У Менску пакажуць летняе кіно

  • Рубрыка: УЛОЎ
  • 21.07.2025
  • 112

25 ліпеня стартуе праграма Cinemascope «Лета ў “Манахроме”»: гэта 11 вельмі розных, але ў чымсьці важных для сінефілаў кінастужак.

Жанрава праграма вельмі разнастайная: тут табе і рамантычная камедыя, і драма, і трылер, і дэтэктыў, і хорар. З задуменным Інгмарам Бергманам суседнічае слэшар «Пятніца, 13-га», побач з паўнаметражным дэбютам Стывена Спілберга 1971 года ідзе сямейная драма Аліўе Асаяса 2008 года. Усім знойдзецца нешта да густу і пад настрой.

Агулам праграма выглядае так:

  25 ліпеня – «Рымскія канікулы» – рамантычная камедыя Уільяма Уайлера, у галоўных ролях – Грэгары Пек і Одры Хёпберн, 1953.

  26 ліпеня – «Канікулы спадара Юло» – камедыя Жака Таці, 1953.

  2 жніўня – «Лета з Монікай» – драма Інгмара Бергмана з бліскучай Харыет Андарсан, 1953.

  6 жніўня – «Летні час» – драма Аліўе Асаяса пра сямейную спадчыну, 2008.

​​​​​​​  13 жніўня – «Пятніца, 13-га» – слэшар Шона Канінгема, першы з франшызы пра маньяка ў хакейнай масцы, 1980.

​​​​​​​  20 жніўня – «Бывай, Філіпіна» – драма Жана Раз’е пра французскае юнацтва часоў алжырскай вайны, 1962.

​​​​​​​  22 жніўня – «Двубой» – экшан-трылер Стывена Спілберга, 1971.

​​​​​​​  23 жніўня – «Кантракт рысавальшчыка» – трагікамедыя экспрэсіўнага рамантыка-постмадэрніста Пітэра Грынуэя, 1982.

​​​​​​​  27 жніўня – «Акно ў двор» – дэтыктыў-трылер Альфрэда Хічкока з княгіняй Манака Грэйс Келі, 1954.

​​​​​​​  29 жніўня – «Дні жніва» – роўд-муві Тэрэнса Маліка, пасля якога ён 20 гадоў нічога не здымаў, 1978.

​​​​​​​  30 жніўня – «Апошні дзень лета» – рамантычная драма Тадэвуша Канвіцкага, якую Марцін Скарсэзэ лічыў шэдэўрам польскага кінематографа, 1958.

Сеансы пачынаюцца ў 19:30. Паказы адбываюцца ў прасторы «Манахром» на Кастрычніцкай, 16/3. Квіткі каштуць па 12 рублёў, купляць – на bezkassira.by.

Фільмы ідуць на мове арыгіналу з рускімі субтытрамі, так што гледачы пачуюць сапраўдныя галасы Грэйс Кэлі і Одры Хёпберн. Выдатны варыянт заняць час і заадно падцягнуць сваю англійскую, французскую ці польскую.