме на працу чалавека з інваліднасцю працадаўца цягам года не плаціць зарплату супрацоўніку – за яго гэта робіць Фонд сацыяльнай абароны»
Недаступныя станцыі метро, банкі з прыступкамі, клубы і бары выклікаюць думкі, што ўсе яны не для цябе. Так узнікае сітуацыя: вазочнікі саромеюцца казаць пра ўласныя правы, а ўладальнікі ўстаноў мяркуюць, што людзей з інваліднасцю проста не цікавяць іх прасторы. А ў гэты час вазочнікі едуць па горадзе, глядзяць на вітрыны неабсталяваных устаноў і збянтэжана праязджаюць міма.
Я лічу, што ўсе грамадскія аб'екты павінны быць інклюзіўнымі, і час ужо рабіць гэта на дзяржаўным узроўні. Таму я ствараю праекты, якія дапамагаюць людзям з інваліднасцю сацыялізавацца ў грамадстве. Трэба пакідаць адбіткі ў інфапрасторы людзей, якія жывуць вакол нас. І гэтыя адбіткі павінны быць такімі глыбокімі, каб у звычайных людзей не ўзнікала ніякага дыскамфорту пры выглядзе вазочнікаў, якія праязджаюць міма.
Праект «Інклюзіўны барыста»
Аднойчы ў Нідэрландах я быў у адной кавярні з сеткі Brownies&downieS, дзе працуюць рабяты з сіндромам Даўна. Камусьці гэта падабаецца, камусьці – не, але атмасфера там вельмі гасцінная.
У Лідзе за апошнія пару гадоў адкрылася каля чатырох класных кавярняў, хоць наш горад даволі маленькі. Варта прызнаць, што гэта ўжо мэйнстрым. Пры гэтым барыста – інклюзіўная прафесія. Пытанне толькі ў вышыні кавамашыны і зручнасці пад'езда да яе.
«Ліда – маленькі горад, і яго значна прасцей зрабіць інклюзіўным, чым той жа Менск. Гэта можа нават стаць брэндам»
Нядаўна я падумаў: «Чаму б не зрабіць такія працоўныя месцы?» Так і з'явіўся праект «Інклюзіўны барыста». На працягу вясны па ўсёй Беларусі пэўныя кавярні будуць прымаць на працу людзей з інваліднасцю.
Праект «Інклюзіўны барыста» – гэта праект ЛМОО «Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў» і кававай кампаніі 9BAR, які праводзіцца ў межах праекта Еўрапейскага саюза і DVV International «Вучыцца, каб дзейнічаць».
Варта толькі гэтаму праекту рэалізавацца, да яго адразу з'явіцца цікавасць: гэта крута і кармічна, і эканамічна. У Беларусі пры найме на працу чалавека з інваліднасцю працадаўца цягам года не плаціць зарплату супрацоўніку – за яго гэта робіць Фонд сацыяльнай абароны, так што наймальнікі застаюцца ў выйгрышы. А калі чалавек класна спраўляецца з працай і добра выглядае, то такі супрацоўнік нават стварае хайп для ўстановы. Магчыма, нейкі пласт людзей гэта і адпудзіць, але кагосьці дакладна прыцягне. Гэта выкліча больш цікавасці, чым негатыву.
Мы разам з барыста з 9bar і дызайн-студыяй Nota Bene ўжо пачалі шукаць даступныя ўстановы і людзей, якія падыходзяць. Стартуем з Ліды і кавярні Central Coffee – у сярэдзіне сакавіка тут з'явяцца першыя барыста-вазочнікі. У Лідзе мы знайшлі 8 чалавек, зацікаўленых у такой працы. Дарэчы, калі я дамаўляўся з Central Coffee аб праекце, ля ўваходу яшчэ не было пандуса. Але літаральна праз тры дні пасля нашай першай гутаркі яны ўсталявалі ўздым.
Кардынальныя змены ў інтэр'ер кавярні мы ўносіць не будзем: толькі зробім невялікія насцілы за барнай стойкай, каб вазочнікі знаходзіліся на адным узроўні з гасцямі. Калі яны будуць прыносіць табе каву і прымаць грошы, то паступова бар'ер паміж вамі знікне. І на наступны дзень з’явіцца думка: «А як гэты чувак патрапіць да мяне ў краму?»
У еўрапейскіх краінах ёсць практыка наймаць людзей з інваліднасцю і даваць ім простую працу накшталт складання лямпачак у скрыначкі. Але гэта не дапамагае ім сацыялізавацца: яны па-ранейшаму застаюцца ў сваім коле. А потым выходзяць у горад і зноў адчуваюць сябе лішнімі. Таму ім важна пастаянна знаходзіцца ў разнастайным грамадстве.
Пасля Ліды наш праект пойдзе ў Горадню. Пра астатнія гарады пакуль не магу сказаць напэўна, таму што ў іх могуць быць усе ўмовы, але не знойдуцца зацікаўленыя вазочнікі. У Менску цікавасць да нашага праекта адразу выказаў «Корпус»: рабяты сказалі, што з радасцю возьмуць да сябе на працу людзей з інваліднасцю. Там якраз хутка кавярня адкрываецца.
Інклюзіўны пляж
Інклюзіўны пляж у Лідзе – гэта вынік маёй перамогі ў шоу «Горад» у 2017 годзе. Ініцыятыва была ў тым, што пляж ля возера павінен быць даступным для людзей з інваліднасцю. Бонусам лідчане даведаліся слова «інклюзіўны».
Раней я гадамі ездзіў ля вады і не мог пакупацца. А цяпер на пляжы ёсць роўная пляцоўка каля 20 квадратных метраў, спецыяльная ўстаноўка для апускання ў ваду, закрытая кабінка для пераапранання, душавая і біятуалет для вазочнікаў – ён трохі шырэйшы за звычайны. ЖКГ дапамагло зрабіць драўляны насціл да возера.
Я б не сказаў, што ўсе вазочнікі Ліды адразу сталі там тусавацца: за лета 2017-га я бачыў там каля 20 чалавек. Шмат для каго прыехаць на пляж, распрануцца, легчы загараць – табу. Гэта вялікая псіхалагічная праца.
«Мне 33, і я ўжо дасягнуў узросту, калі можна не ссаць перад чыноўнікамі. Яны не робяць нешта завоблачнае»
Даступны кінатэатр
Дырэкцыя лідскага кінатэатра «Юбілейны» лёгка пайшла на дыялог. Там педантычна ставяцца да інклюзіўнасці, і я амаль не прымаў удзел у добраўпарадкаванні. Гэта першая дзяржаўная інфраструктура, пры працы з якой мне зусім не давялося напружвацца.
Цяпер там ёсць і пандус, і прыбіральня для людзей з інваліднасцю: яна знаходзіцца на першым паверсе, у той час як да астатніх трэба спускацца па прыступках.
А яшчэ туды бясплатны ўваход для вазочнікаў і людзей, якія іх суправаджаюць. Фільмы можна глядзець хоць цэлы дзень!
Іншыя праекты
Ліда – маленькі горад, і яго значна прасцей зрабіць інклюзіўным, чым той жа Менск. Гэта можа нават стаць брэндам.
Летам 2018-га тут з'явіцца роварная сцежка. У планах нават пакупка двух хэндбайкаў, якімі вазочнікі змогуць карыстацца бясплатна.
У адным з лідскіх басейнаў ужо з'явіўся спецыяльны пад'ёмнік. Раней для апускання ў ваду патрабавалася дапамога, а цяпер вазочнікі могуць усё рабіць самастойна.
Аднойчы я арганізаваў вечарыну для вазочнікаў у мясцовым клубе «Сафары». Там тусаваліся і здаровыя людзі, і хтосьці з іх нават спецыяльна перасаджваўся ў вазок, каб быць з намі на роўных. Выдатна правялі тады час.
Яшчэ хачу стварыць моднае месца для заняткаў спортам, даступнае і для людзей з інваліднасцю. Але гэта не будзе асобнае месца менавіта для іх – бо гэта тая ж дыскрымінацыя і выключэнне іх з грамадскага жыцця.
«Вазочнікі са стажам глядзяць на мяне як на выскачку»
Таксама я – заснавальнік і старшыня лідскага РАІВ [Рэспубліканская асацыяцыя інвалідаў-вазочнікаў. – заўв. 34mag]. Паралельна працую піяршчыкам tickets.by.
У будучыні разглядаю варыянт вылучэння ў дэпутаты. Але яшчэ трэба зрабіць некалькі гучных праектаў, каб ні ў каго не ўзнікала пытанняў пра тое, хто такі Саша Аўдзевіч. Цяпер калі я гляджу на спісы кандыдатаў, то думаю: «Хто ўсе гэтыя людзі? Як мне выбіраць? Па прозвішчы?» Калі ты – слуга народа, то цябе ўсе абавязаны ведаць праз тваю сацыяльную дзейнасць. Калі ты не частка гэтай дзвіжухі, то не мае значэння, які ты добры сем'янін або які ў цябе стаж працы ў кабінетах.
Усю сваю дзейнасць я ўспрымаю як гульню. Мне 33, і я ўжо дасягнуў узросту, калі можна не ссаць перад чыноўнікамі. Яны не робяць нешта завоблачнае. На ўсіх гэтых сесіях і самітах ім самім сумна, дакладна ведаю.
Пра самаадчуванне
Цяпер я адчуваю сябе значна лепш і больш упэўнена, чым у першыя гады. Хіба што адчуваю пастаянныя болі – часта баліць спіна. Магчыма, гэта і матывуе мяне пастаянна рухацца. Таму займаюся спортам, плаваю.
Значна прасцей працаваць з тымі, хто толькі нядаўна атрымаў інваліднасць. Вазочнікі са стажам глядзяць на мяне як на выскачку: маўляў, ды што ён ведае, мы тут ужо дзесяцігоддзямі ездзім па горадзе. Пры гэтым яны за ўвесь гэты час нічога не зрабілі для добраўпарадкавання прасторы. Як правіла, яны ўжо сфармавалі свой побыт і ім ужо цяжка мяняцца. Хоць, думаю, я паводзіўся б так жа на іх месцы.
8 парадаў вазочнікам ад Сашы Аўдзевіча
Добраўпарадкаванне тэрыторыі пачынаецца з камунікацыі з дырэкцыяй. Хочаш зрабіць якую-небудзь установу даступнай для сябе – шукай тэлефон або пошту кіраўніцтва, асабліва калі гэта дзяржустанова. А з прыватнымі кампаніямі нават у фэйсбуку можна вырашыць пытанне.
Візіт вазочніка выклікае здзіўленне: рэдкія ўладальнікі ўстаноў размаўлялі з імі. І калі ты прыедзеш да іх і штосьці прапануеш, ім ужо стане цікава. Хутчэй за ўсё, табе дапамогуць.
Памятай: дырэктары і начальнікі – такія ж людзі, як ты. Заўтра на іх месца могуць прыйсці іншыя людзі, таму не бойся казаць.
Стаянку для людзей з інваліднасцю зрабіць прасцей за ўсё: дастаткова даведацца, каму належыць зямля, і пагутарыць з гэтым чалавекам. З пандусамі – тое ж самае. Калі ў цябе не атрымліваецца – магчыма, трэба прапампаваць дыпламатычныя навыкі.
Калі хочаш зрабіць спецыяльны пад'ёмнік у сваім доме, прасцей узяць ільготны крэдыт у банку і наняць майстроў, чым выпрошваць дапамогу ў дзяржавы. Гэта даволі дарагі працэс, і раённыя адміністрацыі не могуць вылучыць са свайго бюджэту суму на добраўпарадкаванне ўсіх дамоў, дзе жывуць вазочнікі.
Калі ты раптам атрымаеш інваліднасць, дзяржава абавязаная даць табе вазок тэрмінам на 5 гадоў. І кожную пяцігодку павінна абнаўляць яго. І калі ты адразу не задумаешся над тым, які менавіта вазок табе патрэбны, то табе могуць даць поўнае лайно, з якім ты не зможаш даць рады. І тады прыйдзецца набываць вазок за свае грошы.
Штогод РАІВ ладзіць бясплатны лагер, падчас якога мы расказваем, як вазочнікам сачыць за сабой і наогул вучыцца жыць наноў. Рэкамендую не саромецца і аднойчы пабываць там.
Псіхалагічна цяжка перажыць сваю траўму. Але трэба зразумець, што прывабнасць заключаецца ў годнасці, а не абалонцы. Калі ты дробны, табе хочацца пераймаць якога-небудзь Рэмба. А калі ты дробны і ў вазку, то ў цябе такіх узораў няма, таму што пра такіх людзей не здымаюць кіно. Гэта вялікі пралом у мастацтве і інфармацыйным полі. Толькі нядаўна такі характэрны герой з'явіўся ў «Грыфінах».
Матэрыял створаны ў межах сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацый, CityDog.by і 34mag.net.
Фота – Таня Капітонава